НЯЎВА́ЖНЫ ((Nieuważny) Фларыян) (н. 30.4.1929, г. Жывец Шлёнскага ваяв., Польшча),
польскі літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1959). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1949—54). З 1970 заг. кафедры Варшаўскага ун-та. Даследаваў творчасць Ф.Цютчава, А.Чэхава, У.Маякоўскага, І.Эрэнбурга, Р.Скаварады, Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі і інш. усх.-слав. пісьменнікаў і іх сувязі з польскай л-рай. Аўтар артыкулаў пра бел. прозу і паэзію, бел.-польскія літ. сувязі, польск. тэматыку ў бел. паэзіі, пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Брыля, В.Быкава, У.Караткевіча, І.Мележа, М.Танка, І.Шамякіна і інш. На польск. мову пераклаў творы Я.Купалы, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, Брыля, Н.Гілевіча, Д.Бічэль-Загнетавай, Г.Бураўкіна, В.Іпатавай, Караткевіча, У.Някляева, А.Кудраўца, А.Разанава, М.Стральцова і інш.
А.Л.Верабей.
т. 11, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБЕ́Й (Анатоль Леанідавіч) (н. 10.8.1950, в. Вайнілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1972). У 1977—90 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1990 у БДУ. Друкуецца з 1976. Даследуе сучасную бел. л-ру, пытанні маст. перакладу і літ. сувязей. Аўтар манаграфій «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў: Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20—30-х гадоў» (1990), «Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці У.Караткевіча» (1996), брашуры «Паэзія Максіма Танка» (1983). Падрыхтаваў да выдання «Збор твораў» П.Пестрака (т. 3, 1985), зб. «На ўзвеях дзён» У.Хадыкі (1986), «Збор твораў» У.Караткевіча (т. 1—8, 1987—91), кн. яго перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993) і «Творы» (1996). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра Караткевіча «Рыцар і слуга Беларусі» (1991).
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́НДЭ (Лукаш Апанасавіч) (1.11.1903, в. Шчакоцк Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.12.1961),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Камуніст. ун-т БССР імя У.І.Леніна (1926). Друкаваўся з 1925. Працы Бэндэ («Андрэй Александровіч», «Янка Купала», абедзве 1932, і інш.) не вызначаліся ні навук., ні эстэт. глыбінёй. У 1930-я г. адзін з найб. адыёзных крытыкаў. Ідучы ад канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» У.Фрычэ, Бэндэ вульгарызаваў і спрашчаў яе. Літ. вобраз разглядаў толькі як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і паліт. светапогляду, ігнаруючы своеасаблівасць і індывідуальнасць маст. пазнання рэчаіснасці. Прыкрываючыся ідэяй «новай пралетарскай культуры», цалкам адмаўляў культурны набытак мінулага, усю дарэв. бел. л-ру абвяшчаў контррэвалюцыйнай, прасякнутай бурж.-ліберальнай ідэалогіяй. З гэтых пазіцый займаўся паліт. і літ. дыскрэдытацыяй Я.Купалы і Я.Коласа. Абвінавачваў членаў літ. аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў бурж. нацыяналізме. Архіў Бэндэ ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.
І.Э.Багдановіч.
т. 3, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫЛЮ́К (Яўген Прохаравіч) (18.3.1902, Варшава — 24.6.1989),
украінскі літ.-знавец. Чл.-кар. АН Украіны (1957). Засл. дз. нав. Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1926). У 1946—84 у Ін-це л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Аўтар больш як 800 прац, у т. л. кніг «Панцеляймон Куліш» (1929), «Украінскія пісьменнікі — рэвалюцыйныя дэмакраты і літаратуры заходніх і паўднёваславянскіх народаў» (1963), «Вечны рэвалюцыянер. Жыццё і творчасць Івана Франко» (1966), «Т.Р.Шаўчэнка. Жыццё і творчасць» (1959, 1964; Ленінская прэмія 1964), «Вук Караджыч і ўкраінская культура» (1978). Пад кіраўніцтвам К. створаны калектыўнае даследаванне «Шаўчэнказнаўства. Вынікі і праблемы» (1975), энцыклапедычны «Шаўчэнкаўскі слоўнік» (т. 1—2, 1976—77; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1980). У даследаваннях «Шаўчэнка і славянскія народы» (1958), «Украінскі рамантызм у тыпалагічным супастаўленні з літаратурамі заходне- і паўднёваславянскіх народаў» (1973) і інш. Закранаў праблемы бел.-ўкр. літ. сувязей.
В.А.Чабаненка.
т. 8, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЛЬ ((Merie) Рабер Жан Жорж) (н. 29.8.1908, г. Тэбеса, Алжыр),
французскі пісьменнік. Д-р літ.-знаўчых навук. Скончыў літ. ф-т у Парыжы. З 1949 праф. Рэнскага, пасля Тулузскага, Алжырскага (1962—64), Парыжскага ун-таў. Дэбютаваў як літ.-знавец («Оскар Уайльд», 1948). У раманах «Уік-энд на Паўднёвым беразе» (1949, Ганкураўская прэмія), «Смерць — маё рамяство» (1953), «Востраў» (1962), п’есе «Сізіф і смерць» (1950) даследуе псіхалогію фашызму, уздымае пытанні асабістай адказнасці чалавека перад грамадствам. У цэнтры раманаў «За шклом» (1970), «Мадрапур» (1976) актуальныя паліт. і маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана-антыутопіі «Мальвіль» (1972), гіст. дылогіі «Лёс Францыі» (1977), «У нашы маладыя гады» (1979), рамана-рэпартажу «Сонца ўзыходзіць не для нас» (1986), філас. п’ес, дакумент. твораў.
Тв.:
Рус. пер. — Смерть — мое ремесло. М., 1963;
Монкада. М., 1968;
Разумное животное. М., 1969;
За стеклом. М., 1972;
Мальвиль. М., 1990;
Остров. Уик-энд на берегу океана. Кишинев, 1990.
Е.А.Лявонава.
т. 10, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНГЕ́РАЎ (Сямён Апанасавіч) (17.4.1855, г. Лубны, Украіна — 14.9.1920),
расійскі літ.-знавец, бібліёграф. Скончыў Пецярбургскі (1879) і Дэрпцкі (г. Тарту, 1880) ун-ты. Аўтар кніг па гісторыі рус. л-ры, манаграфій пра творчасць К.Аксакава, В.Бялінскага, І.Ганчарова, М.Гогаля, І.Тургенева і інш. З 1891 рэдагаваў літ. аддзел «Энцыклапедычнага слоўніка» Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар (1917) і першы дырэктар Рас. кніжнай палаты. Аўтар бібліягр. прац «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» (т. 1—6, 1886—1904), «Рускія кнігі» (т. 1—3, 1897—99), «Крыніцы слоўніка рускіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1900—17, выд. ўсіх не скончана); узначальваў выданне «Руская літаратура XX ст. 1890—1910» (вып. 1—7, 1914—16, выд. не скончана). Збіраў матэрыялы пра бел. пісьменнікаў і вучоных (Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Карскага, Е.Раманава і інш.), з некаторымі перапісваўся.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3, 5. СПб., 1911—13;
2 изд. Т. 1, 4. Пг., 1919.
Літ.:
Калентьева А.Г. Влюбленный в литературу. М., 1964.
т. 4, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАГО́Й (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (9.2.1893, Масква — 14.2.1984),
рускі літ.-знавец. Чл.-кар. АН СССР (1953), правадзейны чл. АПН Расіі (1947), АПН СССР (1967). Праф. Маскоўскага ун-та (з 1943). Аўтар манаграфій пра жыццё і творчасць А.С.Пушкіна [»Творчы шлях Пушкіна (1813—1826)», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Творчы шлях Пушкіна (1826—1830)», 1967], прац па гісторыі рус. л-ры 18—20 ст. (у кн. «Тры стагоддзі. З гісторыі рускай паэзіі XVIII, XIX, і XX ст.», 1933; «Літаратура і рэчаіснасць. Пытанні тэорыі і гісторыі літаратуры», 1959, і інш.), артыкулаў па агульных праблемах літ.-знаўства, пра заканамернасці гіст.-літ. працэсу («Пра нацыянальную спецыфіку літаратуры», 1951; «Асаблівасці рускага рэалізму 19 ст.», 1957, і інш.).
Тв.:
История русской литературы XVIII в. 4 изд. М., 1960;
От Кантемира до наших дней. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979.
Літ.:
Искусство слова: Сб. ст. к 80-летию чл.-кор. АН СССР Д.Д.Благого. М., 1973.
т. 3, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ (сапр. Чаржынскі) Уладзіслаў Вікенцьевіч
(1897, в. Старакаменная Беластоцкага ваяв., Польшча — 2.4.1974),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1925). Выкладаў у Камуніст. ун-це Беларусі (1925—30). У 1930 рэпрэсіраваны, высланы ў Казань. Рэабілітаваны ў 1988. Працаваў у Татарскім ін-це павышэння кваліфікацыі настаўнікаў (1931—36), Казанскім мед. ін-це (1933—47, 1950—71). Друкаваўся з 1922. Даследаваў тагачасны літ. працэс, творчасць М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Чарота, Ц.Гартнага і інш. Працы Дз. вылучаліся глыбінёй эстэт. аналізу, жывасцю даследчыцкай думкі.
Тв.:
Максім Багдановіч як стылізатар беларускага верша // Адраджэнне. 1922. № 1;
Беларуская літаратурная сучаснасць (1920—1925) // Полымя. 1925. №1,2, 5;
Да партрэту Я.Коласа ў літаратурнай крытыцы // Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
З.Жылуновіч як крытык // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Янка Купала ў крытыцы нашаніўскіх сучаснікаў // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі. Мн., 1928.
т. 6, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАНО́ЎСКІ (Сцяпан Андрэевіч) (н. 8.1.1911, г. Новы Буг Мікалаеўскай вобл., Украіна),
украінскі паэт, літ.-знавец. Д-р філал. н. (1962), праф. (1963). Скончыў Харкаўскі ін-т прафес. асветы (1933). У 1940—41 і 1949—87 у Ін-це л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Энергія» (1930), «Дні, дарогі, сябры» (1934), «Калінавы мост» (1940), «Яшчэ не вечар» (1961), «Формула шчасця» (1970), «Далягляд» (1980), «Летапіс» (1991) і інш. паэтызацыя чалавечых пачуццяў, прыроды. Аўтар літ.-знаўчых прац, прысвечаных класікам нац. л-ры («У жыцці маім да ўсяго маю справу...» і «Урокі Паўло Тычыны»; абодва 1979; Рэсп. прэмія імя А.Білецкага 1980). Быў знаёмы з Я.Купалам, яму прысвяціў паэт. творы, успаміны, літ.-крытычныя артыкулы. На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.Валасевіч, М.Калачынскі, П.Місько.
Тв.:
Берізка: Вибр. поезії. Київ, 1971.
В.А.Чабаненка.
т. 8, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯШУ́К (Вера Якаўлеўна) (н. 1.11.1933, в. Марозавічы Брэсцкага р-на),
бел. літ.-знавец. Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1995). Канд. філал. н. (1987). Праф. (1991). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыла Брэсцкі пед. ін-т (1959). З 1963 у Брэсцкім ун-це (у 1980—85 дэкан філал. ф-та). Друкуецца з 1957. Асн. тэмы яе даследаванняў бел. л-ра, літ. краязнаўства, методыка выкладання бел. і рус. л-р і моў у школе, праблемы педагогікі вышэйшай школы. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і манаграфій, адзін са складальнікаў падручнікаў-хрэстаматый для школ зб. «Паўлюк Багрым» (1994) і інш.
Тв.:
Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратуры. Мн., 1980;
Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
Вывучэнне эпічных твораў: 5—8 класы. Мн., 1987;
Літаратурнае краязнаўства ў школе. Мн., 1991;
Міжпрадметныя сувязі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры. Мн., 1992 (разам з Г.М.Малажай);
Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе. Мн., 1994;
Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Мн., 1996.
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)