ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК САЦЫЯ́ЛЬНАЙ АБАРО́НЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь высокапрафес. работнікам органаў, устаноў і прадпрыемстваў сістэмы сац. абароны насельніцтва, што працуюць у гэтай галіне 15 і больш гадоў, за заслугі ў арганізацыі сац. дапамогі грамадзянам, іх пенсіённага забеспячэння, укараненні розных форм і відаў дабрачыннасці, развіцці навук. даследаванняў па найважнейшых кірунках сац. абароны насельніцтва. Устаноўлена 13.4.1995. У 1981—88 існавала званне засл. работнік сац. абароны Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя работнікі сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь

1981. В.​В.​Алфёраў, М.​У.​Алфіменкава, В.​Дз.​Дзенісевіч, З.​С.​Ермаковіч, Ф.​П.​Жураў, Ю.​М.​Заруцкая, М.​У.​Зуёнак, І.​П.​Карбоўскі, К.​І.​Клюцавая, Л.​В.​Кожар, В.​Г.​Кончыц, М.​А.​Косарава, М.​П.​Лук’янаў, К.​В.​Маршаленка, П.​В.​Мацяцюк, Р.​Ф.​Попчанка, М.​С.​Садаўнічы, С.​З.​Серакова, М.​С.​Хулялеў, М.​А.​Ціцкая, М.​П.​Шарко.

1983. В.​І.​Варанкова, Л.​А.​Садзіна.

1985. А.​Р.​Шапуля. 1996. Я.​І.​Папко.

1997. Ф.​Л.​Гольдшміт.

т. 6, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЫНО́ВІЧ (Эдуард Віктаравіч) (27.10.1909, в. Кулакова Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 12.3.1982),

Герой Сав. Саюза (1944). З 1938 старшыня калгасаў у Буда-Кашалёўскім р-не. З жн. 1941 у тыле ворага: камандзір дыверсійнай групы, узвода, 1-й Гомельскай партыз. брыгады. Званне Героя прысвоена за мужнасць і гераізм пры выкананні ўрадавых заданняў. У 1943—71 на сав. і адм. рабоце. Аўтар кн. «Вогненныя рэйкі» (2-е выд., 1974).

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖ (франц. page),

у сярэдневяковай Зах. Еўропе малады дваранін, які праходзіў першую ступень падрыхтоўкі да рыцарскага звання ў якасці асабістага слугі пры двары буйнога феадала ці караля. Пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту ўзводзіўся ў збраяносцы. У 1711—1917 у Расіі прыдворнае званне. П. і камер-П. выконвалі розныя даручэнні царскай сям’і. З 2-й пал. 18 ст. П. — выхаванец пажскага корпуса (прывілеяваная ваен.-навуч. ўстанова).

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАНДО́Р (франц. commandeur),

1) адно з вышэйшых званняў у сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнах.

2) Воінскае званне афіцэраў у ваен. флотах некаторых дзяржаў. Часта ўжываецца ў спалучэнні з інш. званнем, напр., капітан-К.; у ВМФ Польшчы існуюць званні К.-падпаручнік, К.-паручнік і К.

3) У Расіі (пач. 18 — пач. 19 ст.) флоцкі чын паміж капітанам 1-га рангу і контр-адміралам.

4) Кіраўнік спарт. прабегу (аўтамаб., матацыклетнага і інш.).

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ НАСТА́ЎНІК СССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокапрафес. настаўнікам, выкладчыкам і інш. работнікам агульнаадукацыйных устаноў і інш. за заслугі ў пед. і выхаваўчай дзейнасці, за дасягненні ў працы, высокае прафес. майстэрства і ўдзел у грамадскім жыцці. Уведзена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 3.7.1979. Існавала да 1991 г.

Народныя настаўнікі СССР у Беларусі

1979. В.​С.​Аўраменка, А.​Я.​Ларын.

1983. Г.​А.​Іванова.

1985. В.​Г.​Гаховіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНА́ТАР (лац. senator),

1) у Старажытным Рыме член сената, а з канца 1 ст. да н.э. таксама прадстаўнік вышэйшага саслоўя. Званне С. было пажыццёвым, у імператарскі час перадавалася ў спадчыну ці магло быць падаравана імператарам.

2) У Рэчы Паспалітай член дзярж. рады манарха і вышэйшай палаты сойма.

3) У Рас. імперыі і некат. сучасных дзяржавах член сената. Маюць тыя ж правы, што і дэпутаты ніжніх палат (гл. Парламент).

т. 14, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРАЛІ́СІМУС (ад лац. generalissimus самы галоўны),

найвышэйшае воінскае званне ва ўзбр. сілах некаторых дзяржаў. Напачатку надавалася як ганаровы тытул галоўнакамандуючаму ўзбр. сіламі краіны або кааліцыі краін (гал. чынам на перыяд вайны), часам асобам з сем’яў царуючых дынастый і дзярж. дзеячам (упершыню нададзены ў 1569 франц. каралём Карлам IX свайму брату герцагу Анжуйскаму, будучаму каралю Генрыху III). Тытул генералісімуса мелі: герцагі Г. дэ Гіз (2-я пал. 16 ст.), А.​Рышэлье (1-я пал. 17 ст.), Л.​Вілар (1733—34), Ф.​Фош (верагодна, з 1918), прынц Л.​Кандэ (17 ст.) у Францыі; кн. Р.​Мантэкукалі (17 ст.), прынц Яўгеній Савойскі (з 1697), граф Л.​Даўн (з 1758), эрцгерцаг Карл (верагодна, у 1809), кн. К.​Шварцэнберг (канец 18 — пач. 19 ст.) у Аўстрыі; граф А.​Валенштэйн (у Трыццацігадовую вайну 1618—48) у Германіі. У Расіі званне генералісімуса мелі: ваявода А.​С.​Шэін (у час Азоўскага паходу 1696), кн. А.​Д.​Меншыкаў (у 1727—29), прынц Антон Ульрых Браўншвейгскі (1740—74), А.​В.​Сувораў (1799—1800); у СССР І.​В.​Сталін (з 1945); у Кітаі Чан Кайшы (пасля 1927); у Іспаніі Ф.​Франка (пасля 1939).

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́НІЙ, Армін (Arminius; каля 16 да н.э. — каля 21 н.э.),

правадыр германскага племя херускаў. У маладосці камандаваў герм. атрадам у рым. войску, атрымаў рым. грамадзянства і званне конніка. У 7 н.э. вярнуўся на радзіму і ўзначаліў паўстанне герм. плямёнаў супраць рымлян, у 9 н.э. разбіў рым. армію Вара ў Тэўтабургскім лесе (тэр. на ПнЗ Германіі паміж далінамі рэк Везер і Эмс). Імкнуўся стварыць саюз герм. плямёнаў, але забіты ў выніку змовы радавой знаці херускаў.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРА́Л [гал. admiraal ад араб. амір аль (бахр) уладар на моры],

воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага саставу ў ваенна-марскіх флатах мн. дзяржаў. У Еўропе паявілася ў 12 ст. ў Венецыі і Генуі, а затым распаўсюдзілася на флаты інш. краін (у Польшчы ўведзена ў 17 ст., у Расіі — на пач. 18 ст. У СССР устаноўлена з 1940 і адпавядала званню генерал-палкоўніка ў арміі). Існуюць таксама званні контр-адмірал, віцэ-адмірал, адмірал флоту і інш.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ КАНСТРУ́КТАР БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася работнікам канструктарскіх і тэхнал. арг-цый, н.-д. устаноў, вытв. і навук.-вытв. аб’яднанняў і прадпрыемстваў за вял. ўклад у распрацоўку і ўкараненне прынцыпова новай высокаэфектыўнай тэхнікі, што па сваіх тэхн.-эканам. паказчыках адпавядае айч. і сусв. узроўням. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 19.8.1985, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Скасавана 23.11.1988.

Заслужаныя канструктары Беларускай ССР

1986. В.​Т.​Куляшоў, М.​М.​Хромчанка.

т. 6, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)