КАРА́ДЖЫЧ (Вук Стэфанавіч) (26.10.1787, с. Тржыч, Сербія — 26.1.1864),
сербскі філолаг, фалькларыст, заснавальнік новай сербскай літ. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1851). Распрацаваў новы правапіс, заснаваны на фанет. прынцыпе, удасканаліў графіку. Аўтар «Сербскага слоўніка» (1818) — найб. поўнага збору нар. лексікі. Сабраў і апублікаваў каштоўныя гіст. і этнагр. матэрыялы, творы серб. вуснай нар. творчасці («Сербскія народныя казкі», 1821), выдаў зборнік нар. песень (1814—15, поўнае выд., т. 1—9, 1891—1902), склаў граматыку сербскай мовы (1814).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРКІНІТЫ́ДА (грэч. Kerkinitis),
антычны горад, заснаваны грэкамі на рубяжы 6—5 ст. да н.э. на зах. узбярэжжы Крыма, на месцы сучаснай Еўпаторыі. У 4—2 ст. уваходзіла ў склад уладанняў Херсанеса. Праз К. вёўся гандлёвы абмен са скіфамі Крыма. У 2-й пал. 4 ст. і 3 ст. да н.э. К. чаканіла свае манеты. Заняпала ў выніку грэка-скіфскіх войнаў 2 ст. да н.э. У час раскопак выяўлены частка абарончых сцен і руіны жылых кварталаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТАСТА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,
раздзел дынамікі механізмаў і машын, у якім вызначаюцца рэакцыі элементаў кінематычных пар механізма пры ўмове, што закон яго руху вядомы. Метады К.м. заснаваны на дапушчэнні, што механізм у цэлым і асобныя яго звёны будуць знаходзіцца ў стане раўнавагі, калі да ўсіх знешніх сіл, прыкладзеных да звёнаў, дадаць сілы інерцыі (у адпаведнасці з Д’Аламбера прынцыпам). У К.м. карыстаюцца аналітычнымі і графічнымі метадамі статыкі пры праектаванні новых машын (для разліку іх на трываласць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІ,
пасёлак у Жабінкаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Заснаваны ў 1966. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса «Рагазянскі». За 12 км на У ад горада і чыг. ст. Жабінка, 27 км ад Брэста. 1213 ж., 621 двор (1999). Торфабрыкетны з-д. Санаторый «Буг». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 3 б-кі, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік прыроды рэсп. значэння — дуб-волат у парку «Ацячызна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВЫ́ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,
высокадакладны метад вымярэння фіз. велічыні, заснаваны на параўнанні яе з адпаведнай мерай, пры якім на нулявую прыладу ўздзейнічае сігнал, прапарцыянальны рознасці паміж лікавымі значэннямі вымернай і вядомай велічынь. У працэсе вымярэння гэтую рознасць даводзяць да нуля (часам аўтаматычна). Н.м.в. вымяраюць эл. велічыні (эрс, напружанні, ёмістасці, супраціўленні і інш.) і неэл. велічыні, пераўтвораныя ў эл. (тэмпературы, ціскі, дэфармацыі і да т.п.) з выкарыстаннем патэнцыёметраў і мастоў вымяральных. Разнавіднасць Н.м.в. — кампенсацыйны метад вымярэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЭСПА́НЬ,
бытавы танец рускага паходжання. Муз. памер 3/4. Тэмп умераны. Аўтар яго харэаграфіі і музыкі А.А.Царман (1898) выкарыстаў у ім характэрна-сцэнічныя элементы ісп. танца. П. хутка пашырыўся ў Расіі, у сельскай мясцовасці набыў іншую, найб. простую харэагр. форму. На Беларусі вядомы з пач. 20 ст. Выконваецца парамі па крузе ў суправаджэнні інстр. музыкі і прыпевак. Заснаваны на спалучэнні некалькіх фігур — пераменнага кроку, паваротаў і вярчэння пад рукой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНІМЕ́ТР (ад лац. planum плоскасць + метр),
механічная прылада для вымярэння плошчы плоскіх фігур адвольнай формы. Адрозніваюць П. палярныя (найб. пашыраны; прапанаваны ням. вучоным Я.Амслерам у 1854), лінейныя і радыяльныя. Прынцып дзеяння палярнага П. заснаваны на аднакратным абходзе абвадным штыфтам уздоўж контуру фігуры. Плошча фігуры роўная рознасці паказанняў лічыльніка да і пасля завяршэння поўнага абходу. Дакладнасць вымярэння залежыць ад дакладнасці выканання вымяральных аперацый (ад 5 да 10%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБІ́РНЫ АНА́ЛІЗ,
метады вызначэння колькасці высакародных металаў (пераважна серабра і золата) у рудах, прадуктах іх абагачэння, сплавах і розных вырабах, у т. л. ювелірных. Заснаваны на сплаўленні пробы даследуемага матэрыялу з сухімі парашкападобнымі рэагентамі і наступным гравіметрычным аналізе атрыманага сплаву. Пробу ювелірных вырабаў (гл.Проба высакародных металаў) звычайна вызначаюць без парушэння іх цэласнасці: параўнаннем ліній, прачэрчаных вырабам і эталоннымі (т.зв. прабірнымі) іголкамі вядомага саставу на прабірным камені (брусок з чорнага або рудога тонказярністага крамяністага сланцу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЬЯ́Н,
стараж. горад, рэшткі якога захаваліся недалёка ад сучаснага г. Аньян (правінцыя Хэнань, Кітай); апошняя сталіца дынастыі Шан-Інь. Заснаваны Пань Гэнам у 14 ст. да н.э., разбураны ў 1027 да н.э. плямёнамі чжоў. Памеры горада каля 292 × 143 м, вонкавых умацаванняў, верагодна, не было. Раскопкамі выяўлены рэшткі палацаў, храмаў, магільныя скляпы іньскіх правіцеляў і знаці, шматлікія жытлы. Найб. цікавыя знаходкі ў царскіх пахаваннях, куды разам з царом хавалі яго світу з канямі, клалі пахавальныя прынашэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАРБЦЫ́ЙНАЯ МІКРАСКАПІ́Я,
метад мікраскапіібіял. аб’ектаў, заснаваны на рэгістрацыі мікраспектрафатометрамі выбіральнага паглынання святла ўнутрыклетачнымі структурамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення, вызначэння канцэнтрацыі і вывучэння размеркавання ў клетках ці іх арганоідах бялкоў, нуклеінавых кіслот, стэроідаў, цытахромаў, гемаглабіну, некаторых вітамінаў, хларафілаў і інш. рэчываў, якім уласцівы спецыфічныя спектры паглынання. Магчымасці абсарбцыйнай мікраскапіі павялічваюцца пры выкарыстанні фарбавальнікаў, якія спецыфічна звязваюцца з рознымі рэчывамі клетак. Уласная і выкліканая (абумоўленая фарбавальнікамі) люмінесцэнцыя ўнутрыклетачных злучэнняў вызначаецца пры дапамозе люмінесцэнтнага мікраспектральнага аналізу і фотаметрычных зондаў.