адзін з вышэйшых кіраўнікоў НКУС і гал. арганізатараў паліт. рэпрэсій у СССР, у т. л. на Беларусі. З 1918 у Чырв. Арміі, з 1920 у органах дзярж. бяспекі. З 1923 чл. РКП(б). У 1934—37 нам.нач. замежнага аддзела Гал. ўпраўлення дзярж. бяспекі НКУССССР, быў у складзе следчай групы па падрыхтоўцы працэсу «аб’яднанага трацкісцка-зіноўеўскага блока» і «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтра». У сак. 1937 — маі 1938 нарком унутр. спраў БССР, камісар дзярж. бяспекі 3-га рангу. Пры Бермане на Беларусі знішчана не менш як 100 тыс. чалавек, у т. л. старшыні ЦВКБССР А.Р.Чарвякоў, М.В.Стакун, старшыні СНКБССР М.М.Галадзед, Д.І.Валковіч, 1-ы сакратар ЦККП(б)Б В.Ф.Шаранговіч, камандуючы войскамі Бел.ваен. акругі Е.П.Убарэвіч, вял. колькасць бел. творчай інтэлігенцыі. Заахвочваліся даносы, паўсядзённымі сталі незаконныя арышты, катаванні, фальсіфікацыя крымінальных спраў, адпрацоўвалася тэхніка масавых расстрэлаў і пахаванняў (гл.Курапаты). Быў дэп. Вярх. СаветаСССР, чл.ЦККП(б)Б і ЦК ЛКСМБ. З аслабленнем уплыву наркома ўнутр. спраў М.І.Яжова Берман заменены А.А.Наседкіным. 22.2.1939 прыгавораны да пакарання смерцю, расстраляны ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптаэлектронікі, які вывучае аптычныя з’явы ў тонкіх слаях празрыстых матэрыялаў, распрацоўвае прынцыпы і метады стварэння яе элементарнай базы. Узнікла ў 1960-я г. на стыку электронікі, лазернай тэхнікі і класічнай оптыкі. Элементы І.о. выкарыстоўваюцца для стварэння аптычных ліній сувязі (гл Аптычная сувязь), аптычных сістэм апрацоўкі і перадачы інфармацыі, у аптычных камп’ютэрах і інш.
Да І.о. адносяць прылады і прыстасаванні, дзе традыцыйныя правады і кабелі заменены на аптычныя хваляводы, звычайныя электронныя схемы — на аптычныя інтэгральныя схемы, розныя элементы якіх размешчаны на агульнай падложцы і злучаны паміж сабой танкаплёначнымі аптычнымі хваляводамі. Хваляводы ўяўляюць сабой празрыстыя плоскапаралельныя пласцінкі (ці слаі) з паказчыкам пераламлення большым, чым у падложцы і навакольным асяроддзі. Іх атрымліваюць высокачастотным распыленнем дыэлектрыкаў, дыфузіяй, іонным абпрамяненнем (імплантацыяй) і інш.
На Беларусі даследаванні па І.о. вядуцца з 1972 у Ін-це прыкладной оптыкі (пад кіраўніцтвам А.М.Ганчарэнкі), у Ін-це электронікі Нац.АН і інш.
Літ.:
Гончаренко А.М., Редько В.П. Введение в интегральную оптику. Мн., 1975;
Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;
Хансперджер Р. Интегральная оптика. Теория и технология: Пер. с англ.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАА́ТАМ,
атам, у якім адзін з электронаў абалонкі заменены адмоўнымі мюонам (μ–) ці адронам (π–-, K−-мезонамі ці інш.). Існаванне М. прадказаў амер. фізік Дж.Уілер у 1949 (эксперыментальна даказана ў 1970).
Утвараюцца пры тармажэнні пучкоў зараджаных часціц у рэчыве і захопе іх кулонаўскім полем ядра на мезаатамныя ўзроўні энергіі. Пры гэтым М. знаходзіцца ў высокаўзбуджаным стане, з якога ён пераходзіць у асн. стан з выпрамяненнем гама-квантаў або электронаў. У М. мезоны знаходзяцца ў сотні разоў бліжэй да ядра, чым электроны, напр., радыус бліжэйшай да ядра арбіты μ– у М. свінцу амаль удвая меншы за радыус ядра, г. зн., што ў такім М. μ асн. частку часу праводзіць унутры ядра атама. Найб. вывучаны М., якія складаюцца з пратона і μ-, π–- ці K−-мезона. Такія М. могуць пранікаць унутр электронных абалонак атамаў, набліжацца да іх ядраў і выклікаць шматлікія працэсы: утварэнне мезамалекул, каталіз ядз. рэакцый, перахоп мезонаў ядрамі інш. атамаў. Спецыфіка захопу і выпрамянення мезонаў дазваляе вывучаць хім. структуру малекул, памеры і форму ядраў, размеркаванне пратонаў і нейтронаў у ядрах.
Літ.:
Ким Е.М. Мезонные атомы и ядерная структура: Пер. с англ.М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,
мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.
Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1856,
дагавор, які завяршыў Крымскую вайну 1853—56. Падпісаны ў Парыжы 30 сак. на заключным пасяджэнні міжнар. кангрэса прадстаўнікамі краін—удзельніц вайны (з аднаго боку пераможанай Расіі, з другога — Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі і Сардзінскага каралеўства), а таксама Аўстрыі і Прусіі. Расія вяртала Турцыі г. Карс у абмен на Севастопаль і інш. гарады Крыма, захопленыя саюзнікамі, Малд. княству (васал Турцыі) — вусце р. Дунай і ч.Паўд. Бесарабіі. Чорнае м. абвяшчалася нейтральным, Расія і Турцыя не маглі трымаць там ваен. флот і арсеналы. Дзяржавы гарантавалі аўтаномію Сербіі, Малд. княства і Валахіі, што выключала прэтэнзіі Расіі на яе асобую апеку над правасл. насельніцтвам Асманскай імперыі. Да дагавора прыкладаліся 3 канвенцыі: 1-я пацвярджала Лонданскую канвенцыю 1841 аб закрыцці Чарнаморскіх праліваў для ваен. суднаў, 2-я вызначала колькасць лёгкіх вартавых суднаў Расіі і Турцыі на Чорным м., 3-я абавязвала Расію не будаваць ваен. умацаванняў на Аландскіх астравах у Балтыйскім моры. П.м.д. аслабіў пазіцыі Расіі ў Еўропе і на Б. Усходзе, абвастрыў Усх. пытанне. Абмежаванні суверэнітэту Расіі на Чорным м. ліквідаваны паводле Лонданскай канвенцыі 1871. Пасля перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 П.м.д. заменены трактатам, прынятым на Берлінскім кангрэсе 1878.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФО́РМІНГ (англ. reforming ад reform перарабляць, паляпшаць),
перапрацоўка бензінавых і ліграінавых фракцый нафты для атрымання высокаактанавага кампанента аўтамаб. бензіну, араматычных вуглевадародаў. Адрозніваюць Р. тэрмічны і каталітычны — адзін з найважн. працэсаў нафтаперапрацоўчай прамысловасці і нафтахімічнай прамысловасці.
Р. каталітычны ажыццяўляюць пры т-ры 450—540 °C пад ціскам вадароду 0,8—3,5 МПа у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць пераважна плацінавы ці плацінава-рэніевы каталізатары — металы (плаціна, плаціна і рэній, 0,2—0,6%), нанесеныя на паверхню аксіду алюмінію Al2O3. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць бензінавыя фракцыі, што выкіпаюць пры т-ры 60—180 °C. Асн. рэакцыі (дэгідрыраванне 6-членных і дэгідраізамерызацыя алкіліраваных 5-членных нафтэнавых вуглевадародаў; дэгідрацыклізацыя, гідракрэкінг, ізамерызацыя парафінавых вуглевадародаў) прыводзяць да ўтварэння араматычных (гл. Араматызацыя) і ізапарафінавых вуглевадародаў. Першыя прамысл. ўстаноўкі каталітычнага Р. (1940-я г., ЗША) з алюмама-лібдэнавым каталізатарам наз. ўстаноўкамі гідраформінгу, пры пераходзе на плацінавыя каталізатары яны заменены т.зв. ўстаноўкамі платформінгу. Р. тэрмічны ажыццяўляюць пры т-ры каля 550 °C і ціску 5—7 МПа. Выкарыстоўваўся толькі для вытв-сці бензіну.
Літ.:
Катализаторы риформинга. Мн., 1976;
Промышленные установки каталитического риформинга. Л., 1984;
Маслянский Г.Н., Шапиро Р.Н. Каталитический риформинг бензинов: Химия и технология. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ТРОХ ІМПЕРА́ТАРАЎ»,
сукупнасць пагадненняў паміж Расіяй, Германіяй і Аўстра-Венгрыяй у 1873—84. Пачаты пагадненнем Аўстра-Венгрыі і Расіі, падпісаным 6.6.1873 Аляксандрам II і Францам Іосіфам I; 23.10.1873 да яго далучылася Германія. Пагадненне прадугледжвала агульнасць палітыкі, кансультацыі ў выпадку ўскладнення міжнар. становішча. Імператары абавязваліся сілай падтрымліваць мір у Еўропе. Уступленнем у саюз Расія імкнулася не дапусціць змовы Аўстрыі і Германіі за кошт яе інтарэсаў на Балканах, захаваць землі, набытыя ў Сярэдняй Азіі ў выпадку абвастрэння супярэчнасцей з Англіяй; Германія — перашкодзіць збліжэнню Францыі і Расіі. Саюз не быў трывалым і не ліквідаваў супярэчнасцей паміж саюзнікамі. Калі руска-герм. адносіны пагоршалі, Германія і Аўстрыя ў 1879 заключылі тайны дагавор, накіраваны супраць Расіі. Баючыся далейшага збліжэння Германіі і Аўстра-Венгрыі, Расія згадзілася аднавіць саюз, і ў 1881 быў заключаны руска-аўстрыйска-герм. дагавор, які абавязваў гэтыя дзяржавы трымацца нейтралітэту ў выпадку вайны адной з іх з інш. дзяржавай. Бакі абавязваліся лічыцца з інтарэсамі адзін аднаго на Балканах і не дапускаць змены граніц Турцыі. У 1884 дагавор прадоўжаны на 3 гады. У 1887 замененырус.-герм. дагаворам.
Літ.:
Сказкин С.Д. Конец австро-русско-германского союза. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РА ТЭО́РЫЯ,
першая тэорыя атама і яго спектраў. Прапанавана Н.Борам у 1913 як аб’яднанне ідэі М.Планка аб квантаванні энергіі і планетарнай мадэлі атама Э.Рэзерфарда. Грунтуецца на двух пастулатах. Атамы могуць доўга знаходзіцца, не выпраменьваючы святла, ва ўстойлівых (стацыянарных) станах, адпаведных пэўным дыскрэтным (перарыўным) значэнням энергіі E1, E2, E3... (1-ы пастулат Бора). Выпрамяненне ці паглынанне святла адбываецца пры скачкападобных пераходах з аднаго стану ў другі паводле формулы , дзе hν — энергія святла частаты ν, што выпрамяняецца ці паглынаецца, h — Планка пастаянная (2-і пастулат Бора, ці ўмова частот).
Пастулаты Бора пацверджаны эксперыментальна і выконваюцца для ўсіх мікрасістэм (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.). Каб знайсці магчымыя значэнні энергіі і інш. характарыстыкі стацыянарных станаў атама, Бор разглядаў рух электронаў вакол ядра паводле законаў механікі Ньютана (класічнай механікі), пры дапаўняльных, т.зв. квантавых, умовах. Пры гэтым электрон у найпрасцейшым выпадку атама вадароду можа рухацца вакол ядра па кругавых ці эліптычных арбітах пэўных памераў, якія павялічваюцца з павелічэннем энергіі атама ў адпаведных стацыянарных станах. Канкрэтныя мадэльныя ўяўленні пра рух электрона ў атаме па строга вызначаных арбітах заменены ўяўленнямі квантавай механікі.
Літ.:
Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і замененыгал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш.Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.