КРЫЎЛЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17 — пач. 18 ст. каля в. Крыўляны
(Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў забалочанай мясцовасці. Належаў князям Чартарыйскім. Меў блізкі да прамавугольніка план (пл. каля 11 га),
быў умацаваны земляным валам (шыр. 7—8, выш. каля 4 м), бастыёнамі, ровам (шыр. 13—15, глыб. да 4 м). З паўн.-зах. боку быў абведзены дадатковым вадзяным ровам. Уезд у замак размяшчаўся з ПдУ. У паўн.-зах. частцы на ўзвышэнні стаяла драўляная вежа, каля якой была сажалка, абнесеная высокім земляным валам і злучаная з рэчкай. У комплекс уваходзілі таксама драўляны палац, жылыя і гасп. пабудовы. Не збярогся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСКО́ВА,
архітэктурна-мастацкі ансамбль 18 ст. ў Маскве. Былая загарадная рэзідэнцыя графаў Шарамецевых, з 1960 у межах Масквы. Уключае класіцыстычныя драўляны палац (1769—75, пад кіраўніцтвам арх. К.І.Бланка, у інтэр’еры больш за 60 мармуровых статуй і бюстаў 18 ст.), рэгулярны парк з дэкар. скульптурай і павільёнамі — «Галандскі» (1749—51) і «Італьянскі» (1754—55, арх. Ю.І.Калагрываў, Ф.С.Аргуноў) домікі, «Грот» (1755—75), «Аранжарэя» (1761—64, абодва арх. Аргуноў), «Эрмітаж» (1765—67, пры ўдзеле арх. Бланка) і інш. З 1918 музей (з 1938 Музей керамікі і «Сядзіба Кускова XVIII стагоддзя»).
Літ.:
Баранова О. Кусково: Иллюстрированный очерк. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАЎСКІ КАСЦЁЛ ІААНА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1910—19 з чырв. цэглы. Храм 2-вежавы, базілікальнага тыпу з трансептам, 3-граннай апсідай і 2 сакрысціямі. Гал. (зах.) фасад 3-часткавы: цэнтр. частка завершана трохвугольным шчытом, бакавыя ў выглядзе 2-ярусных вежаў, завершаных галоўкамі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі на 2 ярусы. Вуглы вежаў, трансепта і апсіды фланкіраваны ступеньчатымі контрфорсамі. У інтэр’еры драўляны 2-ярусны разны іканастас св. Яна (19 ст.), ярусы дэкарыраваны карынфскімі калонкамі і ажурнай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМІЗО́РАВА Ніна Львоўна (н. 15.10.1956, г. Крывы Рог, Украіна),
расійская балерына. Засл. арт. Украіны (1977). Нар.арт. Расіі (1985). Скончыла Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1975). З 1975 у Кіеўскім т-ры оперы і балета імя Шаўчэнкі, з 1978 — у Вял. т-ры ў Маскве. Танец С. вылучаецца чысцінёй ліній, дакладнасцю малюнка, маштабнасцю рухаў. Першая выканаўца партый Феі («Драўляны прынц» Б.Бартака), Розы («Маленькі прынц» Я.Глебава), Дульцынеі, Альдонсы («Рыцар журботнага вобраза» Р.Штрауса). Сярод інш.: Адэта — Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Мехменэ Бану («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Фрыгія, Эгіна («Спартак» А.Хачатурана). Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1977, Масква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛМЕ́Й, шаламай (ням. Schalmei),
1) старадаўні драўляны духавы язычковы муз. інструмент з падвойным пішчыкам.
Меў 6—8 пальцавых і клапанныя адтуліны. Гукарад пераважна дыятанічны. Сярод разнавіднасцей Ш.: дыскантавыя, сапранавыя; яны разам з померамі (сярэдняга дыяпазону) і бамбардамі (бамгартамі; нізкага дыяпазону) складалі групу інструментаў, пашыраную ў Зах. і Цэнтр. Еўропе ў 13—17 ст. Ш. — папярэднік габоя ў складзе разнастайных ансамбляў. У бел. крыніцах Ш. зафіксаваны ў 16—17 ст. (у Гродзенскай капэле Стафана Баторыя і інш.).
2) Паводле некат. крыніц, назва ўсіх сярэдневяковых прамых язычковых інструментаў.
3) Рэгістр аргана.
Літ.:
Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. 4.2. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ СЯДЗІ́БЫ ВАНЬКО́ВІЧАЎ,
помнікі сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў Мінску. Звязаны з жыццём і творчасцю бел. мастака В.Ваньковіча. Гарадская сядзіба пабудавана на мяжы 18—19 ст. у гіст. цэнтры Мінска (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Яе комплекс уключаў жылы дом у стылі класіцызму, 2 флігелі, гасп. пабудовы, фруктовы сад. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак (з атынкаванымі сценамі, у пач. 19 ст. частка паўн.-зах. сцяны была мураваная) на каменным падмурку, накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал.паўд.-ўсх. фасад вылучаў 8-калонны порцік з цэнтр. уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік на паўн.-зах. фасадзе. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. У інтэр’еры захаваліся кафляныя печы. Дом і флігелі ўтваралі двор-курданёр. Паўд.-зах. флігель мураваны, 2-павярховы, прамавугольны ў плане, паўн.-ўсх. (не захаваўся) — 2-павярховы (1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны), прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтры яго паўн.-ўсх. фасада быў 5-гранны эркер з вежападобным завяршэннем. Захавалася шырокая праезная брама. Комплекс адноўлены. З 2000 музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» — філіял Нац.маст. музея Беларусі. Сельская сядзіба пабудавана ў прыгарадзе Мінска Вял. Сляпянка (цяпер у межах Мінска, вул. Парніковая). Комплекс уключаў мураваны сядзібны дом, бакавыя флігелі (не захаваліся) і парк, перапланаваны ў 1896 садаводам В.Кроненбергам (захавалася частка геам. сеткі алей). 2-павярховы Т-падобны ў плане дом з высокім цокалем. Тарцовыя сцены аформлены трохвугольнымі франтонамі. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам. У дэкар. аздабленні дома выкарыстаны пілястры, прафіляваныя карнізы і інш.
У.М.Дзянісаў, А.М.Кулагін.
Да арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў. Гарадская сядзіба. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры стылю віленскага барока ў в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1740—46 (арх. І.Фантана III, І.К.Глаўбіц) па фундацыі пазнанскага камандора С.Дамброўскага. У 1863—66 перабудаваны пад правасл. Успенскую царкву.
У 1610 кн. М.К.Радзівіл Сіротка засн. у Сталовічах камандорыю кавалераў Мальтыйскага ордэна; пабудаваў драўляны касцёл св. Марыі і Іаана Хрысціцеля (не захаваўся), дзе размясціў прывезеную з Італіі скульптуру Маці Божай Латэранскай. У 1637—39 манахі ордэна збудавалі прамавугольную ў плане невял. мураваную капліцу, якую назвалі Латэранскай у гонар прывезенай святыні. У 1660-я г. камандорамі былі Т. і М.Юдзіцкія.
Сучасны храм (на месцы драўлянага) — мураваная 3-нефавая 2-вежавая базіліка з больш нізкімі прэсбітэрыем і бакавымі сакрыстыямі; па падоўжнай восі да яго прылягае капліца. Гал. фасад вылучаны цэнтр. рэзалітам, які ўтварае 3 праслы; падзелены карнізамі на 3 ярусы, аздоблены слаістымі пілястрамі. Уваход фланкіруюць 4 паўкалоны. Высокія аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі аздоблены ляпнымі абрамленнямі. Пасля перабудовы ўзведзены драўлянае 5-купалле і званіца з пазалочанымі крыжамі ў франтоннай ч. над прэсбітэрыем і апсідай; бакавыя 3-ярусныя вежы былі зняты (адлюстраваны на фотаздымку пач. 20 ст.). Дэкар. аздабленне інтэр’ера выканана са стука (паводле праекта арх. Глаўбіца). Галоўны алтар 3-ярусны з 2-яруснай каланадай і ляпной кампазіцыяй «Глорыя» ў завяршэнні, у бакавых нефах былі 2-ярусныя ляпныя алтары (не захаваліся). У інтэр’ер у якасці прэсбітэрыя ўключана Ларэтанская капліца. Пры перабудове ўстаноўлены драўляны іканастас. За апсідай створаны прыдзельны храм, звязаны з малітоўнай залай бакавымі праходамі.
А.М.Кулагін, Т.І.Чарняўская, М.М.Яніцкая.
Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля. Сучасная Успенская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬНЯКІ́,
вёска ў Беларусі, у Антапольскім с/с Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. на р. Усвейка. За 31 км ад г. Чашнікі, 121 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Вятны. 43 ж., 24 двары (1995).
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваюцца каля 1528. Належалі да маёнтка Мялешкавічы кн. Лукомскіх, потым уладанне Сапегаў, Шчорсаў, Хмараў. На процілеглым (левым) беразе Усвейкі быў пабудаваны драўляны замак, побач з ім узнікла мястэчка (сучасная в. Замачак), а ў Бельняках заснаваны фальварак. На пач. 20 ст. ў Бельняках 287 ж., 36 дамоў. Да 1927 у Чарэйскім р-не Барысаўскай, да 1930 — Аршанскай акр., потым у Чашніцкім р-не (з 1935) Лепельскай акр., з 1938 — Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
збудаванні для аховы берагоў вадаёмаў (рэк, мораў, вадасховішчаў, каналаў і інш.) ад разбуральнага ўздзеяння хваляў, напору вады, лёду і інш. Паводле характару ўзаемадзеяння з водным патокам берагаўмацавальныя збудаванні падзяляюць на актыўныя (паток выкарыстоўваецца для намыву і захавання берагавых наносаў: на рэках — папярочныя паўзапруды, рэгулявальныя дамбы, струмененакіравальныя шчыты; на морах і азёрах — буны, што затрымліваюць наносы, хваляломы) і пасіўныя (воднаму патоку проціпастаўляецца трываласць канструкцыі: на рэках — каменная накідка, цюфякі, бетонныя і жалезабетонныя пліты; на морах — хвалеадбойныя сцены, накідка з буйных блокаў і фігурных масіваў). Выбар берагаўмацавальных збудаванняў залежыць ад рэльефу берага, яго гідрагеал. рэжыму і геал. будовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.