ПАСО́ШНАЕ, пасошнае абкладанне, сошнае,

дзяржаўны пазямельны падатак у Расіі 16—17 ст., пры налічэнні якога за адзінку абкладання бралася саха. Памеры П. заносіліся ў пісцовыя кнігі. Паступова П. расло, траціла пазямельны характар і больш улічвала прамысл.-гандл. дзейнасць насельніцтва. У 1679 заменена падворным абкладаннем.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВПК),

грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр. рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Адкрыты ў 1968 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 326 м², больш за 10 тыс. экспанатаў (1997). Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Дзятлаўшчыны са стараж. часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў археал. знаходкі эпох мезаліту і неаліту, човен 16 ст., выяўлены каля в. Пархуты, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў кастр. падзей 1917, грамадз. вайны, пра становішча працоўных у 1920—30-я г., дзейнасць КПЗБ. Экспануюцца вырабы мясц. майстроў, прадметы нар. побыту, адзенне, узоры маст. ткацтва, дакументы, асабістыя рэчы С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка. Асобныя стэнды прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны (дзейнасць падполля, партызан. злачынствы ням.-фаш. акупантаў, вызваленне раёна), Героям Сав. Саюза Б.А.Булату, Ф.М.Сінічкіну. Макет помніка скульпт. А.​Салятыцкага і карціна мастака П.​Свентахоўскага прысвечаны І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.​Сусаніна.

Т.​В.​Палховіч.

т. 6, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІЯ ПА СПРА́ВАХ НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ,

у Рэспубліцы Беларусь орган, які каардынуе дзейнасць дзярж. органаў і грамадскіх аб’яднанняў па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, уладкаванні дзяцей і падлеткаў, ахове іх правоў. Разглядае справы аб правапарушэннях дзяцей і падлеткаў, кантралюе правядзенне выхаваўчай і прафілактычнай работы з непаўналетнімі ў навуч. установах (у т. л. ў спец. установах закрытага тыпу), у прыёмніках-размеркавальніках для непаўналетніх і выхаваўча-працоўных калоніях. Камісіі ўтвараюцца пры гар., раённых, абл. выканкомах, а Камісія па справах непаўналетніх пры СМ Рэспублікі Беларусь — СМ Рэспублікі Беларусь. Склад камісій, іх правы і парадак дзейнасці рэгламентуюцца заканадаўствам. Пастановы, прынятыя камісіямі, абавязковыя для выканання прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі незалежна ад форм уласнасці, службовымі асобамі і грамадзянамі. Дзейнасць камісій ажыццяўляецца пры шырокім удзеле грамадскасці і ва ўзаемадзеянні з пастаяннымі камісіямі Саветаў дэпутатаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДНО́Ў (Яўген Міхайлавіч) (?, Віцебская губ. — ?),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля Лют. рэв. 1917 нам. старшыні Харкаўскага губ. Савета сял. дэпутатаў, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. нац. к-та ў Адэсе. У 1918 міністр ваен. спраў, са снеж. 1919 — замежных спраў ва ўрадзе БНР. З сак. 1921 у Варшаве, нам. старшыні Бел. к-та. 8.5.1921 выключаны са складу ўрада за правакацыйныя дзеянні супраць БНР. Пазней жыў у Берліне. Сабраў вял. колькасць матэрыялаў аб масонстве, частка з якіх адлюстроўвала паліт. дзейнасць рас. масонства ў перыяд Лют. і Кастр. рэвалюцый. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі П.​Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНКЕ́ВІЧ (Сцяпан Рыгоравіч) (23.1.1867—1919?),

бел. гісторык правасл. царквы, прапаведнік, грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя (1899). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1891), потым выкладаў у ёй. У 1901—08 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та. У 1901—17 займаў і адм. пасады ў Св. Сінодзе. Вёў дабрачынную дзейнасць, рэліг.-павучальныя чытанні. Гіст. погляды Р. склаліся пад уплывам М.​В.​Каяловіча. Навук. дзейнасць пачаў з выдання «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі» (1892—94). Падрыхтаваў і выдаў фундаментальнае «Апісанне дакументаў архіва заходнярускіх уніяцкіх мітрапалітаў» (т. 1—2, 1897—1907). Аўтар прац па гісторыі Мінскай епархіі, артыкулаў у гродзенскіх, літоўскіх, мінскіх «Епархиальных ведомостях» і інш.

Тв.:

Краткий исторический очерк столетия Минской епархии... Мн., 1893;

История Минской архиепископии (1793—1832 гг.). СПб., 1893;

Жизнеописания западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. СПб., 1897.

В.​М.​Чарапіца.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНТУРЫ́ЗМ (ад франц. aventure прыгода),

дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках з мэтай дасягнуць лёгкага поспеху, выгады; справа, распачатая без уліку рэальных умоў і магчымасцяў. Як правіла, мае на мэце задавальненне карыслівых інтарэсаў, але ў большасці выпадкаў канчаецца правалам. Найб. страты грамадству прыносяць палітычны, эканам., ваенны авантурызм.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДЫТЫ́ЗМ,

злачынная дзейнасць, звязаная з удзелам у грабежніцкіх бандах з мэтай нападу на дзярж. або грамадскія прадпрыемствы, установы, арг-цыі, асобных грамадзян. Характарызуецца наяўнасцю арганізаванай узбр. групы з 2 і больш асоб. Вінаватыя ў небяспечных злачынствах паводле КК Рэспублікі Беларусь караюцца доўгатэрміновым пазбаўленнем волі, а пры абцяжваючых акалічнасцях — смерцю.

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ГАНДЛЁВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1947 у г. Навагрудак як тэхнікум. З 1997 каледж. Рыхтуе бухгалтараў, таваразнаўцаў, эканамістаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; камерцыйная дзейнасць; банкаўская справа; маркетынг; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫ ФРОНТ,

атмасферны фронт паміж умераных шырот паветрам і трапічным паветрам. Фарміруецца ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях звычайна паміж 30—45° паўн. ш. і паўд. ш. зімой і 40—55° паўн. ш. і ’паўд. ш. летам. Складаецца з некалькіх асобных галін, на якіх развіваецца інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць (гл. Цыклон).

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)