ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст. — ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт. сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ РАЗЛІ́КІ,
разлікі паміж дзяржавамі, арг-цыямі, фірмамі і грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэр. розных краін. Выкліканы развіццём міжнар. сувязей і разлікаў па знешнім гандлі, крэдытах і інвестыцыях, трансп. паслугах, турызме, а таксама па ўтрыманні дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой, камандзіроўках, паездках розных дэлегацый і г.д. Бываюць двухбаковыя (ажыццяўляюцца паміж дзвюма краінамі) і шматбаковыя (сродкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг выкарыстоўваюцца на плацяжы трэцім краінам). У гэтай сувязі буйнейшыя банкі розных краін падтрымліваюць узаемныя карэспандэнцкія сувязі, адкрываюць адзін аднаму бягучыя рахункі, захоўваюць на іх грашовыя сродкі ў адпаведнай замежнай валюце і выконваюць на аснове ўзаемнасці плацежныя і інш. даручэнні, што дазваляе частку плацяжоў рабіць у форме безнаяўных разлікаў. У практыцы М.р. паняцце наяўных разлікаў больш шырокае і часцей выкарыстоўваецца ва ўнутр. тавараабароце, чым у міжбанкаўскіх разліках. У сферы М.р. часта ўзнікаюць праблемы ўстанаўлення і рэгулявання суадносін абмену нац. грашовай адзінкі з замежнай і незбалансаванасці разлікаў з замежнымі краінамі. Увесь комплекс адносін, што ўзнікаюць у працэсе М.р., выяўляецца ў плацежных балансах краін, а іх незбалансаванасць патрабуе механізма выраўноўвання. На эфектыўнасць М.р. істотна ўплывае кан’юнктура на знешнім і ўнутр. рынках, ступень развіцця міжнар.гасп. сувязей і нац. эканомікі, абарачальнасць валют, узровень валютнага курса і інш. фактары. Стабільная сістэма М.р. станоўча ўплывае на эканоміку краіны і міжнар.эканам. адносіны. Парушэнне сістэмы М.р. (напр., у перыяд крызісаў, эканам. і паліт. ускладненняў) стрымлівае развіццё знешняга гандлю, адмоўна адбіваецца на развіцці нац. эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т НАРО́ДНАГА КАНТРО́ЛЮ БССР (КНК БССР). Існаваў са снеж. 1965 па ліп. 1990. Створаны ў выніку рэарганізацыі органаў парт.-дзярж. кантролю ў органы нар. кантролю (НК) паводле Закона Вярх. Савета БССР ад 22.12.1965 «Аб органах народнага кантролю ў Беларускай ССР» Органамі НК з’яўляліся абл., гар. і раённыя КНК, групы і пасты пры сельскіх і пасялковых Саветах нар. дэпутатаў, на прадпрыемствах, у калгасах, установах, арг-цыях і вайсковых часцях. КНК БССР працаваў пад кіраўніцтвам Вярх. Савета, яго Прэзідыума і Савета Міністраў БССР. З’яўляўся саюзна-рэсп. органам і кіраваў работай ніжэйшых органаў НК Беларусі, адначасова падпарадкоўваўся КНК СССР. Апарат КНК БССР будаваўся паводле вытв.-галіновага прынцыпу. У пач. 1980-х г. ён складаўся з 8 вытв.-галіновых аддзелаў і 3 структурных падраздзяленняў. У БССР дзейнічалі 104 сельскія раённыя к-ты, 25 раённых у гарадах і 31 гар.к-т. У 1982 пазаштатны актыў КНК складаў 15 840 чал., аб’яднаных у 1552 пазаштатныя аддзелы. На 1.1.1982 на прадпрыемствах, у калгасах, установах і арг-цыях БССР дзейнічала 27 829 к-таў і груп НК і 11 909 пастоў, у якія было выбрана 386 тыс.чал. Дзейнасць КНК рэгламентавалася Законам «Аб народным кантролі СССР» ад 30.11.1979 і мела юрыд. характар. Іх функцыі заключаліся ў кантролі за выкананнем дзярж. планаў эканам. і сац. развіцця, укараненні ў вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі, перадавога вопыту, у вядзенні барацьбы з парушальнікамі дзярж. дысцыпліны, валакітай і бюракратызмам, ажыццяўленні кантролю за выкананнем законаў кіруючымі асобамі пры разглядзе прапаноў, скаргаў, заяў грамадзян і інш. КНК мелі права прыцягваць вінаватых да адказнасці, накладваць на іх спагнанні, рабіць грашовыя налічэнні, адхіляць ад займаемых пасад або паніжаць па пасадзе, накіроўваць у пракуратуру матэрыялы аб крадзяжах, злоўжываннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬ,
старажытна-руская плацежная і грашовая адзінка; асн. грашовая адзінка і манета ВКЛ, Рас. імперыі, РСФСР, СССР; Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Украіны (да 16.9.1996), Рэспублікі Таджыкістан («рубл»). Этымалагічна, верагодна, паходзіць ад прыметніка «рублены», «абрублены». Як грашовая адзінка Р. упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах Ноўгарада з канца 13 ст., меў выгляд злітка. (да 1447) і адпавядаў 105 нагатам. У 1-й чвэрці 14 ст. тэрмін «Р.» быў сінонімам слова «грыўня». Да 1510 адначасова функцыянавалі наўгародскі і маскоўскі Р. Паводле манетнай рэформы 1534 Р. канчаткова набыў выгляд дзесятковай манетнай сістэмы (Р. = 10 грывенкам = 100 капейкам = 200 дзенгам). Упершыню Р.-манета быў адчаканены ў 1654 па масе талера і наміналам у 100 капеек. Паводле грашовай рэформы Пятра I ў 1699—1701 пачалася чаканка яго фракцый: 1/2 (палціна) і 1/4 (паўпалціна), з 1704 — масавая эмісія. З 1769 выпускаліся папяровыя асігнацыі ў 25, 50, 75 і 100 Р.; крэдытны білет ў 1 Р. з’явіўся ў 1843. У 1917 у абарачэнні знаходзіліся сярэбраны Р., у золаце 5 і 10 Р., у паперах — 1, 3, 5, 10, 25, 50, 100, 250, 500 і 1000 Р. У час грамадз. вайны выкарыстоўваліся папяровыя і металічныя грошы наміналам у Р. і яго кратныя адзінкі Рас. імперыі, Часовага і Сав. урадаў, розных рэгіянальных урадаў і к-таў, населеных пунктаў і прадпрыемстваў. У сак. 1919 выпушчаны разліковыя знакі РСФСР вартасцю 1, 2 і 3 Р. Пасля ўтварэння СССР саюзныя рэспублікі спынілі свае грашовыя эмісіі і паводле дэкрэта ад 22.9.1923 уводзілася адзіная валюта — купюры ад 1 да 100 Р. У 1924 у абарачэнне паступілі сярэбраныя Р., залаты чырвонец 1923 (для знешняга гандлю). У 1947 і 1961 у СССР праведзены грашовыя рэформы з адначасовай дэнамінацыяй (абмен 1:10). З 1.1.1961 сав. Р. фактычна атрымаў статус канверсаванай валюты. З 1961 да 1992 у абарачэнні знаходзіліся 1, 3, 5, 10, 50 і 100 Р. Цяпер у Расійскай Федэрацыі (пасля дэнамінацыі 1997) у абарачэнні манеты вартасцю 1, 2 і 5 Р., банкноты ў 1, 5, 10, 25, 50, 100, 500 і 1000 Р.
На тэр. Беларусі Р. як грашова-лікавая адзінка з’явіўся на мяжы 13—14 ст. першапачаткова ў Віцебскім княстве і ў 1300/1305—27 адпавядаў 50 пражскім грошам. Пры вял.кн.Альгердзе Р. пашырыўся ў ВКЛ. Тэрмін «літоўскі Р.» у бел.-літ. летапісах упершыню названы ў 1399. У 1407 Р. адпавядаў 100 пражскім грошам, а ў 1500—100 літ. грошам. Да сярэдзіны 15 ст. Р. выкарыстоўваўся ў выглядзе сярэбранага злітка (маса 179,8—180 г), а з 2-й пал. 15 ст. функцыянаваў як лікавая адзінка. У ВКЛ Р. ужываўся да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і з’явіўся асновай для пераходу мясц. грашовага абарачэння на выкарыстанне рас. Р. У Рэспубліцы Беларусь у 1992 у абарачэнне быў уведзены «беларускі Р.» вартасцю 1, 3, 5, 10, 25, 50 Р. (да 1.11.1995), 250 і 500 (з 8.12.1992), 1000 (з 8.12.1993) і 5000 Р. (з 7.4.1994); (з 16.4.1998 дзве апошнія — новага ўзору), 20 000 Р. (з 1.1.1995), 50 000 і 100 000 Р. (з 17.10.1996), 500 000, 1 000 000 і 5 000 000 Р. (з 30.4.1999). 20.8.1994 праведзена 1-я дэнамінацыя, калі былі скасаваны суадносіны падліковага і папяровага Р. (10:1) і яны сталі ўраўнаважаны. З 1.1.2000 (пасля 2-й дэнамінацыі) у абарачэнні знаходзяцца 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 Р.; з 16.4.2001—10 000 Р. Усе наміналы (акрамя першых трох) абаронены ад падробкі. З 1995 у якасці законнага плацяжу выпускаюцца памятныя металічныя Р. наміналам 1 (медна-нікелевы сплаў), 20 (серабро) і 1000 (золата) Р. Вядома 7 серый манет, якія рэалізуюцца па камерцыйным кошце як калекцыйны матэрыял ці сувеніры.
Літ.:
Бектинеев Ш.И. Обращение рубля на территории Беларуси до Люблинской унии 1569 г. // Беларусістыка: Беларусь, гіст. лёс народа і культуры. Мн., 1995;
Малышев А.И., Таранков В.И., Смиренный И.Н. Бумажные денежные знаки России и СССР. М. 1991;
Мельникова А.С. Русские монеты от Ивана Грозного до Петра Первого. М., 1989;
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў.
1 рубель (паводле эмісіі Нац. банка Беларусі, 1992).1 рубель (пасля дэнамінацыі 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,
часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫ́КА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
пасіўная форма дзяржаўнага крэдыту, калі дзяржава выступае ў якасці пазычальніка і прыцягвае часова свабодныя грашовыя сродкі суб’ектаў гаспадарання для фінансавання агульнадзярж. патрэб шляхам выпуску і рэалізацыі аблігацый, казначэйскіх абавязацельстваў, вэксаляў і інш.дзяржаўных каштоўных папер. Паводле права эмісіі П.дз. падзяляецца на пазыкі, якія выпускаюцца ўрадам і мясц. органамі ўлады (муніцыпальныя пазыкі); па катэгорыі трымальнікаў дзяржаўных абавязацельстваў — на пазыкі, якія рэалізуюцца сярод насельніцтва; пазыкі, якія распаўсюджваюцца сярод прадпрыемстваў і ўстаноў; універсальныя пазыкі для іх размяшчэння сярод юрыд. і фіз. асоб; па тэрмінах пагашэння — на кароткатэрміновыя (тэрмін пагашэння 1 год), сярэднетэрміновыя (да 5 гадоў), доўгатэрміновыя (звыш 5 гадоў); па метадах размяшчэння — на добраахвотныя (размяшчаюцца па падпісцы) і прымусовыя. П.дз. могуць быць аблігацыйныя (прадугледжваюць эмісію каштоўных папер дзяржавы) і безаблігацыйныя (казначэйскія абавязацельствы, вэксалі, крэдытаванне цэнтр. банкам дзярж. бюджэту, якія афармляюцца шляхам запісаў у даўгавых кнігах, дагавораў, пагадненняў і выкарыстоўваюцца на міждзярж. узроўні. У залежнасці ад формы выплаты даходаў адрозніваюць П.дз.: працэнтныя (уладальнік штогод атрымлівае цвёрды даход па ўстаноўленай працэнтнай стаўцы), выйгрышныя (трымальнікі пазыкі атрымліваюць даход у форме выйгрышаў у момант пагашэння аблігацыі), працэнтна-выйгрышныя (выплата часткі даходу па купонах, а часткі ў выглядзе выйгрышаў), бяспройгрышныя (гарантуюць, што выйгрыш прыпадае на кожную аблігацыю), беспрацэнтныя (трымальнікам аблігацый гарантуецца атрыманне адпаведнага тавару, попыт на які поўнасцю не задавальняецца). Спецыфічнай формай дзярж. крэдыту з’яўляецца ператварэнне часткі ашчадных укладаў насельніцтва ў П.дз., пры якой размяшчэнне грашовых сродкаў насельніцтва ў дзярж. каштоўныя паперы ажыццяўляецца з дапамогай ашчаднага банка. Знешнія П.дз. характарызуюцца тым, што дзяржава выступае на сусв. рынку як пазычальнік. Яны прадастаўляюцца ў грашовай або таварнай формах і з’яўляюцца крыніцамі паскоранага сац.-эканам. развіцця і ўмацавання фін. становішча дзяржавы-атрымальніка сродкаў, інвесціравання новых тэхналогій і садзейнічаюць умацаванню міжнар. супрацоўніцтва. Найчасцей знешнія П.дз. выступаюць у форме інвестыцыйных крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца на капітальныя ўкладанні. Могуць выдзяляцца непасрэдна ўраду на падтрымку эканам. рэформ, рэфармаванне і ўмацаванне дзярж. кіравання, памяншэння бюджэтнага дэфіцыту. Пагашэнне пазык па ўзгадненні бакоў ажыццяўляецца таварнымі пастаўкамі або валютай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІ́СТЫКА (франц. bonistique),
дапаможная гіст. дысцыпліна, якая вывучае папяровыя грашовыя знакі як крыніцу эканам. і паліт. гісторыі грамадства. Узнікла ў пач. 20 ст., цесна звязана з нумізматыкай.
Першыя папяровыя грошы вядомы ў Кітаі з пач. 9 ст.; з 1690 вядомы ў Паўн. Амерыцы, з 1769 — у Расіі, З 1794 — V Рэчы Паспалітай. На Беларусі вядомы з часоў далучэння да Рас. імперыі (на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. пасля 1772, у зах. губернях Беларусі — з 1794). У 1843—1917 абарачаліся крэдытныя білеты наміналам ад 50 кап. да 500 руб. У 19 ст. заменнікі папяровых грошай («ярлык», «квітанцыя», боны, чэкі і да т.п.) абмежавана выпускалі ўладальнікі магазінаў, фірмаў, фабрык, рэліг. суполак у Брэсце, Ваўкавыску, Зэльве, Кобрыне, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме, Слуцку і інш. У час 1-й сусв. вайны ўлады Расіі павялічылі выпуск папяровых грошай і іх заменнікаў (чэкаў, сертыфікатаў, купонаў і інш.). Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыі 1917, у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі працягвалі абарачацца «раманаўскія» і «мікалаеўскія» банкноты, «керанкі», узаконена выкарыстанне аблігацый дзярж. пазыкі і іх купонаў. У часы герм. і польск. акупацыі Беларусі (1915—20) у абарачэнні былі боны, квітанцыі, талоны, аблігацыі з наддрукоўкамі. Іх выпускалі ў Бабруйску, Гомелі, Гродне, Ігумене (Чэрвень), мяст. Колышкі (Віцебская вобл), Лідзе, Лагойску, Мінску, Магілёве, Мазыры, Навагрудку, Пінску, Рагачове, Слуцку і інш. У абарачэнні былі рас. рублі, фінскія маркі, ням. пфенінгі, рэйхсмаркі, острублі, укр. карбованцы. У Зах. Беларусі абарачаліся польск. маркі, з 1924 — злотыя. На тэр.БССР у абарачэнні адначасова былі «саўзнакі» і чырвонцы, з 1922 — казначэйскія білеты (рублі) дробных наміналаў. У Вял.Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі абарачаліся часовыя заменнікі грошай (сав. рублі, акупац. маркі, рэйхсмаркі). Пасля вайны адноўлена сав. грашовае абарачэнне. У 1992 Нац. банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у якасці самаст. плацежнага сродку разліковыя білеты вартасцю ў 50 кап., 1, 3, 5, 10, 25 (усе зняты з абарачэння ў 1995), 50 (зняты з абарачэння ў 1996), 100, 200, 1000, 5000, з 1994 — 20 000, з 1995 — 50 000 руб.
Да арт.Баністыка. Бона, выпушчаная ў час паўстання 1794.Да арт.Баністыка. Агульнагарадская бона, выпушчаная Гомельскім гарадскім самакіраваннем у 1918.Да арт.Баністыка. Разліковая квітанцыя, выпушчаная для абарачэння ў лагерах асобага прызначэння. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),
1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).
2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).
3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).
4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар.эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл.Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).
Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПАНЕ́СКАЯ ВАЙНА́ 431—404 да н.э., вайна паміж аб’яднаннямі стараж.-грэч. полісаў — Дэлоскім саюзам (на чале з Афінамі) і Пелапанескім саюзам (на чале са Спартай). У гіст. л-ры П.в. падзяляюць на 3 перыяды: Архідамава вайна (431—421 да н.э.), Сіцылійская вайна (420—413 дан.э.) і Дэкелейская вайна (413—404 да н.э.). Выклікана паліт. процістаяннем дэмакр. Афін і алігархічнай Спарты, барацьбой за паліт., эканам. і ваен. гегемонію ў Грэцыі. Пачалася ўварваннем у Атыку (крас. 431 да н.э.) войск Пелапанескага саюза на чале са спартанскім царом Архідамам II. Афіняне мелі вял. запасы грошай, крапасныя ўмацаванні, магутны флот і спадзяваліся на хуткую перамогу. У 429 да н.э. яны на чале з Фарміёнам блакіравалі Карынфскі заліў і атрымалі 2 перамогі над спартанскім флотам. Эпідэмія чумы ў 430—429 да н.э. нанесла ўдар па дасягненнях афінян. Грашовыя запасы хутка вычарпаліся, штогадовыя ўварванні спартанцаў наносілі вял. страты эканоміцы Атыкі. У 426 да н.з. афіняне атрымалі шэраг перамог у сярэдняй Грэцыі; у 425 да н.э. іх флот на чале са стратэгам Дэмасфенам захапіў Пілас і ўзяў у палон спартанцаў на в-ве Сфактэрыя. У 424 да н.э. спартанскі военачальнік Брасід заняў афінскія калоніі ў Фракіі. У 421 да н.э. варагуючыя бакі заключылі т.зв. Нікіеў мір, які фактычна замацаваў даваеннае становішча. У 418 да н.э. спартанскі цар Агіс II у бітве каля Мантынеі перамог саюзныя войскі Аргаса, Эліды і Афінаў. У 416 да н.э. афіняне арганізавалі ваен. экспедыцыю на Сіцылію, якая скончылася разгромам афінскага флоту і сухапутных сіл. У 414 да н.э. ўзнавіліся ваен. дзеянні. У 412 да н.э. Спарта пры падтрымцы персаў пабудавала флот і пачала аспрэчваць гегемонію Афін на моры. Частка афінскіх саюзнікаў пакінула марскі саюз і далучылася да Спарты. У 411 да н.э. ў Афінах адбыўся алігархічны пераварот, і алігархі пачалі перагаворы аб міры. Але афінскія стратэгі з ваен. эскадры на Самасе адмовіліся выконваць іх загады і інспіравалі дэмакр. пераварот у Афінах. У 406 да н.э. афіняне разбілі пелапанескі флот каля Аргінускіх а-воў, але ў 405 да н.э. спартанскі флатаводзец Лісандр захапіў афінскія караблі каля Эгаспатамаў. Ад Афін адышлі апошнія саюзнікі. У 405—404 да н.э. Афіны абложаны і захоплены спартанскімі войскамі. У Афінах усталяваўся алігархічны рэжым «трыццаці тыранаў», Афінскі марскі саюз распушчаны, гегемонія ў Грэцыі перайшла да Спарты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА (лац. moneta),
грашовы знак, адзін з законных плацежных сродкаў. Стандартызаваны па памерах, пробе, масе кавалак каштоўнага металу правільнай формы, які можа прымацца не на вагу, а на лік, або грашовыяметал. знакі з медзі, бронзы, нікелю, алюмінію, цынку і інш. У адрозненне ад зліткаў мае па ўсёй паверхні адбітак штэмпеля з выявамі і надпісамі (з 2-й пал. 16—17 ст. і на гурце), якія засцерагалі М. ад падробкі, абразання і гарантавалі яе якасць ад імя імітэнта. Назву традыцыйна звязваюць з адным з імён вярх. рымскай багіні Юноны (Рэгіна — царыца, Соспіта — збавіцельніца; Манета — дарадчыца), пры храме якой у 3 ст. да н.э. ў рымскім Капітоліі знаходзіўся манетны двор. Першыя М. з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст. да н.э. Надпіс «Moneta» сустракаецца на стараж.-рымскіх М., ранніх зах.-еўрап. дэнарыях; як частка легенды — на еўрап. М., што абарачаліся і ў ВКЛ з 14 ст., і ў легендзе М. ВКЛ. У 16 ст. ў ВКЛ М. называлі сярэднія наміналы, меншыя за талер, але большыя за пенязь (дэнарый); у 17 ст. — і талерную з удакладненнем «добрая», «твардая», а таксама дробную з удакладненнем «шэлядная» М. У бел. пісьмовых крыніцах на працягу 15—18 ст. сустракаюцца М. белая, М. бітая, М. важная, М. грубая, М. давна, М. добрая, М. старадавна, М. цвёрдая, М. цалковая як вызначэнне дабраякаснай, і М. фальшывыя, да якіх ставіліся як да непажаданых. Па манетнай стапе ў 16 ст. адрознівалі М. літоўскую і М. польскую (адпавядала 8/10 літоўскай). Паводле прызначэння вылучаюць М. абяговую, М. данатыву («падарункавая»), М. камемаратыўную (памятная), М. пробную, М. навадзельную і М. антыкварную падробку. Паводле функцыі ў грашовым абарачэнні адрозніваюць М. паўнавартасную (банкаўскую) і разменную (дробную, білонную). Залежна ад тэхнікі вырабу М. адносяць да літых (адлітых у форму з выявамі), чаканеных (атрыманых з дэфармацыяй процілеглага ад выявы боку, аднабаковых), бітых (штампаваных), вальцаваных (зробленых пракаткаю). Паводле металу М. падзяляюцца на мона- і біметалічныя, у т. л. плакіраваныя (з ядром з інш. металу). М. мае манетнае поле з выявамі і легендамі на ім, апушку па краі поля, гурт. Гал. характарыстыкі М. — проба і маса (у стараж. нарматыўных дакументах апісвалася паняццем стапа); існавалі дапушчальныя адхіленні (рэмедыум) па масе, пробе і таўшчыні. У нумізматычных апісаннях істотную ролю адыгрывае фіксацыя суадносін восей выяў аверса (гал. бок) і рэверса (адваротны бок) М. адносна адзін аднаго. Гісторыю манетных сістэм і абарачэння М. у якасці грошай, М. як артэфакты, тэхніку манетнай справы вывучае нумізматыка.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
І.Л.Сінчук.
Да арт.Манета. Рымскі дэнарый (каля 45 да н.э.) з выявамі багіні Юноны-Манеты і інструментаў манетчыка.