ВЫ́ЛЧАЎ (Найдан Станеў) (н. 30.8.1927, в. Брэстніца Ловецкай акругі, Балгарыя),
балгарскі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1996 саветнік па культ. пытаннях пасольства Рэспублікі Балгарыя ў Мінску. Друкуецца з 1946. Аўтар зб-каў «На паўднёвай граніцы» (1953), «Стракатая палітра» (1960), «Паўночнае святло» (1965), «Луна-парк» (1970), «Сняжынкі» (1975), «Гіганцкі слалам» (1986), «Далёкі дзень» (т. 1—2) і «Пяшчотная жонка» (абодва 1987), «Фракійская фрэска» (1995) і інш., кн. нарысаў «Беларуская бяроза» (1978). Яго лірыка адметная шчырасцю пачуцця, лірызмам, маляўнічасцю дэталей, уменнем тонка перадаць перажыванні сучасніка. Пісаў артыкулы пра сучасную бел. л-ру і балгара-бел. сувязі. Перакладаў на балг. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, У.Караткевіча, В.Быкава («Знак бяды», «Кар’ер», «Аблава» і інш.), А.Дударава і інш. На бел. мову творы Вылчава перакладалі А.Астрэйка, М.Танк, Р.Барадулін, Г.Бураўкін, Н.Гілевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ ВЯЛІ́КІ (лац. Carolus Magnus, франц. Charlemagne; 2.4.747—28.1.814),
франкскі кароль (з 768), імператар [800—814], палкаводзец. З дынастыі Каралінгаў (назва ад яго імя). Сын Піпіна Кароткага, унук Карла Мартэла.
Ажыццявіў 53 ваен. паходы (27 узначальваў асабіста) супраць саксаў (772—804 з перапынкамі), лангабардаў (773—774, 776—777), арабаў у Іспаніі (778—779, 796—810), зах.-слав. плямён (789—806), авараў (791—799) і інш. Стварыў вялізную дзяржаву (умацаваў яе граніцы праз заснаванне марак), якая ўпершыню пасля распаду Зах. Рымскай імперыі аб’яднала амаль усе хрысц. краіны Зах. Еўропы (уключала тэр. сучасных Францыі, зах. і паўд. Германіі, паўн. і сярэдняй Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Аўстрыі, паўн.-ўсх. Іспаніі). Каранаваны як імператар у Рыме папам Львом III (800), пасля чаго лічыўся правадыром усяго хрысц. Захаду (як візант. імператары на Усходзе). Правёў суд. і ваен. рэформы, апекаваўся царквой, садзейнічаў развіццю культуры і асветы (выдаў указ пра абавязковае навучанне дзяцей вольных людзей, пры яго двары існавала акадэмія).
польскае ўзбр.нац.-вызв. паўстанне на зах.ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т. л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.
Літ.:
Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТГЕНШТЭ́ЙН (Пётр Хрысціянавіч) (5.1.1769, г. Нежын, паводле інш. звестак г. Пераяслаў-Хмяльніцкі, Украіна — 11.6.1843),
рускі ваенны дзеяч. Граф, з 1834 князь. Ген.-фельдмаршал (1826). З роду Вітгенштэйнаў. На вайск. службе з 1781. Удзельнік польск. кампаніі 1794, вайны з Персіяй 1795—96, рус.-аўстра-франц. вайны 1805, рус.-тур. вайны 1806—12, кампаніі 1807 супраць Францыі, рус.-швед. вайны 1808—09. З кастр. 1810 камандзір 1-га пях. корпуса 1-й Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, прыкрываў паўн. частку зах.граніцы Расіі. У вайне 1812 удзельнічаў у вырашальных бітвах на тэр. Беларусі. Пакінуты для самаст. дзеянняў у раёне Дрысы—Полацка для прыкрыцця стратэг. напрамку на Пецярбург, корпус Вітгенштэйна стаў фактычна асобнай арміяй, вызваляў ад французаў Полацк, Лепель і інш. (гл.Полацкія бітвы 1812, Клясціцкія баі 1812, Чашніцкія баі 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). Са снеж. 1812 Вітгенштэйн галоўнакаманд. Зах. арміяй, у крас. — маі 1813 камандаваў аб’яднаным рус.-прускім войскам, рус. войскамі ў складзе Багемскай (Галоўнай) арміі. З 1818 галоўнакаманд. 2-й арміяй, чл.Дзярж. савета. У 1828—29 камандаваў рус. войскам у вайне з Турцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ДАКО́ТА (North Dakota),
штат на Пн ЗША, каля граніцы з Канадай. Пл. 183 тыс.км². Нас. 638,2 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Бісмарк. Паверхня раўнінная, павышаецца ад 350 м на ПнУ да 1000 м і больш на ПдЗ, глыбока парэзана рачнымі далінамі. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. каля -13 °C, ліп. каля 20 °C. За год выпадае 400—500 мм ападкаў. Штат перасякае р. Місуры. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Гал. культура — яравая пшаніца. Штогадовы збор ад 6 да 10 млн.т. Вырошчваюць таксама авёс, ячмень, жыта, кукурузу, лён-кудраш, сою, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, сеяныя травы, гародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта на З. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 1900, авечак — 134, свіней — 205. Птушкагадоўля — 270 тыс. курэй (без бройлераў, 1999). Гал. галіны прам-сці: харч. (асабліва мукамольная, мясная), маш.-буд. (выраб абсталявання для ферм, для перапрацоўкі с.-г. прадуктаў), энергетычная, электронная. Здабыча нафты, газу, бурага вугалю, буд. матэрыялаў. Турызм у 1996 прынёс даход у 1,1 млрд.дол. Транспарт чыг., аўтамаб., авіяцыйны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАШЛЯКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (18.2.1901, с. Галянішчава Сапажкоўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 12.12.1973),
савецкі военачальнік. Маршал інж. войск (1961), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1920. Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1931 і 1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У 1933—38 служыў у інж. войсках БВА. З вер. 1939 нач.інж. войск 4-й арміі, у складзе якой удзельнічаў у вызв. паходзе сав. войск у Зах. Беларусь (вер. 1939), кіраваў работамі па інж. абсталяванні зах.граніцыСССР, буд-ву Брэсцкага ўмацаванага р-на, рэканструкцыі Дняпроўска-Бугскага канала. У пач.Вял.Айч. вайны арганізоўваў інж. забеспячэнне абароны сав. войск каля Бабруйска і Магілёва, у ліп. 1941 — студз. 1942 нам.нач.інж. ўпраўлення Цэнтр. і Бранскага франтоў. У 1942—45 нам. камандуючага — нач.інж. войск Паўд., Сталінградскага, Данскога, Цэнтр., Бел., 1-га Бел. франтоў. Удзельнічаў у забеспячэнні паспяховага фарсіравання Дняпра, Бярэзіны, Друці і Зах. Буга. Арганізаваў інж. забеспячэнне войск 1-га Бел. фронту ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях (1945). Пасля вайны на адказных пасадах у інж. войсках, у 1952—65 нач.інж. войск Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),
спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВКБССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК і СНКБССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУСССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, з 1923 — АДПУСССР.
Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр.Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах.граніцыСССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВКБССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУСБССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУДАР’Я́,
рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, Туркменіі, Узбекістане. Па Амудар’і праходзіць частка граніцы Узбекістана з Афганістанам. Даўж. 1415 км, пл.бас. 309 тыс.км² (да г. Керкі). Вытокі на схілах Гіндукуша ў Афганістане, дзе Амудар’я называецца Вахандар’я, пасля зліцця з р. Памір — Пяндж, ніжэй упадзення р. Вахш — Амудар’я. Упадае ў Аральскае м. Большая ч. басейна Амудар’і размешчана ў горных сістэмах Паміра (на сярэдніх вышынях 5—5,5 тыс.м). Пасля выхаду на раўніну цячэ па Туранскай нізіне, па пустынях Кызылкум і Каракумы. Рэчышча няўстойлівае, рака блукае ў межах поймы, размывае берагі. У нізоўях утварае дэльту, у мора ўпадае некалькімі рукавамі. Асн. прытокі: Гунт, Бартанг, Язгулем, Ванч, Кызылсу, Кафірніган, Сурхандар’я (справа), Кундуз (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Паводка вясной і летам. Ледастаў у нізоўях (у раёне Нукуса) да 4 мес. Сярэднегадавы расход вады паблізу г. Керкі каля 2000 м³/с. У малаводны перыяд Амудар’я не дасягае Аральскага м. Вада вельмі мутная (5—10 кг/м³ завіслых наносаў). У сярэднім цячэнні Кызылкумскі запаведнік. Выкарыстоўваецца для арашэння (каналы Каракумскі, Аму-Бухарскі і інш.). На Амудар’і Цюямуюнскі і Тахіяташскі гідравузлы. У нізоўях рыбалоўства. Суднаходная ад г. Чарджоў. На Амудар’і — г. Керкі і Чарджоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ,
найбольш цяжкія злачынствы, якія пасягаюць на важнейшыя інтарэсы дзяржавы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь падзяляюцца на асабліва небяспечныя і іншыя. Асабліва небяспечнымі закон прызнае дзеянні (або бяздзеянні), якія накіраваны на звяржэнне, падрыў або паслабленне дзярж. ладу Рэспублікі Беларусь, на шкоду яе суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Да іх адносяцца здрада дзяржаве, змова з мэтай захопу дзярж. улады, шпіянаж, тэрарыстычныя акты, дыверсія, заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу дзяржавы або на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., прапаганда вайны, арганізацыйная дзейнасць, накіраваная на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., а таксама ўдзел у антыдзярж. арг-цыі. Да інш. З.дз. адносяцца парушэнне нац. і расавага раўнапраўя, выдаванне дзярж. тайны, страта дакументаў, якія змяшчаюць дзярж. тайну, перадача замежным арг-цыям звестак, якія складаюць службовую тайну, бандытызм, кантрабанда, масавыя беспарадкі, ухіленне ад прызыву на ваен. службу, мабілізацыі, выканання ў ваен. час павіннасцей ці выплаты падаткаў, незаконнае перасячэнне дзярж.граніцы, парушэнне правіл міжнар. палётаў, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, пашкоджанне шляхоў зносін і трансп. сродкаў, валютныя злачынствы і інш. За асабліва небяспечныя З.дз. (здрада, шпіянаж, дыверсія, бандытызм і інш.) суд можа назначыць смяротную кару. За некаторыя З.дз. прадугледжана пазбаўленне волі на непрацяглыя тэрміны, а ў некаторых выпадках — папраўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАСФЕ́РА (ад літа... + сфера),
знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс.км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл.Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.