РО́МНІ-МА́РШЫТУ (англ. Romney Marsh),

парода паўтанкарунных даўгашэрсных авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі ў 19 ст. скрыжаваннем мясц. парод з баранамі пароды лейстэр. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні куйбышаўскай і паўночнакаўказскай пароды. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі, бязрогія. Маса бараноў 90—130, матак 70—90 кг. Воўна белая, гадавы настрыг з бараноў 6—7, з авечак 3,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 60—65%. Плоднасць 115—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы. Мяса высокай якасці. Вынослівыя.

П.​Ф.​Драбышэўскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ПУХО́ВЫ ТРУС,

парода трусоў пуховага кірунку. Выведзены ў Расіі метадам паглынальнага скрыжавання мясц. малапрадукцыйных пуховых трусоў з жывёламі ангорскай пароды. Гадуюць пераважна ў Цвярской вобл. Расіі. Выкарыстоўваюць для паляпшэння шэрснай прадукцыйнасці іншых парод і атрымання пуховых трусоў каляровых тыпаў.

Сярэдняя жывая маса 4 кг, даўж. тулава 54 см, абхват грудзей 34 см. Валасяное покрыва чыста-белае, эластычнае, на 92—96% складаецца з пуху, восцевых валасоў 4—8%. Даўж. пуху 6—7 см, гадавы начос пуху з самцоў 430 г, самак 420 г. З пуху атрымліваюць высакаякасныя трыкатажныя і фетравыя вырабы.

Белы пуховы трус.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАПУРА́, Япура (Japurá, Yapurá),

рака ў Бразіліі і Калумбіі (дзе наз. Какета, Caquetá). Левы прыток р. Амазонка. Даўж. 1930 км, пл. бас. 282 тыс. км². Пачынаецца ў Цэнтр. Кардыльеры Калумбіі. У верхнім цячэнні, у Андах і ў зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я парожыстая, на Амазонскай нізіне шырокая і спакойная, у ніжнім цячэнні ўтварае шматлікія рукавы, пратокі (адзін з іх злучаецца з Амазонкай на 600 км вышэй за вусце Ж.). Жыўленне дажджавое. Паводка з сак. да ліпеня. Сярэдні гадавы расход вады 17900 м³/с. Суднаходная ў межах Бразіліі і на асобных участках у Калумбіі.

т. 6, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́І (Kasai),

рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова — мяжа паміж імі), буйнейшы левы прыток р. Конга. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна 880,2 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, спускаецца з яго паўн. схілаў ва ўпадзіну Конга, утварае парогі і вадаспады. У ніжнім цячэнні наз. Ква. Гал. прытокі: Лулуа, Санкуру (справа), Кванга (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводка з вер.—кастр. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў нізоўі каля 10 тыс. м³/с. Суднаходная на 790 км ад вусця. Рыбалоўства. У бас. К. — буйная здабыча алмазаў. 3 ГЭС. Буйная прыстань — Ілеба (Дэмакр. Рэспубліка Конга).

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЭЙ, Мары (Murray),

самая вялікая рака ў Аўстраліі. Даўж. 2570 км (ад вытоку р. Дарлінг — 3750 км), пл. басейна 1057 тыс. км². Вытокі ў Аўстрал. Альпах, цячэ пераважна па засушлівай раўніне, упадае ў мелкаводны заліў-лагуну Александрына (адгароджаны ад Індыйскага ак. штучным барам для папярэджання ад засалення). Гал. прытокі: Дарлінг і Марамбіджы (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Вясной і летам паўнаводная, у сухі перыяд (зімой) большасць прытокаў перасыхае, не дасягае гал. ракі, і М. моцна мялее. Сярэдні гадавы расход вады 330 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства. На М. і яе прытоках вадасховішча, ГЭС. Суднаходная ад г. Олберы.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКАЯ ВО́ЎНАВАЯ ПАРО́ДА коз,

воўнавага кірунку. Выведзена ў 1947—62 у Сярэдняй Азіі і Казахстане скрыжаваннем мясц. грубашэрсных парод з казламі ангорскай пароды. Выкарыстоўваюць для паляпшэння воўнавай прадукцыйнасці мясц. грубашэрсных парод коз. Гадуюць у краінах Сярэдняй Азіі, Казахстане, на Паўн. Каўказе.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маса казлоў 55—65, матак 38—40 кг. Воўна 46—56-й якасці, даўж. Да 20 см, ангорскага тыпу, паўтонкая, белая, з люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 3—4, з матак 1,6—2 кг. Выхад чыстай воўны 75—80%. Плоднасць 105—110 казлянят на 100 матак.

Савецкая воўнавая парода коз.

т. 14, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ЎКАВІЦКА-Я́МІНСКІ КАНА́Л, Слаўкавіцкі канал, Плюсенская канава,

меліярацыйны канал у Старадарожскім і Любанскім р-нах Мінскай вобл., на мяжы Любанскага і Глускага р-наў Магілёўскай вобл. і ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Арэса (бас. р. Прыпяць). Даўж. 52 км. Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Рухава Старадарожскага р-на, на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, цячэ ў межах Прыпяцкага Палесся. Вусце каля в. Смалоўка Акцябрскага р-на. Шыр. канала ў верхнім цячэнні 2—3 м, у ніжнім 8—10 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2,3 м³/с. Прымае сцёк з некалькіх меліярац. сістэм.

т. 14, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯСНА́,

рака, левы прыток р. Дняпро, у Расіі і на Украіне. Даўж. 1130 км. Пл. бас. 88,9 тыс. км². Бярэ пачатак на Смаленска-Маскоўскім узв., упадае ў Дняпро вышэй Кіева. У верхнім цячэнні берагі пераважна нізінныя і забалочаныя, ніжэй г. Бранск правы бераг павышаецца. Пасля ўпадзення р. Сейм даліна расшыраецца, рака ўтварае шмат рукавоў і старыц. Рэчышча пясчанае, звілістае, няўстойлівае, шмат мелей. Гал. прытокі: Судасць, Сноў (справа), Болва, Наўля, Няруса, Сейм і Асцёр (злева). Ледастаў са снеж. да красавіка. Вясной у паводку шырока разліваецца. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 360 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Ноўгарад-Северскі. Гал. прыстані: Ноўгарад-Северскі, Макошына, Чарнігаў, Асцёр, Жукін.

т. 6, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТВІ́ЙСКАЯ ЦЁМНАГАЛОВАЯ ПАРОДА авечак.

Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Жывая маса бараноў да 110 (найб да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.

Авечка латвійскай цёмнагаловай пароды.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЕНТА́ЛЬСКАЯ ПАРО́ДА (ад ням. Simmental Зіментальская даліна),

парода буйн., раг. жывёлы малочна-мяснога кірунку. Выведзена ў Швейцарыі паляпшэннем мясц. парод. Адна з найб. пашыраных парод у свеце. Выкарыстоўвалася пры вывядзенні роднасных (сіменталізаваных) груп буйн. раг. жывёлы (у Германіі — флэкфі, у Францыі — манбельярдская, у Венгрыі — венгерская пярэстая і інш.); у СССР — бястужаўскай, чырв. тамбоўскай, сычоўскай парод.

Паводле целаскладу існуе некалькі пародных груп: груба- і тонкакасцявыя, высака- і нізканогія і інш. Маса быкоў 800—1100, кароў 550—600 кг. Масць палева-пярэстая, зрэдку чырв.-пярэстая. Сярэдні гадавы надой 3500—4000 кг, тлустасць малака 3,8—3,9%. Мясныя якасці здавальняючыя (забойны выхад каля 60%).

Карова сіментальскай пароды.

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)