Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ, Чортаў камень,
геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс. гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.
В.Ф.Вінакураў.
Вялікі камень каля в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КАЎКА́З,
горная сістэма, якая цягнецца з З на У паміж Чорным і Каспійскім морамі. Даўж. больш за 1100 км, шыр. да 180 км. У восевай ч. — Галоўны, або Водападзельны, хрыбет і Бакавы хрыбет, ім спадарожнічаюць перадавыя і папярочныя ланцугі выш. да 4000 і 5000 м (найб. 5642 м, г.Эльбрус). Вялікі Каўказ падзяляюць на 3 часткі: Зах. Каўказ (да Эльбруса), Цэнтр. Каўказ (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. Каўказ (на У ад Казбека). На схілах — горна-лясныя, горна-лугавыя і горна-стэпавыя ландшафты. Значнае сучаснае зледзяненне (каля 200 ледавікоў, агульная пл. 1424 км²). Гл. таксама Каўказ.