«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў»,

зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. Падрыхтаваны гісторыка-археал. (пазней археаграфічнай) камісіяй Ін-та бел. культуры, выдадзены пад кіраўніцтвам Дз.І.Даўгялы ў Мінску (т. 1—3, 1927—30). Дакументы ў 1-м томе разбіты па раздзелах «Справы вышэйшых устаноў», «Справы мясцовых устаноў» (у асн. датычаць Магілёва), «Справы скарбу Вялікага княства Літоўскага». У 2-м томе (1928) змешчана т.зв. кніга запісаў № 16 з фондаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага (судовая кніга Полацкага і Віцебскага пав. за 1530—38). 3-і том мае падзагаловак «Менскія акты. Вып. 1», змяшчае 245 дакументаў 1494—1791, у асн. сац.-эканам. зместу, заканадаўчыя і ўстаўныя акты, матэрыялы аб цэхавым ладзе і рамесніцкай дзейнасці ў Менску. «Беларускі архіў» — найб. значнае навук. археаграфічнае выданне Беларусі даваен. часу.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСА́РЫ (венг. huszár, адз. л.),

від кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 15 — пач. 20 ст. З’явіліся ў Венгрыі ў 1458 пры каралю Мацьяшы I Корвіне як конныя атрады дваранскага апалчэння, якія камплектаваліся паводле прынцыпу вылучэння аднаго ўзбр. конніка ад кожных 20 дваранскіх двароў (адсюль назва). З 16 ст. гусары вядомы ў Польшчы і Беларусі (у складзе войска ВКЛ, існавалі да канца 18 ст.), з 1634 — у Расіі (пераважна лёгкая кавалерыя, асабліва вызначыліся ў вайну 1812, выкарыстоўваліся да 1917), з канца 17 — пач. 18 ст. — у Францыі, Аўстрыі, Прусіі (лёгкая конніца для дзеянняў у тыле і на флангах праціўніка, вядзення разведкі і праследавання).

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 39-43.

Гусар войска Вялікага княства Літоўскага. 17 ст.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛКУІН (Alcuin),

Флак Альбін (Flaccus Albinus; каля 735, Йорк, графства Йоркшыр, Брытанія — 19.5.804), англа-саксонскі вучоны. З 782 пры двары Карла Вялікага, яго настаўнік і дарадчык, стварыў навук. і культ. цэнтр «Каралінгскага адраджэння». З 796 абат Турскага манастыра, у якім арганізаваў школу. Аўтар трактатаў па філасофіі, тэалогіі, псіхалогіі, падручнікаў.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЛІ́КАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ»,

тэарэтычныя мадэлі квантавай тэорыі поля, у аснову якіх пакладзена ідэя адзінства моцных, эл.-магн. і слабых узаемадзеянняў пры звышвысокіх энергіях ці на звышмалых адлегласцях.

Падставай для стварэння «вялікага аб’яднання» з’явіліся эфекты вакууму квантавай тэорыі палёў; экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы, з чаго вынікае, што пры пэўным значэнні энергіі эфектыўныя зарады (канстанты ўзаемадзеяння) могуць супадаць. Ідэя «вялікага аб’яднання» эксперыментальна пацвярджаецца адзінай тэорыяй электраслабых узаемадзеянняў. «Вялікае аб’яднанне» тлумачыць квантаванне эл. зараду, прадказвае распад пратона і існаванне манаполяў магнітных. Энергія, пры якой адбываецца «вялікае аб’яднанне», блізкая да т.зв. планкаўскай масы (10​19 ГэВ) — энергіі, пры якой неабходна ўлічваць квантавыя гравітацыйныя з’явы, што дае падставы для аб’яднання ў такім падыходзе 4 відаў узаемадзеянняў (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц).

Літ.:

Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.

А.​Я.​Таўкачоў.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАХАЛЁЎ (Пётр Серапіёнавіч) (5.10.1919, с. Мыльнікава Шадрынскага р-на Курганскай вобл., Расія — 15.7.1997),

бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Праф. (1982). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1952). У 1961—90 выкладаў у Бел. АМ. Творам характэрна абагульненасць жывапіснага апавядання, тыпізацыя і характарнасць у вобразным ладзе. Сярод жанравых карцін: «Рамонтныя работы ў МТС» (1954), «Партызанскія паходы» (1958), «Абаронцы Брэста» (1962), трыпціх «Год вялікага пералому» (1965—67), «Рудабельская рэспубліка» (1970), дыпціх «Аб вайне і міры» (1978—83), «Нашы прыйшлі» (1984). Значнае месца займаюць партрэты: «Калгасніца» (1960), «Дачка» (1964), «Ц.​В.​Канапацкі» (1980) і пейзажы: «Пачатак красавіка» (1962), «Вязынка» (1982). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1969—71).

Літ.:

Шныпаркоў А.М. П.​С.​Крахалёў. Мн., 1975.

П.Крахалёў. Трактарыста забілі. З трыпціха «Год вялікага пералому». 1967.

т. 8, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІЯ.

Складаліся на Беларусі і ў Вільні на старабел. мове пераважна бел. летапісцамі, бытавалі да 19 ст. Умоўна іх наз. таксама заходнярускімі. Паводле зместу агульнадзярж. і паўафіцыйныя. У іх адлюстравана гісторыя бел. і літоўскага народаў перыяду Вялікага княства Літоўскага. Вядомы 4 асобныя помнікі 15—16 ст.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца і гіст. кампіляцыя 17 ст. «Хроніка літоўская і жамойцкая», якая ўваходзіла ў склад бел.-ўкр. хранографа «Вялікая хроніка». Паслужылі крыніцай польскіх хронік М.Стрыйкоўскага, А.Гваньіні і М.Бельскага, распаўсюджваліся таксама на Украіне і ў Расіі. Л.б.-л. — каштоўныя помнікі гістарыяграфіі і грамадска-паліт. думкі бел. і літ. народаў, старабел. мовы і бел. гіст. прозы. Выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907; т. 32, 1975; т. 35, 1980). Гл. таксама Летапісы беларускія.

В.А. Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧЫ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС, Пазнанскі спіс,

помнік бел.-літ. летапісання, спіс 2-га агульнадзярж. бел.-літ. летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Захаваўся ў рукапісе канца 16 ст. Змест летапісу — паліт. гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1548, дапоўненая запісамі па гісторыі Беларусі і Польшчы сярэдзіны 15—1-й пал. 16 ст. Сярод арыгінальных запісаў зместам і літ. вартасцямі вылучаецца «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл». У Р.л. аб’яднаны «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвала Вітаўту», а таксама шэраг гіст. апавяданняў і летапісных звестак пра падзеі 14—1-й пал. 16 ст. Адкрыты ў 1846 В.​Бадзянскім. Зберагаецца ў б-цы Рачынскага ў Познані (Польшча).

Публ.: Полное собрание русских летописей. Т. 17. СПб., 1907; Т. 35. М., 1980.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЬЕ́ТА ЗАЛІ́Ў Каля зах. берагоў зал. Пятра Вялікага ў Японскім м., каля берагоў Прыморскага краю Расіі. Даўж. каля 50 км, глыб. 17—25 м. Падзяляецца п-вам Крабе на бухту Рэйд «Палады» на З і Кітовы зал. на ПнЗ. Зімой замярзае. Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 0,5 м). На ўзбярэжжы — пас. Пасьет.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАРАХМА́Н I (каля 734—788),

заснавальнік Кардоўскага эмірата ў Іспаніі і дынастыі Амеядаў. З-за ганенняў Абасідаў у 750 уцёк з Сірыі ў Іспанію, дзе ў 756 стварыў незалежны эмірат са сталіцай у Кордаве. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі, паспяхова змагаўся з араба-берберскай плем. знаццю. Адбіў нападзенні хрысц. правіцеляў Паўн. Іспаніі і франкаў Карла Вялікага.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й,

прывілей, абвешчаны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам II Аўгустам 1.7.1564 на сойме ў г. Бельск Падляшскага ваяв. Паводле Бельскага прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах суд. органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Духоўныя суды (каталіцкія і праваслаўныя) захоўваліся. Абвяшчалася роўнасць шляхты перад законам. Нормы Бельскага прывілея ўвайшлі ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)