«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,
газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.В.Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.—крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел. нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ. «Рабочий и солдат».
С.В.Говін, М.Я.Сяменчык.
т. 7, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ.
Існавалі ў 17—20 ст. у Магілёве. Комплекс пабудаваны ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў стылі барока. Уключаў мураваныя будынкі калегіума (закладзены каля 1686), школы (абодва закончаны ў 1699) і касцёла св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў (пасля 1833 правасл. Васкрасенская царква). Касцёл — 3-нефавая базіліка з паўкруглым завяршэннем цэнтр. нефа. Гал. фасад завяршаўся 2 вежамі з барочнымі купаламі. Інтэр’ер аздоблены карынфскімі пілястрамі, размалёўкай. Калегіум засн. Я.Здановіч. 2-павярховы, мураваны, прамавугольны ў плане будынак. Гладкія сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З 1820 туг была ваен.-афіцэрская школа, у 1826 следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — чл. «Паўднёвага таварыства» С.І. і М.І.Мураўёвых-Апосталаў, М.П.Бястужава-Руміна і інш. Касцёл і часткова калегіум разабраны пасля Вял. Айч. вайны. Рэшткі калегіума (падвалы, паўд.-зах. дваровы фасад) выкарыстаны пры буд-ве філіяла абл. краязнаўчага музея — музея дзекабрыстаў.
Т.І.Чарняўская.
т. 9, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ,
гандлёвае аб’яднанне ў Расіі ў 1799—1868. Засн. з мэтай асваення рас. уладанняў у Амерыцы, Курыльскіх і інш. астравоў. Напачатку праўленне кампаніі размяшчалася ў Іркуцку, з 1800 — у Пецярбургу. Кампанія атрымала ў манапольнае карыстанне ўсе промыслы і карысныя выкапні гэтых тэрыторый, права арганізоўваць экспедыцыі, займаць новаадкрытыя землі і гандляваць з суседнімі краінамі. Кампанія стварыла ў «Рускай Амерыцы» пастаянныя паселішчы, суднабудаўнічыя верфі, майстэрні і інш., у 1804—40 пры ўдзеле рас. ўрада арганізавала 25 экспедыцый, у т. л. 15 кругасветных (І.Ф.Крузенштэрна і Ю.Ф.Лісянскага і інш.), вяла геагр. і этнагр. даследаванні на Алясцы, удзельнічала ў засяленні в-ва Сахалін і Прыамур’я, садзейнічала пашырэнню ў шэрагу раёнаў агародніцтва, хлебаробства і жывёлагадоўлі. Дзейнасць кампаніі ўскладнялася моцнай канкурэнцыяй брыт. і амер. прадпрымальнікаў. У сувязі з продажам амер. уладанняў Расіі ЗША Р.-а.к. ў 1868 скасавана.
Літ.:
История Русской Америки, 1732—1867. Т. 1—3. М., 1997—99.
т. 13, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і с.-д. партый у 1919—23. Створаны былымі ўдзельнікамі Інтэрнацыянала 2-га (фармальна адноўлены на кангрэсе ў Жэневе 31.7——6.8.1920; падрыхтоўчую працу вяла Выканаўчая камісія, створаная на канферэнцыі ў г. Берн 3—10.2.1919, скліканай былым старшынёй Міжнароднага сацыялістычнага бюро Э.Вандэрвельдэ). Лідэры — Вандэрвельдэ, С. і Б.Уэб, О.Баўэр, К.Каўцкі, Р.Макдональд і інш. Ідэйна і арганізацыйна процістаяў Камуністычнаму Інтэрнацыяналу. Праграма Бернскага інтэрнацыяналу (прынята ў 1920) прадугледжвала «мірнае і паступовае перарастанне капіталізму ў сацыялізм» праз пашырэнне дэмакр. правоў і свабод, абагульненне асн. сродкаў вытворчасці пры ўмове кампенсацыі і інш. У 1920—21 аб’ядноўваў партыі 15 краін (у т. л. С.-д. партыю Германіі, Брыт. лейбарысцкую партыю і інш.), больш за 6 млн. чл. (1920). У лют. 1921 некаторыя с.-д. партыі выйшлі з Бернскага інтэрнацыяналу і разам з інш. прыхільнікамі ўтварылі цэнтрысцкі Інтэрнацыянал 2 ½. У маі 1923 абедзве арг-цыі аб’ядналіся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
т. 3, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху ў кастр.—снеж. 1917. Утворана на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (28.10—6.11.1917). Пастаянна дзеючым органам ВБР быў Выканаўчы к-т з 24 чал. У яго ўваходзілі В.А.Адамовіч (старшыня), А.У.Прушынскі (Алесь Гарун) і А.А.Смоліч (нам. старшыні), Л.А.Сівіцкая (Зоська Верас) і А.Сакалоўскі (сакратары) і інш. К-т падзяляўся на аддзелы ў адпаведнасці з галінамі кіравання. У кантакце з ім працавалі 9 генеральных камісараў Рады (Я.Я.Варонка, Б.А.Тарашкевіч, З.Х.Жылуновіч і інш.). Выканаўчы к-т разам з камісарамі ўтваралі Малую Раду («Савет 33-х»).
ВБР выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі, развіццё нац. культуры і мовы. Разглядала сябе як зародак вышэйшага органа дзярж. улады будучай аўтаномнай Беларусі. Разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай вяла работу па стварэнні бел. нац. войска. Выступіла з ініцыятывай і разам з Бел. абл. к-там склікала Усебеларускі з’езд 1917.
С.С.Рудовіч.
т. 4, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРОПАЦЭНТРЫ́ЗМ,
прынцып і пазіцыя, паводле якіх падзеі ў свеце разглядаюцца і ацэньваюцца з еўрап. пункту гледжання. Мае месца ў філасофіі гісторыі і культуры, тэорыі развіцця грамадства, паліталогіі і інш. грамадскіх навуках, а таксама ў палітыцы. Характэрная рыса Е. — абсалютызацыя еўрап. вопыту развіцця як узораў для нееўрап. народаў. Рысы Е. заўважаюцца ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Платон, напр., лічыў грэч. поліс (горад-дзяржава) ідэальнай формай дзярж. ўладкавання. У сярэдневякоўі на Е. абапіралася ідэалогія каталіцызму, якая абвяшчала Ватыкан духоўным цэнтрам зямлі і вяла барацьбу супраць інш. рэлігій. У 19 і 20 ст. еўропацэнтрычныя ідэі пэўным чынам паўплывалі на філасофію Г.Гегеля, на тэорыі цывілізацый і культур О.Шпенглера і А.Тойнбі. Элементы Е. ёсць і ў сучасных тэорыях грамадскага развіцця, дзе падкрэсліваецца вядучае значэнне еўрап. вопыту навук.-тэхн., тэхнал. і сац.-культ. прагрэсу.
Літ.:
Семенов Ю.Н. Социальная философия А.Тойнби М., 1980;
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991.
В.І.Боўш.
т. 6, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАРО́ЖСКАЯ СЕЧ,
ваенна-палітычная арг-цыя ўкр. казакоў, казацкая рэспубліка ў 16—18 ст. за Дняпроўскімі парогамі. Назва ад драўляных умацаванняў — «сечаў», якія рабілі казакі. Засн. збеглымі прыгоннымі сялянамі, у т. л. з Беларусі, і гар. беднякамі. Вышэйшы орган — Вайск. рада, якая выбірала старшыну (кіраўніцтва) на чале з кашавым атаманам. Падзялялася на курані (у 1770-я г. іх было 38). Вяла барацьбу з польска-ўкр. землеўладальнікамі, крымскімі татарамі і туркамі. З паўстання ў З.с. пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага пачалася вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. У 1709 за ўдзел запарожцаў у Булавінскім паўстанні 1707—08 і дапамогу шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 З.с. ліквідавана рас. ўладамі. У 1734 створана т.зв. Новая сеч, якая ўдзельнічала ў рус.-тур. войнах 1735—39 і 1768—74. Канчаткова ліквідавана 5.8.1775 пры Кацярыне II як небяспечны асяродак нар. хваляванняў. Частка казакоў збегла да туркаў і заснавала Задунайскую сеч. З другой часткі ў 1787 утворана Чарнаморскае казацкае войска.
т. 6, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙ, Нэй (Ney) Мішэль (10.1.1769, г. Саарлуі, Германія — 7.12.1815), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Эльхінгенскі (1808), князь Маскоўскі (1812). У арміі з 1787. Вылучыўся ў 1794—95 у час войнаў, якія вяла рэв. Францыя. Камандаваў дывізіяй (з 1800), франц. войскамі ў Швейцарыі (з 1802), 6-м (1805—11) і 3-м (1811—14) карпусамі. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў, у т. л. рус.-аўстра-франц. вайны 1805 (перамог аўстр. войскі ў раёне Эльхінгена каля г. Ульм, Баварыя), вайны 1812 (Смаленская і Барадзінская бітвы, баі пад Красным, Оршай і інш.). У 1814 прызначаны каралём Людовікам XVIII Бурбонам пэрам Францыі і чл. Ваен. савета. У перыяд «Ста дзён» (1815) перайшоў на бок Напалеона I Банапарта, узначальваў старую гвардыю ў бітве каля Ватэрлоо. Пасля вяртання Бурбонаў арыштаваны і паводле прыгавору суда расстраляны за здраду каралю. Аўтар мемуараў (т. 1—2, апубл. ў 1833).
Літ.:
Виноградов А. Род французских «князей Московских» // Родина. 1992. № 6/7.
т. 11, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́ЦЦЯ, сваха,
1) адзін з галоўных вясельных чыноў з боку жаніха — замужняя жанчына, якая ўдзельнічала ў сватанні нявесты, вяла перагаворы з яе бацькамі пра шлюб да сватання.
2) Замужняя (радзей незамужняя) удзельніца вяселля з боку жаніха і з боку нявесты.
3) Маці жаніха (або іншая старэйшая сваячка жаніха) і маці нявесты (або інш. старэйшая замужняя сваячка нявесты ў адносінах найперш адна да адной, а таксама да інш. сваякоў і інш. удзельнікаў вяселля) з процілеглага боку, звычайна пасля дасягнення бакамі дамоўленасці пра шлюб. Большая С. (першая, старшая) пасля прыезду вясельнай працэсіі жаніха да дому нявесты запальвала свечкі з караваю ад агню, раскладзенага ў варотах, цалавалася праз парог з маці нявесты, якая ад яе свечкі запальвала сваю, потым яны злеплівалі абедзве свечкі разам, слала пасцель маладым, завівала маладую, паказвала вясельнікам яе шлюбную сарочку і г.д. Гал. атрыбуты большай С. — кветка (вяночак) на галаве за наміткай, хлеб (або 2 піражкі) у руках. Чын С. на вяселлі часам захоўваецца і ў наш час.
Л.А.Малаш.
т. 14, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ-СЯ, Заходняе Ся,
дзяржава, якая існавала ў канцы 10 — пач. 13 ст. на тэр. сучасных кіт. правінцый Ганьсу, Шэньсі і Нінся-Хуэйскага аўт. р-на. Створана народам мінья (тангуты), які ў 7—8 ст. прыйшоў з Тыбета і пасяліўся на плато Ордас як васал кіт. імперыі Тан. У 982 тангуцкі князь (ван) Цзіцянь пачаў паўстанне супраць імперыі Сун, якая ў 1006 фактычна прызнала незалежнасць С.-С. У 1038 правіцель Юань-хао [1032—48] прыняў тытул імператара (хуандзі), што паклала пачатак войнам з сунскім Кітаем, якія працягваліся аж да пач. 12 ст., калі Паўн. Кітай быў захоплены чжурчжэнамі. Перыяд адносна мірнага развіцця С.-С. ў 12 ст. — час найб. росквіту яго культуры. Шырокі ўжытак набыло своеасаблівае тангуцкае пісьмо, створанае ў сярэдзіне 11 ст. З пач. 13 ст. дзяржава вяла барацьбу з манголамі, знішчана імі ў 1227. Тангуцкае насельніцтва асімілявана кітайцамі, ісламізаваныя тангуты сталі асновай сучаснага кіт.-моўнага мусульм. насельніцтва Паўн.-Зах. Кітая.
т. 14, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)