«НАЦИОНА́ЛЬНАЯ ЭКОНОМИ́ЧЕСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

штотыднёвая газета. Выходзіць са снеж. 1992 у Мінску на бел. і рус. мовах. Асвятляе пытанні эканам. жыцця краіны. Друкуе законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы прэзідэнта краіны, пастановы СМ, дакументы мін-ваў і ведамстваў і каментарыі да іх. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Эканамічная палітыка», «Працоўныя адносіны», «Фінансы», «У дапамогу падаткаплацельшчыку», «Дасье бухгалтара», «Мытны кур’ер», «Гаспадарка і права» і інш. Мае ўкладыш «Информбанк».

Г.​Ф.​Радзюк.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРЭ́ЧЫШЧАВЫ ВАЛ,

спадзісты вал, які ўтвараецца ў выніку акумуляцыі рачных наносаў (пераважна пяску і гліны) у поймах рэк. Большая ч. матэрыялу адкладваецца ў час разводдзя, калі рака выходзіць з рэчышча на пойму і губляе на мелкаводдзі скорасць цячэння. Выш. П.в. 1—2 м (у вял. раўнінных рэк да 5—6 м і больш), часам яны ўтвараюць прыродныя дамбы шыр. да некалькіх дзесяткаў метраў. Найб. уласцівы сярэдняму і ніжняму цячэнню рэк.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́Р’Я (літар. — сонца),

у старажытнаіндыйскай міфалогіі: 1) бог Сонца, адзін з 8 багоў — захавальнікаў свету, цар Паўд. Захаду, усёвідушчае вока Мітры і інш. багоў. Яго ўяўлялі чалавекам, птушкай або лятучым вожыкам. У міфах С. нараджаецца на У, выходзіць з нябеснай брамы і за дзень абыходзіць зямлю і неба. Ён азарае свет, разганяе цемру, хваробы і ворагаў, дорыць людзям здароўе, працвітанне і патомства.

2) Дачка сонечнага бога Сур’і.

Сур’я. Камень. 10 ст.

т. 15, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,

навуковы, культ.-асветны і літ. часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.​Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.

Г.​І.​Сурмач.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗГО́ДА»,

грамадска-палітычная газета. Выходзіць з 1992 у Мінску на бел. (часткова на рус.) мове 2 разы ў месяц. Засн. як орган Партыі нар. згоды, з 1995 незалежная газета. Мае падзагаловак «Палітыка». Асвятляе праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі, паліталогіі, паліт. культуры, нац. эканомікі і прыватнай гаспадаркі, бел. адраджэння і патрэб нац. меншасцей. Выступае за дэмакр. рэформы, прапагандуе ідэі міжнац. згоды, публікуе меркаванні шырокай грамадскасці, розных паліт. партый, рухаў і грамадскіх арг-цый.

А.​С.​Караль.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАДЕ́ЖДА»,

літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «І боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.

В.​Г.​Янчанка.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША СЛО́ВА»,

грамадска-асветная газета. Выдавалася з сак. 1990 на бел. мове Т-вам бел. мовы імя Ф.​Скарыны ў Мінску як штомесячны бюлетэнь, са студз. 1991 да крас. 1997 — штотыднёвая газета. Змяшчала інфарм., публіцыстычныя, гіст., палемічныя, агітац. і мовазнаўчыя матэрыялы па праблемах бел. мовы і культуры. З ліст. 1997 выходзіць у Лідзе на бел. мове як прыватная штотыднёвая газета для дзяцей старэйшага ўзросту. Друкуе пераважна агітац., інфарм. і мовазнаўчыя матэрыялы.

У.​У.​Панада.

т. 11, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫ́ГМЫ (ад грэч. stigma укол, кляймо, пляма) у біялогіі, 1) святлоадчувальныя арганелы; гл. ў арт. Вочка.

2) Дыхальцы, вонкавыя дыхальныя адтуліны лёгкіх або трахей у беспазваночных жывёл тыпу аніхафор і наземных членістаногіх Праз С. паветра пранікае ў буйныя трахейныя ствалы. У насякомых 10 пар С., у лічынак, што жывуць у вадзе, — 1 пара. Калі С. шмат, паветра ўваходзіць праз адны С. (звычайна пярэднія), выходзіць праз другія. С. таксама — шматлікія шчэлепныя адтуліны ў глотцы асцыдый.

т. 15, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАСФЕ́РА (ад фота... + сфера),

найбольш глыбокі і самы шчыльны слой атмасферы зорак, з якога выходзіць асн. частка эл.-магн. выпрамянення. Найлепш вывучана Ф. Сонца, якая супадае з яго ўяўнай паверхняй; асн. структурныя элементы — грануляцыя, плямы і факелы; яе працягласць 200—300 км; т-ра 4500—8000 К (памяншаецца з аддаленнем ад паверхні Сонца); спектр неперарыўны з накладзенымі на яго фраўнгоферавымі лініямі.

Літ.:

Грей Д.Ф. Наблюдения и анализ звездных фотосфер: Пер. с англ. М., 1980.

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎФА́ЎЗІЕВЫЯ (Euphausiacea),

атрад вышэйшых ракападобных. 85 відаў. Пашыраны ва ўсім Сусв. ак. (пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах). Жывуць у тоўшчы вады.

Даўж. цела 5—96 мм. Вонкава нагадваюць крэветак. Адрозніваюцца непрыкрытым грудным шчытом шчэлепаў, размешчаных на аснове двухгалінастых грудных ножак. Ёсць органы свячэння. Раздзельнаполыя. Некалькі стадый развіцця лічынкі. якая выходзіць з яйца. Кормяцца планктоннымі водарасцямі і дробнымі жывёламі. Утвараюць вял. скопішчы; асн. корм марскіх млекакормячых і рыб. Большасць відаў складаюць крыль.

т. 18, кн. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)