сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІШТА́ЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1721,
дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў Паўночную вайну 1700—21. Падпісаны 10.9.1721 у г. Ніштат (цяпер Уусікаўпункі, Фінляндыя). Паводле Н.м.д. да Расіі адыходзілі Ліфляндыя з Рыгай, Эстляндыя з Рэвелем (цяпер Талін) і Нарвай, ч. Карэліі з Кексгольмам (цяпер Прыазёрск), Інгерманландыя (Іжорская зямля, дзе на р. Нява пабудаваны С.-Пецярбург), Маандзунскія а-вы і інш. прыбалтыйскія землі да мяжы Курляндскага герцагства. Расія вяртала Швецыі занятую рас. войскамі Фінляндыю і выплачвала ёй у якасці кампенсацыі за страчаныя землі 2 млн. яфімкаў (сярэбраных рублёў). Аднаўляўся гандаль паміж дзвюма краінамі; Швецыя атрымлівала права штогод бяспошлінна купляць у Расіі і вывозіць з яе на 50 тыс.руб. хлеба. Н.м.д. замацаваў за Расіяй выхад да Балтыйскага м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМ’Е́Р ((Lumiére) Луі Жан) (5.10.1864, г. Безансон, Францыя —6.6.1948),
вынаходнік кінематографа; пачынальнік франц. кінавытворчасці і кінарэжысуры. Чл. Парыжскай АН (1919). Скончыў прамысл. школу. Быў фатографам. У 1895 пры ўдзеле брата Агюста стварыў кінаапарат для здымання і праекцый «фатаграфій, якія рухаюцца». Запатэнтаваны апарат атрымаў назву «кінематограф». Першы публічны сеанс адбыўся 25.12.1895 у Парыжы. Першыя кінапраграмы Л. дэманстравалі сцэнкі, знятыя з натуры: «Выхад рабочых з завода Люм’ер», «Снеданне дзіцяці» і інш. Фірма Л. выпусціла 1,5 тыс. фільмаў, час праекцыі якіх — 1—2 хвіліны (простыя рэпартажы, відавыя і ігравыя сцэнкі з простым дзеяннем на літ. і гіст. сюжэты). З 1898 Л. займаўся толькі вытв-сцю кінаапаратуры. Пазней працягваў доследы ў галіне аб’ёмнага і каляровага кіно. У Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Л. за дакумент. фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
распарадак, устаноўлены ў пагранічнай зоне, тэрытарыяльных водах, унутраных водах, што маюць выхад да граніцы дзяржаўнай. У Рэспубліцы Беларусь служыць інтарэсам стварэння неабходных умоў для аховы дзярж. граніцы. Вызначаецца законам «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь» ад 4.12.1992, інш. актамі заканадаўства і міжнар. дагаворамі. П.р. ўключае парадак перасячэння дзярж. граніцы, плавання і знаходжання замежных суднаў у водах пагран. рэк, азёр і інш. вадаёмаў, што належаць краіне, заходу замежных плаўсродкаў у парты краіны і знаходжання ў іх, вылету і пасадкі паветр. суднаў, утрымання дзярж. граніцы, вядзення работ і інш. дзейнасці на дзярж. граніцы. Выкананне патрабаванняў П.р. ў пунктах пропуску ажыццяўляюць пагран. войскі па ўзгадненні з органамі мытнага кантролю, а ў паветр. прасторы — войскі проціпаветранай абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА Д’АКСЬЁН (франц. pas d’action ад pas крок + action дзеянне),
складаная муз.-танц. форма, арганічна звязаная з развіццём балетнага сюжэта; адна з асн. форм дзейснага танца. Раскрывае драм. змест. асобнай балетнай сцэны ці ўсяго балетнага спектакля. У П. д’а. ўдзельнічаюць салісты, карыфеі, кардэбалет. Як сінтэз пантамімы і чыстага танца стаў асновай балетных пастановак Ж.Ж.Навера. У эпоху рамантызму, згодна з працэсамі сімфанізацыі музыкі і ўдасканалення класічнага танца, набываў больш выразную структуру. Паступова склалася форма, якая ўключала выхад (антрэ) усіх удзельнікаў, адажыо салістаў у суправаджэнні карыфеяў і кардэбалета, шматлікіх варыяцый і агульнай коды. Канчатковую форму дзейсны танец набыў у балетах М.Петыпа, дзе ў кульмінац. моманты дзеяння выяўляў патаемныя пачуцці герояў. Сустракаецца і ў сучасных балетах.
парода малочнага кірунку. Выведзена ў 16 ст. ў Германіі на п-ве Ангельн на аснове мясцовай бура-чырвонай жывёлы. Гадуюць у многіх краінах Еўропы. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях пры вывядзенні і ўдасканаленні чырвоных парод жывёлы. За апошнія 10—15 гадоў дзякуючы селекцыі англерская парода набыла і добрыя мясныя якасці.
Жывёла з моцнай канстытуцыяй, лёгкім касцяком, добра развітым вымем. Масць чырвоная рознага адцення (ад светлага да цёмнага). Жывая маса дарослых кароў 500—580, быкоў 850—1000 кг. Парода познаспелая, інтэнсіўнасць росту невысокая. Надой кароў за лактацыю 4460—4900 кг пры сярэдняй тлустасці малака 4,6—5%, рэкордны надой — больш за 10 тыс.кг. Забойны выхад у кароў 49% і больш, у быкоў на адкорме — 58%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРДЗІ́Н-АНГУ́СКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі (графствы Абердзін і Ангус) удасканаленнем мясц. чорнай бязрогай жывёлы. Гадуюць у Расіі, Казахстане, на Украіне, у Аўстраліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш. На Беларусі выкарыстоўвалася для прамысл. скрыжаванняў з малочнымі і малочна-мяснымі пародамі. Парода скараспелая, ёй уласціва ранняе адкладанне тлушчу і якаснае мяса з выражанай «мармуровасцю».
Жывёла з выразнымі мяснымі формамі і лёгкім касцяком. Характэрныя прыкметы — бязрогасць і чорная масць, якія ўстойліва перадаюцца патомству пры скрыжаваннях з інш. пародамі. Вызначаецца высокай пладавітасцю і лёгкасцю ацёлаў. Жывая маса нованароджаных цялят 25—28 кг, ва ўзросце 7 месяцаў 180—200, у 18 месяцаў 400—450 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 750—900 кг. Забойны выхад дарослых жывёл 60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,
пароды авечак з неаднароднай грубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. Асн. кірункі грубашэрснай авечкагадоўлі: футравы (раманаўская парода), смушкавы (каракульская), мяса-сальны (гісарская і інш. курдзючныя пароды), мяса-воўнавы (кучугураўская, міхноўская), мяса-воўна-малочны (тушынская, карабахская і інш. закаўказскія і паўн.-каўказскія пароды). У некаторых еўрап. краінах (Швецыя, Нарвегія, Данія), а таксама на Беларусі грубашэрсных авечак гадуюць пераважна для атрымання мяса і аўчыны; у краінах з гарачым кліматам (Індыя, Алжыр, Ірак) — курдзючных і тлустахвостых авечак. Смушкавая авечкагадоўля развіта ў Іране, Афганістане, Паўд.-Зах. Афрыцы і інш. Маса грубашэрсных авечак ад 45 кг (раманаўская) да 90—140 кг (гісарская). Характэрны высокі (да 80%) выхад чыстай воўны, якую выкарыстоўваюць для вытв-сці грубага сукна, дываноў, валеных і вязаных вырабаў, лямцу. Гл. таксама Авечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЦЬКО́ (Мікалай Паўлавіч) (н. 20.5.1949, в. Ляскавічы Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фіз. і калоіднай хіміі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-рхім.н. (1991). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фіз.-арган. хіміі АН Беларусі, з 1981 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі (з 1993 — дырэктар). Навук. працы па даследаванні калоідна-хім. уласцівасцей паверхнева-актыўных рэчываў, поліэлектралітаў і інтэрпалімерных комплексаў у водна-салявым асяроддзі, кінетыкі і механізму каталітычнага распаду вуглевадародаў. Распрацаваў новыя каталітычныя сістэмы, якія павялічваюць выхад нізкамалекулярных алефінаў пры піролізе; навук. асновы мадыфікавання дысперсій солей і глебы; тэхналогію атрымання высакаякасных калійных угнаенняў. Дзярж. прэмія БССР 1990.
Тв.:
Влияние ПАВ и углеводородов на структурообразование дисперсий хлорила калия // Докл.АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТЧЫЧЫ,
1) катэгорыя сялян у ВКЛ у 15—18 ст.; адна з асноўных паводле характару асабістай залежнасці ад феадалаў. 0. не мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога і таму называліся яшчэ людзі «непахожыя» або «отчизные» людзі, г. зн. атрыманыя феадаламі ў спадчыну. У О. ператвараліся таксама людзі «пахожыя» і іх нашчадкі, якія пратэрмінавалі («заседали») 10-гадовы тэрмін даўнасці і не маглі заплаціць за выхад. Прыгоннае права феадалаў на О. заканадаўча аформлена прывілеем 1447, Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Феадалы маглі О. перадаваць у спадчыну, дарыць, закладваць і прадаваць з зямлёю і без зямлі.
2) Назва ў 15—16 ст. сялян і феадалаў ВКЛ, якія атрымлівалі ў спадчыну зямлю або маёнтак бацькі («отчину»).