род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 30 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. На Беларусі трапляецца буквіца лекавая (B. officinalis). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках і на сухіх закуставаных лугах; у кветкаводстве выкарыстоўваюцца 2 інтрадукаваныя віды: буквіца буйнакветная (B. macrantha) і аблісцелая (B. foliosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным простым або слаба разгалінаваным сцяблом выш. 20—100 см і кароткім карэнішчам. Ніжняе лісце доўгачаранковае, звычайна ў прыкаранёвай разетцы, верхняе амаль сядзячае супраціўнае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілавата-гародчатае. Кветкі ліловыя або ружовыя і жоўтыя, у канцавых коласападобных суквеццях. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучы, жаўцягонны, адхарквальны, кроваспыняльны, ранагаючы сродак), дэкар. і меданосныя расліны, маюць розныя алкалоіды, эфірны алей, горкія і дубільныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНТУ́Ш,
верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л.слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн.Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПАГО́Н (Cimicifuga),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від: К. еўрапейскі, або чортава рабро (C. europaea), занесены ў Чырв. кнігу. 3 віды інтрадукаваныя: К. баршчэўнікалісты (C. heracleifolia), даурскі (C. dahurica), просты (C. simplex). Трапляецца на ўзлесках і палянах у лісцевых і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з магутным тоўстым карэнішчам і моцным баразнаватым, у верхняй ч. галінастым, сцяблом выш. да 2,5 м. Лісце буйное, чаргаванае, двойчы-, тройчынепарнаперыстае, ніжняе — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або крэмавыя, з прыкветнікамі, у доўгіх простых ці складаных мяцёлкападобных гронках. Чашачка 4—5-пялёсткавая. Плод — шматлістоўка. Некат. віды маюць непрыемны ўдушлівы пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Ядавітыя. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАІ́БА (Paraíba),
назва 2 рэк у Паўд. Амерыцы: Параіба-ду-Норты (Paraiba do Norte), рака на ПнУ Бразіліі. Даўж. 450 км, пл. басейна 19,7 тыс.км². Вытокі і верхняе цячэнне ў межах плато Барбарэма (Бразільскае пласкагор’е), нізоўі на Атлантычнай нізіне, упадае ў Атлантычны ак. каля мыса Кабу-Бранку. Асеннія паводкі. Суднаходная ад. г. Жуан-Песоа. Параіба-ду-Сул (Paraiba do Sui), рака на ПдУ Бразіліі. Даўж. 1060 км, пл. басейна каля 60 тыс.км². Вытокі ў гарах Сера-ду-Мар (Бразільскае пласкагор’е) каля Атлантычнага ак., цячэ ў глыбокай міжгорнай упадзіне, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Кампус. Мнагаводная ад снеж. да сакавіка. Сярэдні расход вады больш за 1 тыс.м³/с. Суднаходная на асобных участках у сярэднім і ніжнім цячэнні (каля 250 км). ГЭС Ілья-дус-Помбус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПС (Brassica napus var. napus),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФТА́Н,
1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.
2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́, Верхняе Беразіно,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі Докшыцкай райсельгасхіміі. За 30 км на У ад г. Докшыцы, 157 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Лепель. 577 ж., 262 двары (1995). У вёсцы 2 лясніцтвы, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Каля Беразіно гарадзішча 3—4 ст.
Узнікла не пазней як у 14 ст. ў Харэцкай вол. У розны час належала Манівідам, Судзімонтавічам, Гальшанскім, Чартарыйскім, Тышкевічам, Пацам, Тавянскім. У канцы 16 ст. пры Пацах стала мястэчкам. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр Бярэзінскай вол. Барысаўскага пав. Мінскай губ. У 1897 было 788 ж., 124 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Бягомльскім, з 1960 — у Докшыцкім (у 1962—65 у Глыбоцкім) р-нах. У 1970 у Беразіно 805 ж., 232 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́Т (лац. ornatus),
верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац.маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКО́НСІН (Wiskonsin),
штат на Пн ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўночна-Усходняга цэнтра. На Пн прымыкае да воз.Верхняе, на У — да воз. Мічыган, на З абмываецца р. Місісіпі. Пл. 140,7 тыс.км², нас. 5038 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — Мадысан, найб. горад і прамысл. ц. — Мілуокі. Гар. насельніцтва 65,7%.
Пераважае раўнінная паверхня, на Пн марэнныя грады. Больш за 14 тыс. азёр. Клімат блізкі да кантынентальнага. Доўгая халодная зіма і цёплае лета. Сярэдняя т-растудз. каля -10 °C, ліп. каля 20 °C. За год выпадае 760 мм ападкаў. Пад хваёва-шыракалістымі лясамі 45% тэр. Вісконсін — індустрыяльна-аграрны штат. На ўзбярэжжы воз. Мічыган значны індустрыяльны пояс. Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: разнастайнае прамысл. абсталяванне, с.-г. тэхніка, аўтамабілі, станкі, эл.-тэхн. вырабы, прадукты харчавання, мэбля, папера, цэлюлоза. Здабыча буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля малочнага кірунку (вядучы штат па вытв-сці малака і сыру), развіта свінагадоўля. Гал.с.-г. культуры: гарох, кукуруза, сеяныя травы, соя, бульба, журавіны. Развіты аўтамаб. і чыгуначны транспарт, на Вялікіх азёрах — суднаходства. Турызм.