КІ́ЕЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. і ў Польскім каралеўстве ў 16—18 ст. Утворана ў 1471 замест Кіеўскага княства. У час заключэння Люблінскай уніі 1569 К.в. далучана да Польшчы, за выключэннем Мазырскага павета, які ўвайшоў у склад Мінскага ваяв. ВКЛ. Паводле Збораўскага дагавора 1649 некат. тэрыторыі К.в. аддадзены ў кіраванне гетмана Б.​Хмяльніцкага, у 1660 зноў падпарадкаваны Польшчы. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 у К.в. засталіся толькі правабярэжныя паветы (без Кіева), цэнтрам ваяводства стаў Жытомір. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) тэр. К.в. ўвайшла ў склад Кіеўскага і Валынскага намесніцтваў Рас. імперыі.

т. 8, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр. Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс. чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв. Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ. Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.

М.​П.​Гайба.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШТЫ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Wojewodztwo Olsztynskie),

на Пн Польшчы. Пл. 12,3 тыс. км², нас. 738,6 тыс. чал., гарадскога 58% (1987). Адм. цэнтр — г. Ольштын. Найб. гарады: Ольштын, Кентшын, Ілава, Шчытна, Аструда. Большую частку Альштынскага ваяводства займаюць Мазурскае і Ілаўскае паазер’і, на Пн — Старапруская нізіна. У сярэдняй і паўд.-зах. частках марэнныя ўзвышшы (да 312 м над узр. м.). Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 550 мм за год. Шматлікія рэкі бас. Віслы і Прэголі, найб. азёры — Язёрак, Нара, Ланскае і інш. Глебы дзярнова-падзолістыя. Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць кармавыя культуры, жыта, ячмень, авёс, бульбу; гадуюць свіней і буйн. раг. жывёлу, пераважна малочнага кірунку. Прам-сць: маш.-буд., лёгкая, хім., дрэваапр., харчовая. Турызм (азёры, поле Грунвальдскай бітвы 1410).

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województvo Kaliskie),

адм.-тар. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. Пл. 6512 км², нас. 718 тыс. чал., гарадскога 47% (1992). Адм. ц. — г. Каліш. Найб. гарады: Остраў-Велькапольскі, Кратошын, Яроцін, Астжэшаў, Плешаў, Кемпна. Больш. ч. тэрыторыі ваяводства займае Калішскае ўзв., на Пн размешчана Велікапольская нізіна, на Пд — усх. ч. Тшабніцкай грады (выш. да 284 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рэкі — Просна, Барыч, Відава (бас. р. Одра). Глебы пераважна мала- і сярэднеўрадлівыя (падзолістыя і бурыя), у далінах рэк алювіяльныя. Лясы займаюць 23% тэр. (хвоя, бук, дуб). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Асн. галіны прам-сці: маш.-буд. (металарэзныя станкі, машыны і абсталяванне для спажывецкай прам-сці), тэкст. (шаўковыя, трыкат., дэкар. тканіны), швейная, харч. (харч. канцэнтраты, цукар, пладова-агароднінныя кансервы), дрэваапр. і буд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 68% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, сланечнік, пшаніцу, агародніну, кветкі. Гадуюць свіней.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГДА́НЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gdańskie),

у паўночнай частцы Польшчы. Пл. 7394 км², нас. 1438,9 тыс. чал. (1992). У гарадах 70% насельніцтва. Адм. ц. — г. Гданьск. Ваяводства размешчана на беразе Гданьскага зал. Балтыйскага мора. Рэльеф пераважна нізінны ў межах Жулаваў Вісляных (левабярэжная дэльта Віслы, частка якой ніжэй за ўзровень мора) і Кашубскага ўзбярэжжа. На раўнінах Кашубскага і Старогардскага паазер’яў трапляецца канцовамарэнны рэльеф (найвышэйшы пункт 329 м, г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C на ўзбярэжжы да -3 °C на ўзвышшы, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў ад 500 да 700 мм за год. Гал. рака — Вісла з левымі прытокамі Вда і Вяжыца, найб. азёры Вдзыдзе і Радуньскае. Гаспадарка прамысл.-агр., у т. л. значная марская (парты Гданьск і Гдыня). Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне), электронная, харч., фармацэўтычная, хімічная. Прамысл. цэнтры: Гданьск, Гдыня, Сопат, Тчэў, Старогард-Гданьскі, Вейгерова, Румя і Касьцяжына. Вырошчваюць жыта, кармавыя травы, бульбу, пшаніцу і цукр. буракі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Важны раён турызму і адпачынку (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова, Ястарня, Гэль).

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lubelskie),

адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 25 тыс. км². Нас. 2,2 млн. чал. (1999), гарадскога 49%. Адм. цэнтр — г. Люблін. Найб. гарады: Хэлм, Замасць, Бяла-Падляска, Пулавы. Цэнтр. ч. ваяводства займае Люблінскае ўзв., на ПнЗ размешчана ўсх. ўскраіна Мазавецкай нізіны, на ПнУ — Люблінскае Палессе, на Пд — узв. Разточэ. Карысныя выкапні: каменны вугаль, вапнякі, мергель, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -4,5 °C на ПнУ, ліп. 17,5—18,5 °C. Ападкаў за год ад 500 мм на Люблінскім Палессі да 700—800 мм на Разточэ. Гал. р. Вісла з прытокамі Буг і Вепш. Канал Вепш—Кшна. Глебы падзолістыя, балотныя, бурыя, чарназёмныя. Пад лесам каля 22% тэрыторыі. Гаспадарка мае агр,прамысл. характар. Пад с.-г. угоддзямі 69% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, цукр. буракі, алейныя культуры, каноплі, тытунь, хмель, бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (вытв-сць аўтамабіляў, с.-г. машын, верталётаў, шарыкападшыпнікаў), харч., хім., лёгкая, дрэваапрацоўчая. Здабыча каменнага вугалю. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Турызм.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАРПА́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podkarpackie),

адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. На У мяжуе з Украінай, на Пд са Славакіяй. Створана 1.1.1999. Пл. 17,6 тыс. км². Нас. 2,1 млн. чал. (1999), гарадскога 40%. Адм. цэнтр — г. Жэшаў. Найб. гарады: Пшэмысль, Тарнобжаг, Кросна. Паўн. ч. ваяводства займае Сандамірская катлавіна, паўд. — перадгор’і Карпат, Нізкія Бяскіды і Бяшчады (выш. да 1346 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -6 °C (у гарах), ліп. ад 18 °C да 16 °C, ападкаў 600—1200 мм за год. Гал. р. Вісла з прытокам Сан. Глебы на Пн падзолістыя, на Пд горныя, ёсць бурыя і чарназёмныя. Пад лесам каля 35% тэрыторыі (Бяшчадскі нац. парк і Сандамірская пушча). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш буд. (аўтамаб., авіяц., станкабуд., электратэхн., чорная металургія, хім., харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў. Здабыча серы, прыроднага газу, нафты. С.-г. ўгоддзі займаюць 55% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, авёс, кармавыя культуры. Садоўніцтва, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Турызм (Бяшчады), курорты (Рыманаў, Івоніч-Здруй).

т. 11, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ДГАШЧЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bydgoskie),

у цэнтральнай частцы Польшчы. Пл. 10 349 км², нас. 1,1 млн. чал. (1992). Адм. ц. — г. Быдгашч. Паверхня раўнінная, ландшафт азёрны. На Пн Тухольская раўніна і Краенскае паазер’е (часткі Паморскага паазер’я), на Пд Гнезненскае і Куяўскае паазер’і (ускраіны Велікапольскага паазер’я). Пашыраны марэнны рэльеф (да 206 м над узр. м.). У сярэдняй частцы тэр. Быдгашчацкага ваяводства цягнецца стараж. Тарунска-Эберсвальдская даліна. Клімат умераны, сярэднія т-ры студз. -2,5 °C, ліп. 18 °C, ападкаў каля 550 мм за год (менш, чым на астатняй тэр. Польшчы). Гал. рэкі Вісла (з прытокамі Брда і Вда) і Нотаць (бас. Одры) злучаны Быдгашчцкім каналам. Шмат азёр ледавіковага паходжання, найб. Гопла, Хажыкоўскае, Пакоскае, вадасховішча — воз. Караноўскае. Глебы пераважна падзолістыя і бурыя, найб. урадлівыя чорныя — у Куявах. Пад лесам 30% тэр., вял. масівы на Пн (Тухольскія бары). Гаспадарка прамыслова-аграрная. Развіты маш.-буд., электронная, харч., дрэваапр. і папяровая, хім., лёгкая прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры Быдгашч, Інавроцлаў, Хайніцы, Свеце і інш. Пад с.-г. ўгоддзямі 57% тэрыторыі. Вырошчваюць на Пн жыта, авёс, бульбу, кармавыя травы, на Пд цукр. буракі, рапс, пшаніцу. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Турызм.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРО́КСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1413—1795. Цэнтр — г. Трокі. Утворана на тэр. Трокскага княства і Гарадзенскага княства пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Былі ўведзены пасады трокскіх ваяводы і кашталяна, якія па значэнні лічыліся другімі пасля пасад ваяводы і кашталяна віленскіх. У склад Т.в. ў 15 ст. ўваходзілі паўн., цэнтр. і паўд. часткі Літвы, прынёманскія землі Беларусі, Берасцейская зямля, Новагародская зямля, Падляшша, Кобрынскае княства, Пінскае княства, Давыд-Гарадоцкае княства, Тураўскае княства. Гэтыя княствы, Берасцейская, Новагародская землі, Падляшша і Ковенскі павет мелі самастойнае ад ваяводы кіраванне. На У Беларусі ў Т.в. ўваходзіла палова Бабруйскай воласці. Пасля ўтварэння ў 16 ст. Навагрудскага, Падляшскага і Брэсцкага ваяводстваў тэр. Т.в. значна паменшылася. У 16—18 ст. у Т.в. ўваходзілі Трокскі, Ковенскі, Упіцкі пав., Гродзенскі павет. Пасля Люблінскай уніі 1569 ваявода і кашталян трокскія засядалі ў Сенаце Рэчы Паспалітай. Паводле перапісу 1775 на тэр. Т.в. было 55 614 «дымоў». Паводле пастановы Гродзенскага сойма 1793 Гродзенскі пав. і створаны ў 1791 Мерацкі пав. пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай указам Кацярыны II ад 25.12.1795 асн. частка Т.в. ўвайшла ў склад Віленскай губ., рэшта — у Слонімскую губ.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЯ́ШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ і Польшчы ў 16—18 ст. з цэнтрам у г. Драгічын-Надбужскі. Утворана ў 1520. Складалася з Бельскага, Берасцейскага, Драгічынскага, Камянецкага, Кобрынскага, Мельніцкага пав. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі пав. ўвайшлі ў Брэсцкае ваяв. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 П.в. адышло да Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) увайшло ў склад Прусіі. Гл. таксама Падляшша.

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)