ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Гілберт Ньютан) (23.10. 1875, г. Уэймут, ЗША — 23.3.1946),
амерыканскі фізікахімік, заснавальнік навук. школы. Чл.Нац.АН ЗША (1913). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1942). Скончыў Гарвардскі ун-т (1896). З 1912 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і тэорыі будовы рэчыва. Прапанаваў электронную тэорыю непалярнай хім. сувязі (1912—16), адну з сучасных тэорый кіслот і асноў (1923). Атрымаў цяжкую ваду (1933, разам з Р.Макдональдам), вылучыў цяжкі ізатоп вадароду — дэйтэрый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́НАЎ ПРАЛІ́Ў.
Паміж мацерыком Паўд. Амерыка і архіпелагам Вогненная Зямля. Злучае Ціхі і Атлантычны акіяны. Даўж. 575 км, найменшая шыр. 2,2 км, глыб. да 1170 м, найменшая глыб. на фарватэры 19,8 м. Паўн.зах. частка вузкая, глыбокая са стромкімі, скалістымі берагамі, з якіх спускаюцца ў ваду ледавікі, паўн.-ўсх. — шырокая, мелкаводная з нізкімі берагамі лагуннага тыпу. Плаванне небяспечнае з-за моцных зах. вятроў, падводных скал і меляў. Гал. порт — Пунта-Арэнас (Чылі). Праліў адкрыты Ф.Магеланам у 1520.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІДРЫ́Т (ад ан... + грэч. hydōr вада),
1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.
2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛІ́НЫ (Opalinatea),
клас паразітычных прасцейшых жывёл атр. эўгленавых. Жывуць у кішэчніку земнаводных, радзей рыб і паўзуноў. Больш за 100 відаў. Найб. вядома A. ranarum.
Даўж. да 1 мм. Цела лістападобнае, плоскае, несіметрычнае, укрытае тысячамі кароткіх жгуцікаў. Стрававальнай сістэмы няма, жывяцца ўсёй паверхняй цела. Ядзер ад 2 да некалькіх соцень. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем) і палавым — парным зліццём аднаядравых мікра- і макрагамет з утварэннем цысты, што трапляе ў ваду і праглынаецца апалонікамі. З цысты выходзіць маленькая апаліна, якая вырастае ў шмат’ядзерную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАНАГРАВА́ЛЬНІК,
цеплаабменны апарат для награвання вады парай, гарачай вадою, газамі, эл. токам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах гарачага водазабеспячэння, вадзянога ацяплення, нагрэву сілкавальнай вады для катлоў, быт. патрэб і інш. Памеры і канструкцыя залежаць ад прызначэння.
Пашыраны воданагравальнік паверхневага тыпу (напр., бойлеры), у якіх цяпло перадаецца праз паверхню нагрэтых трубчастых ці інш. элементаў, і кантактныя (змешвальныя), у якіх цепланосьбіт прапускаецца непасрэдна праз ваду ці змешваецца з ёю. Да мясцовых воданагравальнікаў адносяць ванныя калонкі, змеевікі або вадагрэйныя каробкі, кіпяцільнікі і інш. (гл. таксама Газавыя прылады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСІ́ЛЕЯ, вадзяная канюшына (Marsilea),
род папарацей сям. марсілеевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. Растуць у вадаёмах, на балотах, у месцах, якія перыядычна затапляюцца і перасыхаюць. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях культывуюць М. чатырохлістую (M. quadrifolia).
Невысокія травяністыя расліны. Ад ніжняй ч. паўзучага карэнішча адыходзяць шматлікія карэньчыкі, ад верхняй — 2 рады доўгачаранковых, паглыбленых у ваду або плаваючых лістоў. Споры развіваюцца ў сорусах, сабраных у спаракарпіі (у трапічных відаў яны багаты крухмалам, ядомыя). Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУЧА́ЙНІК (Sium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. шыракалісты (S. latifolium). Трапляецца па берагах вадаёмаў, на сырых лугах і балотах, у вадзе.
П. шыракалісты — шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна выш. да 1,5 м. Сцябло пустое, граністае ці рабрыстае. Паветранае лісце перыстае, апушчанае ў ваду, — двойчы- або тройчыперыстае Кветкі белыя, сабраныя ў складаны парасонік. Плод — віслаплоднік. Эфірны алей пладоў і кветак выкарыстоўваецца ў парфумерыі. Ядавітая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́К (Stratiotes),
род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 1 від — Р. звычайны, або алоэпадобны (S. aloides). Пашыраны ў Еўразіі. Трапляецца ў прэсных стаячых і слабапраточных водах, утварае зараснікі, якія прыводзяць да абмялення вадаёмаў. На Беларусі расце ў старыцах, рачных затоках, азёрах.
Шматгадовыя алушчаныя ў ваду (усплываюць у час цвіцення) травяністыя расліны выш. 15—45 см. Лісце сабранае ў разетку, лінейна-ланцэтнае, цвёрдае, з пілаватым краем, якім лёгка парэзацца (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, белыя, даволі буйныя. Плод — ягадападобны. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПІЯ (Ruppia),
род кветкавых раслін сям. рупіевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. Растуць на мелкаводдзі марскіх узбярэжжаў і ўнутр. салёных ці саланаватых вадаёмаў. Найб. вядомыя Р.: марская (R. maritima) і вусіканосная (R. cirrhosa).
Шматгадовыя травы з тонкімі паўзучымі карэнішчамі, поўнасцю, акрамя суквеццяў, апушчаныя ў ваду. Лісце чаргаванае або супраціўнае, вузкалінейнае, часам ніткападобнае. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, у 2-кветкавым коласе. Плод з 4—6 касцянкападобных доляў. Корм вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН (франц. bassin),
1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.
2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб.спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.
Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 × 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у вадудаўж. 18—20 і шыр. 14 × 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.
Да арт.Басейн. Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат у Мінску.