СУ́РАЖСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПнУ Беларусі ў Віцебскай вобл., частка на тэр. Смаленскай вобл. (Расія). Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Мяжуе з Гарадоцкім узв. на З і Віцебскім узв. — на Пд. Выш. 150—160 м. Пл. каля 900 км².

Прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У асадкавай тоўшчы вылучаны магутныя (да 1500 м і болей) адклады верхняга дакембрыю (пяскі, пясчанікі, алеўрыты, гліны), дэвонска-каменнавугальнага (да 200 м; вапнякі, даламіты, мергелі, гліны) і юрска-антрапагенавага (да 190 м; мел, мергелі, пяскі, супескі, гліны) комплексаў. Фарміраванне паверхні С.н. звязана з акумуляцыйнай і абразійнай дзейнасцю Суражскага прыледавіковага вадаёма, які існаваў у браслаўскі стадыял паазерскага зледзянення. Пазней вадаём быў спушчаны ракой Зах. Дзвіна каля г. Віцебск. Нізіна запоўнена азёрна-ледавіковымі глінамі і алеўрытамі, на ўскраінах пашыраны флювіягляцыяльныя адклады (жвір, пяскі, супескі), у асобных месцах марэнныя суглінкі. Карысныя выкапні: лёгкаплаўкія гліны, даламіт, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

Паверхня пласкахвалістая з эолавымі ўзгоркамі і парабалічнымі дзюнамі, лагчынамі, азёрнымі катлавінамі. Адносныя перавышэнні рэльефу 2—3 м, да 10 м (дзюнны рэльеф). Нізіну дрэніруюць р. Зах. Дзвіна з прытокамі Каспля, Усвяча з Аўсянкай. Даліны маюць па 2—3 эразійна-акумулятыўныя тэрасы. Найб. азёры Вымна, Цёста, Сясіта. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-глеістыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам каля 30%, лясы хваёвыя, асінавыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дамешкі ясеню, клёну, ліпы і інш. Балоты вярховага тыпу. Пад ворывам да 20%. У межах С.н. біял. заказнік Запольскі.

т. 15, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

комплекс інж. збудаванняў для ачысткі сцёкавых водаў і апрацоўкі асадкаў. Падзяляюцца на збудаванні механічнай, біялагічнай і фізіка-хімічнай ачысткі. Выбар схемы ачысткі залежыць ад складу і колькасці сцёкавых водаў, характарыстыкі вадаёма, куды яны адводзяцца, ці тэхнал. патрабаванняў да вады ў выпадку іх паўторнага выкарыстання.

Да збудаванняў мех. ачысткі адносяцца: прыстасаванні для працэджвання (рашоткі, драбілкі, сіты) і сепарацыі (пескаўлоўнікі, тлушчаўлоўнікі, маслааддзяляльнікі, нафтапасткі, адстойнікі, гідрацыклоны, цэнтрыфугі). Збудаванні біял. ачысткі ў прыродных умовах — палі фільтрацыі і арашэння, біял. сажалкі (бываюць з сістэмамі прымусовай аэрацыі). Біял. ачыстка ў штучных умовах ажыццяўляецца на біяфільтрах і ў аэратэнках. Збудаванні фіз.-хім. ачысткі: флататары, сарбцыйныя, экстракцыйныя і інш. калоны, нейтралізатары, іонаабменныя фільтры, гіперфільтрацыйныя ўстаноўкі, збудаванні эл.-хім. ачысткі і інш. Вузел апрацоўкі асадку ўключае збудаванні па стабілізацыі, кандыцыянаванні, абязводжванні асадку. На невялікіх ачышчальных збудаваннях асадак затрымліваюць і зброджваюць у септыках і адстойніках. На буйных станцыях стабілізацыя асадку робіцца ў анаэробных (метатэнкі) ці аэробных стабілізатарах. Пры выкарыстанні метатэнкаў для утылізацыі газу, што выдзяляецца, прадугледжваюцца газгольдэры. Для абязводжвання стабілізаваных асадкаў у прыродных умовах служаць глеістыя пляцоўкі. Механічнае абязводжванне робяць вакуум-фільтрамі, фільтрпрэсамі, цэнтрыфугамі. Абеззаражваюць ачышчаную ваду ў кантактных рэзервуарах з дапамогай хлору ці азону. Устаноўкі па абеззаражванні бактэрыцыднымі прамянямі ўключаюць выпрамяняльную лямпу, уманціраваную ў трубаправод, які транспартуе ваду, што апрацоўваецца. Лакальныя ачышчальныя збудаванні прадпрыемстваў камплектуюцца вузламі мех. і фіз.-хім. ачысткі. Гарадскія ачышчальныя збудаванні, якія прымаюць сумесь бытавых і вытв. сцёкаў, уключаюць мех. і біял. ачыстку, абеззаражванне ачышчаных сцёкавых водаў і апрацоўку асадку. Збудаванні ачысткі атм. сцёку складаюцца з адстойнікаў і фільтраў (біял. сажалак). Да ачышчальных збудаванняў адносяцца таксама збудаванні для ачысткі паветра.

В.​Г.​Аўсянікаў.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ВОД,

працэс змены складу і ўласцівасцей вады, абумоўлены паступленнем у водныя аб’екты забруджвальнікаў, якія робяць воды непрыдатнымі для водакарыстання, пагаршаюць умовы пражывання жывых арганізмаў. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.в. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае З.в. выклікаецца паводкамі, размывам берагоў, забруджанымі атм. ападкамі, рэчывамі, што вымываюцца з глебы. Некат. газападобныя рэчывы выкідваюцца ў атмасферу, а потым з ападкамі трапляюць у водныя аб’екты. Антрапагеннае З.в. абумоўлена паступленнем у вадаёмы прадуктаў, што выкідваюцца ў асяроддзе ў выніку бытавой, с.-г., прамысл. і інш. гасп. дзейнасці чалавека. Асн. крыніцы такога З.в.: воды сцёкавыя шахтаў, руднікоў, нафтапромыслаў, адходы хім. прам-сці, драўніны пры яе нарыхтоўцы, апрацоўцы і сплаве, апрацоўкі некат. с.-г. тэхн. культур, скіды воднага і чыг. транспарту і інш. Вылучаюць З.в. біял. (мікраарганізмы і здольныя да браджэння арган. рэчывы), хім. (таксічныя або рэчывы, якія змяняюць склад воднага асяроддзя), фіз. (награванне, радыеактыўнасць і інш.).

Першасныя змены З.в. узнікаюць ад непасрэднага ўздзеяння забруджвальнікаў на водныя аб’екты і ўплываюць на фіз.-хім. і біял. якасці вады, яе склад, т-ру, газавы рэжым і інш. ўмовы пражывання гідрабіёнтаў. У выніку другасных змен (пры ўзаемадзеянні забруджвальных рэчываў паміж сабой, з вадой ці інш. прыроднымі рэчывамі) утвараюцца новыя рэчывы, якія адмоўна ўплываюць на водныя арганізмы, узмацняюць або аслабляюць працяканне біяхім. працэсаў, змяняюць працэсы самаачышчэння і мінералізацыі вады і інш. Вынік — пагаршэнне гідрахім. рэжыму і ўмоў пражывання водных арганізмаў, немагчымасць выкарыстання вады для пітных, культурна-бытавых мэт, тэхн. водазабеспячэння. Трацічныя змены парушаюць складаны комплекс узаемасувязей гідрабіёнтаў з навакольным асяроддзем і ўзаемаадносіны паміж арганізмамі вадаёма, агульны жыццёвы цыкл іх развіцця. Назіраецца распад біяцэнозаў, паніжаецца біял. прадукцыйнасць вадаёмаў, знішчаюцца рыбныя запасы. Штогадовы знос з сушы ў воднае асяроддзе рэчываў пад уздзеяннем антрапагенных фактараў ацэньваецца ў 50 млрд. т.

На Беларусі ў рэкі скідваецца некалькі кубічных кіламетраў сцёкаў за год (найб. аб’ём забруджвальнікаў даюць нафтахім. і харч. прам-сць, электраэнергетыка), што вядзе да забруджвання вод нітратамі, засалення адходамі калійнай вытв-сці. Найб. аб’ёмы сцёкаў паступаюць у бас. рэк Зах. Дзвіна і Бярэзіна (бас. Дняпра). Гал. задача аховы водаў — папярэджанне З.>в. і ліквідацыя яго крыніц.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ.

сонечнае выпрамяненне, электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне Сонца; асноўная крыніца энергіі для ўсіх працэсаў і з’яў, што адбываюцца ў біясферы. Электрамагнітная радыяцыя распаўсюджваецца ў касм. прасторы і дасягае атмасферы Зямлі ў выглядзе эл.-магн. хваль са скорасцю каля 300 тыс. км/с. С.р. адносіцца да кароткахвалевай радыяцыі. Каля 47% яе энергіі прыпадае на бачную частку спектра (0,4—0,76 мкм), 44% — на інфрачырвоную (0,76—4 мкм) і 9% — на ультрафіялетавую радыяцыі (0,01—0,39 мкм). С.р. праходзіць праз атмасферу, часткова адбіваецца ў космас, часткова паглынаецца і рассейваецца малекуламі газаў і аэразолямі, зменьвае сваю інтэнсіўнасць і спектральны састаў. Радыяцыя, што дасягае зямной паверхні ў выглядзе пучка паралельных прамянёў непасрэдна ад Сонца, наз. прамой, а радыяцыя, якая паступае з усяго небасхілу, — рассеянай. Агульны прыход прамой і рассеянай радыяцыі — сумарная радыяцыя. Частка яе, якая паглынаецца паверхняй (глебай, расл. покрывам, вадой, будынкамі і інш.), наз. паглынутай радыяцыяй, а тая, што адбіваецца воблакамі і зямной паверхняй — адбітай радыяцыяй. Суадносіны паміж паглынутай і адбітай радыяцыямі залежаць ад колеру, рэльефу і вільготнасці паверхні. Зямная паверхня і атмасфера выпраменьваюць даўгахвалевую радыяцыю (4—100 мкм). Рознасць паміж выпрамяненнем Зямлі і сустрэчным выпрамяненнем атмасферы наз. эфектыўным выпрамяненнем; рознасць паміж паглынутай радыяцыяй і эфектыўным выпрамяненнем — радыяцыйны баланс, прамянёвая энергія якога на зямной паверхні пераўтвараецца ў цяпло. Частка цяпла перадаецца на глыбіню глебы або вадаёма, частка ў атмасферу, на выпарэнне вады, невял. доля ідзе на ўтварэнне хім. сувязей пры фотасінтэзе расл. покрыва. Агульны прыход і расход энергіі на зямной паверхні наз. цеплавым балансам. Карпускулярная радыяцыя складаецца пераважна з пратонаў (рухаюцца са скорасцю 300—1500 км/с), якія поўнасцю паглынаюцца магнітасферай Зямлі. С.р. характарызуецца імгненнымі значэннямі (энергет. асветленасць, кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (КДж/м², МДж/м²). На Беларусі колькасць сумарнай С.р. за год зменьваецца ад 4100 МДж/м² на Пд да 3500 МДж/м² на Пн, каля 55% яе прыпадае на рассеяную радыяцыю. Гадавыя сумы радыяцыйнага балансу ад 1500 МДж/м² на ПнУ да 1800 МДж/м² на ПдЗ.

П.​А.​Каўрыга.

т. 15, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.

Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.

Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.​Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.

В.​Р.​Анціпаў, А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч.

Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ НІЗІ́НА.

На Пн Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобл. Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я); паўд.-зах. ч. П.н. ўздоўж р. Дзісна вядома як — Дзісенская нізіна. Мяжуе з Браслаўскай градой на 3, Латгальскім узв. на ПнЗ, Нешчардаўскім, Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі на ПнУ і У, Чашніцкай раўнінай і Свянцянскімі градамі на Пд, Ушацка-Лепельскім узв. на Пд і ПдЗ, заходзіць на тэр. Літвы і Латвіі. Выш. 130—140 м, у краявых частках да 160 м. Пл. каля 8,5 тыс. км², працягласць з ПдЗ на ПнУ да 200 км, з Пн на Пд 40—80 км.

Прымеркавана да тэктанічных структур: Вілейскага пахаванага выступу, Прыаршанскай монакліналі, Латвійскай седлавіны. Платформавы чахол складзены з пратэразойскіх і палеазойскіх комплексаў парод. Дэвонскія адклады ўсюды падсцілаюць антрапагенавую тоўшчу, а ў даліне р. Сар’янка выходзяць на паверхню. Антрапагенавая тоўшча (40—100 м) складзена з адкладаў дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення ўтварылася вял. прыледавіковае Полацкае возера, дзе намнажаліся гліны і алеўрыт, ’тонка- і дробназярністыя пяскі, жвірова-галечны матэрыял. Развіццё рачной сеткі прывяло да спуску вадаёма і ўтварэння на яго месцы ўвагнутай азёрна-ледавіковай нізіны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пясок, даламіт, торф, мінер. воды.

Рэльеф сучаснай нізіны пласкахвалісты і спадзістахвалісты, ускладнены астанцамі марэннай раўніны, камавымі і марэннымі ўзгоркамі, озамі, дзюнамі. Паверхня слабапарэзана рачнымі далінамі, лагчынамі сцёку талых ледавіковых вод. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна з прытокамі Ужыца, Росіца, Свольна, Дрыса, Палата, Обаль, Дзісна. Найб. азёры: Лісна, Ельня, Чарвятка, Ілава, Мёрскае. Сярэдняя т-ра студз. -7,2 °C; ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя, глеістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя (алювіяльныя). Пад лесам 34% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя і ялова-хваёвыя лясы, участкамі захаваліся дубровы (на правым беразе Дзісны, у вярхоўях Паловіцы, Бярозаўкі), у катлавінах чорнаальховыя. на ўзлесках і курцінах сярод палёў шэраальховыя. Б.ч. карэнных хваёвых і яловых лясоў змянілася бародаўчатабярозавымі і асінавымі лясамі. Балоты нізінныя і верхавыя; найб. Ельня, Обаль-2, Стрэчна, Дабееўскі Мох. Пашыраны лугі. Пад ворывам 35% тэрыторыі. На П.н. заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Ельня, ландшафтны Казьянскі (да 1999 біялагічны).

Н.​К.​Жліцунова.

На поўначы Полацкай нізіны.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІННАСЦЬ ВАДАЁМАЎ.

Відавы састаў раслінных супольнасцей, што фарміруюць асацыяцыі, фармацыі і тыпы воднай расліннасці, адносяць да розных таксанамічных катэгорый. У аквафлоры Беларусі адзначана 260 відаў вышэйшых раслін і больш за 2 тыс. відаў водарасцей. Вышэйшыя водныя расліны, у склад якіх уключаны і травяністыя кветкавыя аднадольныя расліны, анатамічна і марфалагічна прыстасаваныя да жыцця ў водным асяроддзі. Глыбіня месцазнаходжання расліннасці (у сярэднім да 3—4, зрэдку да 6—10 м) залежыць ад празрыстасці вады.

У прыбярэжнай зоне растуць асокі, шабельнік балотны, цыкута ядавітая, аер балотны, капытнік балотны. У земнаводнай зоне (да глыбіні 0,5 м) трапляюцца плюшчай галінасты, шабельнік трыпутнікавы, стрэлкаліст, хвошч багнавы, рагоз, касач, У зоне паветрана-водных раслін (глыбіня вадаёма 1,5—2 м) знаходзяцца трыснёг, чарот азёрны, рагозы, хвашчы, маннік вадзяны. У зоне раслін з вадаплаўным лісцем (глыбіня 2—3 м) растуць гарлачык жоўты, гарлачык белы, драсён земнаводны, рдзест плывучы. Зона шыракалістых рдзестаў у вадаёмах з празрыстай вадой дасягае глыбіні 5 м. У зоне водных імхоў і водарасцей (глыбіня да 10 м, напр., воз. Нарач) утвараюцца падводныя лугі з імхоў (у асноўным фантыналіс проціпажарны) і водарасцей (пераважна харавых — хара, нітэла, нітэлопсіс). У расліннасці вадаёмаў і вадацёкаў шмат рэдкіх відаў, занесеных у Чырв. кнігу. Шэраг відаў вылучаны для прафілактычнай аховы. 34 віды водных сасудзістых раслін маюць гаспадарчую каштоўнасць.

Усе віды аквафлоры — аўтатрофныя арганізмы, што ствараюць першасную прадукцыю і вызначаюць функцыянаванне іншых (гетэратрофных) узроўняў экасістэмы. Яны адыгрываюць першарадную ролю ў аэрацыі вадаёмаў, іх самаачышчэнні; некаторыя з іх здольныя паглынаць з вады і назапашваць таксічныя рэчывы. Такія індыкатарныя арганізмы выкарыстоўваюць у сістэмах біялагічнага аналізу якасці вады, маніторынгу і кантролю стану асяроддзя. Празмернае развіццё воднай расліннасці прыводзіць да другаснага забруджвання, «цвіцення» вады і пагаршэння стану водных экасістэм.

Літ.:

Катанская В.М. Высшая водная растительность континентальных водоемов. Методы изучения. Л., 1981;

Михеева Т.М. Альгофлора Беларуси = Algal flora of Belarus: Таксоном. кат. Мн., 1999;

Гигевич Г.С., Власов Б.П., Вынаев Г.В. Высшие водные растения Беларуси;

Экол.-биол. характеристика, использование и охрана. Мн., 2001.

Т.​М.​Міхеева.

Расліннасць вадаёмаў: 1 — аер звычайны; 2 — палушнік азёрны; 3 — стрэлкаліст звычайны; 4 — гарлачык жоўты; 5 — капытнік балотны; 6 — рдзест плывучы; 7 — альдраванда пухіраватая; 8 — хвошч прырэчны; 9 — лотаць балотная; 10 — рагоз шыракалісты; 11 — рагаліснік апушчаны; 12 — шышняк кальчаковы; 13 — трыснёг звычайны.

т. 18, кн. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДАРАСЦІ (Algae),

зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.

Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.

Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд. т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.​М.​Міхеева.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.

Аб’ячэйвальныя сеткавыя Р.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыя Р.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. Усмоктвальныя Р.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.

Бел. традыц. Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны час у вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, з наставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. З традыц. Р.п. у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.

І.​М.​Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.
Да арт. Рыбалоўныя прылады. Ват.
Да арт. Рыбалоўныя прылады. Старажня.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 1960 — пач. 1990-х гадоў.

У архітэктуры найбольшае развіццё атрымала тыпавое праектаванне, якое ажыццяўлялася ў межах пануючага кірунку функцыяналізму. Другім шляхам стаў зварот да нац. спадчыны, дасягненняў сусветнага дойлідства. Замацаванню наватарскіх рыс садзейнічала тэхніка, з дапамогай якой выпрацоўваліся новыя архітэктурна-будаўнічыя прыёмы. Адной з характэрных рыс архітэктуры 1960—70-х г. стаў яе кірунак на комплекснае ансамблевае буд-ва. Мастацкая выразнасць новых арх. кампазіцый забяспечвалася адпаведным размяшчэннем грамадскіх будынкаў, якія акцэнтавалі горадабудаўнічае значэнне пэўнага раёна, стылістычным адзінствам і аб’ёмна-прасторавым вырашэннем ансамбляў, добраўпарадкаваннем галоўных плошчаў, магістралей і іншых гарадскіх вузлоў. Пачаўся адыход ад традыцыйных горадабудаўнічых вырашэнняў, у аснове якіх ляжала супрацьпастаўленне цэнтраў ускраінам. Пры праектаванні і буд-ве архітэктары пачалі звяртацца да нац. традыцый, што ўзбагаціла вобразную выразнасць пабудоў. Нар. традыцыі з найбольшай паўнатой захаваліся ў сельскай архітэктуры. Невялікія памеры сельскіх населеных месцаў, аддаленасць ад гарадоў сталі ўмовай захавання і развіцця нар. асаблівасцей дойлідства. Гэтаму спрыялі культурна-быт. традыцыі і спецыфіка жыццядзейнасці насельніцтва. Блізкасць да прыроды як спецыфічная асаблівасць бел. вёскі паўплывала на вырашэнне аб’ёмна-прасторавых кампазіцый пабудоў, больш арганічнай стала сувязь з наваколлем. Узнімаліся праблемы сувязі арх. і прыродна-ландшафтнага асяроддзя, добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый. У выніку асноўным падыходам да арганізацыі горадабудаўнічых комплексаў стала ансамблевае буд-ва, якое ажыццяўлялася разнастайнымі арх. метадамі: гібкасцю і дынамічнасцю кампазіцый, сінтэзам арх. і прыроднага асяроддзя, сувяззю пабудоў з гіст. асяродкам, кантрастам форм і кампазіцый пабудоў, разнастайнасцю тыпаў будынкаў і інш. Адным з фактараў фарміравання арх.-маст. вобраза стаў колер і звязаны з ім маст. сінтэз, а ў якасці сродкаў арганізацыі арх.-маст. кампазіцый — маштаб, прапорцыі і рытм. У шэрагу выпадкаў ролю структурных адзінак, якія фарміруюць арх.-маст. аблічча, узялі на сабе функцыянальныя і канструкцыйныя элементы — балконы, лоджыі, галерэі, эркеры і інш. Усё адзначанае ва ўзаемадзеянні спрыяла станаўленню спецыфічнага маст. аблічча архітэктуры 1960 — пач. 1990-х г. У горадабудаўніцтве 1960—70-х г. асаблівая ўвага звярталася на сістэму развіцця грамадскіх цэнтраў. У вялікіх гарадах фарміравалася поліцэнтрычная лінейна-восевая кампазіцыя з зорчатай структурай, якая складвалася на аснове планіроўкі радыяльна-кальцавой (Мінск, Віцебск, Гомель), ці веернай, што развівалася на базе існуючай асіметрычнай кампазіцыі цэнтра (Брэст, Пінск). У 1980-я г. ў буйных гарадах складвалася разгалінаваная шматвузлавая поліцэнтрычная структура грамадскіх цэнтраў. Напр., у Віцебску цэнтр развіваўся за кошт асваення пешаходных прыбярэжных тэр. р. Зах. Дзвіна, цэнтр Магілёва фарміраваўся ўздоўж другога кампазіцыйнага дыяметра — праспекта Міру. Грамадскі цэнтр з’яўляўся ядром у фарміраванні кампазіцый бел. пасёлкаў і ў канцэнтраваным выглядзе адлюстроўваў арх. спецыфіку населенага месца. Аблічча сельскага грамадскага цэнтра заснавана на творчым развіцці традыцый нар. дойлідства ў спалучэнні з наватарскімі пошукамі. Кампазіцыя грамадскага цэнтра, што звычайна складалася з некалькіх элементаў, размяшчалася на азялененай тэрыторыі ці каля вадаёма, вырашалася шматфасадна і стылістычна працягвалася ў забудове прылеглых тэрыторый грамадскімі і жылымі будынкамі (вёскі Акцябрская Віцебскага, Верцялішкі Гродзенскага, Зашыр’е Ельскага, Новы Двор Шчучынскага р-наў і інш.).

У гіст. раёнах гарадоў фарміраваліся пешаходныя зоны. Упершыню пешаходная зона створана ў г. Ліда, пазней — у Гродне і Брэсце; у Мінску такая зона сфарміравана ўздоўж праспекта Машэрава. Увага пры арганізацыі такіх зон аддавалася пры развіцці агульнагарадскіх цэнтраў у Баранавічах, Барысаве, Бабруйску, Маладзечне, Мазыры, Оршы. Маст. выразнасць дасягалася ў выніку добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі з уключэннем архітэктуры малых форм і дэкар. скульптурных кампазіцый. Планіровачная структура гарадоў узбуйнялася шляхам фарміравання новых раёнаў, працягвалася забудова і мікрараёнамі. Новыя раёны фарміраваліся каля водна-зялёных зон ці буйных гар. магістралей. Кампазіцыйным дыяметрам сталі водна-зялёныя зоны ў асобных раёнах Мінска (Серабранка, Чыжоўка), Гомеля (Валатава), Магілёва, Віцебска, Гродна, Брэста. У межах буйных гарадскіх магістралей ствараліся раёны Усход, Серабранка, Чыжоўка, Захад у Мінску і інш. Забудова новых раёнаў вялася з максімальным выкарыстаннем рэльефу і навакольных лясных масіваў. Іх маст. і дэкар. выразнасць дасягаецца пры дапамозе будынкаў рознага тыпу (прамавугольных і крывалінейных у плане, вышынных вежавага тыпу і інш.), якія кантрастуюць паміж сабой і ўтвараюць рытмічнае чаргаванне, дынамічныя ансамблевыя кампазіцыі. Рознае канструкцыйнае вырашэнне набылі жылыя дамы. Забудова вялася з выкарыстаннем маналітных, буйнапанэльных, цагляных і аб’ёмна-блочных дамоў. У 1980 — пач. 90-х г. гарады развіваліся за кошт асваення прылеглых тэрыторый (Кунцаўшчына, Зялёны Луг 6, 7, Уручча, Ангарская 3, 4, Серабранка ў Мінску, Перасёлка 3, Фарты 2, Румлёва ў Гродне; Поўдзень 5, 6, 7 у Віцебску, мікрараёны №11 і 12 у Гомелі і інш.). На прынцыпах будаўніцтва адбіўся ўлік прыродна-ландшафтнага фактару. Узгорысты рэльеф з перападамі адводзілі пад вышыннае будаўніцтва, тэрыторыі з раўнінным рэльефам забудоўвалі гарызантальна выцягнутымі дамамі. Новыя раёны гар. забудовы нярэдка фарміраваліся ўздоўж буйных магістральных вуліц з улікам трансп. сувязей. Паступова ўзбуйняўся маштаб забудовы. У розных раёнах Мінска ўзводзілі жылыя дамы на 9—20 паверхаў: у жылых раёнах Усход 1 (арх. Г.​Сысоеў, І.​Жураўлёў, І.​Папова), Усход 2 (арх.

Г.​Сысоеў, А.​Белаконь, Н.​Грачова), інтэрнат ΡΤ1 па вул. Першамайскай (арх. А.​Беразоўскі, Ю.​Грыгор’еў), дамы з магазінамі «Трыкатаж» па вул. Першамайскай (арх. Э.​Святлова), «Несцерка» па вул. М.​Багдановіча (арх. Л.​Маскалевіч, Г.​Ласкавая), у мікрараёне Сярова 1 (арх. К.​Сакалова, Л.​Мартынаў, У.​Крывашэеў, А.​Сабалеўскі і інш.) і інш. Часам яны ўяўляюць сабой каскады аб’ёмаў розных вышынь: комплекс жылых будынкаў у мікрараёне Усход 3 у Брэсце (арх. В.​Арсеньеў, В.​Гапіенка, А.​Ляшук). Жылыя дамы з убудаванай выставачнай залай па праспекце Леніна ў Гомелі (арх. С.​Пеўны), па вул. Першамайскай у Магілёве (арх. Я.​Бранцаў, Ю.​Іўжанка), 300-кватэрны ў Барысаве (арх. А.​Нікіцін, А.​Федарэнкаў) і інш. Значнае пашырэнне атрымалі класічная прамавугольная ў плане кампазіцыя, строгасць, сіметрыя ў аб’ёмна-прасторавым вырашэнні (будынкі абкомаў КПБ у Магілёве, Брэсце, Гомелі; гаркома КПБ, Палаца культуры чыгуначнікаў у Мінску, тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску, жылыя дамы па вул. Леніна ў Віцебску, па вул. Першамайскай у Магілёве). У асобных выпадках выкарыстоўваецца пірамідальная ці складаная асіметрычная кампазіцыя: корпус №15 БПІ (арх. І.​Есьман, В.​Анікін), ін-т меліярацыі і воднай гаспадаркі па вул. М.​Багдановіча (арх. П.​Кракалёў) у Мінску; жылыя дамы па бульвары Касманаўтаў у Брэсце (арх. А.​Казюкоў, Г.​Будзько, І.​Карват, Р.​Шылай); комплекс жылых дамоў на набярэжнай р. Зах. Дзвіна ў Наваполацку (арх. Л.​Краўчыня).

Буд-ва культурна-асветных устаноў вялося пераважна паводле тыпавых праектаў. Маст. выразнасць будынкаў дасягалася сістэмай аздаблення фасадаў. Пры ўзвядзенні грамадскіх пабудоў часта выкарыстоўваліся класіцыстычныя парталы: Палацы культуры Мінпрамбуда Беларусі (арх. А.​Тэн, С.​Неўмывакін, С.​Кожар), Рэспублікі (кіраўнік праекта М.​Пірагоў, арх. В.​Данілаў, Л.​Зданевіч, А.​Шабалін, канструктары Я.​Уласаў, А.​Яршова) у Мінску. Выкарыстоўваліся таксама скульптурныя кампазіцыі (абл. драм. тэатр у Гродне, арх. Г.​Мачульскі), дэкар. нішы (інфармацыйна-вылічальны цэнтр Мінжылкамгаса ў Магілёве, арх. М.​Янчык), арнаментальныя дэкар. паясы (сталовая завода «Калібр» у Мінску, арх. А.​Крутава), розныя віды аздаблення шкла з рэльефнай і гладкай паверхняй (школа па навучанні замежных спецыялістаў у Мінску, арх. А.​Зензін). Аднак у большасці выпадкаў маст.-эстэтычны акцэнт робіцца на аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і канструкцыйныя асаблівасці. Блакіроўка аб’ёмаў розных вышынь, адсутнасць чыста дэкар. элементаў у аздабленні, правільныя геаметрычныя формы сведчаць пра наяўнасць рыс канструктывізму ў грамадзянскім дойлідстве: будынкі канцэртнай залы «Мінск» (арх. Л.​Патапаў, Ю.​Кустоў, Л.​Кустова, А.​Чадовіч), рэсп. Дома тэхнічнай творчасці (арх. У.​Даніленка, А.​Зензін, М.​Навумаў) у Мінску, гасцініц «Гродна» ў Гродне (арх. Ю.​Патапаў, В.​Папоў, У.​Еўдакімаў, Ю.​Раманаў) і «Маладзечна» ў Маладзечне (арх. У.​Крывашэеў) і інш. У гандлёвых, гасцінічных і спартыўных збудаваннях маст. выразнасць дасягалася канструкцыйным вырашэннем: у Мінску — Палац тэніса (арх. С.​Баткоўскі, Л.​Гельфанд), крыты каток у дзіцячым парку імя М.​Горкага (арх. Ю.​Грыгор’еў, В.​Бабашкін, В.​Гразноў), гасцініца «Турыст» (арх. Л.​Пагарэлаў), выставачны цэнтр «БелЭкспа» на праспекце Машэрава (арх. Л.​Маскалевіч, Г.​Ласкавая, Г.​Федасенка, В.​Капылоў), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.​Аладаў, А.​Жалдакоў, М.​Ткачук, У.​Крывашэеў), універсамы «Рыга» (арх. Я.​Дзятлаў, А.​Жалдакоў), «Талін» (арх. А.​Жалдакоў, Р.​Яўменаў, Ф.​Пархімовіч), комплекс аўтавакзала «Усходні» (арх. Л.​Пагарэлаў, Л.​Кустова, В.​Ягадніцкі); комплекс міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» на Заслаўскім вадасх. (арх. Ю.​Шпіт, Э.​Вішнеўская), аэравакзалы ў Гродне (арх. У.​Еўдакімаў, Л.​Маскалевіч, М.​Куняўскі, В.​Васілюк, В.​Чубіч) і Брэсце (арх. В.​Арсеньеў, А.​Ляшук, В.​Кескевіч, Р.​Шылай, В.​Гапіенка). У жыллёвым будаўніцтве індывідуальнае вырашэнне набылі асобныя арх. элементы — балконы, лоджыі, парапеты, а таксама аздабленне панэлей (комплекс Дома быту і ін-та «Белбыттэхпраект» у Мінску, жылыя дамы па вул. Мічурына ў Брэсце, Першамайскай у Магілёве і інш.). Архітэктурная выразнасць дасягалася за кошт уключэння твораў манум.-выяўл. і дэкар. характару (мазаічныя кампазіцыі ў тарцовых частках вышынных будынкаў у жылым раёне Усход 1 у Мінску, дэкар. кампазіцыі манум. жывапісу жылых дамоў на набярэжнай р. Зах. Дзвіна ў Наваполацку). У аздабленні выкарыстоўваліся таксама вітражы (тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску). У жыллёвым буд-ве пашырэнне набыў колер у афармленні тарцоў, элементаў балконаў, лоджый (інтэрнат РТІ па вул. Я.​Коласа, жылыя дамы ў мікрараёне Сярова 1 у Мінску, на бульвары Касманаўтаў у Брэсце). На працэс форма- і стылеўтварэння паўплываў гіст. фактар. Пераасэнсаванне гіст. і нар. традыцый выявілася ў забудове новых гар. раёнаў. Сучасную інтэрпрэтацыю атрымалі формы і прынцыпы функцыяналізму і канструктывізму. У пач. 1990-х г. архітэктура знаходзілася пад уплывам постмадэрнізму; пашыраны пірамідальная ці асіметрычная планіроўка аб’ёмаў, выкарыстанне ў канструкцыях пабудоў грамадскага і жыллёвага прызначэння вежавых форм, адсутнасць чыста дэкар. аздаблення фасадаў. Нацыянальныя рысы ўвасобіліся пераважна ў сельскай архітэктуры. Аблічча сельскіх пабудоў у многім вызначылі традыцыйныя мясц. матэрыялы (дрэва, прыродны камень, цэгла): комплекс прадпрыемства быт. абслугоўвання ў в. Блонь Пухавіцкага, аднакватэрныя жылыя дамы ў пас. Жамчужны Баранавіцкага, в. Сухары Магілёўскага р-наў. Разнастайнасць тыпаў і канструкцый пабудоў дазволіла стварыць індывідуальны маст. вобраз архітэктуры пасёлкаў. Падтрыманню адзінай стылістычнай лініі пры захаванні нац. каларыту спрыяла дэкар. аздабленне фасадаў з выкарыстаннем традыцыйнага арнаменту (жылыя дамы па вул. Юбілейнай у в. Верцялішкі Гродзенскага, блакіраваныя з кватэрамі ў двух узроўнях у в. Сноў Нясвіжскага, сядзібны мансарднага тыпу ў в. Нявелічы Дзяржынскага р-наў і інш.). Перавага нар. і нац. традыцый над наватарскімі пошукамі стала характэрнай асаблівасцю сельскага буд-ва.

Выгляд Мінска ў раёне праспекта Машэрава.
Корпус № 15 Беларускага політэхнічнага інстытута. 1976—83.
Кастрычніцкая плошча ў Мінску. Фота 2004.

т. 18, кн. 2, с. 645

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)