форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,
умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1834—39; першая на Беларусі спец.навуч. ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў для прыходскіх вучылішчаў, падрыхтоўчых класаў гімназій і пав. вучылішчаў. Засн. па ініцыятыве папячыцеля Бел. навуч акругі Р.І.Карташэўскага. Кіраваў гімназіяй дырэктар (упраўляючы) ланкастэрскіх вучылішчаў Бел.навуч. акругі Аглоблін. Навучаліся юнакі з сем’яў дваран, мяшчан, обер-афіцэраў, правасл. царкоўнаслужыцеляў. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся рус. мова, арыфметыка, гісторыя Расіі і ВКЛ, методыка ўзаемнага навучання ў пач. школе паводле Бел-Ланкастэрскай сістэмы. Некаторыя навучэнцы займаліся таксама музыкай і спевамі. У вольны час семінарысты абавязаны былі наведваць урокі рус. мовы і геаграфіі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. Былі падрыхтаваны 62 настаўнікі. Закрыта з-за адсутнасці сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЦЫ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,
антыфеадальнае паўстанне польск. і ўкр. сялян у Галіцыі. Пачалося 18.2.1846, ахапіла Харкаўскую, Бохенскую, Ясельскую, Сандзецкую, Саноцкую і Самборскую акругі. Паўстанцы разграмілі каля 200 панскіх двароў, усюды спынілі выкананне феад. павіннасцей; былі арганізаваны ўзбр.сял. атрады (Якуба Шэлі, Карыгі і інш.). Ва Усх. Галіцыі найб. актыўныя выступленні сялян былі ў наваколлі Дабраміля. Хоць паўстанне ў крас. было жорстка задушана, аўстр. ўрад вымушаны быў пайсці на некат. ўступкі: паменшана паншчына, адменена падводная павіннасць, сялянам дазволена падаваць скаргі на памешчыкаў непасрэдна акруговым старастам, пашыраны правы сялян на зямлю. Галіцыйскае паўстанне было адной з перадумоў рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі і адной з прычын адмены прыгонніцтва ў Галіцыі ў крас. 1848.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЫ́,
народны памінальны абрад у беларусаў, рытуальная вячэра ў памяць памерлых родзічаў. Дзядамі называлі таксама дзень, калі адбываўся абрад, і нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Паходзяць ад дахрысц. ўсх.-слав. звычаю трызны; звязаны з культам продкаў. Пазней абрад ускладніўся напластаваннем хрысц. культу. Дз. спраўлялі ў пэўныя дні 3—4 і больш разоў на год (у залежнасці ад мясцовасці) вясною і ўвосень. Галоўнымі былі змітраўскія Дз. (асяніны) — у суботу перад Змітравым днём (26 кастр.с. ст.), на радаўніцу, а таксама перад масленіцай, сёмухай. На Дз. гатавалі святочныя і абрадавыя стравы (абавязковымі былі куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса). Паводле звычаю ад кожнай з іх сімвалічна адкладвалі ў асобны посуд нябожчыкам. У наш час Дз. (Дзень памяці) адзначаюць 2 лістапада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛЮ́МНЫ»,
герб, адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ: у чырв. полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Паводле легенда, гэты герб прывёз з сабою з Рыма Палемон, ім карысталіся яго «нашчадкі» — літоўскі княжацкі род. «К.» сустракаюцца на манетах ВКЛ пасля 1386—1420. У Грунвальдскай бітве 1410 з 40 харугваў ВКЛ 10 былі з выявай «К.» (паводле Я.Длугаша, такім знакам Вітаўт клеймаваў коней). «К.» вельмі падобныя да знакаў Рурыкавічаў, т.зв. «трызубцаў», таму шэраг даследчыкаў выводзяць ад іх паходжанне «К.». Верагодна, напачатку «К.» былі гербавым знакам Полацкага княства. На манетах ВКЛ выкарыстоўваліся поруч з «Пагоняй», якая ўвасабляла Літву, а «К.» — Русь. У гэтым значэнні «К.» перасталі выкарыстоўвацца са згасаннем дынастыі Ягелонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПЦІ,
плецены абутак з лыка або вяровак у слав., балцкіх і некаторых інш. народаў. Да пач. 20 ст.асн. від абутку бел. сялян. Паводле спосабу пляцення былі прамыя і косыя. Беларусы рабілі Л. пераважна з падэшваю прамога пляцення, якую для трываласці падпляталі лазою, лыкам, вяровачкамі або падшывалі скураю. Найпрасцейшыя з іх (Віцебшчына і Магілёўшчына) — «шчарбакі» ці «шчарбачні». Найб. пашыраныя на Беларусі быліковерзні. На Палессі і ў некат. раёнах цэнтр. Беларусі насілі Л. з адкрытым верхам наска — «зрачыя». Л. косага пляцення — «пахлапні», «пахрасні» бытавалі ва ўсх. раёнах Беларусі як святочны абутак. На Беларусі выраблялі таксама скураныя і вяровачныя Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1420,
першапачаткова сумесная праграма памяркоўнага (чашнікі) і радыкальнага (табарыты) крыла гусітаў (прыхільнікаў ідэй Я.Гуса), прынятая ў ліп. 1420 у Празе ў пачатку гусіцкіх войнаў. Былі сфармуляваны ў выглядзе 4 артыкулаў: секулярызацыя царк. зямель, свабода гусіцкіх пропаведзяў, ліквідацыя выключнага становішча каталіцкага духавенства, пакаранне асоб, вінаватых у «смяротных грахах», пад якімі табарыты разумелі і сац. прыгнёт. Чашнікі, якія на першы план ставілі барацьбу супраць каталіцкага духавенства і нац. прыгнёту, імкнуліся звесці П.а. да патрабавання «таннай царквы». Не згодныя з гэтым табарыты 5.8.1420 прапанавалі ўласную праграму («Дванаццаць пражскіх артыкулаў»), П.а. засталіся праграмай чашнікаў і былі ў асн. рэалізаваны імі ў пагадненнях 1433 і 1436 з феад.-каталіцкім лагерам (т.зв. «Пражскія кампактаты»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1073—75,
паўстанне насельніцтва Саксоніі (вобласці саксаў) і Цюрынгіі супраць герм. караля Генрыха IV. У паўстанні ўдзельнічалі сяляне на чале з мясц. знаццю. Выклікана незадаволенасцю захадамі Генрыха IV умацаваць каралеўскі дамен (будаўніцтва крэпасцей з размяшчэннем гарнізонаў; спагнанне аброку з сялян і прымушэнне іх будаваць крэпасці; адбіранне ў знаці зямель для каралеўскага дамена). Напачатку паўстанцы дамагліся поспеху: у жн. 1073 Генрых IV уцёк з абложанага Гарцбурга, крэпасці былі зруйнаваны. Але кароль атрымаў дапамогу ад феадалаў зах. і паўд. Германіі, гараджан Вормса. У вырашальны момант вярхі С.п. заключылі кампрамісны мір з каралём (лют. 1074), пакінутыя імі сяляне былі разбіты. Задушэнне паўстання садзейнічала працэсу паскарэння ўцягвання саксонскага сялянства ў феад. залежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАУ́РЫ,
грузінскія дваране. Вядомыя з 5 ст.Былі патомныя і служылыя, падзяляліся на царскіх, княжацкіх і царкоўных. Валодалі зямлёй, неслі абавязковую вайсковую павіннасць. З далучэннем Грузіі да Рас. імперыі (пач. 19 ст.) атрымалі правы рас. дваран.