АДНАКАМПЛЕ́КТНАЯ ШКО́ЛА, пачатковая школа,
у якой усе класы вядзе адзін настаўнік. Звычайна працуюць у невял. населеных пунктах пры наяўнасці 4 пач. класаў з агульнай колькасцю да 10 вучняў, якія аб’яднаны ў клас-камплект. Навучанне вядзецца па праграмах для пач. класаў агульнаадук. школы. У 1994/95 навуч. г. на Беларусі было 24 аднакамплектныя школы, колькасць іх паступова скарачаецца.
Л.І.Дурэйка.
т. 1, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бабыніцкім сельскім савеце Полацкага раёна Віцебскай вобласці. За 30 км ад Полацка, 129 км ад Віцебска, 5 км ад чыгуначнай станцыі Ветрына. 18 жыхароў, 10 двароў (1995).
Узнікла пасля 1521 на землях І.Р.Корсака, гараднічага полацкага, пазней мястэчка ў складзе Полацкага ваяводства. З 1552 дваром Арэхаўна, дзе было 50 сем’яў, валодаў сын Корсака Баркулаб.
т. 2, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗНЯКІ́,
гарадзішча дзякоўскай культуры 3—5 ст. каля в. Беразнякі Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл. Расіі. З’яўлялася паселішчам радавой абшчыны. Было ўмацавана земляным валам з драўлянай агароджай на ім і ровам. Раскопкамі выяўлены рэшткі 6 драўляных жытлаў асобных сем’яў, вял. абшчыннага дома, пабудовы для прадзення і ткацтва, загону для жывёлы, невял. пахавальнага збудавання, дзе хавалі рэшткі спаленых нябожчыкаў.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛСКАЕ ПІСЬМО́, біблскае псеўдаіерагліфічнае пісьмо, протабіблскае пісьмо,
пісьмо надпісаў на каменных і бронзавых прадметах, знойдзеных у г. Бібл (цяпер Джубейль) у Ліване. Датуецца канцом 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. Было адкрыта М.Дзюнанам у 1920-я г. Надпісы — схематызаваныя малюнкі жывёл, раслін, пабудоў, лінейных геам. фігур і інш. Накірунак пісьма справа налева. Ёсць меркаванні, што біблскае пісьмо — папярэднік зах.-семіцкага пісьма.
т. 3, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСАПТЭ́РЫЕВАЯ ФЛО́РА, гандванская флора,
існавала на мацерыку Гандвана з позняга карбону да ранняга трыясу. Выяўлена па знаходках у Антарктыдзе, Аўстраліі, Еўропе. Узнікненне і развіццё гіпатэтычнага мацерыка Гандвана з пашыраным абледзяненнем вызначылі аднастайны і бедны ў відавых адносінах своеасаблівы склад гласаптэрыевай флоры, для якой было характэрна мноства гласаптэрысаў і хвашчоў. На Беларусі магчыма існаванне рэшткаў гласаптэрыевай флоры ў адкладах позняга карбону і ранняй пярмі.
т. 5, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́РНЫ (лац. cothurni, грэч. kothorni),
у антычным тэатры род абутку трагедыйнага акцёра; сандалі на высокай падэшве, што павялічвала рост акцёра, надавала постаці велічнасць і ўрачыстасць. Выкарыстанне К. было абумоўлена тэхн. асаблівасцямі ант. т-ра: пры вял. памерах тэатр. пабудоў узнікала патрэба павялічваць фігуру акцёра. Увядзенне К. і інш. кампанентаў касцюма трагедыйнага акцёра ант. традыцыя прыпісвае Эсхілу. У пераносным значэнні — ілжывая паказная веліч.
т. 8, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),
магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́НСКІ ЭДЫ́КТ,
назва праграмы рэліг. палітыкі ў адносінах да хрысціянства, узгодненай у Мілане ў 313 стараж.рым. імператарамі Канстанцінам I і Ліцыніем Красам (правілі адпаведна зах. і ўсх. часткамі Рым. імперыі). Прызнаваў за хрысціянствам роўныя правы з дзярж. язычніцкімі культамі. Дазваляў хрысціянам свабоду веравызнання, вяртаў ім раней адабраную маёмасць. Выданне М.э. было важным этапам у ператварэнні хрысціянства ў пануючую рэлігію Рым. імперыі.
т. 10, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАР (Публій Квінтылій) (Publius Quintilius Varus; каля 53 да н. э. — 9 н. э.),
старажытнарымскі палкаводзец. Быў консулам (13 да н. э.), правіцелем Сірыі (6—4 да н.э.) і Германіі (6—9 н. э.). У час задушэння паўстання герм. плямён пад кіраўніцтвам Армінія Вар на чале з рым. легіёнаў трапіў у акружэнне ў Тэўтабургскім лесе. У выніку чатырохдзённай бітвы яго войска было знішчана, Вар скончыў самагубствам.
т. 3, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА.
Існавала ў ВКЛ у канцы 18 ст. Утворана ў 1793 у час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння надзвычайнага Гродзенскага сойма 1793 Браслаўскі павет Віленскага ваяв. вылучаны ў асобнае ваяводства з цэнтрам у г. Браслаў (з 1794 — Відзы). Падзелу на паветы не было. Скасавана ў 1795 у час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Яго тэр. ўвайшла як павет у Віленскую губ. Рас. Імперыі.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)