«Беларускае народнае прадстаўніцтва», палітычнае аб’яднанне бел. партый і груп ліберальнай і правасацыялістычнай арыентацыі ў 1918 — пач. 1919. Створана 25.2.1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Бел. праваслаўнага аб’яднання, Бел. саюза зямельных уласнікаў і інш. У выканаўчы к-т «М.б.п.» ўваходзілі протаіерэй П.Кульчыцкі, К.А.Кандратовіч, Р.А.Скірмунт, В.Гадлеўскі, У.М.Уласаў, П.П.Аляксюк, В.І.Чавусаў, Р.А.Зямкевіч, А.Русецкі. Друкаваны орган — газ.«Беларускі шлях». Аб’ядноўвала паліт. сілы, якія супрацьстаялі Беларускай сацыялістычнай грамадзе ў барацьбе за ўладу ва ўмовах ням. акупацыі. У праграмным дакуменце заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць бел. народа. Выступала за стварэнне адзінага нац. цэнтра, цесны саюз з Германіяй, захаванне буйнога землеўладання. 12.4.1918 выканаўчы к-т «М.б.п.» кааптаваны ў склад Рады БНР. З нарастаннем вызв. барацьбы бел. народа супраць ням. акупантаў паліт. ўплыў «М.б.п.» зніжаўся, паступова яно распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ ПАВЯТО́ВАЯ РА́ДА СЯЛЯ́НСКІХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ, Ваўкавыскі павятовы Савет сялянскіх і рабочых дэпутатаў,
орган улады ў канцы 1918 — пач. 1919 у Ваўкавыскім пав. Рашэнне пра яе ўтварэнне прынята на Бел.сял. з’ездзе ў Гродне 15—16.12.1918. 1-ы з’езд рады (27—29.12.1918) выбраў выканком рад сял. і рабочых дэпутатаў. 2-і з’езд (5—7.1.1919) стварыў пав. выканком (15 прадстаўнікоў ад сялян і 3 прадстаўнікі яўр. рабочай партыі, старшыня Ф.Данілюк). Выканком абвясціў стварэнне гар. і пав. міліцыі, валасных судоў. Пры выканкоме створаны камісіі (с.-г., зямельная, фінансавая, нар. здароўя, культ.-асв., барацьбы са спекуляцыяй), аддзелы (харч., дапамогі ваеннапалонным і бежанцам), упраўленні (лясоў і інш.). Зямля і лясы прызнаваліся нац. уласнасцю. Канчатковае вырашэнне зямельнага пытання належала «краёваму або дзяржаўнаму ўстаноўчаму сходу». Рада выказалася за адкрыццё ў вёсках нар. школ з бясплатным пач. навучаннем, грамадскіх аптэк і лекарскіх участкаў. Падтрымлівала цесную сувязь з Радаю нар. міністраў БНР. Спыніла дзейнасць пасля акупацыі павета польскімі войскамі.
яўрэйская нац. партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1917—20. Утворана на аб’яднаным з’ездзе Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі і Сіянісцка-сацыялістычнай партыі (ліп. 1917). Зыходная ідэя партыі — стварэнне самастойнага яўр. грамадства ў дыяспары на аснове нац.-паліт. аўтаноміі. Прадугледжвала скліканне экстэрытарыяльных парламентаў (соймаў), якія павінны вырашаць усе пытанні яўр. жыцця ў дыяспары. Канчатковая праграмная мэта — стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага ачага» як «асобнага яўрэйскага сацыялістычнага грамадства». Абапіралася на дэмакр. інтэлігенцыю, рамеснікаў і некат. рабочых. Аб’ядноўвала каля 5 тыс.чал. (1917). Кіраўнікі Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман і інш. На Беларусі вяла барацьбу з Бундам за паліт. ўплыў, але паступова эвалюцыяніравала ў яго бок. У 1917—18 супрацоўнічала з Беларускай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой. Удзельнічала ў стварэнні Народнага сакратарыята Беларусі. Падтрымала абвяшчэнне БНР. Ва ўмовах змагання супраць польскіх інтэрвентаў зблізілася з бальшавікамі, і яе члены ўвайшлі ў склад СНКЛіт.-Бел. ССР (май 1919). ЦК партыі падтрымаў рэзалюцыю XII канфер. Бунда (Масква, крас. 1920) аб тым, што патрабаванне нац.-культ. аўтаноміі траціць сэнс пры сац. рэвалюцыі. Злілася з Бундам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РСА (Аляксандр) (24.7.1896, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. —2.11.1959),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Д-р прыродазнаўчых н. (1929). Скончыў гар. вучылішча (1913) і настаўніцкія курсы (1915) у Навагрудку, сярэднюю школу пры Укр.пед. ін-це (1923) і прыродазнаўчы ф-т Карлава ун-та (1928) у Празе. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, афіцэр. З 1918 настаўнічаў у пач. школе в. Гараб’евічы і ў Навагрудку: бел. гімназіі (1929—34), польск. пач. школе (1934—39), сярэдняй школе (1939), пед. вучылішчы (1940—41). У час вайны супрацоўнічаў з акупац. ўладамі, з 1941 школьны інспектар Навагрудскай акругі. З 1944 у Германіі: настаўнік і дырэктар Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945-49). З 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік у Нью-Йорку першай парафіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы, ініцыятар стварэння і заснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, арганізатар першых бел. школ у Нью-Йорку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы). Рэдагаваў падручнікі для сярэдніх эмігранцкіх бел. школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Міхайлавіч) (1887, в. Красналукі Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 20.8.1938),
палітычны дзеяч Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1912—14 працаваў у мінскіх казённай палаце, акр. судзе. З пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны ў Маскву. У 1917—20 на судзейскіх пасадах у Мінску, мяст. Вызна (г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на). Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. У 1921 эмігрыраваў у Вільню, чл. прэзідыума Віленскага нац.к-та, чл. замежнага ЦКБел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1922 высланы з Вільні, пераехаў у Коўна. Са жн. 1923 дзярж. сакратар урада ,YHБНР* на чале з А.І.Цвікевічам, разам з якім пераехаў у Прагу. З 1926 у Мінску, працаваў у Дзярж. б-цы БССР. 19.7.1930 арыштаваны па справе т.зв.«Саюза вызвалення Беларусі» і на 5 гадоў сасланы ў г. Свярдлоўск. 9.1.1938 зноў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988, па 2-м — у 1989.
Тв.:
Слуцкое восстание (ноябрь — декабрь 1920 г.) // Нёман. 1996. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧ (Станіслаў Нікадзімавіч) (10.2.1883, маёнтак Мейшты, Браслаўскі р-н Віцебскай вобл. — 10.5.1940),
ваенны і паліт. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Паўн.-Зах. фронце, штаб-ротмістр. Вясной 1918 уступіў у Чырв. Армію, але ў ліст. 1918 разам са сваім палком перайшоў на бок Пскоўскага добраахвотніцкага корпуса белых, з мая 1919 — ген.-маёр. У студз. 1920 прыняты са сваім конным атрадам у склад войска БНР і з дазволу польскіх улад накіраваны на Палессе, рабіў кав. налёты на тылы і асобныя часці Чырв. Арміі. У ліп. 1920 пайшоў на пагадненне са старшынёй Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкавым аб сумеснай барацьбе супраць сав. улады, падрыхтаваў і ажыццявіў Булак-Балаховіча паход 1920. У 1920—30-я г. ў Польшчы, ген. брыгады польск. войска. У 1937—39 прымаў удзел у грамадз. вайне ў Іспаніі на баку Ф.Франка. У 2-ю сусв. вайну ў вер. 1939 удзельнічаў у абароне Варшавы. Вёў падпольную работу супраць акупантаў. Забіты гестапаўцамі ў час арышту.
Літ.:
Cabanowcki M. Generał Stanisław Bułak-Bułachowicz. Warszawa, 1993;
Чобат А. Станіслаў Булак-Балаховіч // Спадчына. 1995. № 3.
А.П.Грыцкевіч.
С.Н.Булак-Балаховіч (стаіць чацвёрты злева) пасля пераходу Заходняй Дзвіны. 14.3.1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЬКО́Ў (Мікола) (12.6.1911, г. Люцын, цяпер г. Лудза, Латвія — 7.1.1995),
грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, журналіст, бібліёграф. Вучыўся ў Дзвінскай дзярж.бел. гімназіі. За сувязь з бел. эсэрамі ў Латгаліі ў 1926 асуджаны латв. ўладамі на 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення займаўся пераважна журналістыкай, у т. л. выдаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе) бел. вучнёўскі час. «Школьная праца». У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. войскамі працаваў інструктарам на чыгунцы. З 1944 у Германіі, дзе арганізаваў і ўзначальваў Бел. дапамогавы к-т (1945?, заснаваў разам з С.Каўшом і В.Тумашам), Бел.бібліягр. службу (снеж. 1946, лагер для перамешчаных асоб у г. Ольдэнбург). З 1948 чл. Рады БНР у эміграцыі. У 1949—50 рэдагаваў час.«Баявая ўскалось». З чэрв. 1951 жыў у Нью-Йорку (ЗША). З вер. 1952 адзін з кіраўнікоў Саюза бел. журналістаў у ЗША. Уваходзіў у Крывіцкае (беларускае) навуковае таварыства. Адзін з заснавальнікаў (1955) і сакратар Гал. управы К-та незалежнай Беларусі. Укладальнік «Паказьніка беларускіх выданьняў на чужыне за 1945—50 гг.» (Нью-Йорк, 1952), рукапісных даведнікаў («Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі» і інш.) і «Слоўніка замежных словаў беларускай мовы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЛЕ́ЎСКІ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 16.11.1888, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — снеж. 1942),
бел.паліт. грамадскі і рэліг. дзеяч. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У сак. 1917 абраны ў Бел.нац.к-т. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. Пасля абвяшчэння БНР (сак. 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газ. «Крыніца» (гл.«Беларуская крыніца»).
Выкладаў у Нясвіжскай бел. семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага пав. У 1925 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні. У 1930 пераклаў на бел. мову Новы запавет (выд. ў Вільні ў 1939). Выступіў з ініцыятывай стварэння Бел.нац. фронту. Выдаваў газ. «Беларускі фронт». З пач. 2-й сусв. вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву. У чэрв. 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Бел.нац.цэнтр. З вер. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, быў гал. школьным інспектарам пры ген. камісарыяце Беларусі, уваходзіў у гал. раду Беларускай народнай самапомачы, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі бел. патрыятычных сіл. У ноч на 24.12.1942 арыштаваны гітлераўцамі і закатаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ МО́ВА,
нацыянальная ці афіцыйная мова, статус якой замацаваны ў спецыяльных юрыдычных актах (канстытуцыі, законе аб мовах і інш.). У адпаведнасці з заканадаўствам Дз.м. абслугоўвае ўсе або абсалютную большасць разгалінаванняў афіц. сферы грамадскіх зносін. Сусв. практыка сведчыць, што статус Дз.м. пераважна надаецца нацыянальнай мове. Афіцыйная мова не абавязкова набывае статус дзяржаўнай, але Дз.м. не можа не прайсці этапу афіц. ўжывання.
У ВКЛ Дз.м. была старабел. мова, што было замацавана ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588 і захоўвалася да 1696, калі рашэннем канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай афіц. мовай была абвешчана польская. У крас. 1918 Рада БНР вярнула бел. мове статус дзяржаўнай Такім жа статусам, але ўжо разам з літ.. польск., рус. і яўр. карысталася бел. мова ў перыяд існавання Бел.-Літ. ССР (лют.—жн. 1919). З 1924 у БССР у адпаведнасці з аб’яўленай палітыкай беларусізацыі Дз.м. аб’яўляліся бел., рус., польск. і яўр. мовы. У адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Беларускай ССР», прынятым Вярх. Саветам Беларусі 26.1.1990, і Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) у 1994 дзярж. статус бел. мовы быў замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь змяненнямі, паводле вынікаў лістападаўскага (1996) рэферэндуму Дз.м. акрамя беларускай прызнана і руская мова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПААЛЕ́Й ЦЫЁН (Рабочыя Сіёна),
палітычныя партыі і міжнар. т-вы сацыял-сіянісцкага кірунку, якія з пач. 20 ст. да пач. 1930-х г. дзейнічалі ў шэрагу краін, у т. л. ў Расіі. Іх дзеячы ўспрынялі асобныя тэарэт. палажэнні марксізму (напр., пра вядучую ролю рабочага класа), але пераважна пашыралі ідэі сіянізму сярод яўр. рабочых, дробных гандляроў і інтэлігенцыі. Найб. поўна ідэалогія і палітыка П.Ц. ўвасоблена ў дзейнасці Яўр.с.-д. рабочай партыі (ЯСДРП, засн. ў 1906 у Расіі). У 1907 у г Гаага (Нідэрланды) утвораны Сусв.яўр.сацыяліст. рабочы саюз П.Ц., куды акрамя рас. ЯСДРП увайшлі аднайм. партыі ЗША, Аўстра-Венгрыі, Палесціны, Вялікабрытаніі, Румыніі. Фактычна паалейцыянізм выступіў як міжнар. левасіянісцкая плынь. ЯСДРП разглядала сіянізм як гіст. неабходнасць і мела на мэце стварэнне яўр.пралет. дзяржавы ў Палесціне, дамагалася нац.-паліт. аўтаноміі для тых народаў Расіі, якія, на яе думку, не выспелі для самаст.дзярж. існавання. У рэвалюцыю 1905—07 тактыка ЯСРДП супадала з меншавіцкай, у 1-ю сусв. вайну яна выступала з антываен. пазіцый, прапагандавала сіянізм, заклікала яўр. працоўных да эміграцыі ў Палесціну, каб будаваць там сацыялізм. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 ЯСДРП падтрымлівала Часовы ўрад. На Беларусі арг-цыі П.Ц. з пач. 20 ст. існавалі ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. П.Ц. уваходзіў у створаны ў маі 1917 Савет нац.сацыяліст. партый Расіі. Летам 1917 прадстаўнікі П.Ц. абраны ў гар. думы Віцебска, Гомеля, Мінска, Оршы. ЯСДРП варожа сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. У сак. 1918 прадстаўнікі ЯСДРП увайшлі ў склад Рады БНР, аднак былі сярод тых, хто ўстрымаўся пры галасаванні за 3-ю Устаўную грамату, што абвяшчала незалежнасць Беларусі. Пратэстуючы супраць прагерм. арыентацыі большасці Рады БНР, прадстаўнікі П.Ц. ў крас. 1918 разам з інш.яўр. сацыялістамі, эсэрамі і меншавікамі выйшлі з яе складу. У жн. 1919 на канферэнцыі ў Гомелі ЯСДРП раскалолася. Левыя паалейцыяністы арганізавалі Яўр.камуніст. партыю (ЯКП), якая разам з ёй падобнымі партыямі ў жн. 1920 стварыла Сусв.яўр.камуніст. саюз П.Ц. Мэтай ЯКП было стварэнне ў Палесціне яўр.камуніст. дзяржавы. Яна не была прынята ў Камуністычны Інтэрнацыянал, але выкарыстоўвала яго механізм для накіравання ў Палесціну каланістаў — прыхільнікаў П.Ц. У снеж. 1922 ЯКП самаліквідавалася, ч. яе членаў уступіла ў РКП(б), іншыя ўліліся ў ЯСДРП, якая ў 1923 перайменавалася ў Яўр.камуніст. рабочую партыю (ЯКРП) і фактычна працягвала сіянісцкую прапаганду. У 1928 ЯКРП у СССР ліквідавана. У 1920—30-я г. паалейцыянісцкія партыі дзейнічалі ў Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі. У 1932 на канфер. ў Данцыгу (цяпер Гданьск, Польшча) Сусв. саюз яўр. рабочых П.Ц. і інш.яўр. сацыял-сіянісцкія арг-цыі злучыліся ў Сусв. саюз сіяністаў-сацыялістаў. Ідэалогія П.Ц. садзейнічала фарміраванню сацыял-сіянісцкіх партый, якія цяпер дзейнічаюць у Ізраілі.
Літ.:
Дадиани Л.Я. Критика идеологии и политики социал-сионизма М., 1986.