ІРКУ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ імя Я.​Д.​Чэрскага.

Засн. 31.5.1996 на 1-м з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобл. Расіі. Кіруючы орган — рада. Аб’ядноўвае каля 150 чал. Асн. мэты: аб’яднанне беларусаў Усх. Сібіры, захаванне бел. этн. свядомасці, мовы і культ. традыцый, пашырэнне ведаў пра Беларусь. Пры т-ве працуе бел. нядзельная школа, маладзёжны клуб, дзіцячы ансамбль «Пралескі». У цэнтр. гар. б-цы Іркуцка адкрыты бел. аддзел. Т-ва праводзіць культ.-асв. работу, адзначае бел. нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў; выдае газ. «Маланка».

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАЛО́ГІЯ (ад дэрмата... + ...логія),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае функцыі і структуру скуры ў норме і пры паталогіі, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб скуры. Адрозніваюць агульную (вывучае анатомію, гісталогію, фізіялогію, біяхімію здаровай і хворай скуры, агульныя заканамернасці развіцця скурных хвароб) і прыватную Д. (даследуе асобныя дэрматозы). Цесна звязана з інш. галінамі клінічнай медыцыны, асабліва з венералогіяй.

Захворванні скуры са старажытнасці вядомы народам Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма. Аднак Д. як навука сфарміравалася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., пасля стварэння аўстр. ўрачом І.​Пленкам і пазней англ. урачом Р.​Уіленам першапачатковай класіфікацыі хвароб скуры, заснаванай на марфал. прынцыпе (паводле знешніх праяўленняў хвароб). Пачалі фарміравацца дэрматалагічныя школы. У 2-й пал. 19 ст. Д. аб’ядналася з венералогіяй у адну мед. дысцыпліну — дэрматавенералогію. Заснавальнікі Д. ў Расіі — А.​Г.​Палацебнаў, Ц.​П.​Паўлаў, А.​І.​Паспелаў, П.​В.​Нікольскі — развівалі фізіял. кірунак у Д., зыходзячы з уяўленняў аб цеснай сувязі скуры з цэласным арганізмам.

На Беларусі даследаванні па Д. пачаліся ў 19 ст. Станаўленне і развіццё Д. як навукі звязана з заснаваннем кафедры дэрматавенералогіі на мед. ф-це БДУ (1923) і дзейнасцю кафедраў у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Даследаванні па Д. вядуцца ва ўсіх мед. ВНУ краіны, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па Д. і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Поспехі айчыннай Д. ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы піядэрмітаў, каросты, псарыязу і інш. дэрматозаў звязаны з імёнамі А.Я.Пракапчука, А.Ц.Сасноўскага, Л.І.Гакінаевай, А.П.Комава, Я.​С.​Пеўзнера, Л.І.Багдановіча, М.З.Ягоўдзіка, Л.Г.Барабанава і інш. бел. вучоных.

Літ.:

Скрипкин Ю.К. Кожные и венерические болезни. М., 1980;

Дифференциальная диагностика кожных болезней. М., 1983.

Л.​Г.​Барабанаў.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬМАН (Залман Давыдавіч) (н. 17.11.1929, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і развядзення с.-г. жывёл. Д с.-г. н. (1976), праф. (1978). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1952). З 1965 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па прыватнай заатэхніцы, селекцыі і развядзенні свіней (бел. чорна-пярэстая парода і бел. ўнутрыпародны тып свіней буйной белай пароды).

Тв.:

Повышение продуктивности свиней. Мн., 1982;

Свиноводство. Мн., 1989;

Свиноводство и технология производства свинины. Мн., 1995.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),

агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.​Бадлера, Т.​Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ. прэрафаэлітаў, паэзію П.​Верлена, А.​Рэмбо, С.​Малармэ, С.​Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.​М.​Рыльке, «тэатр маўчання» М.​Метэрлінка, прозу О.​Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.​Мінскага, Д.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, К.​Бальмонта, Ф.​Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.​Франс, Т.​Ман, Л.​Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл. Мадэрнізм).

Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.​Малевіч, М.​Шагал, Л.​Лісіцкі, Р.​Фальк, В.​Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.​Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.​Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.​Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.​Андрэеў, А.​Белы, Ф.​Салагуб, С.​Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.​Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.​Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.​Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.​Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.​Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.

П.​В.​Васючэнка (Д. на Беларусі), Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРАВА (Надзея Васілеўна) (14.12.1925, г. Саратаў, Расія — 14.12.1987),

бел. інфекцыяніст. Д мед. н. (1969), праф. (1970). Скончыла Саратаўскі мед. ін-т (1948). З 1955 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па дыягностыцы грыпу, брушнога тыфу, клініцы дыфтэрыі, краснухі, язвавых калітаў, антыбіётыкавай тэрапіі пры інфекц. хваробах, вакцынатэрапіі поліяміэліту, хранічнага гепатыту.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’Е́ДКАЎ (Георгій Антонавіч) (н. 19.2.1930, с. Кастрычніцкае Арэнбургскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д вет. н. (1990). Скончыў Чкалаўскі с.-г. ін-т (1953). З 1957 у бел. НДІ экстрым. ветэрынарыі імя Вышалескага. Працы па патагенезе, імунагенезе, дыягностыцы і прафілактыцы бруцэлёзу жывёл, па туберкулёзе жывёл і імунагенезе гэтай хваробы на клетачным узроўні.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́Ў (Вадзім Аляксандравіч) (н. 12.2.1930, г. Цвер, Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д эканам. н. (1974), праф. (1976). Скончыў Маскоўскі фін. ін-т (1953). З 1963 у Бел. эканам. ун-це. Даследуе тэарэт. праблемы грашовага абарачэння, крэдыту і фінансаў у рыначнай эканоміцы.

Тв.:

Денежное обращение и кредит капиталистических стран. М., 1977 (у сааўт.).

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКУ́Й (Давыд Міхайлавіч) (н. 2.6.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне металургіі і ліцейнай вытв-сці. Д тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БШ (1969). З 1969 у Бел. політэхн. акадэміі. Распрацаваў рэсурсазберагальныя тэхнал. працэсы вырабу дакладных адлівак і новых ліцейных матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Новое в литейном производстве. Мн., 1981 (у сааўт.).

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЧЫ́НАЎ (Іван Іосіфавіч) (30.10.1909, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 5.10.1988),

бел. геадэзіст. Д тэхн. н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. і тэхнікі Беларусі (1968). Скончыў БСГА (1931). У 1954—82 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (Гомель). Навук. працы па інж. геадэзіі, ураўнаважванні геад. сетак, праграміраванні ўраўняльных вылічэнняў для ЭВМ.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),

від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.

Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.​Ж.​Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.

З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.​Красоўскі, І.​Пешкур), «Мінскі касцёл» «Мінскі кацёл» (1969—71, П.​Крохалеў, У.​Лагун, Л.​Асядоўскі, Б.​Аракчэеў; абедзве ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.​Дурчын, Ф.​Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.​Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).

Дыярама. «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.​Драчоў. 1991—96.

т. 6, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)