вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕДЫГЕ́Й, Ідыгу,
Ідыку (1352—1419),
эмір Белай Арды, заснавальнік Нагайскай Арды. Разам з ханам Цімур Кутлукам пачаў вайну з Тахтамышам. У 1397 узначаліў войска Залатой Арды. У бітве на Ворскле 1399 разбіў аб’яднаныя сілы вял.кн.літ. Вітаўта і Тахтамыша. Пасля смерці Цімур-Кутлука ў 1399 фактычна стаў на чале Залатой Арды, правёў аб’яднанне ўсіх ранейшых улусаў манг. палкаводца Джучы. У 1406 забіў Тахтамыша, у 1407 арганізаваў паход на г. Булгар. У 1408 напаў на Русь, разбурыў гарады Серпухаў, Дзмітраў, Растоў, Пераяслаў, Ніжні Ноўгарад, аблажыў Маскву, але не ўзяў яе. У час смуты 1410—12 Е. страціў уладу ў Ардзе і ўцёк у Харэзм. Забіты сынам Тахтамыша. Жыццю Е. прысвечаны гераічны эпас цюрк. народаў «Едыгей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́Н (сапр.Агата Карын; 1653 або 1658, г. Кіёта, Японія — 1743 або 2.6.1716),
японскі жывапісец, каліграф, майстар маст. лаку, кераміст. Вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Агата Сакэн, у Кано Ясунобу і Кано Цунэнобу. Заснавальнік яп.дэкар. школы жывапісу, т. зв. школа Сатацу-Карын. Працаваў у жанрах «кветкі-птушкі», «людзі». Жывапісным творам уласцівы тонкае адчуванне прыгажосці свету, буйныя маштабы выяў, насычанасць каларыту, лёгкасць і раскаванасць манеры пісьма: скруткі «Партрэт Накамура Куранасукэ» (1704), «Азалія каля ручая», «Восеньскія кветкі», «Любаванне касачамі»; парныя шырмы «Квітненне белай і чырвонай слівы» (каля 1710), «36 праслаўленых паэтаў», «Касачы», «Паўліны і мальвы». Размалёўваў вееры, блюды, шкатулкі для пісьмовых прылад і інш.
Карын. Дэталь размалёўкі шырмы «Паўліны і мальвы». Пач. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДРА́С (дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),
беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.
Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛАВО́К, таўкачык (Amanitopsis),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Некалькі відаў, якія адрозніваюцца колерам шапкі. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі 3 віды і 1 разнавіднасць. Трапляюцца ў светлых лясах, на ўзлесках, на глебе сярод травы з чэрв. па вер. П.: беласнежны (A. nivalis), жоўта-карычневы (A. fulva), шэры (A. vaginata).
Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 3—9 см з гафрыраваным краем, у маладога грыба — званочкападобная, потым плоская, ад белай да карычневай, з рэшткамі агульнага пакрывала. Пласцінкі свабодныя, белыя, шырокія. Ножка даўж. 7—20 см, белая, полая, каля асновы з шырокай тоўстай вольвай (похвай). Споравы парашок белы. Ядомыя. Мікарызаўтваральнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРНО́С,
1) верхняе адзенне бел. жанчын. Апраналі ў халоднае надвор’е як святочную вопратку замест світкі ці кажуха. Падобнае адзенне (бурнус) вядома ў рус. жанчын. Пашыраны з 19 ст. пад уплывам зах.-еўрап.гар. касцюма. Шылі з шэрага, радзей белага, саматканага валенага сукна. Аднабортны, доўгі, расшыраны ўнізе бурнос зашпільваўся на гузікі, меў адкладны каўнер (на Вілейшчыне без каўняра) і 2 невял. Бакавыя завышаныя кішэні. Аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкай чорнага аксаміту, шоўкавай ці сацінавай тасьмы, дэкар. строчкай. Бытавалі ў строях Панямоння і Цэнтр. Беларусі да 1930-х г. 2) Мужчынскае верхняе адзенне, тое, што бурка.
3) Плашч з капюшонам з белай шарсцяной тканіны ў арабаў.
М.Ф.Раманюк.
Маладзіца ў святочным бурносе. Вілейскі раён Мінскай вобласці. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАША,
1) купалападобны горны масіў на З Балгарыі. Даўж. (з ПнЗ на ПдУ) 25 км, шыр. 15 км. Выш. 2290 м (г. Чэрні-Врых). Схілы стромкія. Складзены з крышт. парод. Здабыча буд. каменю (віташскі сіеніт). Каля падножжа мінер. крыніцы. З Віташы бярэ пачатак р. Струма. Каля паўн. падножжа г. Сафія.
2) Нац. парк Балгарыі (засн. ў 1934, пл. 12,1 тыс.га). Схілы гор укрытыя дубам, букам, ясенем, елкай, ядлоўцам, белай балканскай і горнай нізкарослай хвояй, трапляецца і высакагорная расліннасць, эндэмічныя віды. Сярод жывёл высакародны алень, лань, сарна, ліс, заяц, вавёрка, вожык, дробныя пеўчыя птушкі і інш. На тэр. парку высакагорная навук.-доследная станцыя, 2 рэзерваты. Парк добраўпарадкаваны: ёсць гасцініцы, дамы адпачынку, турысцкія базы, гарналыжныя спускі, пад’ёмнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ЦАРКВА́,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Кіеўскай вобл., на р. Рось. 197 тыс.ж. (1992). Чыг. станцыя. Машынабудаванне (с.-г. машыны, электракандэнсатары), хім. (вытв-сць шын, гумава-азбеставых і гумава-тэхн. вырабаў), лёгкая (трыкат., абутковая), мэблевая, харч.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Кліматычны і бальнеалагічны курорт. Дэндрапарк «Александрыя».
Упершыню ўпамінаецца ў 1155. Узнікла на месцы стараж.-рус.г. Гюрген (Юр’еў), які засн. ў 1032. З 1363 у складзе ВКЛ, тут пабудаваны замак-крэпасць. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. У 1620 атрымала гар. правы. У Белай Царкве падпісаны Белацаркоўскі дагавор 1651. У 1774—1918 уласнасць Браніцкіх. З 1793 у складзе Расіі. У 19 ст. буйны гандл.-кірмашовы цэнтр. З 1925 горад, з 1932 цэнтр раёна Кіеўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫН (Уладзімір Вячаслававіч) (22.10.1952, г. Арол, Расія — 30.7.1996),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь (1994), д-рс.-г.н., праф. (1992). Скончыў БДУ (1974) і Усесаюзны с.-г.ін-т (1984). У 1976—80 і з 1985 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (з 1987 нам. дырэктара, з 1990 дырэктар ін-та і адначасова навук.-вытв. аб’яднання «Племэліта»). Навук. працы па праблемах павышэння эфектыўнасці селекцыі ў свінагадоўлі на аснове генетыка-папуляцыйных метадаў, спецыялізацыі розных тыпаў, ліній і парод свіней. Адзін са стваральнікаў беларускай мясной пароды і заводскіх тыпаў «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны буйной белай пароды свіней.
Тв.:
Биотехнология свиноводства. Мн., 1993 (разам з В.С.Смірновым, І.П.Шайко).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАДЗІДЫ́ЗМ (ад араб. джадзід — новы),
культурна-рэфарматарскі, асветны і грамадска-паліт. рух мусульман Паволжа, Крыма і Сярэдняй Азіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Джадзіды выступалі за пашырэнне сеткі мусульм.культ.-асв. устаноў, выданне кніг, часопісаў, газет на нац. мове, развіццё нац. мастацтва і л-ры, рэарганізацыю мусульм. духавенства. Быў распрацаваны праект школьнай рэформы, у пач. 1880-х г. адкрыта першая джадзіцкая школа ў Бахчысараі, потым школы дзейнічалі ў Турцыі, Персіі, Індыі, Кітаі. У рэвалюцыю 1905—07 джадзіды выступалі з патрабаваннямі рэформаў паліт. ладу краіны, арганізоўвалі паліт. стачкі, антыўрадавыя дэманстрацыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 частка джадзідаў прызнала сав. ўладу, інш. сталі ініцыятарамі стварэння ў Туркестане аўтаномнага ўрада (гл.Какандская аўтаномія), удзельнічалі ў басмацтве, мелі сувязі з белай гвардыяй, пазней эмігрыравалі.