ВА́ЙПРЭХТ (Weyprecht) Карл (8.9.1838, Кёніг, зямля Гесен, Германія — 28.3.1881),

аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з Ю.Паерам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», якая павінна была прайсці Паўн.-ўсх. праходам з Баранцава м. Ў Берынгаў праліў. Каля Новай Зямлі карабель быў зацёрты льдамі і 371 сут дрэйфаваў на Пн і ПнУ. У гэты час быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа. Падарожнікі прайшлі па архіпелагу да 83° паўн. ш. У час зімоўкі Вайпрэхт правёў геафіз. даследаванні і вывучыў прыроду палярных ільдоў. На Новай Зямлі экспедыцыю падабраў рус. карабель.

Літ.:

Пайер Ю. 725 дней во льдах Арктики: Пер. с нем. Л., 1935.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́НІКУМ (Doronicum),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў гарах умераных паясоў Еўропы, Азіі, Паўн. Афрыкі. На Беларусі інтрадукаваны і вырошчваюцца ў садах, парках і на прысядзібных участках 2 віды: Д. усходні (D. orientale) і трыпутнікавы (D. plantagineum).

Шматгадовыя травяністыя расліны з карэнішчам і прамастойнымі простымі або слабагалінастымі сцябламі. Прыкаранёвае лісце яйцападобна-круглаватае, з доўгімі чаранкамі, сцябловае — яйцападобна-эліпсоіднае. Кветкавыя кошыкі дыям. 6—8 см, жоўтыя, адзіночныя або ў шчыткападобных суквеццях. Цвітуць у маі—чэрвені. Плод — сямянка. Дэкар. і лек. расліны, выкарыстоўваюцца для групавых пасадак, у міксбордэрах, на газонах і камяністых горках. Размнажаюць дзяленнем карэнішчаў.

Г.​У.​Вынаеў.

Даронікум аўстрыйскі.

т. 6, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРУ́ШНІК (Rorippa),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў: найб. вядомыя Ж. балотны (R. palustris), земнаводны, або вадзяны хрэн (R. amphibia), і лясны (R. sylvestris); зрэдку трапляюцца Ж. аўстрыйскі (R. austriaca), караткаплодны (R. brachycarpa) і распасцёрты (R. anceps). Растуць на вільготных лугах, балотах, па берагах рэк, азёр, канаў, у вадзе, як занесеныя — каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, у густых гронках. Плод — стручок або стручочак. Лек., меданосныя, харч. і кармавыя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.

т. 6, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОЗ, Лоас (Loos) Адольф (10.12.1870, г. Брно, Чэхія — 22.8.1933), аўстрыйскі архітэктар. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Дрэздэне (Германія, 1893). Працаваў пераважна ў Вене (у 1920—22 гал. архітэктар), а таксама ў ЗША (1893—96), Парыжы (1923—28). Зазнаў уплыў Л.Салівена. З канца 1890-х г. выступаў супраць стылю мадэрн. У пабудовах (інтэр’ер бара Кернтнера, 1907; дом Штайнера, 1910; праект квартала Хойберг, 1922, усе ў Вене) рысы рацыяналізму, аскетызм форм, выяўленне спецыфікі буд. матэрыялаў. З сярэдзіны 1920-х г. у яго работах з’явіліся тэндэнцыі класіцызму, уплыў кубізму, элементы традыц. нар. дойлідства (дамы Трыстана Тцара ў Парыжы, 1926; Кунера ў Паербаху, Аўстрыя, 1930).

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЭНЦ (Lorenz) Конрад (7.11.1903, Вена — 27.2.1989),

аўстрыйскі заолаг і філосаф; адзін з заснавальнікаў эталогіі. Вучыўся ў Нью-Йоркскім і Венскім ун-тах. З 1940 праф. Кёнігсбергскага ун-та. У 1944—48 у сав. палоне. З 1950 кіраўнік Ін-та фізіялогіі паводзін навук. т-ва Макса Планка (Германія). Навук. працы па пытаннях ранняга абучэння (запамінання) і яго ролі ў фарміраванні паводзін у дарослых жывёл. Распрацаваў вучэнне аб інстынктыўных паводзінах і іх развіцці ў анта- і філагенезе.

Распаўсюджваў біял. заканамернасці паводзін жывёл на чалавека і чалавечае грамадства. Філас. працы па эвалюц. эпістэмалогіі, сацыябіялогіі і інш. Нобелеўская прэмія 1973 (разам з Н.Тынбергенам і К. фон Фрышам).

К.Лорэнц.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТЛЬ (Mottl) Фелікс (24.8.1856, Вена — 2.7.1911),

аўстрыйскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Венскую кансерваторыю, вучань А.Брукнера і інш. З 1881 дырыжор, з 1893 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра ў г. Карлсруэ, з 1903 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра і адначасова (з 1904) адзін з кіраўнікоў Муз. акадэміі ў Мюнхене. Вядомы пераважна як інтэрпрэтатар опер Р.​Вагнера, якімі дырыжыраваў у Байройце («Трыстан і Ізольда», 1886), Лондане («Пярсцёнак нібелунга», 1898), Маскве і Пецярбургу (1910, 1911). Выступаў і як сімф. дырыжор. Аўтар стр. квартэта, песень, шматлікіх рэдакцый, апрацовак, арк. і фп. пералажэнняў п’ес Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, А.​Грэтры, К.​В.​Глюка і інш.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭГЛЬ (Pregl) Фрыц (3.9.1869, г. Любляна, Славенія — 13.7.1930),

аўстрыйскі хімік і фізіёлаг, стваральнік арган. мікрааналізу. Скончыў мед. ф-т ун-та ў г. Грац (1894), дзе і працаваў да 1910 і з 1913 (праф.). Навук. працы па колькасным элементным мікрааналізе арган. злучэнняў. Распрацаваў метады вызначэння элементаў (вугляроду, азоту, серы і інш.) і функцыян. груп пры аналізе малой колькасці (2—10 мг) рэчыва (1911—17). Сканструяваў спец. апаратуру, у т. л. мікрахім. вагі з адчувальнасцю ~10​−6 г. Прапанаваў прынцыпова новыя спосабы раскладання арган. рэчываў для элементнага аналізу. Нобелеўская прэмія 1923.

Тв.:

Рус. пер. — Количественный органический микроанализ. М.; Л., 1934.

Ф.Прэгль.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РНІ (Czerny) Карл (Карэл; 20 ці 21.2.1791, Вена — 15.7.1857),

аўстрыйскі піяніст, кампазітар, педагог. Паводле паходжання чэх. Вучыўся ў свайго бацькі Венцэля Ч., у Л.Бетховена (1800—03). З 1800 выступаў як піяніст. Аўтар больш як 1000 твораў розных жанраў і для рознага складу выканаўцаў (оперы, месы, рэквіемы, інш. арк. і камерна-інстр. творы, хары, песні, музыка да драм. спектакляў). Зрабіў значны ўклад у развіццё інструктыўнай л-ры для фартэпіяна. Ажыццявіў рэдакцыі «Добра тэмпераванага клавіра» І.​С.​Баха, фп. санат Дж.​Скарлаці, пералажыў шэраг опер і сімф. твораў для фп. Сярод вучняў Ф.Ліст, С.​Тальберг.

Літ.:

Терентьева Н.​К.​Черни и его этюды. Л., 1978.

т. 17, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВА́РЦЭНБЕРГ (Schwarzenberg) Фелікс Людвіг Іаган Фрыдрых [2.10.1800, г. Крумаў (цяпер Чэскі-Крумлаў, Чэхія) — 5.4.1852], аўстрыйскі дзярж. дзеяч. Князь. Фельдмаршал-лейтэнант. З 1838 пасланнік у Турыне, Парме, Неапалі. У 1848 камандзір дывізіі ў арміі І.В.Радзецкага, удзельнік падаўлення рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. З ліст. 1948 міністр-прэзідэнт і міністр замежных спраў Аўстрыі. Яго ўрад падавіў рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі і (пры падтрымцы войск Рас. імперыі) рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Паліт. курс Ш. быў накіраваны на ўстанаўленне аўстр. гегемоніі ў Цэнтр. Еўропе. У ліст. 1850 Ш. пры садзейнічанні рас. цара Мікалая I заключыў пагадненне з Прусіяй, якое спрыяла ўмацаванню аўстр. ўплыву ў Герм. саюзе.

т. 17, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁМ-БА́ВЕРК (BöHm-Bawerk) Ойген Рытэр фон (12.2.1851, г. Брно, Чэхія — 27.8.1914),

аўстрыйскі вучоны-эканаміст і дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў аўстрыйскай школы ў палітэканоміі. У 1897—98, 1900—04 міністр фінансаў Аўстрыі. У 1880—89 праф. Венскага, з 1909 Інсбрукскага ун-таў. З 1911 прэзідэнт Аўстр. АН. Асн. працы: «Асновы тэорыі каштоўнасці гаспадарчых работ» (1886, рус. пер. 1903), «Капітал і прыбытак» (т. 1—2, 1884—89, рус. пер. т. 1, 1909), «Тэорыя Карла Маркса і яе крытыка» (1896, рус. пер. 1897). Сутнасць эканам. працэсаў тлумачыў матывацыяй і псіхалогіяй суб’ектаў гаспадарання, на аснове чаго абгрунтаваў суб’ектыўна-псіхалагічную гранічнай карыснасці тэорыю і тэорыю прыбытку. Абвяргаў марксісцкую тэорыю працоўнай вартасці і прыбавачнай вартасці.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)