КАЛЯ́Д ВО́СТРАЎ, Крыстмас востраў (Cristmas Island),

востраў на У Індыйскага ак.; пад кіраваннем Аўстраліі. Пл. 135 км². Нас. 813 чал. (1996), пераважна малайцы і кітайцы. Востраў з’яўляецца прыўзнятым вапняковым атолам са стараж. вулканічным ядром. Найб. выш. 361 м. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Пераважае трапічная расліннасць. Асн. галіна гаспадаркі — здабыча фасфарытаў, якія вывозяцца ў Аўстралію, Новую Зеландыю, Малайзію. Вырошчваюць какосавую пальму, трапічную садавіну, агародніну. Жывёлагадоўля і рыбалоўства. Марскія і авіяц. сувязі ў асноўным з Аўстраліяй.

Адкрыты ў 1615. Названы ў 1643 каштанам галандскага судна. У 1688 на востраве высадзіўся У.Дампір. Пасля адкрыцця радовішча фасфарытаў захоплены Вялікабрытаніяй (1888), з 1900 у складзе брыт. калоніі Сінгапур. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны Японіяй. У 1958 перададзены Аўстраліі, з’яўляецца яе заморскай тэрыторыяй. Кіруецца адміністратарам, якога прызначае міністр па справах тэрыторый. Пры адміністратары ёсць Дарадчы савет.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ ПАЎДНЁВЫ УЭ́ЛЬС (New South Wales),

штат Аўстраліі, на ПдУ краіны. Пл. 801,6 тыс. км². Нас. каля 6 млн. чал. (1998). Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г. Сідней. У межах штата знаходзіцца сталіца Аўстралііг. Канбера. Паверхня — пераважна раўніна ўздоўж р. Мурэй і яе прытокаў — рэк Дарлінг і Марамбіджы. На У Вялікі Водападзельны хрыбет і прыморская нізіна (шыр. 20—40 км). Клімат на прыморскай нізіне субтрапічны вільготны (ападкаў 1200—1500 мм за год), на астатняй тэр. больш кантынентальны і сухі (ападкаў да 250 мм за год). Сярэднія месячныя т-ры ад 10—12 °C (ліп.) да 22—26 °C (студз.). На раўніне — засушлівае рэдкалессе і паўпустынныя хмызняковыя саванны, на ўзбярэжжы — вільготныя лясы. Найб. населены і эканамічна развіты штат Аўстраліі. Здабыча каменнага вугалю (Ньюкасл і інш.), поліметалаў (Брокен-Хіл), серабра, медзі, волава, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд. (с.-г. тэхніка, судны, легкавыя аўтамабілі, станкі і інш.), чорная і каляровая металургія, хім., нафтахім., харч., тэкст., папяровая, шкляная. Лесанарыхтоўкі (на У). У сельскай гаспадарцы найб. развіты вырошчванне збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, кукуруза), гадоўля мясной буйн. раг. жывёлы (на У) і авечак (на З). Пояс збожжавых культур цягнецца з Пн на Пд уздоўж зах. схілаў гор. Значныя пл. арашальных зямель. На ўзбярэжжы — малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, на Пн — вырошчванне цукр. трыснягу. Пашыраны вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пчалярства. Марское рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Суднаходства па р. Мурэй.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНЫЯ ГО́РЫ (Blue Mountains),

у Аўстраліі, частка Вялікага Водападзельнага хрыбта. Выш. да 1360 м. Вяршыні пераважна плоскія, схілы моцна расчлянёныя каньёнамі (глыб. да 300—400 м) і далінамі. Складзены з пясчанікаў і вапнякоў; ёсць карставыя пячоры. Вільготныя ўсх. схілы ўкрыты эўкаліптавымі лясамі, у далінах рэк зараснікі дрэвападобных папарацяў, на сухіх зах. схілах — участкі саваннаў. Нац. парк — Блу-Маўнтынс. Турызм.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫ́ЛАНГ (Geelong),

горад на Пд Аўстраліі, у штаце Вікторыя. Прымыкае да зах. прыгарадаў г. Мельбурн. 151,8 тыс. ж. (1993). Порт у зах. частцы зал. Порт-Філіп Ціхага ак., найбуйнейшы ў Паўд. паўшар’і па вывазе збожжа. Чыг. вузел. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі і с.-г. машыны), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., баваўняная і шарсцяная, мясакансервавая, хім. (перапрацоўка фасфатаў), шкляная.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙП-ЙОРК (Cape York),

паўвостраў на ПнУ Аўстраліі, паміж Каралавым м. на У і зал. Карпентарыя на З. Пл. 300 тыс. км². Даўж. з Пн на Пд каля 600 км. Усх. ч. гарыстая (выш. да 555 м), зах. — нізінная. Здабыча баксітаў (радовішча Уэйпа). Эўкаліптавыя (на З) і вільготныя трапічныя лясы (на У). Некалькі нац. паркаў. Порт — Порт-Сцьюарт.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЛАРБАР (Nullarbor Plain літар. бязлесная раўніна),

раўніна на Пд Аўстраліі, на Пд ад пустыні Вікторыя. Даўж. ўздоўж узбярэжжа Вял. Аўстралійскага заліва амаль 600 км. Складзена з вапнякоў. Паверхня плоская з карставымі варонкамі да 1,5 км у папярочніку і невял. карамі. Клімат субтрапічны, паўпустынны. Пераважаюць паўсукулентныя галафітныя хмызнякі, трапляюцца рэдкалессі эўкаліптаў і акацыевых. Рэзерват Вял. пустыня Вікторыя.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЦА,

1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.

2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.

Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.

т. 12, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАПТЭ́РЫКСАВАЯ ФЛО́РА,

існавала ў познім дэвоне. Змяніла ксілафітавую флору. Вылучана па знаходках у Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі прадстаўнікі археаптэрыксавай флоры выяўлены на ПдУ, у Прыпяцкай упадзіне ў адкладах позняга фамену (азёрска-хаванскія слаі). Складалася з папарацепадобных, дзеразовых і членістасцябловых, у канцы дэвону з’явіліся прымітыўныя голанасенныя (птэрыдаспермы) расліны. Развіваліся сумчатыя грыбы і нематафіты. Складам і разнастайнасцю відаў археаптэрыксавай флоры блізкая да раннекаменнавугальнай.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТ (назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),

мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.

Гіяцынт.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)