англійскі заолаг і эмбрыёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1875). Праф. (1874) каледжа ў Лондане і Оксфардскага ун-та (1890), у 1898—1907 дырэктар прыродазнаўча-гіст. аддзела Брытанскага музея. Навук. працы па сістэматыцы выкапнёвых рыб і беспазваночных, анатоміі і эмбрыялогіі кольчатых чарвей, малюскаў і членістаногіх. Падзяліў групу чарвей на 3 тыпы (плоскія, круглыя і кольчатыя). Прапанаваў сістэму жывёльнага свету з вылучэннем у самастойную групу губак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЛЕ́АД ((Macleod) Джон Джэймс Рыкард) (6.9.1876, Клюні, Вялікабрытанія — 16.3.1935),
англійскі фізіёлаг. Вучыўся ва ун-тах г. Абердзін і г. Лейпцыг (Германія). У 1903—18 у ЗША; з 1918 праф. ун-та г. Таронта (Канада). Вывучаў функцыі дыхальнага цэнтра мозга, эксперым. гліказурыю, утварэнне малочнай к-ты, колькасць цукру ў крыві. Адкрыў інсулін (разам з Ф.Г.Бантынгам і Ч.Г.Бестам), распрацаваў метад яго выкарыстання для лячэння цукр. дыябету. Нобелеўская прэмія 1923 (разам з Бантынгам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНКЕРТО́Н (Pinkerton) Роберт, англійскі падарожнік 1-й пал. 19 ст., агент брытанскага біблейскага т-ва. У 1816 і 1822 наведаў Беларусь, пабываў у Барысаве, Вільні, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Шклове. У 1816 заснаваў у Віцебску Беларускае біблейскае т-ва. У 1833 у Лондане выдаў свае ўспаміны «Расія: або рознабаковыя назіранні аб мінулым і сучасным стане краіны і яе насельнікаў» (раздзелы 3—5 прысвечаны Беларусі). Вял. ўражанне зрабілі на яго Полацк, Віцебск і Магілёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРДСЛІ, Бердслей (Beardsley) Обры Вінсент (24.8.1872, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 16.3.1898), англійскі мастак-ілюстратар. Вучыўся ў Вестмінстэрскай маст. школе (1891). Зазнаў уплыў Э.Бёрн-Джонса, звяртаўся да прыёмаў яп. гравюры. Развіваў сімвалічныя тэндэнцыі мастацтва позніх прэрафаэлітаў. Шматлікія малюнкі Бёрдслі (іл. да час. «Жоўтая кніга», які ён выдаваў у 1894—95, і «Савой», 1896, да «Саламеі» О.Уайльда, 1894), адметныя вытанчанасцю і дэкар. элегантнасцю вобразаў, віртуознай гульнёй тонкіх ліній і сілуэтаў, адыгралі важную ролю ў фарміраванні графікі стылю «мадэрн».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН ((Green) Джордж) (14.7.1793, Снейнтан, цяпер у межах г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 31.3.1841),
англійскі матэматык. Самастойна вывучаў матэматыку, потым скончыў Кембрыджскі ун-т (1837). Навук. працы па матэм. фізіцы. Развіў тэорыю электрычнасці і магнетызму, увёў паняцце патэнцыялу, устанавіў сувязь паміж інтэграламі па аб’ёме і па паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём (гл.Грына формулы), вывеў асн. ўраўненне тэорыі пругкасці. Яго імем названа т.зв. функцыя распаўсюджвання (гл.Грына функцыя).
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙ ((Gray) Джон) (1798—1850),
англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст. У палітэканоміі паслядоўнік Д.Рыкарда. Аналізаваў пытанні размеркавання багацця. У праекце рэфармавання капіталізму прадугледжваў ліквідацыю яго адмоўных і захаванне станоўчых (тэхн. здабыткі і інш.) рыс; стварэнне сістэмы дробнай вытв-сці, пры якой абмен адбываецца з дапамогай т.зв. рабочых грошай (пасведчанне аб колькасці ўкладзенай у тавар працы). Эканам. погляды Грэя і яго план грамадскай перабудовы выкладзены ў працы «Сацыяльная сістэма. Трактат аб прынцыпах абмену» (1831). Аўтар «Лекцый аб чалавечым шчасці» (1825).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НГАЛД, Інгальд (Ingold) Крыстафер (28.10.1893, Лондан — 8.12.1970), англійскі хімік-арганік, заснавальнік фізічнай арган. хіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1924). Скончыў Імперскі каледж Лонданскага ун-та (1913), там і працаваў (з 1930 праф.). Навук. працы па даследаванні электроннай структуры араматычных злучэнняў. Распрацаваў тэорыю мезамерыі (1926—34), агульнапрынятую сістэму R- і S-абазначэнняў для прасторавых канфігурацый (разам з У.Прэлагам). Увёў уяўленне аб электра- і нуклеафільных рэакцыях.
Тв.:
Рус.пер. — Теоретические основы органической химии. 2 изд. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУГ ((Klug) Аарон) (н. 11.8.1926, г. Іаганесбург, Паўд.-Афр. Рэспубліка),
англійскі крышталёграф, вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1969). Вучыўся ва ун-тах Іаганесбурга і Кейптаўна. З 1949 працуе ў Англіі, з 1962 у лабараторыі малекулярнай біялогіі Мед. даследчага савета пры Кембрыджскім ун-це (з 1986 дырэктар). Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі крышталёў, даследаванні структуры нуклеінавых кіслот і нуклеапратэідаў (віруса тытунёвай мазаікі, храмаціну, трансп. рыбануклеінавай к-ты). Нобелеўская прэмія 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ЎФУТ-ХО́ДЖКІН (Crowfoot Hodgkin),
Ходжкін Дораці (12.5.1910, Каір — 1994), англійскі хімік і біяхімік.
Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947). Замежны чл.АНСССР (1976), Нац.АН ЗША і інш. Скончыла Оксфардскі ун-т (1932). З 1932 у Кембрыджскім, з 1934 у Оксфардскім ун-це. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біялагічна актыўных злучэнняў. Вызначыла структуру пеніцыліну, вітаміну B12, малекулярную масу глабулярных бялкоў, ступень агрэгатавання іх малекул, наяўнасць металавугляродзістай сувязі ў каферменце B12. Нобелеўская прэмія 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЦІН ((Martin) Арчэр Джон Портэр) (н. 1.3.1910, Лондан),
англійскі біяхімік і фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1950). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1932), працаваў у ім, пасля ў Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане. З 1965 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў г. Эйндхавен (Нідэрланды). Навук. працы па выдзяленні вітаміну Е і нікацінавай к-ты, пеніцыліну і інш. Распрацаваў метады размеркавальнай храматаграфіі: на паперы (1941) і калонкавы газавадкасны (1952). Нобелеўская прэмія 1952 (разам з Р.Л.М.Сінгам).