МАКЕДО́НСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

дынастыя імператараў Візантыі ў 867—1056. Засн. Васілём I

[867—886] — выхадцам з сялян Македоніі (адсюль назва). Гал. прадстаўнікі: Канстанцін VII Багранародны [913—959],

Нікіфар II Фака [963—969], Іаан I Цымісхій [969—976], Васілій II Балгарабойца [976—1025]. Пры імператарах М.д. скасаваны рэформы перыяду Іканаборства, узаконена феад. залежнасць сялян, завершана фарміраванне цэнтр. бюракратычнага апарата, значна пашырана тэр. Візантыі (захоп Балгарыі ў 968—1018, б.ч. Сірыі ў 969—975 і інш.).

т. 9, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСКАРЫ́ЙКА, амацэт,

лічынка міногі. Жыве ў рэках, ручаях, пратоках пераважна ў грунце (адсюль назва).

Даўж. цела дасягае даўж. дарослых міног. Афарбоўка ад жоўта-белай да цёмна-шэрай. Рот у выглядзе трохвугольнай шчыліны. Вочы недаразвітыя. Плаўнікі няпарныя, развіты слаба. Корміцца дэтрытам, дробнымі беспазваночнымі. Ва ўзросце 3—5 гадоў ператвараецца ў дарослую міногу. Раней П. памылкова лічылі самаст. родам міног (Ammocoetes).

Пескарыйка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДА́ЛЫ (лац. Vandali),

група старажытнагерманскіх плямён. Спачатку жылі на Скандынаўскім п-ве, у 1—3 ст. займалі раён сярэдняга і верхняга Одэра. На пач. 5 ст. пад націскам вестготаў перасяліліся ў Іспанію. У 429—439 адваявалі ў Рым. імперыі значную частку Паўн. Афрыкі, заснавалі тут сваё каралеўства — адну з самых моцных дзяржаў Міжземнамор’я. У 455 захапілі і разрабавалі Рым (адсюль вандалізм). У 534 дзяржава вандалаў заваявана Візантыяй.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙЦЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багі, якія жылі на Алімпе. Паводле міфаў, дзеці бога Кронаса на чале з Зеўсам паўсталі супраць бацькі і тытанаў, перамаглі ў гэтай барацьбе і замацаваліся на Алімпе, падзяліўшы паміж сабой уладу над светам. Вярх. уладыкам стаў Зеўс. Алімпійцы былі абыякавыя да зямных пакут і хваляванняў. Адсюль пераноснае значэнне слова алімпійцы — людзі, якія захоўваюць непарушны («алімпійскі») спакой у любых жыццёвых сітуацыях.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКІЯ СТРАЛКІ́,

воіны, аснашчаныя спец. рыштункам і зброяй і падрыхтаваныя для вядзення бою ў гарах. Першыя фарміраванні з’явіліся ў канцы 18 ст. ў Францыі, прызначаліся для баявых дзеянняў у Альпах (адсюль назва) і складаліся ў асн. з жыхароў горных раёнаў. Назва захавалася ў Францыі, Італіі і некаторых інш. краінах як сінонім паняццяў «горныя» і «горнапяхотныя» войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войскаў (гл. таксама Горныя войскі).

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДА́ТАЯ КУРАПА́ТКА (Perdix daurica),

птушка сямейства фазанавых атр. курападобных. Пашырана ва ўмераным поясе Азіі. На Беларусь завозілася для акліматызацыі (поспеху не мела) з Тувы ў 1959—60.

Даўж. цела каля 20 см, маса 300—325 г. Ад шэрай курапаткі адрозніваецца «барадой» (адсюль назва) у выглядзе доўгага пер’я пад дзюбай, вохрыста-жаўтаватым налётам апярэння і чорнай падковападобнай плямай на брушку. Корміцца насеннем пустазелля, зернем, насякомымі.

Барадатая курапатка.

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУІ́Н, жоўты павіян (Papio cynocephalus),

вузканосая малпа сям. мартышкападобных. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы. Жыве ў стэпавых і гарыстых мясцовасцях.

Даўж. цела да 75 см, хваста 60 см. Афарбоўка поўсці жаўтаватая (адсюль другая назва). Склад цела моцны. Морда падоўжаная, галава падобная на сабачую. Валасяное покрыва шорсткае, доўгае. Вядзе наземны спосаб жыцця. Жыве вял. (да некалькіх сотняў) статкамі. Корм раслінны і жывёльны.

Сям’я бабуінаў.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНІ́ЧНЫ РАД,

лікавы рад 1 + 1/2 + 1/3 + ... +1/n + ..., члены якога — лікі, адваротныя лікам натуральнага рада. Разбежнасць гарманічнага рада даказана Г.В.Лейбніцам (1673); асімптатычную формулу сумы першых яго n членаў атрымаў Л.Эйлер (1740); Sn = C + ln n + εn, дзе C = 0,57721566... — пастаянная Эйлера; εn → 0 пры n → ∞. Кожны член гарманічнага рада (пачынаючы з 2-га) ёсць сярэдняе гарманічнае (гл. Сярэдняе) сваіх суседзяў (адсюль назва).

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІКАПРЫЁН (Helicoprion),

род выкапнёвых жывёл кл. акулападобных рыб. Вядома некалькі відаў. Былі пашыраны ў морах ранняй пярмі на тэр. Прыўралля, Японіі, Ірана, Аўстраліі, Шпіцбергена, ЗША. Апісаны рус. вучоным А.​П.​Карпінскім (1899).

Сярэдні (сімфізны) рад зубоў ніжняй сківіцы зліваўся ў спіраль з 2—3 абаротаў (адсюль назва), высоўваўся з рота наперад і загінаўся звонку ў асаблівую храстковую поласць. Паводле вызначэння рэшткаў гелікапрыёну праводзяцца стратыграфічныя і палеаграфічныя даследаванні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)