КУ́СЦІЧЫ,

курганны могільнік канца 10—13 ст. каля в. Кусцічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Даследаваны 24 курганы. У 12 пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе (галавой на 3), на гарызонце, у ямах; у адным — трупаспаленне па-за межамі кургана; у 11 пахаванні не выяўлены. Пахавальны інвентар дае падставу лічыць, што могільнік належаў дрыгавічам.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЭР,

баявы карабель тыпу эскадранага мінаносца (эсмінца), але з павялічанымі водазмяшчэннем і скорасцю, узмоцненым узбраеннем, які прызначаўся для вываду эсмінцаў у тарпедную атаку і прыкрыцця іх агнём у баі. Як тып карабля існаваў у канцы 1910 — пач. 1970-х г. у шэрагу краін, у т. л. ў ВМФ СССР, дзе адным з Л. быў «Мінск».

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н ЗЯМНЫ́ (лац. meridianus паўдзённы),

мерыдыян геаграфічны, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцю, праведзенай праз які-н. пункт зямной паверхні і зямную вось. Усе пункты зямной паверхні, якія ляжаць на адным М.з., маюць аднолькавую даўгату геаграфічную. Мерыдыян пачатковы — мерыдыян, ад якога вядзецца адлік геагр. даўгаты; у міжнар. практыцы за пачатковы прыняты Грынвіцкі мерыдыян.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ЗАВО́ДЫ.

Дзейнічалі ў Беларусі ў 1875—1914 у маёнтку Старабарысаўскі Барысаўскага пав. (цяпер у межах г. Барысаў) і ў г. Барысаў. У 1908 на адным з іх былі створаны мукамольна-крупяное, дражджавое і спіртавое прадпрыемствы пад назвай «Заводы Літва». Мелі паравыя машыны, катлы і рухавікі, дынама-машыну. Выраблялі дошкі, рэйкі, брусы. У 1908 працавалі 176 рабочых.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕДАМЕ́ТР (ад альбеда + ...метр),

метэаралагічная прылада для вымярэння альбеда. Працуе на прынцыпе інтэгральнага шаравога фатометра. Альбеда зямной паверхні вымяраюць паходным альбеда — спалучэнне двух піранометраў; прыёмная паверхня аднаго з іх павернута да Зямлі і ўспрымае рассеянае святло, другога — да неба і рэгіструе падаючае выпрамяненне. Карыстаюцца і адным піранометрам, прыёмная паверхня якога паварочваецца то ўніз, то ўгару.

Альбедаметр.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЗА (ад ням. Druse шчотка),

форма мінер. агрэгата, прадстаўленага групай крышталёў, якія нараслі адным канцом (гранню або рабром) на агульную аснову — сценку поласці (жэоды, міяролы) або адкрытай трэшчыны ў горных пародах. Крышталі аграненыя з канца, які звернуты ў бок свабоднай прасторы. Найб. часцей трапляюцца Д. кварцу, кальцыту, розных сульфідаў (пірыту, галеніту і інш.), флюарыту.

Друза кварцу.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НІШЧА,

курганны могільнік крывічоў (канец 9 — пач. 11 ст.) каля в. Глінішча Полацкага р-на Віцебскай вобл. 60 паўсферычных курганоў, з іх даследавана 20. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам, у адным кургане — трупапалажэнне галавой на З. Знойдзены ляпныя гаршкі, характэрныя для доўгіх курганоў Полаччыны і Смаленшчыны, шкляныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнкі, скроневае кольца з серпападобнымі канцамі, нажы, серп і інш.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАПЛА́СТЫ (ад грэч. leukos белы + plastos вылеплены, створаны),

бясколерныя пластыды ў расліннай клетцы. Адрозніваюцца формай і функцыямі. У Л. знаходзяцца ДНК, рыбасомы, ферменты, што ажыццяўляюць сінтэз і гідроліз назапашаных рэчываў. Бываюць амілапласты (у іх знаходзіцца другасны крухмал), элаяпласты (ёсць алей), пратэінапласты (маюць бялок). Часам у адным Л назапашваюцца розныя рэчывы. Здольныя пераўтварацца ў хларапласты, радзей у храмапласты.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ГА»,

драўляная, парусна-паравая зверабойная шхуна (пабудавана ў 1873; водазмяшчэнне 360 т), на якой рус.-швед. навук. арктычная экспедыцыя Н.А.Э.Нордэншэльда ў 1878—79 упершыню прайшла Паўночна-Усходнім праходам уздоўж паўн. ўзбярэжжа Еўропы і Азіі з З на У з Атлантычнага ак. ў Ціхі ак. Абагнуўшы Еўразію, «Вега» праз Суэцкі канал вярнулася ў Швецыю (з адным зімаваннем за 200 км ад Берынгава м.).

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗМЕ́Н,

1) даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з нанесенай шкалой і рухомым пунктам апоры (пятлёй). На адным канцы меў місачку або кручок, дзе клалі або падвешвалі груз, другі, патоўшчаны канец, служыў гірай. Карысталіся бязменам звычайна для вызначэння масы (вагі) прадуктаў. Часам бязменам называюць спружынную ручную вагу.

2) Даўняя адзінка масы. У 16—17 ст. 1 бязмен = 240 залатнікам = 1,022 кг.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)