адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁННЫЯ І АБ’ЯДНА́НЫЯ ГАЗЕ́ТЫ,
друкаваныя перыядычныя выданні, якія выдаюцца раённымі і гар. выканаўчымі к-тамі і раённымі і гар. Саветамі дэпутатаў Рэспублікі Беларусь; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Адрозніваюцца аператыўнасцю, перыядычнасцю (2—4 разы на тыдзень), фарматам. Асвятляюць пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця раёна і горада. Змяшчаюць афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы.
Раённыя газеты ўзніклі ў пач. 1930-х г. Ствараліся на базе б.акр., калг.-саўгасных і некат. фабр.-зав. газет як масава-паліт. орган раённых к-таў КП(б)Б і райвыканкомаў. Найб. развіццё атрымалі пасля пастановы ЦКВКП(б) ад 18.1.1931 «Аб сельскім раённым і нізавым друку». У Вял.Айч. вайну на акупіраванай фаш. захопнікамі тэр. Беларусі выходзілі падп. раённыя і міжраённыя газеты (гл.Друк падпольны ў Вял.Айч. вайну). Пасля вайны выпуск раённых газет адноўлены ва ўсіх раёнах Беларусі. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя газеты (раённыя і гар.). З крас. 1962 у сувязі са стварэннем тэр.калг.-саўгасных упраўленняў замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 раённыя газеты зноў адноўлены.
На 1.1.2001 на Беларусі зарэгістравана 118 газет, у т. л. 105 раённых і 13 аб’яднаных. Найбуйнейшыя з іх: «Полесская правда» (г. Пінск), «Маяк» (г. Бяроза), «Навіны Палесся» (г. Столін), «Наш край» (г. Баранавічы), «Дняпровец» (г. Рэчына), «Маладзечанская газета» (г. Маладзечна), «Адзінства» (г. Барысаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ РАДЫЁТЭ́ХНІКІ,
«БелВАР». Створана ў 1992 на базе Мінскага прыладабуд. аб’яднання. З 1940 у Мінску быў пушчаны радыёзавод на базе з-да «Дрэваапрацоўшчык» (працаваў з 1907). Выпускаў радыёпрыёмнікі «КІМ». У Вял.Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950-я г. асвоіў выпуск радыёвымяральных прылад, перайменаваны ў Мінскі прыладабуд. з-д. У 1960-я г. выпускаў тэлевізары «Нёман» і «Зорка». З 1971 Мінскае прыладабуд. аб’яднанне, з 1992 «БелВАР». Вырабляе каля 200 найменняў прылад. Асн. прадукцыя (1995): складаныя радыёвымяральныя прылады (асцылографы, вальтметры, мультыметры, СВЧ-прыёмнікі), сістэмы тэлекамунікацый, мед. тэхніка, дазіметры і электрабыт. прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. У 16 ст. быў бастыённым, але меў і драўляныя ўмацаванні. Горвальскі замак з’яўляўся важным пунктам кантролю за пераправай цераз Бярэзіну і водным шляхам да Дняпра. У час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—51укр. казакі разбілі ў 1648 пад Горвалем войска стражніка ВКЛ Мірскага і авалодалі замкам. У ліст. 1654 казакі ўкр. гетмана І.Залатарэнкі бралі Горвальскі замак штурмам, у выніку ён быў спалены. Пазней адноўлены, але ў час Паўн. вайны 1700—21 канчаткова знішчаны.
Засн. ў 1929 як дрэваапрацоўчы камбінат разам з фабр.-зав. вучылішчам. Выпускаў мэблю, паркет, драбіны, піламатэрыялы, тару. У 1941 вырабляў лыжы для самалётаў, скрыні для снарадаў, рыштунак для ваенізаваных абозаў, потым эвакуіраваны ў Сталінград, дзе выпускаў прадукцыю для фронту. У 1944 адноўлены ў Гомелі. У 1971 на базе камбіната (галаўное прадпрыемства) створана дрэваапр. аб’яднанне з філіяламі. Асн. прадукцыя (1997): корпусная і офісная мэбля, камплекты для гасцінай, сталовай, спальныя гарнітуры, шафы для абутку, тумбы для радыё-, відэа- і тэлеапаратуры, сталы абедзенныя і пісьмовыя, мяккая мэбля, багет, карнізы, запалкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.
Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г.Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс.км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс.км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫЧАЎЦЭМЕНТНАШЫ́ФЕР»,
вытворчае аб’яднанне. Знаходзіцца ў г. Крычаў Магілёўскай вобл. Створана ў 1980 на базе Крычаўскага цэментна-шыфернага камбіната (1957). Уключае заводы: цэментны (галаўное прадпрыемства, засн. ў 1933; у Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1949) і шыферны (1950). З 1957 цэментна-шыферны камбінат. У 1963 далучаны з-д вапнавай мукі. У 1960—66 камбінат расшыраны, у 1980—81 часткова рэканструяваны. Сыравіна: мел з радовішча Каменка (Крычаўскі р-н), гліна з радовішча Пушча (Віцебскі р-н), прывазныя калчаданавыя агаркі, гіпс і інш. дамешкі. Асн. прадукцыя (1998): партландцэмент розных марак, шыфер 8-хвалевы, шыфер плоскі непрасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАЛА́Й, Мандале,
горад у цэнтр. частцы М’янмы. Адм. ц.вобл. Мандалай. Засн. ў 1857. У 1857—85 — сталіца незалежнай М’янмы (Бірмы). Каля 500 тыс.ж. (1997). Важны трансп. вузел (рачны порт на р. Іравадзі, чыгункі, аўтадарогі). Прам-сць: суднабуд., металаапр., баваўняная, харч., аўтазборчая, дрэваапр. і лесапільная. Чыгуначныя і суднарамонтныя прадпрыемствы. Традыц.вытв-сць упрыгожанняў з золата і серабра, шаўковых і ганчарных вырабаў, апрацоўка каштоўных камянёў, разьбярства па дрэве. Цэнтр кінапрамысловасці краіны. Ун-т. Культ. і рэліг.цэнтр.Арх. помнікі 19 ст.: каралеўскі палац (знішчаны ў 1944, адноўлены), цытадэль, кіт. пагады, будыйскія манастыры, раён з класічнай англ.калан. архітэктурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штотыднёвае выданне Магілёўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1883—1917 у Магілёве на рус. мове. Прызначаліся для Магілёўскай правасл. епархіі. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі, у неафіц. — матэрыялы царк.-гіст. характару: пра дзейнасць брацтваў, царк.-прыходскіх школ і інш.навуч. устаноў, гіст. нарысы пра некаторыя манастыры, мемуарныя матэрыялы магілёўскіх святароў і інш. Змяшчалі метадычна-дыдактычныя рэкамендацыі правядзення работы з насельніцтвам. У 1991 «М.е.в.» адноўлены.