сістэма нясучай канструкцыі (або яе разліковая схема), якая характарызуецца прасторавым размеркаваннем мех. намаганняў у яе элементах. Падзяляюцца на масіўныя (напр., падмуркі, плаціны, станіны машын); танкасценныя (у выглядзе пласцін і абалонак); стрыжнёвыя (вежы, мачты, фермы мастоў, апоры ЛЭП і інш.); прасторавыя каркасы (складаюцца з калон і рыгеляў, звязаных у рамныя злучэнні). П.с. геаметрычна нязменныя, што забяспечвае іх эфектыўнасць (эканамічнасць), аднак іх буд-ва патрабуе складаных разлікаў. Гл. таксама Камбінаваная сістэма, Плоская сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРАДА́ЦЫЯ ГЛЕБ,
вяртанне глебаўтваральных працэсаў да папярэдняй стадыі. Напр., пад уздзеяннем асушальнай меліярацыі ў мінер. глебах працэсы забалочвання спыняюцца, іх змяняюць працэсы, якія фарміруюць аўтатрофныя глебы, але пры іх паўторным устойлівым залішнім увільгатненні зноў развіваецца забалочванне. Р.г. адбываецца на ўзараных схілавых эрадзіраваных глебах пры іх залужэнні; эрозія глебы спыняецца, урадлівасць яе аднаўляецца. Аднак некат. асушальныя мерапрыемствы і няправільнае с.-г. выкарыстанне зямель часам прыводзяць да неабарачальных працэсаў дэградацыі глебы, і ворныя землі ператвараюцца ў непрыдатныя (Р.г. не адбываецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З АБАРО́НЫ РАДЗІ́МЫ І СВАБО́ДЫ»,
падпольная афіцэрская арг-цыя ў Расіі ў 1918; мела на мэце скінуць сав. ўладу і ўстанавіць у краіне ваен. дыктатуру. Засн. ў Маскве ў сак. 1918, кіраўнік — Б.В.Савінкаў. Меў аддзяленні ў Казані, Яраслаўлі і інш. гарадах. Саюз фінансаваўся Антантай. Арышты яго членаў органамі ВЧК у маі 1918 сарвалі выступленні ў Маскве і Казані. Аднак у ліп. 1918 саюз узняў антысав. мяцяжы ў Яраслаўлі, Рыбінску, Мураме, Ялацьме. Пасля іх разгрому спыніў існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ІРА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 18—19 ст.,
войны паміж Расіяй і Іранам за панаванне ў Закаўказзі і Прыкаспіі. У 18 ст. грузіны, армяне і азербайджанцы імкнуліся знайсці саюзнікаў, каб пазбавіцца ад іранскіх і тур. заваёўнікаў і вярнуць захопленыя імі землі. Рас. войскі ажыццяўлялі перс. паходы ў 1722—23 і 1796, аднак адчувальных поспехаў яны не мелі.
У 1801—04 да Расіі добраахвотна далучаны асн.ч.груз. і ч.азерб. зямель. З мэтай замацавання сваіх пазіцый у Закаўказзі рас. войскі ў 1804 сталі прасоўвацца на У; пачалася вайна 1804—13. У адказ іранскія войскі пачалі ваен. дзеянні на двух напрамках — Ерэванскім і Гянджынскім. У сувязі з пачаткам рус.-тур. вайны 1806—12 (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.) рас. камандаванне вымушана было зімою 1806 заключыць перамір’е з Іранам. Аднак перагаворы аб міры ішлі марудна. У 1808 ваен. дзеянні аднавіліся, у ходзе якіх рас. войскі занялі Паўн. Азербайджан. І толькі пагроза вайны з напалеонаўскай Францыяй прымусіла рас. камандаванне ў 1812 пачаць зноў перагаворы аб міры, якія былі перарваны іранскім бокам пасля таго, як войскі Напалеона І уступілі ў Маскву. Аднак паспяховыя дзеянні рас. войск у Закаўказзі прыпынілі наступленне іранскай арміі і прымусілі Іран у кастр. 1813 заключыць Гюлістанскі мірны дагавор 1813, паводле якога было прызнана далучэнне да Рас. імперыі Дагестана, Грузіі і Паўн. Азербайджана. Іран сістэматычна парушаў умовы Гюлістанскага дагавора і патрабаваў ад Расіі вярнуць страчаныя ім тэрыторыі. Іран, падбухтораны Англіяй і Турцыяй, у ліп. 1926 пачаў ваен. дзеянні супраць Расіі; пачалася вайна 1826—28. Рас. армія пад камандаваннем А.П.Ярмолава, а з сак. 1827 — І.Ф.Паскевіча атрымала шэраг перамог, заняла Нахічэвань, Ерэван, Тэбрыз. Гэта прымусіла кіраўніцтва Ірана заключыць Туркманчайскі дагавор 1828, паводле якога да Расіі далучана Усх. Арменія. У выніку Р.-і.в. за Рас. імперыяй было замацавана Закаўказзе і Дагестан.
Літ.:
Очерки новой истории Ирана (XIX — нач. XX в.). М., 1978;
Фадеев А.В. Россия и Восточный кризис 20-х гг. XIX в. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1875—78,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць тур. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Пачалося 5.7.1875 як пратэст супраць павелічэння падаткаў. Хутка ахапіла амаль усю Герцагавіну, у жн.—вер. пашырылася на многія раёны Босніі. Узброеныя паўстанцы (10—12 тыс.чал., пераважна сяляне) блакіравалі шэраг тур. крэпасцей, занялі іх умацаваны апорны пункт Цішкавац, у ліст. разбілі тур. атрады каля г. Муратовіч. Праходзіла пад лозунгамі перадачы зямлі сялянам, далучэння Босніі да Сербіі, Герцагавіны — да Чарнагорыі і інш. Паўстанне падтрымала еўрап. грамадскасць (у жн. 1875 у Парыжы створаны Міжнар.к-т дапамогі паўстанцам). У ім удзельнічалі добраахвотнікі з Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Балгарыі, Італіі і Расіі (у складзе апошніх была група бел. гімназістаў з Магілёва на чале з А.Лепяшынскім). Далейшым поспехам паўстанцаў садзейнічалі вайна Сербіі і Чарнагорыі супраць Турцыі (1876) і рус.-тур. вайна 1877—78. Аднак пасля паражэння сербскай і чарнагорскай арміі тур. ўрад перакінуў буйныя сілы ў Боснію і Герцагавіну, і да жн. 1877 паўстанне ў асноўным задушана; рэшткі паўстанцкай арміі перайшлі да партыз. дзеянняў. Паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878, які завяршыў рус.-тур. вайну, Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію, аднак паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 яны анексіраваны Аўстра-Венгрыяй, што пазней выклікала Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1882.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГО́ (франц. argot),
разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца вузкай сацыяльнай групай людзей з мэтай моўнага адасаблення, адна з формаў існавання мовы. У шырокім сэнсе арго — любыя разнавіднасці прафесійнага нелітаратурнага маўлення (арго лётчыкаў, паляўнічых і інш.). Нярэдка пад арго разумеюць маўленне дэкласаваных і крымінальных элементаў. Да арго адносяць тайныя мовы. Тэрмін «жаргон» таксама абазначае сац. разнавіднасць маўлення. Аднак у адрозненне ад арго жаргоны выкарыстоўваюцца больш шырокімі сац. і ўзроставымі групамі насельніцтва.
Літ.:
Жирмунский В. Национальный язык и социальные диалекты. Л., 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БІНА, індывід,
найменшая непадзельная адзінка біял. віду, якая знаходзіцца пад уздзеяннем фактараў эвалюцыі. Паняцце «асобіны» дастасуецца толькі да вышэйшых арганізмаў; для каланіяльных, сімбіятычных і арганізмаў з вегетат. размнажэннем яно ўмоўнае. У панміктычных відаў (якія свабодна скрыжоўваюцца) кожная асобіна — унікальная істота з уласнай генетычнай структурай, элементарная адзінка існавання ў біяцэнозе. У агамных відаў (з бясполым размнажэннем) кожная асобіна — самавытворная адзінка. У генет. сэнсе асобіна — часовы (ад нараджэння да смерці) носьбіт толькі часцінкі агульнага генафонду папуляцыі (віду), аднак яна актыўна ўдзельнічае ў эвалюцыйным працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬ, капялюш,
мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1768.
Заключаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 6 сак. ў Варшаве па патрабаванні рас. боку ва ўмовах заняпаду Рэчы Паспалітай. Урад Кацярыны II выкарыстаў пытанне аб раўнапраўі дысідэнтаў-некатолікаў — праваслаўных і пратэстантаў — для ўмяшання ва ўнутр. справы Польшчы. Паводле дагавору дысідэнты атрымлівалі роўныя з каталікамі правы, аднак захоўваліся асн. законы Рэчы Паспалітай (выбарнасць караля, ліберум вета і інш.). Варшаўскі дагавор садзейнічаў далейшаму аслабленню краіны і забяспечваў паліт. панаванне царызму ў Польшчы.
Вынікам Варшаўскага дагавора было стварэнне Барскай канфедэрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА ЯРАПО́ЛЧЫЧ,
князь драгічынскі і нурскі 12 ст. Сын бужскага кн. Яраполка Ізяславіча. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1182 як валадар гарадоў Драгічын і Нур на р.Зах. Буг. Захапіў Бярэсце (Брэст) у мінскага кн. Уладзіміра Валадаравіча, аднак той з дапамогай полацкіх войск вярнуў горад і ўварваўся ва ўладанні Васількі. Тады Васілька Яраполчыч ўцёк да цесця, польскага кн. Лешка, з яго дапамогай вярнуў свае землі, але быў выгнаны ўладзіміра-валынскім кн. Раманам Мсціславічам.