СІНАЙКІ́ЗМ (грэч. synoikismos ад synoikizō разам засяляю),

у старажытных дзяржавах (Грэцыі, Рыме і інш.) працэс зліцця некалькіх раней самастойных паселішчаў ці гарадоў у адзіны поліс. У выніку С. паступова ліквідавалася племянная раздробленасць, узнікалі органы цэнтр. кіравання, узмацнялася эканам. адзінства і ваен. магутнасць раней адасобленых плямён і абшчын. Найб. вядомы С. 12 абшчын Атыкі, якія аб’ядналіся пад уладай Афін (13—7 ст. да н.э.). У выніку С. плямён лацінаў, сабінаў і этрускаў узнік Стараж. Рым (6 ст. да н.э.).

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАКУНЫ́ (Cicindela),

род жукоў сям. жужаляў (вылучаюць і падсям. С. — Cicindelinae). Каля 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць на травяністых месцах, на пяску. Перамяшчаюцца скачкападобнымі пералётамі (адсюль назва). На Беларусі адзіны від — С. пясчаны, або арэнарыя (C. arenaria), занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 6,5—22 мм. Цела ярка афарбаванае, пераважна з белым малюнкам на надкрылах. Галава вял., вочы пукатыя, сківіцы серпападобныя. Дзённыя драпежнікі, кормяцца пераважна насякомымі.

Скакуны: 1 — пурпуровы; 2 — шасцікрапінкавы; 3 — пясчаны, або арэнарыя; 4 — лічынка.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАСТА́ЎНІЦКІ САЮ́З МІ́НСКАГА ПАВЕ́ТА,

прафесіянальна-паліт. арг-цыя бел. настаўнікаў у крас.—ліп. 1920 у Мінску. У кіраўніцтва саюза ўваходзілі Я.​Бурвель (старшыня), С.​Булат, Я.​Шнаркевіч, П.​Зарэмба і інш. Выступаў за арг-цыю бел. школьніцтва ў павеце, беларусізацыю нар. асветы, паліт. і сац. абарону бел. настаўнікаў, матэрыяльную дапамогу бедным дзецям, за аб’яднанне бел., польск., яўр. і т.зв. рускамоўных настаўніцкіх арг-цый Мінскага пав. ў адзіны настаўніцкі саюз і інш. Спыніў дзейнасць з прыходам Чырв. Арміі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАМА́НСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг на Пн Індыйскага ак. паміж Бенгальскім зал. і Андаманскім морам. Працягласць з Пн на Пд 350 км. Частка саюзнай тэр. Індыі (Андаманскія і Нікабарскія астравы). Пл. 6,5 тыс. км². Самыя вял. а-вы: Паўн. Андаман, Сярэдні Андаман, Паўд. Андаман, М. Андаман. Андаманскія астравы — вяршыні падводнага горнага ланцуга на прадаўжэнні хр. Ракхайн (з вулканамі Барэн і Наркандам), месцамі акаймаваны рыфамі. Нізкагорны расчлянёны рэльеф, выш. да 732 м (г. Садл-Пік). Клімат трапічны, мусонны. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Адзіны горад — Порт-Блэр.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНА, сарна (Rupicapra rupicapra),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Адзіны від роду; 8—9 падвідаў. Пашыраны ў гарах Еўропы і М. Азіі.

Даўж. цела да 140 см, выш. да 85 см, маса да 50 кг. Маюць кручкападобныя рогі даўж. 7—10 см. Шэрсць зімой доўгая, густая, чорна-бурая; летам кароткая, рыжая. Корміцца горнай травяністай расліннасцю, галінкамі кустоў, дрэў і лішайнікамі. Нараджае 1, зрэдку 2—3 дзіцянят. Аб’ект палявання і развядзення у некат. месцах здабыча забаронена.

Серна: 1 — самец; 2 — самка.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ДАВАЧНІК (Phacochoerus aethiopicus),

млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.

Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).

Бародавачнік.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́СА, карэта сапраўдная (Eretmochelys imbricata),

паўзун сям. марскіх чарапах. Адзіны від роду, 2 падвіды: адзін у Атлантычным ак. і Міжземным м., другі ў Ціхім і Індыйскім акіянах.

Даўж. панцыра 80—90 см. Рагавыя шчыткі панцыра маладых асобін чарапіцападобна налягаюць адзін на адзін, у дарослых спінны шчыт гладкі. Размнажаюцца на сушы. Самкі ў глебу адкладваюць 150—200 яец. Кормяцца малюскамі, асцыдыямі, членістаногімі, водарасцямі. З рагавых шчыткоў бісы — «карэй» (адсюль другая назва) робяць чарапахавыя вырабы; мяса і яйцы выкарыстоўваюць у ежу. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Біса.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЯ́ДЫ,

дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў 661—750. Паходзілі з роду Амея араб. меканскага племені курэйшаў. Заснавальнік Муавія I, які ўзначаліў Арабскі халіфат пасля забойства апошняга з першых чатырох праведных халіфаў Алі ібн Абі Таліба.

Найб. значныя прадстаўнікі Амеядаў: Абд аль-Малік [685—705] і яго сыны Валід I [705—715], Сулейман [715—717], Ясід II [720—724], Хішам ібн Абд аль-Малік [724—743]. Пры Амеядах створана буйная дзяржава — Амеядаў халіфат, працягваліся араб. заваяванні. У 750 скінуты Абасідамі. Адзіны ўцалелы з Амеядаў Абдарахман I уцёк у Іспанію і заснаваў там дынастыю Кардоўскіх Амеядаў (гл. Кардоўскі эмірат).

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛУ́ХА (Delphinapterus leucas),

млекакормячае падатр. зубатых кітоў сям. дэльфінавых. Адзіны від роду. Пашырана ў морах Арктыкі і ў прылеглых Берынгавым і Ахоцкім морах. У вельмі суровыя зімы трапляецца каля берагоў Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, заходзіць у Балтыйскае м.

Даўж. да 6 м, маса да 2 т. Галава круглаватая, невялікая. Афарбоўка цела ў дарослых белая або жоўтая, у маладых шэрая і блакітная. Корміцца рыбай і ракападобнымі, у пагоні за рыбай заходзіць у рэкі. Добра пераносіць няволю. Важны прамысл від. Цэніцца за моцную скуру і высакаякасны тлушч.

Бялуха.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНЫ́ ПАВУ́К (Argyroneta aquatica),

адзіны від павукоў аднайм. сямейства. Некат. даследчыкі адносяць вадзянога павука да сям. лейкавых. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Жыве ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах.

Даўж. цела да 20 мм, самцы буйнейшыя за самак. У вадзе валасістае брушка абкружана захопленым з паверхні паветрам, якім ён дыхае, і блішчыць накшталт кроплі ртуці. Самка будуе з павуціны шчыльнае гняздо ў выглядзе каўпака велічынёй з напарстак, напаўняе яго паветрам. Гняздо — месца размнажэння і паядання здабычы. Корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, маляўкамі рыб.

Самец вадзянога павука.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)