КАРПА́ЦКІХ КУРГАНО́Ў КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 2 — пач. 6 ст., помнікі якой пашыраны на тэр. Чарнавіцкай, Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абл. Украіны і Румыніі. Помнікі яе даследаваліся з 1880-х г. Выяўлены рэшткі наземных паўзямлянкавых жытлаў, пахаванні з абрадам трупаспалення, шматлікія прадметы побыту. Носьбіты культуры — аселыя земляробча-жывёлагадоўчыя плямёны, якія, відаць, былі продкамі харватаў, што згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў».

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДА́САВА (Марыя Мікалаеўна) (14.2. 1915, в. Ніжняя Мазаўка Тамбоўскай вобл., Расія — 29.9.1997),

расійская спявачка. Нар. арт. Расіі (1958). Нар. арт. СССР (1981). Герой Сац. Працы (1987). У 1943—72 вядучая салістка Варонежскага рус. нар. хору, пазней — Варонежскай абл. філармоніі. Самабытная выканальніца, збіральніца і аўтар шматлікіх нар. песень і прыпевак (больш за 300, многія змешчаны ў зборніках песень).

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Вілейскай вобл. Цэнтр — в. Пліса, з 1950 — в. Падсвілле. Пл. раёна 1 тыс. км² (1941). 12.10.1940 падзелены на 18 сельсаветаў. З 20.9.1944 П.р. у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 25.12.1962 раён скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Глыбоцкі і Міёрскі р-ны.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КІ АБЛАСНЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,

буйныя рэгіянальныя універсальныя б-кі сістэмы Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь. Выконваюць функцыі: абласных дэпазітарыяў, гал. навукова-метадычных, каардынацыйных і інтэграцыйных цэнтраў для б-к вобласці, з’яўляюцца цэнтрамі па збіранні і захоўванні краязн. матэрыялаў, выданняў мясц. друку. Уваходзяць у аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь, абслугоўваюць усе катэгорыі насельніцтва. Камплектуюцца праз бібліятэчныя калектары, кнігарні, унутрырэспубліканскі і міжнар. кнігаабмен. У іх фондах навук. і навукова-папулярная л-ра універсальнай тэматыкі, даведачна-інфарм. выданні, маст. творы айч. і замежных аўтараў. Напачатку створаны як філіялы аб’яднанай Бел. дзярж. і універсітэцкай б-кі (гл. Бібліятэка нацыянальная Беларусі) у Віцебску (1925), Магілёве (1928), Гомелі (1933); у 1938 яны рэарганізаваны ў самаст. абл. бібліятэкі. Абласнымі сталі Мінская б-ка імя Пушкіна (1938) і Гродзенская (1945); у 1940 створана абл. б-ка ў Брэсце. Сукупны фонд бібліятэк абласных Беларусі на 1.1.1995 — 4,5 млн. экз. кніг і інш. носьбітаў інфармацыі.

В.​А.​Сабалеўская.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГО́МЕЛЬСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Гомелі ў 1923 як губ. архівасховішча, з 1927 Гомельскі акр. дзярж. архіў, з 1930 Гомельскае аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР, з 1933 Паўд.-Бел. аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР, з 1936 Гомельскае аддзяленне Цэнтр. дзярж. архіваў БССР, з 1938 Гомельскі абл. архіў, з 1941 Дзярж. архіў Гомельскай вобл. На 1.1.1997 у архіве 2766 фондаў, 450 тыс. спраў з 1917. Зберагае дакументы губ., пав., валасных, акруговых, абл., гар., раённых і сельскіх арг-цый, устаноў і прадпрыемстваў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць на тэр. вобласці. Сярод іх фонды органаў улады і кіравання, устаноў фінансавання, планавання і кантролю, аховы здароўя, культуры і інш., матэрыялы пра эканам. стан вобласці, развіццё сельскай гаспадаркі, адм.-тэр. падзел. Дакументы на бел., рус., польск. і яўр. мовах.

Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; інфарм.-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў.

А.​Дз.Карасёў.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА БЕЛАРУ́СЬ (Generalbezirk Weissruthenien),

ваенна-адм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.​Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр. БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш. акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы.

А.​М.​Літвін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬЧЫК (Міхаіл Станіслававіч) (н. 12.8.1943, в. Падлясейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971), стажыраваўся ў Вял. драм. т-ры ў Ленінградзе. Працаваў рэжысёрам у драм. т-рах: Брэсцкім абл. (1971—75), Дзярж. рускім Беларусі (1976—82), гал. рэжысёрам Магілёўскага абл. т-ра драмы і камедыі ў Бабруйску (1982—88). К. характэрна псіхал. распрацоўка сцэн. характараў, імкненне да яркай выразнай формы спектакля. Сярод пастановак: «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона (абедзве 1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка, «Званіце і прыязджайце» паводле А.​Алексіна (абедзве 1972), «Лазня» У.​Маякоўскага (1974), «Амаральная гісторыя» Э.​Брагінскага і Э.​Разанава (1979), «Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна (1980), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1981), «Лесвіца ў неба» паводле М.​Слуцкіса (1982), «Злавеснае рэха» А.​Петрашкевіча (1984), «Чалавек і джэнтльмен» Э. дэ Філіпа (1987), «Як цары жылі» А.​Кудраўцава (1988) і інш.

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАПТУ́Р (Ніна Фёдараўна) (8.1.1916, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.5.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла тэатр. студыю рабочай моладзі ў Днепрапятроўску (1933). Працавала ў т-рах Крывога Рога, Сумаў, Адэсы, Куйбышава. З 1951 у ансамблі аперэты пры Белдзяржэстрадзе, з 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Выконвала ролі субрэтак, «каскадных», камічных старых (у т-ры музкамедыі) і вострахарактарныя (у т-ры драмы і камедыі). Творчую манеру вылучалі выразнасць формы, умелае выкарыстанне гратэску. Сярод лепшых роляў: у т-рах аперэты і музкамедыі — Софія, Гарпіна Дармідонтаўна («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), мадам Арно і Караліна («Фіялка Манмартра» і «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Амалія («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры драмы і камедыі — Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Ханума («Ханума» А.​Цагарэлі), Сенатарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ГАЎТ ((Kohout) Павел) (н. 20.7.1928, Прага),

чэшскі пісьменнік, драматург. Працаваў культ. аташэ ў Маскве (1949—50), гал. рэдактарам гумарыстычнага час. «Dikobraz» («Дзікабраз»), Удзельнік дысідэнцкага руху 1960—70-х г. З 1979 у Аўстрыі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паліт. і лірычных вершаў «Вершы і песні» (1952), «Час кахання і барацьбы» (1954). Крытычны пафас характэрны для п’есы «Такое каханне» (1957; паст. Гродзенскім абл. драм. т-рам і Бел. т-рам імя Я.​Коласа ў 1958, Магілёўскім абл. драм. т-рам у 1962), сатыр. рамана «Катыня» (1978), аўтабіягр. раманаў «З дзённіка контррэвалюцыянера» (1969), «Дзе закапаны сабака» (1987); маральная праблематыка ў п’есах «Добрая песня» (1952), «Жнівень, жнівень, жнівень» (1968). Аўтар п’ес «Марыя ў змаганні з анёламі» (1981), «Ecce Constantia» (паст. 1990), рамана «Канец вялікіх канікул» (1990), сатыр. апавяданняў, артыкулаў пра л-ру і т-р. На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў М.​Калачынскі. Дзярж. прэмія Аўстрыі 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Хорошая песня. М., 1957;

[Вершы] // Антология чешской поэзии. М., 1959. Т. 3.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАПО́ЛАЦК,

горад абл. падпарадкавання ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе Зах. Дзвіны. За 6 км на ПнЗ ад г. Полацк, за 12 км ад чыг. ст. Полацк на лініі Віцебск—Рыга. Таварная чыг. станцыя. 106,6 тыс. ж. (2000).

Узнік у 1958 у сувязі з буд-вам нафтахім. прамысл. комплексу. З 22.10.1959 р. п. Полацкі, з 14.12.1963 горад абл. падпарадкавання, атрымаў назву Н. Пры буд-ве горада і заводаў знесена 30 вёсак 40,1 тыс. ж. у 1970. У перспектыве плануецца зліццё Н. з Полацкам.

Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтай», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Наваполацкі завод «Вымяральнік», прадпрыемства па транспарціроўцы нафты «Дружба», з-ды жалезабетонных вырабаў, «Нафтазаводмантаж», хлебазавод. У горадзе Полацкі універсітэт, Наваполацкі палітэхнікум, 2 ПТВ (нафтахіміі і будаўнікоў), муз. вучылішча, Цэнтр нац. культуры і рамёстваў, Музей гісторыі і культуры горада Наваполацка. Помнікі: воінам-вызваліцелям, на месцы першай палаткі будаўнікоў горада, Курган прац. славы.

Наваполацк. Жылыя дамы па вуліцы Паркавай.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)