Даецца чалавеку пры нараджэнні і служыць сродкам індывідуалізацыі асобы ў грамадскім жыцці. Права на І. — неад’емнае права грамадзяніна, замацаванае Міжнар. пактам аб грамадз. і паліт. правах 1966. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін набывае і ажыццяўляе правы і абавязкі пад сваім імем, якое ўключае прозвішча і ўласна L, а таксама І. па бацьку. У выпадках і парадку, прадугледжаных законам, грамадзянін можа выкарыстаць псеўданім, перамяніць І. Грамадзянін, які памяняў І., мае права патрабаваць унясення за свой кошт адпаведных змен у дакументы, аформленыя на яго ранейшае І. Атрыманае грамадзянінам І. пры нараджэнні, а таксама перамена яго, падлягаюць рэгістрацыі ў органах ЗАЦСа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЛЯ-ПРО́ДАЖ,
у цывільным праве адзін з найб. пашыраных дагавораў, паводле якога адзін бок (прадавец) абавязваецца перадаць рэч (тавар) ва ўласнасць другому боку (пакупніку), а пакупнік — прыняць гэту маёмасць і заплаціць за яе пэўную грашовую суму. Дагавор К.-п. адносіцца да ліку платных дагавораў, прадметам якіх з’яўляюцца рэчы (маёмасць). У адпаведнасці з цывільным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадметам К.-п. могуць быць таксама маёмасныя правы. Асобымі відамі дагавораў К.-п. з’яўляюцца дагаворы пастаўкі, кантрактацыі, забеспячэння энергетычнымі і інш. рэсурсамі, продажу нерухомасці і інш. Парадак заключэння дагавораў К.-п., іх формы, абавязкі бакоў і іх адказнасць за выкананне ўмоў гэтых здзелак рэгулююцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАРА́Н (Роберт Седракавіч) (н. 31.8.1954, г. Ханкэнды, Нагорны Карабах),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі. Скончыў Ерэванскі політэхн.ін-т (1982). У 1980—88 на камсамольскай і парт. рабоце ў Нагорным Карабаху. З лют. 1988 адзін з удзельнікаў руху за незалежнасць Нагорнага Карабаха, адзін са стваральнікаў (1989) і кіраўнік грамадска-паліт. арг-цыі «Міяцум» («Уз’яднанне»). З 1989 дэп. Вярх. Савета Арменіі, адначасова (з 1997) дэп. Вярх. Савета Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). У 1992—94 прэм’ер-міністр НКР, выконваючы абавязкі старшыні Дзярж.к-та абароны НКР. Са снеж. 1994 прэзідэнт НКР. З сак. 1997 прэм’ер-міністр Арменіі. З сак. 1998 прэзідэнт Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСТО́ЎСКІ В. (сапр.Хвашчынская Надзея Дзмітрыеўна; 1.6.1824, Пронскі пав. Разанскай губ., Расія — 20.6.1889),
руская пісьменніца. Друкавалася з 1842. У вершах 1840-х г. (апубл. пад прозвішчам Хвашчынская) праявіліся грамадз. матывы і тэндэнцыі. Аўтар трылогіі «Правінцыя ў былыя гады» (1853—56), раманаў «Выпрабаванне» (1854), «Барытон» (1857), «Сустрэча» (1860), «Вялікая Мядзведзіца» (1870—71) і інш., аповесцяў «Ганна Міхайлаўна» (1850), «Вясковы выпадак» (1853; у вершах), «Вясковая гісторыя» (1855), «Братка» (1858), «Дамашняя справа» (1864), «Першая барацьба» (1869), «Абавязкі» (1885—86) і інш. У яе творчасці адчувальны ўплыў пісьменнікаў-дэмакратаў, блізкіх да М.Г.Чарнышэўскага. Выступала як літ. крытык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНЫ СТАТУ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны нарматыўны акт, які вызначае задачы вет. службы, асновы арганізацыі вет. мерапрыемстваў. З’яўляецца часткай Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе». Зацверджаны ў 1995.
Змяшчае асн. палажэнні па кіраванні вет. справай і арганізацыі вет. абслугоўвання жывёлагадоўлі, рэгламентуе правы і абавязкі службаў і спецыялістаў. У статуце выкладзены вет.-сан. правілы для жывёлагадоўчых фермаў, каранцінныя і інш. абавязковыя меры па ліквідацыі заразных хвароб жывёлы і птушкі, спец. патрабаванні, якія дзейнічаюць пры нарыхтоўках, перагоне, перавозках і забоі жывёлы, і правілы вет.-сан. нагляду за прадуктамі і сыравінай жывёльнага паходжання, меры аховы тэрыторыі рэспублікі ад заносу заразных хвароб жывёлы з замежных краін, парадак імпарту і экспарту жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі. Гл. таксама Ветэрынарна-санітарны нагляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЗНЫ,
службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст.абавязкі вознага выконваў віж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУ́ДНЫ,
абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБНА́Я РЭФО́РМА,
рэформа мясц. кіравання ў Расіі ў 16 ст. У ходзе яе на тэр.губы створаны органы самакіравання — губныя ўстановы, арганізацыю і кампетэнцыю якіх вызначалі губныя граматы (вядомы з 1539) і наказы. Складаліся з губных хат, на чале стаялі 2 губныя старосты, якім дапамагалі губныя цалавальнікі і паліцэйскія чыны, справаводства вялі дзячкі. Падпарадкоўваліся Разбойнаму прыказу. Губныя ўстановы вялі расследаванне асабліва небяспечных крымінальных злачынстваў, практыкавалі павальныя вобыскі і допыты, часта ўжывалі катаванні, а ў адносінах да вінаватых — смяротную кару і жорсткія пакаранні. З 2-й пал. 16 ст. губныя старосты выконвалі і адм.абавязкі (адвядзенне зямель, межаванне і інш.). Пасля ўвядзення ў пач. 17 ст. ваяводскага кіравання, губныя ўстановы паступова пераходзілі пад кантроль ваявод. У 1669—84 скасаваны часова, у 1702 — канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),
1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).
2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЯ, таможня,
дзярж. орган, праз які ўводзяцца ў краіну і вывозяцца з яе тэрыторыі імпартныя і экспартныя тавары, а таксама багаж, паштовыя адпраўленні і інш. грузы. У Рэспубліцы Беларусь М. з Дзярж. мытным к-там і інш. мытнымі органамі ўваходзяць у адзіную сістэму дзярж кіравання. Стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя М. ажыццяўляюцца Дзярж. мытным к-там. Парадак і ўмовы праходжання службы ў М. рэгламентуецца Палажэннем, якое зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, правы і абавязкі службовых асоб М. вызначаны Мытным кодэксам Рэспублікі Беларусь. На тэр. Беларусі дзейнасць М. вядома з часоў ВКЛ, адкуль паходзіць назва «М.» (ад мыта, або цло — пошліны, якую збіралі з купцоў і інш. гандляроў за ўвоз і вываз тавараў ці правоз іх па тэр. краіны). Размяшчалася ў каморы.