ПРО́ЗАРЫ,

шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. З літ. баяр, у 18 ст. прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Найб. вядомыя:

Юзаф (14.3.1723, Бобцін у Жамойці — 22.10.1788), сын Станіслава, ген.-маёр (1762), віцебскі кашталян ў 1774—81 і ваявода ў 1781—87; чл. Пастаяннай Рады з 1776, староста ковенскі з 1762. Кароль (паміж 1759 і 1761—1.11.1841), сын Юзафа, вял. абозны ВКЛ у 1787—92, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1787. У час паўстання 1794 прызначаны Т.​Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкавана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага). Пасля задушэння паўстання да 1802 у эміграцыі. У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (старшыня Скарбовага к-та). Да 1814 у эміграцыі. З 1821 у Патрыятычным таварыстве, чл. правінцыяльнага к-та Літвы. У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў (вызвалены ў 1829). Ігнацы Каэтан (да 1769 — каля мая 1807), сын Юзафа. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1788. Ротмістр войска ВКЛ (1791), удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 ген.-маёр у Ковенскім пав.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 13, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.

Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныя заганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.

На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.

Літ.:

Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;

Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.

І.М.Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАВІЧЫ,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Цітаўка, на аўтадарозе Мінск—Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на У ад г. Мар’іна Горка, 65 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Пухавічы. 2236 ж., 882 двары (2001). Прадпрыемства водна-гасп. сістэм, лясніцтва, дрэваапр. цэх, рамонтна-буд. ўчастак. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат. быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ваеннапалонных і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. За 2 км ад вёскі дом адпачынку «Пухавічы».

Вядомы з сярэдзіны 16 ст. як прыватная вёска Мінскага пав. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. З канца 18 ст. ўласнасць Сулістроўскіх, Фрыбесаў, Эсткаў, Ваньковічаў. У 1886—860 ж., 73 двары. царква (з 1874), нар. вучылішча (з 1863), 3 сінагогі, 2 піваварні, 26 крам, 4 кірмашы на год. У пач. 20 ст. ў мястэчку 2225 ж., 418 двароў. У 1905 адбылося рэв. выступленне насельніцтва. У 1922—58 працавала бальніца. У 1924—25 цэнтр Пухавіцкага раёна. З 1938 вёска.

А.​А.​Прановіч.

т. 13, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВО́ДДЗЕ,

адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач. сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас. р. Нёман (канец крас.пач. мая), найпазней у бас. р. Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАІ́НЧЫК (Васіль Пятровіч) (н. 7.3.1950, в. Чарапы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Засл. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю па кл. фп. (1974, кл. В.​Шацкага) і кампазіцыі (1981, кл. Я.​Глебава). З 2000 праф. Бел. ун-та культуры. З 1974 маст. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Верасы», адначасова з 1998 маст. кіраўнік дзіцячага ансамбля «Верасяты»; з 1997 муз., з 2000 маст. кіраўнік маладзёжнага т-ра эстрады пры Бел. ун-це культуры. Выканаўца і аўтар шматлікіх твораў на фп., электронных муз. інструментах. Стварыў шэраг стылявых інтэрпрэтацый, аранжыровак, электронных кампазіцый, якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры. Піша музыку для сімф. аркестра, эстрады, камерна-інстр. творы, песні. Сярод твораў: балет «Крылы над Расіяй» (паст. 1987); араторыя «Хлапчыш-Кібальчыш» (сл. У.​Някляева, 1984); арк. музыка — для сімф. арк. «Сімфанічныя варыяцыі» (1980), для эстр. арк. «Варыяцыі», «Балеро», «Карнавал» (усе 1984); п’есы для электронных інструментаў «Назад да зорак» (1985), «Жыццё артыста» (1986); музыка да спектакля «Голы кароль» (1993); песні, у т. л. «Зорка кахання», «Горад юнацтва», «Так не бывае». Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

А.​У.​Валадковіч.

В.П.Раінчык.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАН (Boston),

горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Масачусетс. 551,7 тыс. ж.; у агламерацыі (Вялікі Бостан) — 4,17 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт пры ўпадзенні р. Чарлз у зал. Масачусетс Атлантычнага ак. Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал. прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр. У Бостане — праўленні буйных страхавых кампаній, банкаў і прамысл. карпарацый. Прамысловасць: прыладабудаванне, у т. л. вытв-сць кантрольна-вымяральных і навук. прылад, мед. інструментаў, фотатэхнікі (фірма «Паляроід»); радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, мед. апаратуры, электронных кампанентаў), эл.-тэхн., аўтазборачная; вытв-сць прамысл. абсталявання, авіяц. дэталяў і вузлоў, авіяц. і суднавых рухавікоў; суднабудаванне і суднарамонт. Паліграф., гарбарна-абутковая, хім. (пераважна вытв-сць быт. хімікатаў), гумавая, лёгкая, харч. прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Гарвардскі (з 1636). Масачусецкі тэхнал. ін-т. Акадэмія мастацтваў і навук. Марскі акварыум.

Засн. ў 1630 пурытанамі — выхадцамі з Англіі. З 1632 сталіца калоніі Масачусетс, гал. порт і горад Новай Англіі, важны гандл., навук. і культ. асяродак. У 2-й пал. 18 ст. ў Бостане распачалася барацьба супраць каланіяльнай палітыкі Вялікабрытаніі (паўстанне гараджан супраць гербавага збору ў 1765, іх узбр. сутычка з англ. войскамі ў 1770, т.зв. «Бостанскае чаяпіцце» 1773), якая стала пралогам Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Гар. правы з 1822. З 1831 адзін з цэнтраў абаліцыянізму, страціў пазіцыі ў гандлі, але стаў значным асяродкам банкаўскай справы, тут утварыўся саюз капіталістаў-ранцье, т.зв. Бостанская фін. група. У 19—20 ст. адзін з партоў масавага прыбыцця імігрантаў, у т. л. беларусаў.

Мае радыяльную сістэму планіроўкі, шматлікія паркі, паўкальцо бульвараў (з 1898, план Ч.​Эліята). Сярод арх. помнікаў калан. перыяду: Дом сходаў (1729—30), Стары дом штата (1713; перабудаваны ў 1748), Фанейль-хол (1742—1805); пабудовы Ч.​Булфінча ў стылі класіцызму — Дом штата (Капітолій; 1795—98, перабудовы да 1914), Масачусецкі гал. шпіталь (1818—20) і інш.; гандл. будынак Куінсі-маркет (1825—26, А.​Парыс); Публічная б-ка (1888—95, неарэнесанс; размалёўкі П.​Пюві дэ Шавана, Дж.​С.​Сарджэнта і інш.); пабудовы Г.​Х.​Рычардсана ў духу раманскага дойлідства — царква Трыніты-чэрч (1873—77) і інш. Сучасны адм. цэнтр уключае Новую ратушу (1969), будынкі «Дж.​Ф.​Кенэдзі», адм. службаў аховы здароўя, прафілактыкі і асветы (1971, П.​Рудалф). Пабудаваны новы корпус гар. б-кі (1972, Ф.​Джонсан), будынак Блакітнага Крыжа (1960, Рудалф), аэрапорт (1971), сфарміравана Рыначная пл. (1976, Б.​Томпсан). Помнік-абеліск у гонар бітвы пры Банкер-Хіле (вып. 67 м, 1843) і інш. Бостанскі музей прыгожых мастацтваў.

Рака Чарлз у цэнтры Бостана.
Да арт. Бостан. Рыначная плошча. Арх. Б.​Томпсан. 1976.

т. 3, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,

галоўны дакумент мірнага ўрэгулявання пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Падпісаны паміж дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Брыт. імперыя, Францыя, Італія, Японія і інш. — усяго 26 дзяржаў) і Германіяй 28.6.1919 у Версалі. Умовы дагавора выпрацаваны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 без удзелу прадстаўнікоў Германіі. Вырашаў тэр., ваен., эканам. і інш. пытанні. Паводле дагавора Германія вяртала Францыі Эльзас-Латарынгію (у межах 1870), перадавала Бельгіі акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ (пасля плебісцыту), Даніі — Паўн. Шлезвіг (пасля плебісцыту), прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга, абавязвалася «строга паважаць» незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі адыходзіла ч. сілезскай тэр., да Польшчы — асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, большая ч. Зах. і ч. Усх. Прусіі, ч. Верхняй Сілезіі. Данцыг (Гданьск) з сумежнай тэрыторыяй ператвараўся ў «вольны горад» пад кіраваннем Лігі нацый і ўключаўся ў мытныя межы Польшчы, якая праз т.зв. Данцыгскі калідор (гл. Польскі калідор), што аддзяляў Усх. Прусію ад астатняй Германіі, атрымала выхад да Балт. мора. Мемель (Клайпеда) і сумежныя раёны пераходзілі пад кантроль Лігі нацый (у 1923 уключаны ў склад Літвы). Тэр. Германіі па левым беразе Рэйна і правы яго бераг на адлегласць у 50 км падлягалі дэмілітарызацыі. Саарскі вугальны бас. пераходзіў «у поўную і неабмежаваную ўласнасць» Францыі, а Саар заставаўся на 15 гадоў пад кіраваннем Лігі нацый з наступным плебісцытам. Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, сфер уплыву, уласнасці і прывілеяў за мяжой; яе калоніі падзелены (у форме мандатаў) паміж Францыяй, Японіяй, Бельгіяй, Партугаліяй, Вялікабрытаніяй і яе дамініёнамі. Сухап. армія Германіі скарачалася да 100 тыс. вольнанаёмных чал. (пры 4 тыс. афіцэраў), рэзка абмяжоўваўся надводны флот, забаранялася мець падводныя лодкі, ваен. і марскую авіяцыю. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавору прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторыі на З ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненыя ёю страты, што стварала прававую падставу для спагнання рэпарацыйных плацяжоў (агульны памер не вызначаны). Суму рэпарацый, якія Германія абавязвалася выплаціць за 30 гадоў, павінна была вызначыць спец. камісія да мая 1921. Забаранялася любое абмежаванне ўвозу ў Германію тавараў з краін-пераможцаў.

Дагавор набыў сілу 10.1.1920. ЗША пасля адмовы Сената ратыфікаваць Версальскі мірны дагавор падпісалі з Германіяй 25.8.1921 асобны мірны дагавор. Цяжкія ўмовы Версальскага мірнага дагавору выклікалі незадаволенасць многіх немцаў, у т. л. прагу рэваншу сярод правых сіл. Улады Веймарскай рэспублікі ў залежнасці ад паліт. сітуацыі праводзілі «палітыку выканання» або «палітыку катастроф» (сабатажу) дагавора. Канчаткова яго пункты перасталі выконвацца ва ўмовах пасіўнасці з боку вядучых дзяржаў Еўропы і ЗША пры нацыстах, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Літ.:

Ллойд Джордж Д. Правда о мирных договорах. Т. 1—2: Пер. с англ. М., 1957.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕБЯРЭ́ЗІНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на Пд Віцебскай і Пн Мінскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Мяжуе на ПнЗ са Свянцянскімі градамі, на ПнУ — з Ушацка-Лепельскім узв. і Чашніцкай раўнінай, на Пд — з Мінскім і Аршанскім узвышшамі, на З — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з Пн на Пд на 105 км, з З на У на

15—100 км. Абс. вышыні рэльефу пераважна 160—180 м, змяншаюцца на Пд да 155 м пры ўпадзенні р. Гаўя ў Бярэзіну. Пл. каля 2,5 тыс. км².

Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на ПдУ — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найб. пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў. Асн. рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі ледавіка Ашмянскага стадыялу і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення.

У рэльефе Верхнебярэзінскай нізіны пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазерскага ледавіка, які з Пн падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады раўніны. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на Пн), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі выш. да 5—7 м. На Пд Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вял. возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найб. высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з ПнЗ на ПдУ, яна сфарміравалася пасля адступання паазерскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу выш. 3—4 м. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Гал. рэкі: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна з Цной і Усяжай (справа), Чарніца, Сергуч, Вял. Рэчка, Жартайка (злева); Лукомка і Эса, вярхоўі Ушачы (бас. Зах. Дзвіны); Бярэзінская водная сістэма. На Верхнебярэзінскай нізіне шмат азёр — Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Вокана, Домжарыцкае, Лукомскае і Сялява. Сярэднія т-ры студз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя. Пад ворывам 20% тэр. У межах Верхнебярэзінскай нізіны Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.

Н.​К.​Кліцунова.

Верхнебярэзінская нізіна ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),

спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».

Літ.:

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.

Л.​В.​Паўлава.

Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,

сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.

Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.

З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.

Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)