АНФІЛА́ДА (франц. enfilade) у архітэктуры, шэраг паслядоўна прылеглых адно да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі, што пры адчыненых дзвярах стварае скразную перспектыву ўсіх інтэр’ераў, звязаных у адзіную арх.-пластычную сістэму.
Анфіладная планіроўка ўзнікла ў Стараж. Егіпце. Пашырана ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У яе аснове — прынцып стварэння пышна аздобленых інтэр’ераў з эфектам бясконцасці, глыбокай перспектывы арх. прасторы (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палац і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваецца ў буйных грамадзянскіх збудаваннях, пераважна музейных і выставачных (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Палац мастацтваў у Мінску і інш.). Анфіладай называюць таксама шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў (праспект Ф.Скарыны ў Мінску).
А.М.Кулагін.
Анфілада ў Жыліцкім палацы. Кіраўскі раён Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАНАСЕ́ВІЧ (Павел Андрэевіч) (н. 14.7.1929, в. Стараселле Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фізік. Акад. (1984, чл.-кар. 1980) АН Беларусі. Засл. дз. нав. Беларусі (1955). Д-рфіз.-матэм.н. (1974), праф. (1977). Скончыў БДУ (1954). З 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1987 дырэктар). Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы. Развіў тэорыю ўздзеяння магутнага выпрамянення на спектральна-аптычныя характарыстыкі атамаў і малекул, устанавіў шэраг заканамернасцяў узаемадзеяння патокаў святла ў розных асяроддзях, генерацыі звышкароткіх светлавых імпульсаў, вымушанага камбінацыйнага рассеяння. Распрацаваў шэраг метадаў нелінейнай спектраскапіі і кіравання параметрамі лазерных патокаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Дзярж. прэмія СССР 1982.
Тв.:
Таблицы распределения энергии и фотонов в спектре равновесного излучения. Мн., 1961 (разам з В.С.Айзенштатам);
Основы теории взаимодействия света с веществами. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КАЎ (Яўген Уладзіміравіч) (1.2.1869, в. Шамраеўка Сквірскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.9.1938),
украінскі гідролаг, гідрагеолаг; адзін з заснавальнікаў гідралогіі. Акад.АН Украіны (1929). Правадз.чл. УАСГНІЛ (1935). Праф. (1917). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1892). У канцы 19 — пач. 20 ст. працаваў на Беларусі ў складзе Заходняй экспедыцыі па асушэнні балотаў Палесся. З 1913 узначаліў работы па вывучэнні балотаў Палесся, інжынер-гідратэхнік Мінскай губ. Займаўся гідрагеал. вышуканнямі для водазабеспячэння Мінска. Выказаў меркаванне пра сувязь геал. структур Пд Беларусі з Дняпроўскай упадзінай на Украіне і інш. З 1926 дырэктар НДІ воднай гаспадаркі Украіны.
Тв.:
Режим речного стока в бассейне Верхнего Дпепра [до г. Киева]... Ч. 1—2. Спб., 1904—13;
Режим грунтовых вод в районе Полесья. Спб., 1914;
Праблема Вялікага Дняпра і асушэнне Палесся. Мн., 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НЬ,
горад у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Адроў. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарсавету. За 9 км ад Оршы, на аўтамаб. дарозе Орша—Коханава. 14,4 тыс.ж. (1995). Прадпрыемствы металаапр. і лёгкай прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяраў фашызму.
Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 належала кн. К.І.Астрожскаму. З 1598 мястэчка Аршанскага пав. У 1-й пал. 17 ст. ў Барані 38 дамоў. У 2-й пал. 19 ст. каля 300 ж., працавалі крухмальны з-д, млын, было нар. вучылішча (адкрыта ў 1871, 31 вучань). У 1873 тут заснаваны драцяна-цвіковы з-д. У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. З 1935 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 27.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 17.5.1972 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАШЫ́Н (Яўген Аляксеевіч) (17.1.1918, с. Уінскае Пермскай вобл., Расія — 5.7.1969),
матэматык. Акад.АН Беларусі (1966), д-рфіз.-матэм.н., праф. (1951). Скончыў Уральскі ун-т (1940). З 1943 ва Уральскім політэхн. ін-це і Матэматычным ін-це АНСССР (Свярдлоўскае аддз.). З 1966 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, адначасова выкладаў у БДУ. Навук. даследаванні па дыферэнц. ураўненнях, тапалогіі і сучасных праблемах прыкладной матэматыкі. Распрацаваў эфектыўныя спосабы пабудовы функцый Ляпунова, тэорыю стабілізацыі сістэм з пераменнай структурай. Дзярж. прэмія СССР 1972.
Тв.:
Введение в теорию устойчивости. М., 1967;
Динамические системы с цилиндрическим фазовым пространством. М., 1969 (разам з В.А.Табуевай);
Функции Ляпунова. М., 1970.
Літ.:
Еругин Н.П., Красовский Н.Н. Е.А.Барбашин: (К 50-летию со дня рождения) // Дифференциальные уравнения. 1967. Т. 3, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАЎСКІ ЖАНО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р УШЭ́СЦЯ.
Існаваў у 1641—1918. Засн. 24.6.1641 Багданам Статкевічам ва ўрочышчы Барок каля в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. разам з цэрквамі Ушэсця Хрыста і Нараджэння Іаана Прадцечы. Першыя манашкі былі з Куцеінскага манастыра (каля Оршы), адкуль запазычаны і статут. У 1659 у манастыры з’явіўся цудатворны абраз Маці Божай. Да 1772 манастыр знаходзіўся пад юрысдыкцыяй кіеўскіх мітрапалітаў, потым падначалены магілёўскаму епіскапу. З-за таго, што будынкі падмываў Дняпро, у 1835 б.ч. манашак пераведзена ў Буйнічы, дзе напярэдадні быў адчынены жаночы манастыр. У 1901 Баркалабаўскі манастыр адноўлены, пры ім існавала аднакласная школа для дзяўчатак. Зачынены ў 1918, будынкі разбураны, абраз захаваўся. Першапачаткова ў Баркалабаве планаваўся мужчынскі манастыр св. Духа (1626), але з-за смерці яго фундатара Багдана Саламярэцкага не быў адкрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТНЯ́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (1751, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 10.10.1825),
рускі кампазітар і дырыжор. З 1758 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, з 1796 яе кіраўнік, ператварыў капэлу ў цэнтр нац. харавой культуры. У 1769—79 вучыўся ў Італіі. Кампазіцыі вучыўся ў Б.Галупі. Майстар харавога пісьма а капэла. Асн. дасягненні ў галіне хар. духоўнай музыкі (т. 1—10, 1881—82). Стварыў новы тып рус.хар. канцэрта, дзе выкарыстаў дасягненні ў галіне оперы і інстр. музыкі. Пісаў і свецкія хары (напр., кантата «Спявак у стане рускіх воінаў» на сл. В.Жукоўскага, 1812). Аўтар опер «Крэонт» (1776), «Алкід» (1778), «Сокал» (1786), «Сын-сапернік, ці Новая Стратоніка» (1787), камерна-інстр. твораў, харавых цыклічных канцэртаў, санат для клавіра, рамансаў і інш.
Літ.:
Рыцарева М. Композитор Д. Бортнянский: Жизнь и творчество. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЙША (Антон Сцяпанавіч) (1858, б. хутар Любопаль Пінскага р-на Брэсцкай вобласці — 1924),
рэвалюцыянер-народнік. У час вучобы ў Беластоцкім рэальным вучылішчы ўваходзіў у нелегальны вучнёўскі гурток, арганізаваны І.Я.Грынявіцкім. У 1877—79 студэнт Пецярбургскага тэхнал. ін-та. У студз.—жн. 1880 жыў у Пецярбургу на адной кватэры з Грынявіцкім. Уваходзіў у цэнтр. гурток рабочай арг-цыі «Народнай волі», кіраваў яе раённымі аддзяленнямі за Нарвенскай заставай; вёў рэв. прапаганду на фабрыках і заводах горада. Са снежня 1880 працаваў у нарадавольскай друкарні, якая выпускала «Рабочую газету», з сак. 1881 у друкарні газ. «Народная воля». Улетку 1881 у Маскве ўдзельнічаў у стварэнні рабочай нарадавольскай арг-цыі. 18.12.1881 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць; прыцягнуты да суд. «працэсу 17-ці» (сак.—крас. 1883). Засуджаны да ссылкі ў Сібір. Памёр у г. Кірэнск (Іркуцкая вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол.ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былі нар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в.Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Закладзены ў сярэдзіне 18 ст. Парк рэгулярнага тыпу, размешчаны на правым пакатым беразе р. Ула, аформлены 3 шырокімі тэрасамі. Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі быў мураваны палац (закладзены ў 1769, не збярогся), перад якім размяшчаўся авальны партэр. Папярочная алея на восі У—З падзяляе парк на 2 зоны. На Пд ад палаца масіў ліп і таполяў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. У тэраснай частцы парку, аформленай газонамі, шпалерамі, баскетамі, лабірынтам, фантанам, раслі ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая і інш. У вуглавых частках парку — штучныя вадаёмы. Гасп. мураваныя будынкі ў стылі класіцызму. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 52—55.