МА́НТАСА ПАЎСТА́ННЕ,

узброеная барацьба старажытных прусаў у 1260—73 пад кіраўніцтвам князя племя натангаў Геркуса Мантаса супраць Тэўтонскага ордэна. Першае паўстанне 1243, нягледзячы на падтрымку яго Міндоўгам і войскамі ВКЛ, было безвыніковым. Штуршком для новага выступлення прусаў стала паражэнне ў 1260 крыжакоў у бітве каля воз. Дурбе (цяпер Латвія). 22.1.1261 войска Мантаса нанесла паражэнне крыжакам каля Пакарбена, аднак двухгадовая аблога замка Кёнігсберг (засн. у 1255) поспеху не мела. Апошняй буйной перамогай Мантаса была бітва пад Любавай (1263). Дапамога крыжакам з ням. зямель, гал. чынам з Брандэнбурга, змяніла суадносіны сіл. У 1273 войска Мантаса было разбіта, а ён сам узяты ў палон і павешаны. У 1275 узята апошняе ўмацаванне прусаў Каменівіке (у раёне сучаснага г. Чарняхоўск у Калінінградскай вобл. Расіі). Прусы масава сыходзілі ў Жамойць, Літву, слав. землі, у т. л. сяліліся каля Гродна, Слоніма (у 1283 ад’ехаў са сваімі воінамі апошні князь Скурда). Лаўрэнцьеўскі летапіс 1276 і інш. тагачасныя крыніцы адзначаюць мужнасць прусаў у дружынах князёў ВКЛ, у т. л. ў Гродне, Слоніме і інш. гарадах. М.п. і наступная барацьба прусаў адыгралі важную ролю ў супраціўленні крыжовым паходам супраць славян і балтаў у 12—15 ст.

Літ.:

Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;

Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Леанід Мікалаевіч) (22.5. 1905, г. Омск, Расія — 21.6.1980),

расійскі паэт. Друкаваўся з 1921. У паэмах «Табольскі летапісец», «Шукальнік раю» (абедзве 1937), «Саматканая Венера» (1939) і інш. маляўнічыя карціны побыту старой Сібіры, маштабнасць гісторыка-філас. фону, сімвалізацыя гіст. дэталей. Своеасаблівы каментарый да паэм — маст.-гіст. нарысы ў прозе «Крэпасць на Омі» (1939) і «Аповесць пра Табольскае ваяводства» (1945). Рамант. матывы ў зб. «Лукамор’е» і «Эрцынскі лес» (абодва 1945) звязаны з Лукамор’ем — вобразам-сімвалам рэальнай паўн. радзімы паэта і адначасова легендарнай краіны шчасця. У паэт. зб-ках «Першародства» (1965; Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Голас прыроды» (1966), «Гіпербалы» (1972; Дзярж. прэмія СССР 1974), «Вузел бур» (1979), «Залаты запас» (1981) і інш. тэмы натхнёнага служэння мастацтву, прыгажосці, роздум пра час і сэнс жыцця. Аўтар зб-каў нарысаў «Грубы корм» (1930), перакладаў «Паэты розных краін» (1964), кн. пра паэзію «Паветраныя фрэгаты» (1974), успамінаў «Знак бясконцасці» (1980) і інш. Творчасці М. ўласцівы складана-асацыятыўнае мысленне, міфалагізм, майстэрства гукапісу. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Э.​Агняцвет, А.​Каско.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1976—77;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990.

Літ.:

Дементьев В. Леонид Мартынов: Поэт и время. 2 изд. М., 1986;

Художественная индивидуальность писателя и литературный процесс: (Творчество Л.​Мартынова). Омск, 1989;

Воспоминания о Леониде Мартынове. М., 1989.

А.​В.​Спрынчан.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,

адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;

Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;

Каўрус А.​А.​Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.

А.​І.​Жураўскі, Р.​Р.​Чэчат.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАЖКО́ЎСКІ (Дзмітрый Сяргеевіч) (14.8.1866, С.-Пецярбург — 9.12.1941),

рускі пісьменнік, літаратуразнавец, рэлігійны філосаф. Муж З.Гіпіус. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1920 эмігрыраваў, жыў у Парыжы. У Вял. Айч. вайну калабарацыяніст. Друкаваўся з 1881. Ранняя лірыка (зб. «Вершы, 1883—1887», 1888) блізкая да паэзіі С.​Надсана. У эстэт. маніфесце рус. сімвалізму «Пра прычыны ўпадку і пра новыя плыні сучаснай рускай літаратуры» (1893) развіваў канцэпцыю «новага мастацтва», асн. элементамі якой лічыў «містычны змест» і «сімвалы». Паэт. дэкларацыя — зб. «Сімвалы» (1892). У трылогіі «Хрыстос і Антыхрыст» (1895—1905), рамане «Аляксандр I» (кн. 1—2, 1911—12), п’есе «Павел I» (1908) і інш. асэнсаванне сусв. гісторыі як вечнай барацьбы двух пачаткаў — Хрыста і Антыхрыста, двух сістэм маральных каштоўнасцей. На аналагічнай апазіцыі будуюцца і яго літ.-крытычныя даследаванні: «Л.​Талстой і Дастаеўскі» (т. 1—2, 1901—02), «Дзве тайны рускай паэзіі» (1915, пра М.​Някрасава і Ф.​Цютчава) і інш. Аўтар прац «Наступны Хам» (1906), «Не мір, але меч. Да будучай крытыкі хрысціянства» (1908), гіст.-рэліг. эсэ і інш. П’еса «Хрыстос і Антыхрыст (Царэвіч Аляксей)» Б.​Луцэнкі і У.​Рудава паводле рамана М. «Пётр і Аляксей» паст. Дзярж. рус. драм. т-р (1991).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Петр и Алексей. М., 1994.

Дз.С.Меражкоўскі.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ПРА́ВА публічнае,

сукупнасць юрыд. норм і прынцыпаў, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі і паліт. ўтварэннямі дзярж.-прававога характару. Гал. суб’ектамі М.п. з’яўляюцца дзяржавы. М.п. як асобая сістэма прававых норм не ўваходзіць у якую-н. нац. сістэму права і не ўключае ў сябе нормы нац. права. Аднак пачынаючы з 1920-х г. шэраг дзяржаў абвясцілі прамое дзеянне агульнапрызнаных норм М.п. на іх тэрыторыі і прыярытэт такіх норм над нац. заканадаўствам. У іншых краінах нормы М.п. ўключаюцца апасродкавана. Крыніцамі М.п. з’яўляюцца міжнар. дагаворы і міжнар.-прававыя звычаі, дапаможнымі крыніцамі — акты міжнар. арг-цый, рашэнні міжнар. судовых і арбітражных органаў, міжнар.-прававая дактрына.

Асн. прынцыпы М.п. замацаваны ў Статуце ААН. 25-я сесія Ген. Асамблеі АА́Н (1970) прыняла Дэкларацыю аб прынцыпах М.п. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 8) прызнала прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў М.п. і абвясціла, што адпаведнасць нац. заканадаўства нормам М.п. будзе забяспечана. Выкананне М.п. яго суб’ектамі забяспечваецца індывідуальным або калектыўным прымусам з боку ўсяго міжнар. супольніцтва, межы і формы якога вызначаюцца ў працэсе сумеснай нарматворчасці. Нормы М.п. рэгулююць адносіны дзяржаў ва ўмовах і ў сферы як супрацоўніцтва, так і барацьбы. Да гэтай галіны адносін належаць нормы і прынцыпы, якія рэгулююць парадак вырашэння спрэчак, паводзіны дзяржаў у час узбр. канфліктаў, і ўстанаўліваюць формы і віды адказнасці за правапарушэнні, і да т.п. Гл. таксама Міжнароднае прыватнае права.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́ЙЦІС-ПУ́ЦІНАС ((Mykolaitis-Putinas) Вінцас) (6.1.1893, в. Пілоцішкес Каўнаскага пав., Літва — 7.6.1967),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1963). Акад. АН Літвы (1941). Скончыў Сейнскую духоўную семінарыю (1915) і Фрыбургскі ун-т (1922, Швейцарыя). З 1923 выкладаў у Каўнаскім (з 1928 праф.) і Вільнюскім (1940—54) ун-тах. У 1935 афіцыйна зняў з сябе духоўны сан. Друкаваўся з 1911. У ранніх творах спалучаны рысы неарамантызму і сімвалізму, матывы адзіноты, пошук высокіх маральных ідэалаў: зб-кі вершаў «Князь Жвайніс» (1916), «Творы» (т. 1—2, 1921). У кнігах лірыкі «Паміж дзвюх зорак» (1927), «Шляхі і ростані» (1936), драмах «Пярсцёнак і жанчына» (1926), «Уладыка» (1930) філас. роздум над праблемамі чалавечага існавання, паглыблены псіхалагізм. Рэаліст. антыклерыкальны раман «У цені алтароў» (1933) адметны псіхал. аналітычнасцю, драматызмам. У пасляваен. кнігах вершаў «Вітаю зямлю» (1950), «Паэзія» (1956), «Акно» (1966), гіст. рамане «Паўстанцы» (т. 1—2, 1957—67; за 1-ы том Дзярж. прэмія Літвы 1958) асэнсаванне гіст. і сац. падзей 20 ст. Аўтар даследаванняў па л-ры канца 19 — пач. 20 ст. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Х.​Жычка, М.​Навіцкі, П.​Прыходзька, А.​Разанаў.

Te.: Raštai. Т. 1—10. Vilnius, 1959—69; Рус. пер. — В тени алтарей. М., 1964; Дар бытия. Вильнюс, 1966; Вершины и бездны. М., 1985.

Літ.:

Ланкутис Й.В. Миколайтис-Путинас. М., 1967.

А.​Лапінскене.

В.Мікалайціс-Пуцінас.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАТЭМАТЫ́ЗМ (ад мона... + тэма),

прынцып пабудовы муз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).

Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.​Бетховена. Найб поўна прынцып М. развіты ў Ф.​Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.​Чайкоўскі, С.​Танееў, А.​Скрабін, С.​Ляпуноў, Дз.​Шастаковіч) і замежных (Б.​Бартак, А.​Анегер, П.​Хіндэміт) кампазітараў.

У бел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.​Аладава (2-я, 1930) і В.​Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб. паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага.

Літ.:

Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;

Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;

Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.​Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.

Р.​М.​Аладава.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́Л-ФАШЫ́ЗМ,

спалучэнне крайніх форм нацыяналізму з фашызмам і расізмам. Для Н.-ф. характэрна ідэя перавагі над інш. народамі, падзел людзей на групы вышэйшага і ніжэйшага гатунку (карэннай нацыянальнасці і іншамоўных). Вынікам крайняга Н.-ф. з’яўляюцца «этнічныя часткі» «этнічныя чысткі», тэр. прэтэнзіі да суседзяў, захопніцкія войны. Агульнымі крытэрыямі Н.-ф. служаць: афіцыйна ўстаноўлены ін-т «правадыра нацыі і дзяржавы» (фюрэра), які канцэнтруе ў сваіх руках гал. рычагі заканад., выканаўчай, суд. улады, дзейнічае ў інтарэсах вузкай групы буйных уласнікаў прадпрыемстваў і капіталаў; адсутнасць форм дэмакр. арганізацыі і самаарганізацыі грамадства, а таксама яго ўдзелу ў прыняцці паліт. рашэнняў; разгалінаваны апарат насілля над грамадствам. На глебе Н.-ф. нацыяналіст. нецярпімасць да інш. народаў перарастае ў адкрытую нянавісць і ўвасабляецца ў форме расавай тэорыі, паводле якой грамадскае становішча чалавека вызначаецца толькі нац. і расавымі прыкметамі. Крызіс улады, якая абапіраецца на нацыяналіст. і фаш. сілы або цярпіма ставяцца да іх дзейнасці, прыводзіць да зліцця нацыяналізму з фашызмам у адзіны ідэалагічны і паліт. комплекс у выглядзе Н.-ф. Гэты працэс не адбываецца стыхійна, а з’яўляецца мэтанакіраваным і залежыць ад паліт., фін. і інш. падтрымкі кіруючых эліт. Разам з тым ваяўнічы нацызм, фашызм або схільнасць да іх сінтэзу патэнцыяльна не закладзены ў сістэме духоўных каштоўнасцей ніводнага народа, але ў пэўных гіст. умовах могуць быць навязаны любому з іх па сац. і паліт. матывах.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБХО́ДНАСЦЬ І ВЫПАДКО́ВАСЦЬ,

суадносныя філасофскія катэгорыі, якія выражаюць розныя тыпы сувязей прадметаў і з’яў паміж сабой, ступень іх узаемнай дэтэрмінаванасці. Неабходнасць увасабляе ўнутр. істотную сувязь, карэнныя асаблівасці прадмета або з’явы, характарызуе тое, што павінна настаць пры наяўнасці пэўных умоў. Выпадковасць, наадварот, адлюстроўвае знешнія неістотныя сувязі аб’екта, не вынікае з яго прыроды, а з’яўляецца вынікам уздзеяння пабочных фактараў і таму можа мець або не мець месца. Н. і в. узаемаабумоўлены. Абсалютызацыя неабходнасці і яе адрыў ад выпадковасці прыводзяць да фаталізму ў тлумачэнні развіцця прыроды і грамадства, а перабольшванне ролі выпадковасці і ігнараванне неабходнасці пазбаўляюць прыродныя і грамадскія сістэмы ўпарадкаванасці, арганізаванасці, сістэмнасці. Важным момантам дыялектычнай сувязі паміж Н. і в. служаць іх і узаемапранікненне і ўзаемапераходы. У рэчаіснасці адна і тая ж з’ява ў розных сістэмах або нават у адной сістэме, але праз некаторы час можа выступаць і ў якасці Н. і в. Неабходнасць не існуе ў чыстым выглядзе, яна праяўляецца праз выпадковасць, апошняя выступае ў якасці формы неабходнасці і яе дапаўнення. Вывучэнне дыялектыкі Н. і в. з’яўляецца адной з перадумоў навук. пазнання рэчаіснасці, бо накіроўвае ўвагу даследчыка на пошук у мностве выпадковасцей элементаў неабходнасці і абумоўленых імі тэндэнцый развіцця прыродных і грамадскіх працэсаў. Навук. распрацоўка праблем Н. і в. пачалася ў стараж.-грэч. філасофіі (Платон) і вядзецца ў межах матэрыяльнага або духоўнага фактару.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАФРЭЙДЫ́ЗМ,

кірунак у псіхалогіі і філасофіі 20 ст. Сфарміраваўся ў 1930-я г. ў выніку вылучэння з фрэйдызму. Найб. пашыраны ў ЗША. Гал. тэарэтыкі Х.Хорні, Г.​Саліван, Э.Фром, А.Кардынер. У адрозненне ад К.​Г.​Юнга і А.​Адлера, якія спрабавалі пераасэнсаваць вучэнне З.​Фрэйда ў рамках псіхааналізу, прыхільнікі Н. стварылі вучэнне, якое базіравалася на псіхааналізе, амер. сацыялогіі і этналогіі. Яны адмовіліся ад фрэйдаўскага «біялагізму» (неўсвядомленае; вучэнне аб лібіда і сублімацыі) і прызналі ролю сац. фактару ў развіцці асобы («сацыялагізацыя псіхалогіі»). Сац. фактар і сац. з’явы тлумачыліся ў пераламленні праз прызму свядомасці суб’екта (псіхалагізаваліся), у выніку чаго адхіляліся аб’ектыўныя заканамернасці. Праблема ўзаемаадносін суб’екта і аб’екта, асобы і асяроддзя разглядалася як простае прыстасаванне аднаго да другога. Своеасабліва тлумачылася і сама асоба. Напр., Саліван абсалютызаваў міжасобасныя адносіны (сітуацыі), дзе асоба разглядалася як міф — яна толькі сума адносін, што ўзнікаюць пад час зносін. Хорні, наадварот, не выключаў магчымасці «самарэалізацыі» асобы. У выніку крытычнага стаўлення да заходняй цывілізацыі Фром стварыў тэорыю «камунітарнага сацыялізму» і прапанаваў абстрактны і утапічны метад «сац. тэрапіі» амер. нацыі (неабходнасць «лячыць» грамадства ў цэлым, а не індывіда).

Літ.:

Уэллс Г. Крах психоанализа: От Фрейда к Фромму Пер. с англ. М., 1968;

Фромм Э. Человек для себя: Пер. с англ. Мн., 1997;

Яго ж. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ. Мн., 1999.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)