АГРА́НКА,

1) наданне ювелірнаму каменю шліфаваннем ці паліраваннем геаметрычна правільнай ці асіметрычнай формы мнагагранніка для ўзмацнення яго бляску і зіхацення.

2) Спалучэнне розных па форме і памерах граняў, нанесеных на паверхню каменю. Тыпы агранкі: ружай (ад 12 да 72 граняў), паўбрыльянтавая (ад 12 да 32), брыльянтавая (ад 48 да 240 і болей), ступеньчатая, клінамі, мяшаная, кабашонам (гладкае шліфаванне). Класічны від брыльянтавай агранкі — 56 граняў.

3) Сукупнасць граняў прыроднага хрусталю — натуральная агранка мінералу.

Віды і формы брыльянтавай агранкі з колькасцю граняў 56 (1, 6—8), 100 (2), 72 (3, 5) і 240 (4).

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАКРЫ́ТЫЯ МНО́СТВЫ АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАМКНУ́ТЫЯ МНО́СТВЫ ў матэматыцы, класы мностваў (гл. Мностваў тэорыя). Мноства наз. адкрытым (АМ), калі яно разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і некаторае яго наваколле, і замкнутым (ЗМ) — калі змяшчае ў сабе ўсе свае межавыя пункты. Напр., інтэрвал на прамой — АМ, адрэзак — ЗМ. Перасячэнне канечнага ліку і аб’яднанне любога ліку АМ з’яўляюцца АМ. Аб’яднанне канечнага ліку і перасячэнне любога ліку ЗМ будуць ЗМ. АМ можна разглядаць у эўклідавай прасторы любога ліку вымярэнняў, у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах. Азначэнне ЗМ захоўваецца для мностваў у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАБАКО́ВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, якая не мае двух розных бакоў, чым і адрозніваецца, напр., ад сферы, куба ці квадрата. Размешчаная ў прасторы аднабаковая паверхня з зафіксаваным на ёй пунктам неперарыўнай дэфармацыяй абарачальна ператвараецца ў такую, на якой праз гэты пункт будзе праходзіць некаторы замкнёны шлях (абход), уздоўж якога можна пабудаваць нармаль, што неперарыўна мяняе свой кірунак да паверхні; праходзячы гэты шлях, нармаль вяртаецца ў зыходны пункт з напрамкам, процілеглым першапачатковаму. Характарыстыка аднабаковай паверхні — яе неарыентаванасць (гл. Арыентацыя). Для трохмернай прасторы сапраўдна і адваротнае: кожная неарыентаваная паверхня будзе аднабаковай паверхняй. Прыклады аднабаковай паверхні: Мёбіуса ліст, Клейна паверхня.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫ́НА, пуня,

1) старадаўняя гасп. пабудова на Беларусі для захоўвання неабмалочанай збажыны, сена, саломы, с.-г. інвентару. Уваходзіла ў гасп. комплекс сядзібы. Прамавугольны ў плане зрубны, каркасны («замётам у шулы» і з плятня) будынак, накрыты 2-схільнай ці вальмавай страхой на сохах, «дзядках», кроквах. У маёнтках 16—19 ст. будавалі вял. доўгія адрыны, перагароджаныя ўнутры на некалькі адсекаў, кожны з якіх меў самастойны ўваход. Найб. пашырана ў зах. і цэнтр. Беларусі, ва ўсх. раёнах часцей наз. сянніца, пуня.

2) Да 17 ст. спальня ў жылым памяшканні або халодны будынак, у якім жылі летам.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭНАМІМЕ́ТЫКІ,

лекавыя сродкі, якія выклікаюць фізіял. эфекты, падобныя на ўздзеянне медыятараў — норадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. У залежнасці ад тыпу адрэнарэцэптара, з якім узаемадзейнічаюць адрэнаміметыкі, іх падзяляюць на α-, β- і αβ-адрэнаміметыкі.

α-адрэнаміметыкі (мезатон, нафтызін) звужаюць крывяносныя сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск. Выкарыстоўваюць пры рэзкім паніжэнні артэрыяльнага ціску (гіпатаніі) і мясцова — для звужэння сасудаў (пры насмарку, кан’юнктывітах і інш.). β-адрэнаміметыкі (ізадрын, салбутамол) стымулююць работу сэрца, ліквідуюць бронхаспазму, актывізуюць абмен рэчываў. Ужываюць пры лячэнні бранхіяльнай астмы і некаторых парушэннях сардэчнага рытму. α, β-адрэнаміметыкі (адрэналін, эфедрын) стымулююць работу сэрца, звужаюць сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск, актывізуюць абмен рэчываў.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСО́РБЕР,

асноўны апарат тэхн. установак для адсорбцыі. Адрозніваюць адсорбер перыядычнага і бесперапыннага дзеяння (т.зв. гіперсорберы).

У адсорберы перыядычнага дзеяння адсорбцыя і дэсорбцыя адбываюцца папераменна: спачатку адсарбент насычаюць пэўным рэчывам, потым яго адганяюць, кандэнсуюць, сушаць гарачым газам і пасля ахаладжэння паўтараюць цыкл. У гіперсорберах зярністы адсарбент перамяшчаецца па вертыкальнай калонцы, у верхняй частцы якой адбываецца адсорбцыя, у ніжняй пад дзеяннем нагрэву — дэсорбцыя. Выкарыстоўваецца таксама адсорбер бесперапыннага дзеяння з кіпячым (псеўдазвадкаваным) слоем адсарбенту.

Адсорбер перыядычнага дзеяння: 1 — корпус; 2 — сітаваты адсарбент; 3 — рашотка.
Адсорбер з кіпячым слоем адсарбенту: 1 — корпус; 2 — кіпячы слой; 3 — рашотка; 4 — трубка.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІ́ДЗЕНСКІЯ ЭМА́ЛІ,

бронзавыя ўпрыгожанні (падвескі-лунніцы, пацеркі) позняга этапу зарубінецкай культуры (2—5 ст.), аздобленыя выемчатымі эмалямі. Выраблялі, як мяркуюць, у ювелірнай майстэрні на паселішчы Адаменка (Быхаўскі р-н, урочышча Абідня). Трохвугольныя лунніцы (верхні вугал служыў вушкам) знізу завершаны круглымі гнёздамі для чырвонай эмалі (плаўленае рымскае шкло). Кожны вугал упрыгожваюць яшчэ тры выступы-дыскі. Пацеркі ў форме сплюшчаных выцягнутых паралелепіпедаў. Аналагічныя ўпрыгожанні знойдзены і на суседнім паселішчы Тайманава.

Літ.:

Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии: (ранний этап зарубинецкой культуры). Мн., 1971.

Л.​Д.​Побаль, М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Абідзенскія эмалі. Лунніца з чырвонай эмаллю 3—4 ст.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

адкладанні лёду на паверхні збудаванняў, дрэвах, правадах, дарогах і інш. аб’ектах. Утвараецца ў выніку выпадзення вадкіх ападкаў у халодную пару года, у туман, смугу. Адрозніваюць галалёд, зярністую і крышталічную шэрань, замёрзлае адкладанне мокрага снегу, складаныя адклады — з некалькіх слаёў розных відаў. На Беларусі за год колькасць сутак з абледзяненнем складае ў паніжаных месцах 20—28, на ўзвышшах да 40. Назіраецца з кастр. да крас., часцей за ўсё ў снеж. і студзені. Працягласць яго звычайна да 12 гадз. Самым працяглым на Беларусі было ў Навагрудку 28.12.1959—27.1.1960 (715 гадз). Небяспечная з’ява для работы транспарту, энергасістэм і інш. галін гаспадаркі.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

разнавіднасць аддзелачных матэрыялаў. Адрозніваюць абліцовачныя матэрыялы прыродныя і штучныя, для ўнутраных і вонкавых абліцовачных работ. Да прыродных належаць пліты і камяні з граніту, габра, лабрадарыту, вапняку, мармуру, туфу, пясчаніку і інш. горных парод. Штучныя абліцовачныя матэрыялы — керамічныя пліткі і камяні, вонкавая цэгла, вырабы са шкла (лісты, шклаблокі, дыванова-мазаічныя пліткі, панэлі са шклопрафіліту, пліты з сіталаў, шклосіталаў), мармуру штучнага, драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты. Выкарыстоўваюць лісты з азбестацэменту, шклапластыкаў, дэкар. фанеры, рулонныя, ліставыя і плітачныя палімерныя матэрыялы, дэкар.-акустычныя пліты. Фасады будынкаў абліцоўваюць таксама прафіляванымі вырабамі з алюмінію, сталі і дэкар. бетону.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРАКЦЫЯНІ́ЗМ,

творчы метад, паводле якога гал. задача маст. творчасці — выяўленне чыста суб’ектыўных эмоцый, падсвядомых імпульсаў, «ачышчаных ад рэальнасці» духоўных сутнасцяў. Філас. аснова абстракцыянізму яднае ў сабе паасобныя ідэі інтуітывізму, пазітывізму, суб’ектыўнага ідэалізму, махізму і інш. Эстэтычнае крэда абстракцыянізму выкладзена ў кнізе В.​В.​Кандзінскага «Аб духоўным у мастацтве» (1910), паводле якога для выяўлення прыгожага сучаснае мастацтва дае мастаку неабмежаваныя магчымасці — ад «чыстага рэалізму» да «чыстай абстракцыі». Найб. шырокае развіццё абстракцыянізм атрымаў у жывапісе, графіцы, архітэктуры, скульптуры, дэкар. мастацтве, а таксама ў дызайне, у афарміцельскім мастацтве, у тэатры, кіно, на тэлебачанні (гл. Абстрактнае мастацтва).

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)