КАНГРУЭ́НТНАСЦЬ [ад лац. congruens (congruentis) адпаведны, узгоднены],

паняцце элементарнай геаметрыі, якое азначае роўнасць адрэзкаў, вуглоў, фігур, цел. 2 фігуры наз. кангруэнтнымі, калі адна з іх пераводзіцца ў другую з дапамогай руху (гл. Рух у геаметрыі), напр., трохвугольнікі, якія сумяшчаюцца накладаннем.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕПТАМА́НІЯ (ад грэч. kleptō краду + манія),

хваравітая цяга да крадзяжоў без матэрыяльнай выгады і патрэбы; сімптом псіхічнага расстройства. Бывае (вельмі рэдка) у людзей, якія перанеслі хваробы ц. н. с. (энцэфаліт, прагрэсіруючы параліч, шызафрэнію і інш.). Пазбаўленне ад К. — лячэнне асн. хваробы.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІЯ РАГО́ЖНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Прадстаўлены 2 самаст. рамесніцкімі прадпрыемствамі ў Гомелі. Першае дзейнічала ў 1893—1905, у 1895 працаваў 81 чал., у 1900 — 48 чал. На другім (1894—1900) у 1900 працавала 80 чал., якія вырабілі прадукцыі на 15,3 тыс. руб.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́Т,

старадаўняя канструкцыя страхі сял. хат і гасп. пабудоў на Беларусі. Бярвёны тарцовай сцяны вышэй верхняга вянка зруба паступова ўкарочваліся, сцяна набывала выгляд ступеньчатага трохвугольніка. На выступы клалі падстрэшныя жэрдкі-латы, якія служылі асновай страхі.

Страха закотам: 1 — лемягі; 2 — латы.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТО́Е ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

залогавыя каштоўнасці ў выглядзе залатога запасу, якія выкарыстоўваюцца цэнтр. банкамі для забеспячэння выканання ўзятых абавязацельстваў і пакрыцця банкнот. У сувязі з ліквідацыяй функцыі золата як грошай эканам. значэнне З.з. змяншаецца, яно адыгрывае пераважна ролю часткі золатавалютных рэзерваў краіны.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфы, багіні, якія жывуць у крыніцах і ручаях, з’яўляюцца іх захавальніцамі і валодаюць дабрадзейнымі функцыямі. Верагодна, адносіліся да нашчадкаў бога Акіяна і яго жонкі Тэфіды. Лічылася, што Н. каля 3 тыс. У слав. міфалогіі ім адпавядаюць русалкі.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКНО́,

старажытная мера (адзінка) масы мёду. Упамінаецца ў бел. пісьмовых помніках да 17 ст. У розных крыніцах прыводзяцца розныя лікавыя значэнні Л.: 10 пудоў або 50 фунтаў, якія адрозніваюцца прыкладна ў 10 разоў. Л. было таксама адзінкай штогадовай мядовай даніны.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКГАДЫКГА́ДЗІ (Makgadikgadi),

Макарыкары, бяссцёкавая ўпадзіна ў Паўд. Афрыцы, на Пн Калахары, у Батсване, на выш. каля 900 м. Большая ч. занята салёнымі азёрамі Нтветве і Соа, якія ў сухі час года ператвараюцца ў саланчакі. Злакавыя саванны, шыракалістыя лясы. Аднайменны заказнік.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАРЭЛЬЕ́Ф [ад мез(а)... + рэльеф],

форма рэльефу, сярэдняя па памерах паміж формамі макрарэльефу і мікрарэльефу з амплітудамі вышынь, якія не перавышаюць звычайна некалькіх дзесяткаў метраў (невял. грады, камы, озы, лагчыны, дзюны, гразевыя вулканы і інш.). Створаны пераважна экзагеннымі працэсамі (акумуляцыя, эрозія, дэфляцыя і інш.).

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАПЛАЗМІДО́ЗЫ,

група кровапаразітных хвароб млекакормячых жывёл, птушак, земнаводных, рыб, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца піраплазмідамі. У ліку П. — бабезіёзы, нуталіёзы, піраплазмозы, тэйлерыёзы. Сезонныя хваробы, часцей рэгіструюцца ў вяснова-летні перыяд. Смяротнасць 30—60%.

На Беларусі спарадычна адзначаецца нуталіёз, тэйлерыёз у коней, сабак.

т. 12, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)