АДРАЎНЕ́ННЕ, лігніфікацыя,

змяненне клетачных абалонак раслін пад уздзеяннем лігніну, які запаўняе прамежкі паміж мікрафібрыламі цэлюлозы. Абалонка клеткі пры гэтым страчвае эластычнасць, робіцца цвёрдая, павялічваецца агульная трываласць расліны, устойлівасць абалонкі клеткі супраць мікраарганізмаў і грыбоў. Адраўненне клетачных абалонак характэрна для ўсіх вышэйшых раслін, акрамя імхоў. Адраўнелыя клеткі ўтвараюць драўніну і склеранхіму.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́Т (ад лац. Absolutus неабмежаваны, безумоўны),

у ідэалістычнай філасофіі — вечнае, бясконцае, безумоўнае, дасканалы і нязменны суб’ект, які «самадастатковы», сам па сабе змяшчае ўсё існуючае і стварае яго. У філасофіі Фіхтэ — гэта «Я», у Гегеля — сусветны розум (абсалютны дух), у Шапенгаўэра — воля, у Бергсона — інтуіцыя; у рэлігіі як абсалют выступае Бог.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАЦУ́КРЫ,

вытворныя простых монацукрыдаў (гексоз), у якіх адна або некалькі гідраксільных груп (OH) заменены амінагрупамі (NH2). Найб. пашыраны ў прыродзе d-глюкозамін (гал. кампанент хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет насякомых і ракападобных) і d-галактазамін (уваходзіць у састаў глікаліпідаў, гал. поліцукрыду храсткоў — хондраітынсульфату). Выкарыстоўваюцца ў хім., хім.-фармацэўтычнай, тэкст. прам-сці.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУЛЕ́Т (лац. amuletum),

прадмет, які носіцца на целе і, на думку ўладальніка, мае магічную ўласцівасць адводзіць хваробу, бяду, засцерагаць ад ліхіх чараў. Вера ў сілу амулета звязана з першабытнай магіяй і фетышызмам. У многіх народаў свету вера ў амулет захавалася да нашых дзён. Гл. таксама Талісман.

Амулет-конік. 12 ст.

т. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,

біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЛІ́НАВЫ ЧО́РНЫ,

азінавы фарбавальнік. Утвараецца ў выніку акіслення аніліну ў кіслым асяроддзі звычайна непасрэдна на валокнах бавоўны, шоўку, футра. Устойлівы да кіслотаў, атм. уздзеянняў, святла. Акісленнем аніліну атрымліваюць таксама чорны пігмент, які выкарыстоўваецца для афарбоўкі пластмасаў, у вытв-сці лакафарбавых матэрыялаў, фарбы для капіравальнай паперы, стужак друкавальных машынак і інш.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,

1) раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае пытанні выкарыстання ў буд-ве і архітэктуры бачнай часткі спектра прамянёвай энергіі.

2) Галіна тэхнікі, якая распрацоўвае эфектыўныя спосабы выкарыстання ультрафіялетавых, бачных і інфрачырвоных выпрамяненняў пры праектаванні будынкаў і агараджальных канструкцый. Уключае метады праектавання і разліку прыроднага асвятлення будынкаў. Гл. таксама Святлатэхніка.

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВЫ́ КАЭФІЦЫЕ́НТ (матэм.), лік k ва ўраўненні прамой лініі на плоскасці y=kx+b, што характарызуе нахіл прамой да восі абсцыс. У прамавугольнай сістэме каардынат k = tgφ , дзе φ — вугал паміж дадатным напрамкам восі абсцыс і разгляданай прамой лініяй, які адлічваецца ў дадатным напрамку (ад восі Ox да восі Oy).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧЫ́ЧНЫ АЛЕЙ,

раслінны тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем з насення гарчыцы. Вадкасць ад светла-жоўтага да светла-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -15 °C. Устойлівы да акіслення, не прагаркае пры працяглым захоўванні, паўвысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў хлебапякарнай, кандытарскай і кансервавай вытв-сці. Гл. таксама Алеі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ СТРУКТУ́РНАЯ,

раздзел тэктонікі, які вывучае формы залягання горных парод і тэктанічныя парушэнні (складкавыя, разрыўныя і інш.) зямной кары, а таксама структурныя формы малога і сярэдняга памеру. Распрацоўвае іх класіфікацыю ў сувязі з заканамерным размяшчэннем і спалучэннем на глыбіні і на плошчы. Мае вял. значэнне для пошукавых і разведачна-эксплуатацыйных работ.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)