МЕЛАНХО́ЛІК,

адзін з асн. тыпаў тэмпераменту; чалавек, які характарызуецца (паводле Гіпакрата) меланхоліяй, схільнасцю да дэпрэсіі, нізкім узроўнем псіхічнай актыўнасці, стрыманасцю маторыкі і мовы, хуткай стамляльнасцю. М. ўласцівы трывожнасць, глыбіня і трываласць эмоцый пры слабым іх знешнім выяўленні; пераважаюць адмоўныя эмоцыі. Пры неспрыяльных умовах у М. можа развіцца павышаная эмацыянальная ранімасць, замкнёнасць, адчужанасць.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)