БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЫ́ДНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя рэчывы, здольныя звязваць і нейтралізаваць саляную к-ту, што знаходзіцца ў страўнікавым соку. Выкарыстоўваюцца пры гастрытах, язвавай хваробе з высокай кіслотнасцю. Антацыдныя сродкі могуць быць солі, вокіслы і гідравокіслы шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, якія ў залежнасці ад усмоктвання ў страўніку падзяляюцца на 2 групы. Рэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (натрыю гідракарбанат, калію і кальцыю карбанаты) знімаюць пякотку і боль, але пры ўзаемадзеянні з салянай к-той утвараюць вуглякіслы газ, што прыводзіць да расцягвання страўніка і адрыжкі. Нерэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (магнію вокіс і карбанат, алюмінію гідравокіс і фасфат) утвараюць з салянай к-той хларыды, якія нейтралізуюць павышаную кіслотнасць і садзейнічаюць утварэнню геляў у водным асяроддзі страўніка. Выкарыстоўваюцца камбінаваныя антацыдныя сродкі, што ўключаюць вяжучыя, спазмалітычныя, жаўцягонныя, слабіцельныя і анестэзоўныя сродкі (вікаір, вікалін, альмагель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,
галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10−18кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЖНІ́ЦЫ ЦЭН»,
тэрмін, якім характарызуецца дынаміка цэн на тавары, што прадаюцца і купляюцца таваравытворцамі за пэўны перыяд, і адлюстроўваецца разрыў («нажніцы») паміж гэтымі цэнамі. Найчасцей выяўляецца ў сферы абмену прадукцыяй паміж прам-сцю і сельскай гаспадаркай, паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, каб падкрэсліць неэквівалентнасць абмену паміж імі. «Н.ц.» могуць «расшырацца» і «звужацца» ў залежнасці ад канкрэтных тэндэнцый у руху цэн (напр., цэн на харчаванне і сыравіну, што рэалізуюцца с.-г. вытворцамі, з аднаго боку, і на тавары, якія набываюцца імі ў прамыславікоў, — з другога). Праблемы «Н.ц.» маюць актуальнае эканам. і сац. значэнне для краін, дзе высокая доля с.-г. і здабыўной прам-сці ў нацыянальным даходзе; найб. абвастраюцца ў перыяды крызісаў, войнаў, абвастрэння міжнар. адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАВІТАЛІ́ЗМ,
ідэалістычнае вучэнне ў біялогіі. Узнік у 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.Дрыш і інш.) як рэакцыя віталістаў (гл.Віталізм) на спрошчанае механістычнае тлумачэнне жыцця і немагчымасць звядзення жыццёвых праяўленняў да сукупнасці мех., фізіял. і хім. працэсаў. Дрыш лічыў, што жыццёвай сутнасцю з’яўляецца т.зв. энтэлехія (нешта, што нясе ў сабе мэту), якая дзейнічае па-за часам і прасторай і непазнавальная. Напр., развіццё зародка, што мае ў сабе мноства незалежных ч., кіруецца звышматэрыяльным фактарам, які абумоўлівае мэтанакіраванае развіццё арганізма. Праяўляецца Н. у выглядзе антыдарвінаўскіх канцэпцый эвалюцыі (напр., псіхаламаркізм, «творчая эвалюцыя» А.Бергсона і інш.).
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Пути и закономерности эволюционного процесса: Избр. тр.М., 1983;
Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),
уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.