АГРАЛЕСАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад агра... + лес + меліярацыя),
тэорыя і практыка правядзення лесаводчых (у спалучэнні з агранамічнымі і інж.) мерапрыемстваў па прадухіленні неспрыяльнага для с.-г. вытв-сці дзеяння прыродных фактараў. Асн. мэта агралесамеліярацыі — стварэнне ахоўных лесанасаджэнняў, якія прадухіляюць або памяншаюць эрозію глебы, замацоўваюць яры, схілы, пяскі, выконваюць ветраахоўную і снегазатрымальную функцыі, паляпшаюць мікраклімат, павышаюць вільготнасць глебы. У значных маштабах ахоўным лесаразвядзеннем займаюцца ў многіх краінах б.СССР і свету (ЗША, Данія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Канада, Балгарыя, Венгрыя і інш.). На Беларусі яно ажыццяўляецца ў складзе мерапрыемстваў па меліярацыі зямель.
Навук. асновы агралесамеліярацыі ў Расіі закладзены працамі В.В.Дакучаева, А.І.Ваейкава, Г.М.Высоцкага ў канцы 19 ст. У распрацоўку агралесамеліярац. мерапрыемстваў вял. ўклад зрабілі рус. і бел. вучоныя-лесаводы Г.Ф.Марозаў, М.С.Несцераў, М.І.Сус, А.С.Казменка, А.Р.Мядзведзеў, І.К.Якушэнка, А.І.Саўчанка, В.К.Паджараў і інш.
Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1950-я г., вядуцца ў Ін-це лесу АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства. Распрацаваны спосабы аблясення пяскоў, стварэння полеахоўных лясных палос на асушаных тарфяніках, лясных палос на схілах, разараных пясках і супесках, аблясення яроў, агратэхн. прыёмаў барацьбы з эрозіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ВЕ́РХНІ ЗА́МАК.
На правым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Умацаваны цэнтр Полацка 11—17 ст. Займаў узвышша пл. 9,44 га. Быў абкружаны валам з У, па краі пляцоўкі стаялі драўляныя сцены — гародні з вежамі. Схілы пляцоўкі неаднаразова ўмацоўваліся — «тамаваліся» (паводле археал. звестак, упершыню каля 1363). Паводле «Полацкай рэвізіі 1552 г.», на замку было 9 вежаў, у сярэдзіне 17 ст. — 10. Першае паселішча на тэр. замка ўзнікла ў канцы 9 — пач. 10 ст. У сярэдзіне 11 ст. з мыса на левым беразе Палаты сюды перанесены ўмацаваны дзядзінец горада, пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. каля Сафійскага сабора збудаваны храм Архангела Міхаіла, у паўн. частцы замка — княжацкія палаты. Замак як адм. цэнтр горада існаваў да 17 ст. У сувязі з развіццём ваен. справы ён страціў фартыфікацыйныя, а потым і паліт. функцыі. Археал. даследаванні П.В.з. праводзілі А.М.Ляўданскі (1928), М.К.Каргер (1957), А.Ф.Мітрафанаў (1959—60), В.Р.Тарасенка (1961—62), Г.В.Штыхаў (1967, 1980), В.А.Булкін (1975—79), С.В.Тарасаў (1989). Даследавана каля 2 тыс.м² плошчы.
Літ.:
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.
С.В.Тарасаў.
Да арт.Полацкі Верхні замак. Полацкія замкі. Фрагмент малюнка С.Пахалавіцкага «Аблога Полацка 29.8.1579».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧЫ, Рыча, Рычу,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас.р. Дрысвята, за 20 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Пл. 12,83 км², даўж. 6,27 км, найб.шыр. 3,73 км, найб.глыб. 51,9 м (другое па глыбіні возера на Беларусі), даўж. берагавой лініі 33,4 км. Пл. вадазбору 123 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілывыш. 10—20 м (на У да 30—40 м), параслі хмызняком і лесам. Шмат заліваў. Берагі высокія, пясчаныя, участкамі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы, глыбакаводныя ўпадзіны (34—40 м) чаргуюцца з мелямі. У залівах дно адносна плоскае, глыб. 10—13 м. 5 астравоў агульнай пл. 5,7 га. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, на У пад валунамі. Пяскі і апясчаненыя адклады пашыраны да глыб. 10—12 м, у залівах да 2—5 м. Астатняя ч. ложа сапрапелістая, найб. глыбокія ўчасткі ілістыя. Мінералізацыя вады каля 220 мг/л, празрыстасць 5,3 м. Мезатрофнае. Зарастае, найб. зарастаюць залівы, пераважна падводнай расліннасцю (рдзесты, шышняк, эладэя, харавыя водарасці). Да глыб. 9 м растуць імхі. У іхтыяфауне больш за 20 відаў рыб. У возеры жывуць рэлікты ледавіковага перыяду (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа), занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Упадаюць некалькі ручаёў, у т. л. з азёр Кракіна, Угарынка, Чарнаву, Сіла, выцякае р. Рычанка. Возера ўваходзіць у гідралагічны заказнік Рычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМАЛА́І (ад санскр. хімалая — прыстанак снягоў),
найвышэйшая горная сістэма Зямлі, у Азіі, паміж Тыбецкім нагор’ем на Пн і Інда-Гангскай раўнінай на Пд, на тэр. Індыі, Непала, Кітая, Пакістана, Бутана. Працягнуліся з ПнЗ на У больш як на 2400 км, шыр. да 350 км, пл. каля 650 тыс.км². Выш. да 8848 м, г.Джамалунгма (Эверэст). Паводле рэльефу і геал. будовы ў Гімалаях вылучаюцца 3 часткі, якія ступенямі з Пд на Пн узвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай: Сівалікскія горы (Перадгімалаі), выш. 700—900 м, парэзаны шматлікімі рэкамі; Малыя Гімалаівыш. 3500—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м; Вялікія Гімалаі, дзе 11 вяршынь выш. 8000 м і больш, у т. л. Канчэнджанга (8585 м), Макалу (8470 м), Дхаўлагіры (8221 м), Кутанг (8126 м) і інш.; характэрны глыбокае тэктанічнае расчляненне, альпійскі рэльеф, вышынныя кантрасты, магутнае зледзяненне (пл. больш за 33 тыс.км², буйны ледавік — Ганготры). Гімалаі сфарміраваліся ў эпоху альпійскай складкавасці на месцы былога акіяна Тэтыс. Паўд. перадгор’і складзены пераважна з пясчанікаў і кангламератаў, карэнныя схілы і восевая зона — з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, філітаў і інш.крышт. і метамарфічных парод. Карысныя выкапні: золата, медзь, храміт, мыш’як, буры вугаль, гаручыя газы, нафта, каменная і калійная солі, сапфір. Гімалаі — прыродны кліматычны бар’ер паміж абласцямі трапічнага мусоннага клімату Паўд. Азіі і пустынна-стэпавага Цэнтр. Азіі. У перадгор’ях сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 25 °C. Вышыня снегавой лініі вагаецца ад 4500 м на паўд. схілах да 5700 м на паўночных. Перавалы ляжаць на выш. 3500—4500 м (Тангла). Вял. кантрасты ў Гімалаях ва ўвільгатненні: найб. колькасць ападкаў летам у перыяд паўд.-зах. мусону. У паўд.-ўсх.ч. гор выпадае да 3000 мм, у зах. — 1500—1000 мм, на паўн. схілах (падветраных, сухіх) — каля 100 мм за год. У Гімалаях пачынаюцца асн. рэкі Паўд. Азіі — Інд, Ганг, Брахмапутра. Ва Усх. Гімалаях на паўд. схілах да 400 м — тэраі — забалочаная паласа вільготных лясоў і хмызнякоў. Да выш. 1500 м вільготныя трапічныя лясы (пальмы, бамбукі, дрэвападобныя папараці, панданусы, магноліі, шмат ліян). Ад 1500 да 2700 м вечназялёныя дубовыя лясы (дубы, каштаны, рададэндраны, клёны, у падлеску імхі і лішайнікі). На выш. 2700—3700 м пояс хвойных лясоў з піхты серабрыстай, елкі блакітнай, лістоўніцы, цугі, кедра гімалайскага. Ад 3700 м да пояса снегу субальпійскія і альпійскія лугі. Вышэй за 5000—5400 м нівальны пояс (скалы, снег, лёд). У Зах. Гімалаях у ніжнім поясе міжземнаморскі тып вечназялёных хмызнякоў. Да 1500 м субтрапічныя шыракалістыя дубовыя і кляновыя лясы. На выш. 1500—3500 м пояс хвойных і лістападных лясоў. Да выш. 4600 м альпійскія лугі, вышэй пояс пустынь і ледавікоў. Паўн.схілы Гімалаяў бязлесныя, пашыраны пустынна-стэпавыя ландшафты з рэдкімі ксерафітнымі травамі і хмызнякамі. У джунглях перадгор’яў водзяцца сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, тыгры, малпы, з птушак — паўліны, фазаны, папугаі, на паўн. схілах — які, дзікія бараны, козы, гімалайскі мядзведзь і інш. Ландшафты Гімалаяў зменены пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека: узараны перадгор’і і нізкагор’і (75% Кашмірскай даліны займае ворыва), тэрасаваны ўчасткі схілаў пад пасевы чайнага куста, рысу, садавіны, ячменю. Лесараспрацоўкі. Развіваецца альпінізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,
адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.
Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.
На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЬЛУ́НЬ, Куэнь-Лунь,
адна з найб. горных сістэм свету, у Кітаі. Цягнецца з 3 на У ад Паміра да Сіна-Тыбецкіх гор на 2700 км, шыр. ад 150 км на 3 да 600 км на У. Найб.выш. 7723 м (г. Улугмузтаг). Адносныя перавышэнні паўн. схілаў над Тарымскай (Кашгарскай) раўнінай і пустыняй Алашань 4500—5000 м, паўд. схілаў над Тыбецкім нагор’ем — 1000—1500 м. Асн. хрыбты: Кашгарскі, Рускі, Алтынтаг, Аркатаг (Пржавальскага; г. Чонг-Карлыктаг — Шапка Манамаха, 7720 м), Баян-Хара-Ула. Да К. часта адносяць і Наньшань. Характэрны шырокія слабарасчлянёныя водападзелы, стромкія паўн. і пакатыя паўд.схілы; шматлікія восыпы. К. належыць да палеазойскіх складкавых утварэнняў, амалоджаны альпійскім арагенезам. Складзены пераважна з гранітаў, метамарфічных і інш. парод. Ва Усх. К. праяўленні навейшага вулканізму (каля вытоку р. Керыя і хр. Аркатаг). Радовішчы россыпнага золата; рудапраяўленні жалеза, волава, вальфраму; вядомы: вугаль, нефрыт, горны хрусталь, алмазы. Ледавікі невялікія, агульнай пл. 11,6 тыс.км². Асн. вузлы зледзянення размешчаны на вышыні каля 7000 м. Клімат сухі, умераны, рэзка кантынентальны. У высокай зоне т-ры студз. да -35 °C, ліп. каля 10 °C. Ападкаў ад 50 мм на 3 да 500 мм за год на У. Рэкі кароткія, малаводныя, на Усх. К. воз. Кукунор. Горныя пустыні і стэпы, на паўн. схілах невял. ўчасткі лясоў і лугоў. Фауна: горны баран, горны казёл, кулан, воўк, ліс, зрэдку дзікі як, мядзведзь, снежны барс; шмат грызуноў: суркі, палёўкі, пішчухі. Качавая жывёлагадоўля. Да выш. 3600 м — аазіснае земляробства (ячмень, пшаніца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 мпл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб.шыр. 7,8 км, найб.глыб. 7,5 м.
Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл. каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каля паўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прыток р. Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.
Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЦЬ,
рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 295 км. Пл. вадазбору 5020 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Раздольная Талачынскага р-на Віцебскай вобл., вусце на паўд. ускраіне г. Рагачоў. Агульная даўж. рачной сістэмы Д. 2000 км. Асн. прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (злева), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (справа). Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзв., на астатнім працягу — ва ўсх.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны.
Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная шыр. 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, выш. 8—30 м, да г.п. Бялынічы адкрыцця і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы сярэдне стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма ў асноўным двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім Чыгірынскім вадасх.), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай ч. роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі. лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі агульнай працягласцю каля 16 км, на астатнім працягу моцназвілістае, свабодна меандрыруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і залівамі. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя (выш. да 5 м), у вусцевай ч. спадзістыя (выш. да 1 м). Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое. Асаблівасць рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54% гадавога сцёку. Веснавы крыгаход каля 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасх. (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. У ніжнім цячэнні каля в. Чыгірынка Чыгірынская ГЭС. На Д. гарады Талачын і Рагачоў, г.п. Круглае і Бялынічы, зоны адпачынку Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЯ,
рака ў Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 172 км. Пл. вадазбору 4910 км². Пачынаецца каля в. Ланенка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., вусце на ўсх. ускраіне г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Галыша, Бася, Раста (справа), Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Кашанка (злева). Даліна слабазвілістая, добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Схілы стромкія, часам абрывістыя, выш. ад 3 да 20 м, значна парэзаны ярамі, асабліва каля гарадоў Горкі і Слаўгарад. Ніжэй вусця р. Бася трапляюцца невял. тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, лугавая, шыр. 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця р. Быстрая пашыраецца да 3,8 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця р. Пнёўка (15 км) і ад паўд. ускраіны г. Горкі ўніз па цячэнню (4 км), на астатнім працягу звілістае або моцна звілістае, каля г. Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў. Шыр. ракі 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя, выш. 1—1,5 м, на асобных участках да 7 км. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 26,8 м³/с. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 сут. Веснавое разводдзе доўжыцца каля 50 дзён. Найб. ўзровень разводдзя звычайна ў пач.крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем каля 3 м. Летне-асенняя межань (каля 5 мес) амаль кожны год 2—4 разы за сезон парушаецца дажджавымі паводкамі працягласцю 5—20 сут і выш. 0,5—1,5 м. П. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ гарады: Горкі (пры ўпадзенні р. Парасіца) і Слаўгарад (пры ўпадзенні П. ў р. Сож).