аб’яднанне прафесійна-палітычных саюзаў у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Зарадзіўся ў канцы 1904, у ходзе «банкетнай кампаніі» (120 банкетаў пад паліт. лозунгамі ў 34 гарадах), аформіўся ў 1905—06. Уключаў 20 усерас. саюзаў (інжынераў, і тэхнікаў, акадэмічны, адвакатаў, земцаў-канстытуцыяналістаў, раўнапраўя жанчын, сялянскі і інш.) і каля 40 мясц. аддзяленняў; усяго каля 135 тыс. членаў (без Усерас.сял. саюза) — у асноўным інтэлігенцыя і служачыя. Гал. патрабаванне — скліканне Устаноўчага сходу і ўвядзенне паліт. свабод. Дзейнічаў у кантакце з Пецярб. саветам рабочых дэпутатаў (у снеж. 1905 дэлегаваў у яго склад сваіх членаў), удзельнічаў у кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачцы 1905, паліт. забастоўках у ліст. і снеж. 1905 у Пецярбургу, Маскве, аказваў фін. падтрымку рэв. партыям і арг-цыям, даваў сродкі на ўзбраенне баявых дружын, дапамагаў б. палітзняволеным. Распаўся ў 1906 у сувязі з забаронай паліт. дзейнасці прафсаюзаў і іх аб’яднанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЯРА́НЕ,
усходнеславянскія плямёны, якія ў канцы 1-га тыс.н.э. жылі ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Ворскла, Псёл, Северскі Данец. Межавалі на З з палянамі, дрыгавічамі, на Пн з радзімічамі і вяцічамі, на У і Пд з качавымі плямёнамі. У 8 — пач. 9 ст. плацілі даніну хазарам. У канцы 9 ст. заходнія С. разам з палянамі ўвайшлі ў складКіеўскай Русі, усходнія С. да канца 10 ст. захоўвалі адносную аўтаномію. У 11—12 ст. С. склалі значную ч. насельніцтва Чарнігаўскай (Северскай) зямлі. У 907 удзельнічалі ў паходзе Алега на Візантыю. Упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 884, 885 і пад 1024. Найб. гарады С. — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Сноўск, Пуціўль, Курск і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — спіралепадобныя і прамянёвыя скроневыя кольцы, пласціністыя галаўныя венчыкі. У 1096 на землях С. ўзнікла Северскае княства.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РГІЙ (у свеце Ахатэнка Рыгор; 24.3.1890, с. Малыя Гарошкі Жытомірскай вобл., Украіна — 2.10.1971),
украінскі і бел.рэліг. дзеяч. З 1904 у Богаяўленскім манастыры ў Жытоміры, дзе атрымаў пачатковую духоўную адукацыю. 28.6.1919 прыняў манаства. З 1925 іераманах, з 1932 архімандрыт. Служыў святаром у правасл. прыходах на Украіне. У 1937 арыштаваны, сасланы на прымусовую працу ў г. Бярдзянск. У пач.Вял.Айч. вайны вызвалены. Служыў настаяцелем сабора ў г. Мелітопаль. 1.8.1943 у Кіраваградзе стаў епіскапам Укр. аўтакефальнай правасл. царквы. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. Садзейнічаў адбудове Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. На 1-м саборы БАПЦ у г. Констанц (Германія, 4—5.6.1948) абраны ў склад часовага кіраўніцтва БАПЦ і яе духоўнай кансісторыі. 20.12.1949 выбраны кіраўніком Сабора БАПЦ і ўзведзены ў сан архіепіскапа. З 1950 у Аўстраліі, дзе выконваў абавязкі першаіерарха БАПЦ, праводзіў святарскую дзейнасць сярод бел. вернікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРЫ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ, адгалінаванне крымскай дынастыі Гірэяў. Паходзілі ад царэвіча Дэўлеш-салтана, які ў 1491 трапіў на службу да вял. князя ВКЛ і караля польск. Казіміра IV. Род Астрынскіх некаторы час быў найб. уплывовым тат. родам у ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. Астрынскія не ўваходзілі ў складтат. харугваў, не падпарадкоўваліся тат. харунжым, мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана.
Сын Дэўлеш-салтана Азубек-салтан (Азюбек, Узубек, ? — пасля 1540) упершыню ўпомнены ў 1507. З 1514 ён і яго нашчадкі ў актах ВКЛ называюцца царэвічамі Астрынскімі (ад маёнтка Астрына, цяпер Гродзенская вобл.). Азубек-салтан удзельнічаў у цырымоніі абвяшчэння Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ (1529), на Берасцейскім сойме 1533, выступаў арбітрам у спрэчках літ. служылых татараў. Меў сыноў Багатыр-салтана, Джаная і Чынгіса. У 2-й пал. 16 ст. царэвічы Астрынскія паступова страцілі свае землеўладанні. Іх род згас на дзецях Чынгіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ ПРЫ НАРО́ДНЫМ КАМІСАРЫЯ́ЦЕ АСВЕ́ТЫ РСФСР,
орган для каардынацыі і кіравання сістэмай нац. адукацыйных і культ.-асв. устаноў, якія абслугоўвалі бел. насельніцтва на тэр. РСФСР. Дзейнічала ў Маскве ў 1921—30. Засн. па хадайніцтве Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Уваходзіла ў склад Савета па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР на правах бел. аддзела. У 1921—22 адчынены Беларуская секцыя пры Віцебскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы; арганізаваны бел.культ.-асв. ўстановы ў Сібіры і С.-Пецярбургу. Супрацоўнічала з бел. студэнцкімі зямляцтвамі ў Маскве і інш. гарадах РСФСР. У 1924—26 пасля далучэння Віцебскай, Гомельскай і ч. Смаленскай губ. да БССР функцыі бюро звузіліся. У 1930 яно ліквідавана. Да лета 1927 загадчыкам бюро быў М.Ф.Лойка, пазней — Н.Каляда. У розныя часы ў ім працавалі бел. пісьменнік У.Дубоўка, мовазнавец Ю.Вольскі і інш.
палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс.чал. У складЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯНО́СЕЦ,
асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў складВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс.т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс.т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс. міль (14,8 тыс.км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
орган кіравання паўстаннем 1863—64 у Літве і на Беларусі. Створаны ў сак. 1863 у Вільні замест скасаванага Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. Узнік у выніку змовы памешчыцкай групоўкі «белых» з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і на Беларусі Н.Дзюлёранам. У склад аддзела ўвайшлі «белыя»: Я.Гейштар (старшыня), А.Аскерка, Ф.Далеўскі, І.Лапацінскі, А.Яленскі. 27.2.1863 аддзел абвясціў несапраўднымі ўсе мандаты Часовага ўрада. «Белыя» імкнуліся звузіць сац. базу паўстання, паставіць на камандныя пасады сваіх аднадумцаў. Аддзел выдаваў загады і адозвы (у т. л. маніфест да бел. сялян ад 3.5.1863 на бел. мове), газеты. У канцы мая — пач.чэрв. 1863 Аскерка, Далеўскі і Яленскі арыштаваны, замест іх уведзены прадстаўнікі «чырвоных» К.Каліноўскі і У.Малахоўскі, намаганнямі якіх выдадзены дакументы радыкальнага характару, у т. л. «Прыказ... да народу зямлі літоўскай і беларускай» (11.6.1863), № 7 «Мужыцкай праўды» 26.6.1863 аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭ́ЗКІ,
у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял.надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв.даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.
На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч.тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ (Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе) (АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.Станкевічам),
гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.Жук-Грышкевіч, з 1926 М.Гузоўскі, з 1932 А.Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.