МАБІ́ЛЬНАСЦЬ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

змяненне індывідам ці групай сац. пазіцыі, месца, якое яны займаюць у сац. структуры грамадства. Тэрмін уведзены П.​Сарокіным; шырока выкарыстоўваецца ў даследаваннях сац. структуры, для характарыстыкі ступені «адкрытасці» ці «закрытасці» сац. груп і грамадстваў. Адрозніваюць М.с. вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сістэме сац. іерархіі, звязанае са зменай сац. статуса. Пры гэтым вылучаюць сац. ўзыходжанне (прасоўванне індывіда ці групы да пазіцый з больш высокім прэстыжам, даходам, уладай) і сац. сыходжанне, дэградацыю (рух да больш нізкіх іерархічных пазіцый). Гарызантальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сац. структуры без змены сац. статуса. М.с. можа выяўляцца як добраахвотнае перамяшчэнне ў межах сац. іерархіі або быць абумоўлена структурнымі ці арганізацыйнымі зменамі. Сярод фактараў, якія ўплываюць на М.с., — мэтанакіраваная дзейнасць некаторых паліт. і сац. ін-таў (дзяржавы, царквы, арміі, паліт. партый і інш.), змена сістэмы грамадскага ўкладу, уплыў навукова-тэхн. прагрэсу, укараненне перадавой тэхнікі і тэхналогіі, узнікненне новых прафесій, удасканаленне сістэмы адукацыі, асобасныя імкненні і інш. Для індывіда магчымасць прасоўвання ўверх азначае не толькі павелічэнне долі сац. даброт, якія ён атрымлівае, але і рэалізацыю асабістага інтэлектуальнага патэнцыялу, дасягненне пастаўленай мэты, набыццё новага сац. вопыту. М.с. садзейнічае стабілізацыі грамадства, умацаванню пазіцый асобных сац. груп і паліт. эліт за кошт іх папаўнення таленавітымі асобамі з ніжэйшых сац. слаёў. Свабода М.с. выступае адной з умоў развіцця асобы, сцвярджэння прынцыпаў сац. справядлівасці, далейшага грамадскага прагрэсу.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 21.1. 1906, Кіеў),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1953). Герой Сац. Працы (1976). Ганаровы чл. Акадэміі танца ў Парыжы (1955). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1924). У 1924—39 характарны танцоўшчык і балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. З 1937 арганізатар, кіраўнік і пастаноўшчык усіх праграм Ансамбля народнага танца Расіі. Сярод пастановак: «Палавецкія танцы» і «Свята працы» (1978), «На катку» (1980, экранізацыя ТБ 1982), «Ноч на Лысай гары» на муз. М.​Мусаргскага (1984), «Таверна» (1986), «Па краінах свету» (1960—89), цыкл з 30 замежных танцаў (1960—91), «Грэчаская сюіта» на муз. М.​Тэадаракіса (1991), «Яўрэйская сюіта» (1994) і інш. Аўтар харэаграфічнай рэдакцыі бел. нар. танца «Бульба»; паставіў танец «Юрачка» і вак.-харэаграфічную карцінку «Як той Зосі давялося» ў Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі (1952). Стваральнік (1966) і першы маст. кіраўнік (да 1970) харэаграфічнага канцэртнага ансамбля «Малады балет». Аўтар артыкулаў па пытаннях танц. мастацтва. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Вечны рух» («Perpetuum mobile», 1967), тэлефільм «Балет Ігара Майсеева» (1982). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1952, 1985. Дзярж. прэмія Расіі 1995. Незалежная прэмія «Трыумф» 1997.

Літ. тв.: Я вспоминаю...: Гастроль длиною в жизнь. М., 1996.

Літ.:

Луцкая Е. Воплощение мечты // Муз. жизнь. 1986. №1;Андроников И. Торжество танца // Андроников И. К музыке. М., 1977.

І.А.Майсееў.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

грамадска-паліт. газета ліберальна-кадэцкага інфарм.-асв. кірунку. Выдавалася з 25.8.1912 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Да № 1091 (1915) наз. «Минская газета-копейка». Арыентавалася на яўр. грамадскасць рас. культуры. У праграмным арт. «Нашы задачы» вызначыла свой кірунак абстрактна, у сэнсе безумоўнай падтрымкі прагрэсу і крытыкі ўсяго, што вядзе да вяртання ў мінулае. Асвятляла рэгіянальныя, сац.-эканам. праблемы, дзейнасць мясц. самакіравання, Дзярж. думы, мела аддзел гар. хронікі, перадрукоўвала матэрыялы сталічных газет. Знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю рус. і яўр. пісьменнікаў (Л.​Андрэеў, В.​Верасаеў, А.​Купрын, Шолам-Алейхем), друкавала крытычныя разборы прачытаных у Мінску лекцый, змяшчала нарысы пра творчасць Л.​Талстога, М.​Някрасава і інш., агляды мінскіх маст. выставак, твораў Л.​Альпяровіча, Я.​Кругера, Ф.​Рушчыца, нататкі пра тэатр. і муз. падзеі ў горадзе. Выступала за дэмакр. самавызначэнне народаў, аднак дапускала асіміляцыю на глебе агульначалавечай культуры. Падтрымлівала выступленні сацыял-дэмакратаў супраць падрыхтоўкі да вайны, у 1917—18 — Часовы ўрад, кааліцыю бурж. партый з сацыялістамі, агітавала за скліканне ўсерас. Устаноўчага сходу і за перадачу яму заканадаўчай улады. Надрукавала ў перакладзе на рус. мову апавяданне Я.​Коласа «Дудар» (пад назваю «Гусляр. Казка Якава Колас», 5.8.1913). Публікавала інфармацыю пра бел. нац. рух. Выпускала літ. дадатак — час. «Минский огонек» (1912), «Вечерние известия Минской газеты-копейки» (1914—15), «Вечерние известия Минской газеты» (1915—17).

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФЕНО́Н (грэч. Parthenōn ад parthenos дзева),

помнік стараж.-грэч. мастацтва эпохі класікі на Афінскім Акропалі; храм багіні Афіны Парфенас; гал. храм афінскага поліса. Узведзены ў 447—438 да н.э. (дойліды Іктын і Калікрат) у гонар перамогі над персамі. Уяўляе сабой мармуровы храм, абкружаны каланадай (перыптэр, памер 30,89 м × 69,54 м, выш. калон 10,43 м). Яго архітэктуры ўласцівы спакойная веліч, дасканаласць форм, гармонія частак, суразмерная маштабу чалавека, выдатнае спалучэнне дарычнага і іанічнага ордэраў. Багатае і строгае скульпт. ўбранне храма, арганічна звязанае з формамі архітэктуры, выканана пад кіраўніцтвам Фідыя (завершана ў 432 да н.э.). Фрыз фасада быў упрыгожаны плітамі-метопамі з выявамі сцэн бітвы амазонак, кентаўраў і гігантаў, франтоны — скульпт. групамі, што ўвасаблялі сцэны нараджэння Афіны (на ўсх. франтоне) і спрэчкі Афіны з Пасейдонам за панаванне ў Атыцы (на зах. франтоне). Вакол гал. памяшкання ішоў фрыз з рэльефнай выявай панафінейскага шэсця афінскіх грамадзян. Скульптура П. сцвярджае ідэю перамогі чалавека над стыхійным, цёмным, «звярыным» пачаткам, дае ўяўленне пра фіз. і духоўную дасканаласць чалавечай сутнасці. Ёй уласцівы велічнасць рытмаў, мяккасць пластычнай мадэліроўкі, свабодны і натуральны рух фігур у прасторы, штучна падначаленых плоскасці сцяны, лёгкая, віртуозная апрацоўка паверхні мармуру. П. разбураны ў 1687 пры аблозе Акропаля венецыянцамі, часткова адноўлены. У 1801—03 уцалелыя скульптуры вывезены ў Вялікабрытанію (з 1812 у зборы Брыт. музея ў Лондане). П. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Храм Парфенон.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРУ́ЛЬ (Людміла Іванаўна) (н. 15.9.1947, в. Мацвееўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак, педагог. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). У 1971—73 мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску. З 1980 выкладчык дзіцячых маст. школ у Мінску, у 1989—95 адначасова выкладала ў Бел. АМ. Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый бел. нар. мастацтва, фальклорных і літ. матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага р-на (1973—74), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М.​Багдановіч», «А.​Міцкевіч», «М.​Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш. Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зб. паэзіі «Сцяжына» (1983).

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Пятруль. Парваныя пацеркі. 2000.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛІДА́РНАСЦЬ»

(Solidarność),

прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.​Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн. чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.​Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.​Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.

Літ.:

Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;

Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫНІЯ́НСТВА,

антытрынітарны рэлігійна-філас. рух 16—17 ст., распаўсюджаны пераважна ў Польшчы і ВКЛ. Асн. палажэнні С. сфармуляваны яго заснавальнікам Ф.​Соцынам. Для С. характэрна далейшая рацыяналізацыя ідэй антытрынітарыяў. аднаўленне догмату аб Тройцы і боскай прыроды Хрыста, прызнанне прыярытэту розуму ў пытаннях веры. Адзінай крыніцай веравучэння сацыніяне лічылі Свяшчэннае пісанне. Яны сцвярджалі, што не існуе першароднага граху, адмаўлялі патрэбнасць збаўлення, абвяргалі кальвінісцкі догмат аб прадвызначэнні. Агульным цэнтрам С. быў г. Ракаў Сандармірскага ваяв. ў Польшчы (цяпер вёска ў Свентакшыскім ваяв.), на Беларусі — г. Навагрудак. Соцын і яго першыя паслядоўнікі (на Беларусі Я.​Ліцыній Намыслоўскі, Я.​Даманеўскі, М.​Цвердахлеб, Ц.​Кузьміч і інш.) — прадстаўнікі ранняга С. Тэарэтыкі позняга С. (2-я пал. 17 ст.) Я.​Крэль, С.​Пшыпкоўскі, А.​Вішаваты і інш. патрабавалі верацярпімасці, аддзялення царквы ад дзяржавы, вял. ўвагу аддавалі развіццю асветы, прыродазнаўства і матэматыкі. У час Контррэфармацыі ў 1658—60 сацыніяне былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і эмігрыравалі ў Германію, Англію і Галандыю. Ідэі С. распаўсюдзіліся ў некат. краіны Зах. Еўропы, паўплывалі на філас. погляды Б.​Спінозы, Дж.​Лока, англ. дэістаў. Філас. спадчына ідэолагаў С. была выдадзена ў 1665—68 у Амстэрдаме пад назвай «Бібліятэка польскіх братоў».

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;

Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.​А.​Падокшын.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНЫЙ ГО́ЛОС»,

грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 4(17).12.1905 да 1(14).1.1915 у Вільні на рус мове штодзённа. Працягвала праграму віленскай газ. «Северо-Западное слово» ў больш радыкальным кірунку, асабліва ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. Асвятляла рэв. рух у краі, крытыкавала сац. несправядлівасць капіталізму, апартунізм і непаслядоўнасць бурж. лібералізму, выкрывала вялікадзярж. палітыку чарнасоценцаў і акцябрыстаў, польскіх нацыяналістаў. У гады рэакцыі прытрымлівалася тактыкі асцярожнай апазіцыі да царызму. Мела аддзелы «Тэатр і музыка», «Бібліяграфія», рэцэнзавала спектаклі, канцэрты, маст. і навук. л-ру. Змяшчала творы Л.​Андрэева, М.​Горкага, А.​Купрына, Л.​Талстога, А.​Чэхава, Шолам-Алейхема, а таксама польскіх (Э.​Ажэшка, У.​Рэймант), франц. (Гі дэ Мапасан, Э.​М.​Прэво), амер. (М.​Твэн), аўстр. (Р.​М.​Рыльке, А.​Шніцлер) і інш. пісьменнікаў. Прапагандавала рэаліст. традыцыі айч. л-ры. Станоўча ацэньвала творчасць пісьменнікаў М.​Гогаля, Т.​Шаўчэнкі, М.​Салтыкова-Шчадрына, А.​Герцэна, М.​Чарнышэўскага, артыстаў В.​Камісаржэўскай, Ф.​Шаляпіна. Негатыўна ставілася да сімвалізму, натуралізму, дэкадэнцкіх плыняў у мастацтве. Выказвалася за права беларусаў на сваю нац. культуру. Паведамляла пра заснаванне, дзейнасць, судовае праследаванне газ. «Наша ніва», пра стварэнне бел. культ.-асв. арг-цый, бел. тэатр.-муз. вечары, дзейнасць Бел. тэатр.-муз. гуртка. Апублікавала арт. У.​Самойлы (пад псеўд. У.​Суліма) у абарону моўна-нац. самавызначэння беларусаў. Друкавала вершы і пераклады мясц. літаратараў.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАДА́ (Янка) (Іван Мікітавіч; 13.5.1879, в. Задзвея Баранавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 19.11.1943),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Варшаўскі ветэрынарны ін-т (1903). У 1905—06 у арміі, знаходзіўся на Маньчжурскім фронце. У 1907—11 працаваў ветэрынарам у Мінскай губ., адначасова выкладаў у Мар’інагорскім с.-г. вучылішчы. Быў чл. Бел. сацыяліст. грамады, з 1914 публікаваўся на с.-г. тэмы ў час. «Саха». У 1-ю сусв. вайну на фронце, вайск. ветэрынар. З 1917 уключыўся ў бел. нац.-вызв. рух. Старшыня прэзідыума Усебеларускага з’езда 1917, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). У 1918 чл. ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1919—20 уваходзіў у Часовы Бел. нац. к-т, прэзідыум Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1921—25 навук. супрацоўнік, заг. б-кі Інбелкульта, выкладчык Мінскага бел. пед. тэхнікума, у Наркамаце земляробства БССР. Арганізатар і дырэктар Мінскага ветэрынарна-заатэхн. тэхнікума (1923—24). У 1925—29 дацэнт Бел. с.-г. акадэміі ў Горы-Горках, адначасова ў 1927 навук. супрацоўнік Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З пач. 1930 жыў у Мінску. Аўтар прац па пытаннях ветэрынарыі і сельскай гаспадаркі. 4.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Яраслаўль. 27.12.1941 паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены 19.11.1943 з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988 і 1989.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСЛАВІ́ЗМ,

ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г. аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав. нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв. Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.​І.​Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.​Ф.​Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн. чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч. дзярж. (граф М.​П.​Ігнацьеў, кн. У.​А.​Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.​Дз.Скобелеў, Р.​А.​Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.​Ф.​Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.​М.​Каяловіч і іх прыхільнікі І.​А.​Катовіч, П.М.Жуковіч, В.​В.​Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-ва слав. узаемнасці на чале з М.​А.​Хамяковым, У.​Л.​Маклаковым, Б.​А.​Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.

Літ.:

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;

Павленко О.В. Панславизм // Славяноведение. 1998. № 6.

В.​М.​Чарапіца, В.​М.​Міхееў.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)