сярэдняя навучальная ўстанова ў Навагрудку (Зах. Беларусь) у 1919—34. Мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ, захаванне бел. самабытнасці, павагі да нар. звычаяў і традыцый. Тэрмін навучання 8 гадоў. У Н.б.г. вучыліся беларусы, рускія, яўрэі, татары. У розны час дырэктарамі былі Р.Пяцэвіч, Я.Цеханоўскі, П.Скрабец. Выкладаліся: бел., польск., франц., лац. і ням. мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусв. гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і інш. Дзейнічалі самадз. гурткі, аркестр, спарт. секцыі. Вучні выдавалі часопіс (на шапірографе). Сярод вучняў Л.А.Барысаглебскі, Б.У.Кіт, Я.Сажыч і інш. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ СПРА́ВА»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася з 19.6 да 27.11.1926 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень замест закрытай газ.«Беларуская справа». Выдавец П.Мятла. Крытыкавала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, пісала пра стварэнне новых арг-цый, правядзенне павятовых з’ездаў БСРГ, пра эканам. і паліт. становішча ў БССР і інш. Падрабязна інфармавала насельніцтва Зах. Беларусі пра забастоўку вуглякопаў Англіі. Друкавала творы Цёткі, М.Васілька, А.Салагуба, П.Пестрака, Улад-Ініцкага, Я.Маланкі і інш., артыкулы пра Цётку і Я.Коласа. Адзначыла 20-годдзе выхаду газет «Наша доля» і «Наша ніва». Выйшла 39 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛАМАЎЦКАЯ БІ́ТВА 1241,
бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАДСМЯРО́ТНЫ РАЗГАВО́Р ПУСТЭ́ЛЬНІКА ПЯТРА́»,
«Перэдсьмертный розговор Пустэльніка Петра, каторый жыў у пушчы дзевецьдзесят лет, а памёр маючы сто сорок лет», бел. агітацыйная брашура. Надрукавана лацінкай на бел. мове ў невядомай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Мае памету: «Друкавана ў Кіеве». Складаецца з 16 старонак невял. фармату; уяўляе сабой празаічную гутарку — зварот выдуманага пустэльніка Пятра да шляхты і мужыкоў падтрымаць паўстанне «палякаў» супраць царызму. Ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда». У канцы надрукаваны бел. пераклад-пераробка патрыят. гімна «Божа, што Польшчы...». Мяркуючы па рэаліях гімна (Тураў, Петрыкаў), брашура прызначалася для распаўсюджвання ў паўд. частцы Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ ПО́ЛЬСКАЯ ПЯХО́ТНАЯ ДЫВІ́ЗІЯ ІМЯ́ Т.КАСЦЮ́ШКІ, Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі. Сфарміравана па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў у СССР у маі 1943 на тэр.Сав. Саюза (в. Сяльцы, каля г. Разань, Расія) і з яго дапамогай. Першы бой дывізія на чале з ген. З.Берлінгам правяла разам з сав. войскамі 12—13.10.1943 каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. З сак. 1944 у складзе 1-й Польскай арміі, якая 21.7.1944 аб’яднана з Арміяй Людовай у Войска Польскае. Назву «Варшаўская» атрымала за ўдзел у вызваленні сталіцы Польшчы. У гонар першага сумеснага бою часцей Чырв. Арміі і гэтай дывізіі ў в. Леніна адкрыты Музей савецка-польскай баявой садружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАФА́БРЫКА,
буйное вузкаспецыялізаванае прадпрыемства птушкагадоўлі па вытворчасці яец і мяса на прамысл. аснове. Тэхнал. працэс вытв-сці харчовых яец, акрамя штучнай інкубацыі, ўключае гадоўлю маладняку, утрыманне бацькоўскага і прамысл. статка. Цэхі гадоўлі маладняку і ўтрымання курэй-нясушак на П. (выкарыстоўваюцца сістэмы падлогавага, клетачнага і на сеткавай падлозе ўтрымання) абсталяваны клетачнымі батарэямі з аўтам. падачай вады, мех. раздачай кармоў, уборкай гною, зборам яец. У яйцасховішчах працуюць машыны па сартаванні, ачыстцы і ўкладцы яец, у забойных цэхах — канвееры для перапрацоўкі птушкі, у кормапрыгатавальных цэхах — машыны для прыгатавання камбікармоў. Буйныя П. працуюць у ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі і інш. краінах. На Беларусі 39 П. і 3 племзаводы (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1505,
канстытуцыя «Нігель нові» (лац. «нічога новага»), заканадаўчы акт Польшчы, прыняты сеймам у г.Радам 30.3—14.6.1505. Забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды палат сейма — Сената і Пасольскай Ізбы. Скасавала Мельніцкі прывілей 1501, якім кароль Аляксандр устанавіў кантроль Сената (г.зн. магнатаў) над каралеўскай уладай, і фактычна аддала ўладу Пасольскай Ізбе. Садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве. Пастанова сейма 1538 дадаткова забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды сейма. Аднак пры гэтым не быў праведзены дакладны падзел кампетэнцыі караля, Сената і Пасольскай Ізбы, што ў спалучэнні з прынцыпам аднагалосся (ліберум вета) стала адной з прычын зрывання сеймаў. Канстытуцыя 1505 зацвердзіла таксама ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,
галоўны дакумент мірнага ўрэгулявання пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Падпісаны паміж дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Брыт. імперыя, Францыя, Італія, Японія і інш. — усяго 26 дзяржаў) і Германіяй 28.6.1919 у Версалі. Умовы дагавора выпрацаваны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 без удзелу прадстаўнікоў Германіі. Вырашаў тэр., ваен., эканам. і інш. пытанні. Паводле дагавора Германія вяртала Францыі Эльзас-Латарынгію (у межах 1870), перадавала Бельгіі акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ (пасля плебісцыту), Даніі — Паўн. Шлезвіг (пасля плебісцыту), прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга, абавязвалася «строга паважаць» незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі адыходзіла ч. сілезскай тэр., да Польшчы — асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, большая ч.Зах. і ч.Усх. Прусіі, ч. Верхняй Сілезіі. Данцыг (Гданьск) з сумежнай тэрыторыяй ператвараўся ў «вольны горад» пад кіраваннем Лігі нацый і ўключаўся ў мытныя межы Польшчы, якая праз т.зв. Данцыгскі калідор (гл.Польскі калідор), што аддзяляў Усх. Прусію ад астатняй Германіі, атрымала выхад да Балт. мора. Мемель (Клайпеда) і сумежныя раёны пераходзілі пад кантроль Лігі нацый (у 1923 уключаны ў склад Літвы). Тэр. Германіі па левым беразе Рэйна і правы яго бераг на адлегласць у 50 км падлягалі дэмілітарызацыі. Саарскі вугальны бас. пераходзіў «у поўную і неабмежаваную ўласнасць» Францыі, а Саар заставаўся на 15 гадоў пад кіраваннем Лігі нацый з наступным плебісцытам. Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, сфер уплыву, уласнасці і прывілеяў за мяжой; яе калоніі падзелены (у форме мандатаў) паміж Францыяй, Японіяй, Бельгіяй, Партугаліяй, Вялікабрытаніяй і яе дамініёнамі. Сухап. армія Германіі скарачалася да 100 тыс. вольнанаёмных чал. (пры 4 тыс. афіцэраў), рэзка абмяжоўваўся надводны флот, забаранялася мець падводныя лодкі, ваен. і марскую авіяцыю. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавору прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторыі на З ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненыя ёю страты, што стварала прававую падставу для спагнання рэпарацыйных плацяжоў (агульны памер не вызначаны). Суму рэпарацый, якія Германія абавязвалася выплаціць за 30 гадоў, павінна была вызначыць спец. камісія да мая 1921. Забаранялася любое абмежаванне ўвозу ў Германію тавараў з краін-пераможцаў.
Дагавор набыў сілу 10.1.1920. ЗША пасля адмовы Сената ратыфікаваць Версальскі мірны дагавор падпісалі з Германіяй 25.8.1921 асобны мірны дагавор. Цяжкія ўмовы Версальскага мірнага дагавору выклікалі незадаволенасць многіх немцаў, у т. л. прагу рэваншу сярод правых сіл. Улады Веймарскай рэспублікі ў залежнасці ад паліт. сітуацыі праводзілі «палітыку выканання» або «палітыку катастроф» (сабатажу) дагавора. Канчаткова яго пункты перасталі выконвацца ва ўмовах пасіўнасці з боку вядучых дзяржаў Еўропы і ЗША пры нацыстах, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.
Літ.:
Ллойд Джордж Д. Правда о мирных договорах. Т. 1—2: Пер. с англ.М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАЎТ (1350—27.19.1430),
князь гродзенскі, трокскі, вял.кн.ВКЛ [1392—1430]. Сын Кейстута. Адзін з самых выдатных дзярж. дзеячаў ВКЛ. Актыўную паліт. дзейнасць пачаў у 1382 пасля забойства Ягайлам яго бацькі. Каб адпомсціць Ягайлу, Вітаўт уцёк да крыжакоў, заключыў з імі саюз, прыняў каталіцтва (пасля хрышчэння імя Віганд), абавязаўся стаць васалам Тэўтонскага ордэна і аддаў ордэну Жамойцію (1384). У ходзе барацьбы з Ягайлам пераканаўся ў яе бесперспектыўнасці і згадзіўся на мір. Атрымаў ад Ягайлы Берасце (Брэст) і Гародню (Гродна), большасць насельніцтва якіх складалі праваслаўныя, і перайшоў у праваслаўе (атрымаў імя Аляксандр). Аднак у час заключэння Крэўскай уніі 1385 разам з Ягайлам і інш. князямі зноў прыняў каталіцтва. У 1388, упэўніўшыся ў небяспецы гэтай уніі для ВКЛ, незадаволены тым, што Ягайла прызначыў сваім намеснікам у ВКЛСкіргайлу, а не яго, Вітаўт узначаліў барацьбу феадалаў ВКЛ супраць Ягайлы. Заключыў саюзы з вял.кн. маскоўскім Васілём I, аддаўшы за яго сваю дачку Соф’ю, і з Тэўтонскім ордэнам; зноў аддаў крыжакам Жамойцію (у 1389). У выніку 2-гадовай упартай і жорсткай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне 1392 і Вітаўт стаў вял. князем ВКЛ. Ён умацаваў трываласць дзяржавы, задушыўшы змову князёў Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы, у 1395, выкарыстаўшы міжусобіцу смаленскіх князёў, падпарадкаваў ВКЛ Смаленск. У 1399 выступіў саюзнікам беглага татарскага хана Тахтамыша ў міжусобнай барацьбе і пацярпеў паражэнне ў бітве на Ворскле 1399. Скарыстаўшы цяжкае становішча ВКЛ, кіруючыя колы Польшчы вымусілі Вітаўта заключыць Віленска-Радамскую унію 1401. У 1404 Вітаўт з дапамогай палякаў задушыў паўстанне ў Смаленску. Імкнучыся падпарадкаваць ВКЛ Ноўгарад, Вітаўт некалькі разоў хадзіў на Наўгародскую зямлю (апошні раз у 1428), што прывяло да вайны з Масквой, якая таксама прэтэндавала на горад. Тры разы хадзіў на Маскву (апошні раз у 1408). Войскі ВКЛ і Маскоўскага вял. княства сышліся на р. Угра, але Вітаўт і Васіль I, не пачынаючы бітвы, заключылі мір і вызначылі мяжу паміж дзвюма дзяржавамі па р. Угра. Маючы на мэце разграміць Тэўтонскі ордэн, які рабіў напады на ВКЛ, і вярнуць пад сваю уладу Жамойцію, Вітаўт у цеснай садружнасці з Ягайлам рыхтаваў супраць крыжакоў паход аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы. У выніку перамогі ў Грунвальдскай бітве 1410 і заключэння Тарунскага міру 1411 Жамойція была вернута ў ВКЛ. Саюз Польшчы з ВКЛ быў умацаваны Гарадзельскай уніяй 1413, якая дала паліт. прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ. Разумеючы значную ролю правасл. насельніцтва ў дзяржаве, Вітаўт стварыў самастойную правасл. мітраполію на чале з Цамблакам з цэнтрам у Навагрудку. У 1429 і 1430 Вітаўт спрабаваў атрымаць ад папы рымскага тытул караля і каралеўскую карону. У выніку польскіх інтрыг мэты не дасягнуў. Пры Вітаўце ВКЛ стала самай магутнай дзяржавай у Цэнтр. і Усх. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ (Karl),
імя каралёў Швецыі Найб. значныя з іх:
Карл IX (4.10.1550, Стакгольм — 30.10.1611), кароль [1604—11]. Малодшы сын Густава I Вазы. Пасля заключэння швед.-польск. уніі (1592) узначаліў рух супраць свайго пляменніка швед.-польск. караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся аднавіць у Швецыі каталіцызм (К. IX падтрымліваў лютэранства). Разбіў каля Стонгебру (1598) войскі Жыгімонта III і дамогся яго звяржэння (1599). З 1599 рэгент, з 1604 кароль (каранаваны ў 1609). Пачаў інтэрвенцыю супраць Расіі (пад выглядам ваен. дапамогі цару Васілю Іванавічу Шуйскаму ў 1611 захапіў Ноўгарад), Кальмарскую вайну 1611—13 з Даніяй.
Карл X Густаў (8.11.1622—13.2.1660), кароль [1654—60], палкаводзец. З 1648 генералісімус швед. арміі ў Германіі. Заняў прастол пасля адрачэння стрыечнай сястры Крысціны. У ліп. 1655 пачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай (гл.Паўночная вайна 1655—60); на працягу жн. — кастр. 1655 шведы занялі б.ч.Польшчы і Жамойці. Некаторыя бел. і літ. магнаты на чале з Я. і Б.Радзівіламі пачалі перагаворы з прадстаўнікамі К. X, падпісалі акт аб дзярж. уніі ВКЛ і Швецыі, а К. X быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. На акупіраваных тэр. разгарнулася нац.-вызв. барацьба (у крас. — маі 1656 успыхнула паўстанне ў Жамойці), у выніку чаго знішчана значная ч.швед. гарнізонаў. У 1657 войскі К. X пацярпелі шэраг паражэнняў у Польшчы. У 1658 заключыў перамір’е і з Расіяй.
Карл XII (27.6.1682, Стакгольм — 11.12.1718), кароль [1697—1718], палкаводзец. Сын Карла XI (правіў у 1660—97). Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21 супраць Паўн. саюза (Расія, Рэч Паспалітая, Данія). Лічыў гал. сваім ворагам караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага. У 1701 на чале швед. арміі захапіў Інфлянты і Літву, у 1702 праз Коўна і Гродна ўступіў на тэр.Польшчы. У ВКЛ К. XII падтрымала магнацкая групоўка Сапегаў, якая ў 1704 дамаглася абрання каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1708 войскі К. XII уступілі на Беларусь, потым на Украіну. У 1708—09 пацярпеў паражэнне каля Лясной і Палтавы, уцёк у Турцыю. Пасля паражэння шведаў у Фінляндыі і ў Гангуцкім баі 1714 пачаў мірныя перагаворы з Расіяй. У 1716 абараняў Швецыю ад высадкі войск Паўн. саюза. Намагаўся заваяваць Нарвегію, загінуў у час аблогі крэпасці Фрэдэрыксхаль (Зах. Нарвегія).
Карл XVI Густаў (н. 30.4.1946, каля Стакгольма), кароль з 1973. З дынастыі Бернадот. Адмірал флоту, генерал арміі і авіяцыі. Унук караля Густава VI Адольфа. З 1950 наследны прынц. Скончыў Каралеўскую ваенна-марскую акадэмію і Каралеўскі каледж нац. абароны. Вывучаў сацыялогію, фін. права, эканоміку ва ун-тах Стакгольма і Упсалы. Заняў прастол пасля смерці дзеда. У адпаведнасці з дзярж. традыцыямі з’яўляецца апекуном швед. евангелісцка-лютэранскай царквы, мае статус 1-га прадстаўніка ўзбр. сіл.