КУРДЫСТА́Н (перс., літар. краіна курдаў),

тэрыторыя ў Зах. Азіі ў межах Турцыі (большая частка), Ірака, Ірана, Сірыі, пераважна ў Курдыстанскіх гарах, населеная ў асноўным курдамі. Паверхня — спалучэнне рачных далін, пласкагор’яў і плато выш. 1500—2500 м, хрыбтоў з вяршынямі да 3500—4168 м. Есць патухлыя вулканы. На Пд — перадгорныя ўскраіны Месапатамскай нізіны. Клімат на З да выш. 1500—2500 м міжземнаморскі, на У — субтрапічны кантынентальны. Ападкаў 200—400 мм, у гарах — да 2000 мм. Рэкі басейнаў Тыгра, Еўфрата, Куры, Аракса. Расліннасць стэпавая і паўпустынная, у гарах — хмызнякі, лясы з хвоі і дуба, рэдкалессі, альпійскія лугі. Насельніцтва займаецца качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла), у далінах вырошчваюць пшаніцу, ячмень, тытунь, бавоўнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Здабыча нафты (Ірак), рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 12 ст. У пач. 16 ст. падзелены паміж Асманскай імперыяй і Іранам, улада якіх над К. заставалася намінальнай. Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Асманскай імперыі раёны К., якія ёй належалі, увайшлі ў склад Турцыі, Сірыі і Ірака. Сеўрскі мірны дагавор 1920 прадугледжваў стварэнне курдскай дзяржавы, але гэта не было здзейснена. Буйныя паўстанні курдаў адбыліся ў 1931—32 і 1944—45 у Іраку. У 1945—46 на ПнЗ Ірана існавала курдская т. зв. Мехабадская рэспубліка. У 1961 на Пн Ірака пачалося паўстанне курдаў пад кіраўніцтвам Дэмакр. партыі К. (ДПК) на чале з М.​Барзані. У сак. 1970 урад Ірака стварыў курдскую аўтаномію, але яе абмежаванасць падштурхнула ДПК працягваць барацьбу да 1975, калі іранскі ўрад спыніў сваю дапамогу паўстанцам. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 абодва бакі імкнуліся выкарыстаць курдаў у сваіх мэтах, падтрымліваючы курдскіх паўстанцаў на тэрыторыі праціўніка. Пасля Кувейцкага крызісу 1990—91 курда пачалі новае паўстанне супраць іракскага рэжыму. Пад націскам ЗША і іх саюзнікаў на Пн Ірака была створана «зона бяспекі для курдаў». У Турцыі з 1983 Курдская рабочая партыя на чале з А.​Аджаланам (у 1999 арыштаваны турэцкімі уладамі) вядзе ўзбр. барацьбу за незалежнасць турэцкага К.; у выніку ваен. дзеянняў загінула больш за 30 тыс. чал., сотні тыс. засталіся без прытулку.

Літ.:

Ментешашвили А.М. Курды: Очерки обществ.-экон. отношений, культуры и быта. М., 1984;

Курдское движение в новое и новейшее время. М., 1987;

Васильева Е.И. Юго-Восточный Курдистан в XVII — начале XIX вв.: Очерки истории эмиратов Арделан и Бабан. М., 1991.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕСАЮ́ЗНЫ ЛЕ́НІНСКІ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ (ВЛКСМ), камсамол,

маладзёжная грамадска-паліт. арг-цыя ў Расіі і СССР у 1918—91. Створаны на I Усерас. з’ездзе саюзаў рабочай і сял. моладзі 29.10.1918 як Рас. камуніст. саюз моладзі (РКСМ, у яго склад увайшлі і камуніст. маладзёжныя арг-цыі Беларусі). З 1924 — Рас. Ленінскі камуніст. саюз моладзі, з 1926 — ВЛКСМ. Дзейнічаў пад кантролем Камуніст. партыі як яе памочнік і рэзерв. Статут ВЛКСМ патрабаваў ад камсамольцаў змагацца за ажыццяўленне рашэнняў партыі і сав. ўрада. Асн. ідэалаг. задачай камсамола абвяшчалася выхаванне моладзі на ідэях марксізму-ленінізму, выпрацоўка і ўмацаванне ў яе класавага падыходу да ўсіх з’яў жыцця, падрыхтоўка стойкіх, высокаадукаваных, працавітых сав. патрыётаў. У камсамол прымаліся юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў. Першапачатковая жорсткая ідэалаг. патрабавальнасць да ўступаючых паступова паслаблена. У 1970—80-я г. членствам у ВЛКСМ, якое стала ў значнай ступені фармальным, была ахоплена амаль уся моладзь СССР (каля 42 млн. чал. у 1985). Арганізац. структура ВЛКСМ будавалася паводле прынцыпу дэмакр. цэнтралізму. Яе аснову складалі пярвічныя арг-цыі, якія ствараліся на прамысл. і с.-г. прадпрыемствах, у навуч. установах, часцях арміі, флоту і г.д. Вышэйшым органам пярвічнай арг-цыі з’яўляўся агульны сход членаў. Сход выбіраў к-т камсамола, які кіраваў справамі арг-цыі паміж сходамі. Аналагічна будаваліся і вышэйстаячыя камсамольскія арг-цыі — раённыя, гарадскія, абласныя, рэсп. і інш. Вышэйшым органам ВЛКСМ з’яўляўся з’езд ВЛКСМ (адбыліся 22 з’езды), які выбіраў для кіраўніцтва паміж з’ездамі ЦК ВЛКСМ на чале з 1-м сакратаром. Цэнтр. органы друку ВЛКСМ — газ. «Комсомольская правда» і час. «Молодой коммунист». Састаўнымі часткамі ВЛКСМ былі рэсп. камсамольскія арг-цыі саюзных рэспублік СССР (акрамя Расіі), у т. л. Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Камсамол кіраваў Усесаюзнай піянерскай арг-цыяй імя Леніна (гл. ў арт. Піянерскія арганізацыі), быў шэфам сав. ВМФ. Пад яго кіраўніцтвам сав. моладзь удзельнічала ў грамадз. вайне, індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі, у культ. рэвалюцыі, Вял. Айч. вайне і пасляваен. аднаўленні гаспадаркі, здзяйсненні буйнамаштабных гасп. праектаў 1950—80-х г. З пачаткам перабудовы ў СССР у ВЛКСМ разгарнуўся працэс дэмакратызацыі ўнутрысаюзнага жыцця. Аднак агульны сістэмны крызіс афіц. ідэалогіі і дзярж. сістэмы СССР у канцы 1980 — пач. 1990-х г. прадрашыў і лёс ВЛКСМ, які пачалі пакідаць асобныя рэсп. камсамольскія арг-цыі. XXII надзвычайны з’езд ВЛКСМ (вер. 1991) палічыў вычарпанай паліт. ролю ВЛКСМ як федэрацыі камуніст. саюзаў моладзі і абвясціў аб яго самароспуску.

Літ.:

Славный путь Ленинского комсомола: История ВЛКСМ. 2 изд. М., 1978.

т. 16, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1870—71,

вайна паміж Францыяй і Прусіяй, разам з якой выступілі дзяржавы Паўночнагерманскага саюза і Паўд. Германіі. Прусія імкнулася закончыць аб’яднанне Германіі пад сваёй гегемоніяй, захапіць ч. франц. тэрыторый, аслабіць Францыю і яе ўплыў у Еўропе. Напалеон III меў намер перашкодзіць ажыццяўленню планаў Прусіі і з дапамогай пераможнай вайны ўмацаваць рэжым Другой імперыі, які знаходзіўся ў глыбокім крызісе. Падставай да вайны стаў канфлікт з-за кандыдатуры прускага прынца Гогенцолерна (сваяка прус. караля Вільгельма I) на ісп. трон. 13.7.1870 О.Э.Л.Бісмарк справакаваў публікацыю зняважлівай для франц. ўрада т.зв. Эмскай дэпешы 1870, якая свядома скажала змест перагавораў франц. пасла з прус. каралём. 19.7.1870 Францыя аб’явіла вайну Прусіі. Дыпламатыя Бісмарка здолела забяспечыць выгадны для Прусіі нейтралітэт Аўстра-Венгрыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Расіі. Францыя апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, без саюзнікаў. Супраць франц. арміі (каля 500 тыс. чал., у т. л. дзеючая Рэйнская армія) Прусія пры падтрымцы інш. герм. дзяржаў мабілізавала больш за 1 млн. чал. У жн. пруская армія пад агульным кіраўніцтвам Г.К.Б.Мольтке Старэйшага атрымала шэраг перамог над франц. войскамі. Пасля паражэння 4—6.8.1870 у пагранічных бітвах 170-тысячная франц. армія маршала Базэна была блакіравана ў крэпасці Мец (27.10.1870 капітулявала). 1—2.9.1870 у бітве пры Седане герм. войскі разбілі 3-ю армію маршала Мак-Магона і ўзялі яе ў палон разам з Напалеонам III. Ваен. катастрофа Францыі стала штуршком да паўстання 4.9.1870 у Парыжы, у выніку якога ліквідавана імперыя і ўстаноўлена рэспубліка на чале з Часовым урадам. Пасля гэтага вайна для Прусіі з абарончай перарасла ў захопніцкую, а для Францыі набыла нац.-абарончы характар. Было акупіравана больш за 1/3 франц. тэр. з насельніцтвам больш за 10 млн. чал., акружаны Парыж. 18.1.1871 была абвешчана Германская імперыя. У Францыі разгарнуўся партыз. рух, у Парыжы створаны батальёны Нац. гвардыі, у правінцыі сфарміравана 600-тысячная армія добраахвотнікаў. Аднак урад сабатаваў гатоўнасць народа да актыўнай абароны і 28.1.1871 капітуляваў перад Прусіяй, падпісаўшы з ёю перамір’е. Пры актыўнай падтрымцы герм. войск была ліквідавана Парыжская камуна 1871. Ф.-п.в. скончылася падпісаннем Франкфурцкага міру 1871.

Літ.:

Шнеерсон Л.М. Франко-прусская война и Россия: Из истории рус.-прус. и рус.-фр. отношений в 1867—1871 гг. Мн., 1976;

Оболенская С.В. Франко-прусская война и общественное мнение Германии и России. М., 1977;

История войн. Ростов н/Д;

М., 1997. Т. 2. С. 468—476;

Ненахов Ю.Ю. Железом и кровью: Войны Германии XIX в. Мн.;

М., 2002.

Ю.​В.​Бажэнаў, Ю.​В.​Юшкевіч.

т. 16, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛО́ГІЯ (ад гідра... + ...логія),

навука пра прыродныя воды, іх пашырэнне, уласцівасці, працэсы і з’явы, што ў іх адбываюцца. Прадмет вывучэння гідралогіі — водныя аб’екты: акіяны, моры, рэкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты, вільгаць, што назапашана ў снегавым покрыве і ледавіках, грунтавыя і падземныя воды. Падзяляецца на акіяналогію, гідралогію сушы і гідрагеалогію, у якой да гідралогіі належаць раздзелы аб рэжыме падземных вод. Цесна звязана з навукамі геагр., геал. і біял. кірункаў. Вывучае кругаварот вады на Зямлі, прасторава-часавыя ваганні гідралагічных элементаў (узроўню, расходаў, т-ры вады і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на гідрасферу і працэсы ў ёй і інш. Практычнае значэнне гідралогіі ў ацэнцы і прагнозе стану водных рэсурсаў, абгрунтаванні рацыянальнага іх выкарыстання.

Тэрмін «гідралогія» з’явіўся ў канцы 17 ст. (Германія). Спачатку гідралогія развівалася як апісальныя галіны фіз. геаграфіі, гідратэхнікі, геалогіі, навігацыі. Як сістэма навук. ведаў аформілася ў пач. 20 ст. (1915, В.​Р.​Глушкоў). Пачатак гідралагічнага вывучэння тэр. Беларусі далі працы Зах. экспедыцыі па асушэнні балот Палесся пад кіраўніцтвам І.​І.​Жылінскага (1873) і навігацыйна-апісальнай камісіі Мін-ва шляхоў зносін (1875).

На Беларусі даследаванні ў галіне гідралогіі праводзяць Камітэт па гідраметэаралогіі (Гідраметэаралагічная служба), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН, БДУ, Белдзіправадгас і інш. Праводзяцца экспедыцыйныя і лабараторныя даследаванні асобных тэр. і водных аб’ектаў. Вывучаюцца антрапагенныя змены ў гідралагічным рэжыме, распрацоўваюцца меры па ахове гідрасферы. Значны ўклад у развіццё гідралогіі зрабілі бел. вучоныя С.​Х.​Будыка, А.​Р.​Булаўка, Д.​А.​Дановіч, В.​В.​Дрозд, А.​Д.​Дубах, П.А. Дудкін, А.​І.​Івіцкі, П.​А.​Кісялёў, І.​М.​Ліўшыц, В.​Ф.​Шабека, В.​М.​Шырокаў, В.​П.​Якушка.

Літ.:

Калинин Г.П. Проблемы глобальной гидрологии. Л., 1968;

Чеботарев А.И. Общая гидрология. 2 изд. Л., 1975;

Плужников В.Н., Макаревич А.А. Итоги гидрологических исследований в Беларуси // Развіццё геаграфіі Беларусі: вынікі, прабл., перспектывы: Тэз. дакл. навук. канф. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1821—29,

нацыянальна-вызваленчая вайна грэкаў супраць тур. панавання, у выніку якой утворана самаст. грэч. дзяржава. Падрыхтавана членамі тайнага нац.-вызв. т-ва «Філікі Этэрыя» пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці. На 1-м этапе рэвалюцыі (1821—22), якая пачалася з паўстання на Пелапанесе 25.3.1921 (з таго часу 25 сак. адзначаецца як Дзень незалежнасці Грэцыі), вызвалена значная ч. тэр. краіны. 13.1.1822 Нац. сход абвясціў незалежнасць Грэцыі, прыняў часовую канстытуцыю — Эпідаўрскі арганічны статут 1822, выбраў прэзідэнтам краіны К.Маўракардатаса. Летам 1822 грэч. атрады на чале з Т.Калакатронісам разбілі 30-тысячную тур. армію, якая ўварвалася на Пелапанес, а грэч. караблі атакавалі тур. ВМФ і прымусілі яго пакінуць Эгейскае м. На 2-м этапе вайны, у выніку абвастрэння сац. і паліт. супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстанцаў, адбыліся 2 грамадз. Вайны (1823—24 і 1824—25). На 3-м этапе (1825—27) тур.-егіп. войскі акупіравалі ўсе грэч. вобласці на Пн ад Карынфскага перашыйка. На 4-м, апошнім, этапе (1827—29) Нац. сход у Трэзене ў сак. 1827 прыняў новую канстытуцыю, прэзідэнтам выбраны І.Кападыстрыя, які зрабіў шэраг захадаў па паляпшэнні эканам. становішча краіны, павышэнні баяздольнасці ўзбр. сіл, цэнтралізацыі кіравання. Прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі падпісалі Лонданскую канвенцыю 1827 аб спыненні грэка-тур. вайны і наданні Грэцыі поўнай унутр. аўтаноміі. Гэта прывяло да Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 Турцыя прызнала аўтаномію Грэцыі. У 1830 Грэцыя атрымала незалежнасць. Рэвалюцыю падтрымала грамадскасць многіх краін свету, паўстанцам дапамагалі замежныя добраахвотнікі (сярод іх англ. паэт Дж.​Байран).

Літ.:

Арш Г.Л. И.​Каподистрия и греческое национально-освободительное движение, 1809—1822 гг. М., 1976.

Да арт. Грэчаская нацыянальна-вызваленчая рэвалюцыя 1821—29. Карціна Э.​Дэлакруа «Грэцыя на руінах Місалунгі». 1827.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ ХАРАВА́Я КАПЭ́ЛА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя Р.​Р.​Шырмы.

Створана ў 1940 у Беластоку як Бел. ансамбль песні і танца. Заснавальнік і кіраўнік да 1970 Р.Шырма, танц. групай кіраваў І.Хвораст. Ў 1950 ансамбль рэарганізаваны ў Дзярж. хор БССР (з 1944 у Гродне, з 1952 у Мінску), з 1955 Дзярж. хар. капэла БССР, з 1957 акадэмічная, імя Шырмы з 1978. З 1988 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Яфімава (з 1987). У рэпертуары капэлы апрацоўкі бел. нар. песень, творы бел. кампазітараў, у т. л. М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, А.​Бандарэнкі, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, Э.​Казачкова, В.​Казлоўскага, І.​Кузняцова, М.​Куліковіча-Шчаглова, А.​Літвіноўскага, І.​Лучанка, С.​Манюшкі, А.​Мдывані, Я.​Паплаўскага, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Л.​Шлег і інш., хар. і вак.-сімф. свецкая і царк. музыка рус. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: рэквіемы Дж.​Вердзі, В.​А.​Моцарта, Р.​Шумана, Л.​Керубіні, А.​Брукнера, І.​Брамса, Дз.​Кабалеўскага, месы І.​С.​Баха, Брукнера, Моцарта, І.​Гайдна, араторыі Дз.​Шастаковіча, П.​Чайкоўскага, С.​Пракоф’ева, хар. канцэрты С.​Танеева, П.​Часнакова, Дз.​Бартнянскага, А.​Архангельскага, С.​Рахманінава і інш. Капэла выступала з вядомымі сімф. аркестрамі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі пад кіраўніцтвам Ю.​Яфімава, М.​Янсанса, Л.​Крэмера, Р.​Зеехафера, Ч.​Грабоўскага, В.​Катаева, В.​Дуброўскага, П.​Д.​Панэла, С.​Сандэцкіса, Ю.​Домаркаса, Ю.​Цырука, А.​Янчанкі і інш. У розны час капэлай кіравалі У.​Раговіч, А.​Шунтаў; працавалі спевакі М.​Тэадаровіч, Л.​Царанкова, М.​Шуманскі, В.​Юневіч і інш. Калектыў — лаўрэат Міжнар. фестывалю царк. музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча, 1993).

Літ.:

Смольский Б.С. Государственная академическая хоровая капелла БССР. Мн., 1959;

Пуроўскі К. Песні вольных людзей. Мн., 1961.

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т НАРО́ДНАГА КАНТРО́ЛЮ БССР (КНК БССР). Існаваў са снеж. 1965 па ліп. 1990. Створаны ў выніку рэарганізацыі органаў парт.-дзярж. кантролю ў органы нар. кантролю (НК) паводле Закона Вярх. Савета БССР ад 22.12.1965 «Аб органах народнага кантролю ў Беларускай ССР» Органамі НК з’яўляліся абл., гар. і раённыя КНК, групы і пасты пры сельскіх і пасялковых Саветах нар. дэпутатаў, на прадпрыемствах, у калгасах, установах, арг-цыях і вайсковых часцях. КНК БССР працаваў пад кіраўніцтвам Вярх. Савета, яго Прэзідыума і Савета Міністраў БССР. З’яўляўся саюзна-рэсп. органам і кіраваў работай ніжэйшых органаў НК Беларусі, адначасова падпарадкоўваўся КНК СССР. Апарат КНК БССР будаваўся паводле вытв.-галіновага прынцыпу. У пач. 1980-х г. ён складаўся з 8 вытв.-галіновых аддзелаў і 3 структурных падраздзяленняў. У БССР дзейнічалі 104 сельскія раённыя к-ты, 25 раённых у гарадах і 31 гар. к-т. У 1982 пазаштатны актыў КНК складаў 15 840 чал., аб’яднаных у 1552 пазаштатныя аддзелы. На 1.1.1982 на прадпрыемствах, у калгасах, установах і арг-цыях БССР дзейнічала 27 829 к-таў і груп НК і 11 909 пастоў, у якія было выбрана 386 тыс. чал. Дзейнасць КНК рэгламентавалася Законам «Аб народным кантролі СССР» ад 30.11.1979 і мела юрыд. характар. Іх функцыі заключаліся ў кантролі за выкананнем дзярж. планаў эканам. і сац. развіцця, укараненні ў вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі, перадавога вопыту, у вядзенні барацьбы з парушальнікамі дзярж. дысцыпліны, валакітай і бюракратызмам, ажыццяўленні кантролю за выкананнем законаў кіруючымі асобамі пры разглядзе прапаноў, скаргаў, заяў грамадзян і інш. КНК мелі права прыцягваць вінаватых да адказнасці, накладваць на іх спагнанні, рабіць грашовыя налічэнні, адхіляць ад займаемых пасад або паніжаць па пасадзе, накіроўваць у пракуратуру матэрыялы аб крадзяжах, злоўжываннях і інш.

Э.​А.​Забродскі.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КАЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці цэлых, рацыянальных і алг. лікаў, іх сувязі з інш. лікамі (ірацыянальнымі, трансцэндэнтнымі).

Паняцце цэлага ліку, а таксама арыфм. аперацый над лікамі вядома са стараж. часоў і з’яўляецца адной з першых матэм. абстракцый. Натуральныя лікі распадаюцца на 2 класы: простыя лікі, якія маюць 2 натуральныя дзельнікі (адзінку і самога сябе), і састаўныя лікі — усе астатнія. Уласцівасці простых лікаў і іх сувязь з натуральнымі вывучаў Эўклід (3 ст. да н.э.). Вывучэнне размеркавання простых лікаў прывяло да стварэння алгарытмаў (напр., рэшата Эратасфена) для атрымання табліц такіх лікаў. Пытанні цэлалікавых рашэнняў рознага віду ўраўненняў (гл. Дыяфантавы ўраўненні) разглядалі Эўклід, Піфагор, Дыяфант і інш. Шэраг адкрыццяў у тэорыі дыяфантавых ураўненняў і ў тэорыі, звязанай з падзельнасцю цэлых лікаў належыць П.​Ферма (гл. Ферма вялікая тэарэма, Ферма малая тэарэма). Вывучэнне ірацыянальных лікаў паставіла задачу іх набліжанага вылічэння з дапамогай рацыянальных лікаў, што спрыяла ўзнікненню тэорыі дыяфантавых набліжэнняў. Адкрыццё трансцэндэнтных лікаў вылучыла шэраг праблем пра крытэрыі трансцэндэнтнасці, класіфікацыю трансцэндэнтных велічынь і інш. Вырашэнне праблем Л.т. патрабуе ўдасканалення і стварэння новых матэм. паняццяў, метадаў, напр., імкненне даказаць тэарэму Ферма прывяло ням. матэматыка Э.​Кумера (19 ст.) да стварэння асноў алг. Л.т. (тэорыя ідэалаў), вывучэнне размеркавання простых лікаў спрыяла развіццю тэорыі аналітычных функцый (Б.​Рыман, Ж.​Адамар; 19 ст.). Л.т. цесна звязана з многімі раздзеламі матэматыкі (алгебра, тапалогія, матэм. логіка, тэорыя функцый, тэорыя імавернасцей), што прыводзіць да яе сінтэзу з інш. матэм. навукамі (р-адычныя лікі, лакальны аналіз, тэорыя алг. функцый).

На Беларусі даследаванні па Л.т. пачаты ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам У.​Г.​Спрынджука і праводзяцца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН, БДУ, Бел. агр. тэхн., Гродзенскім і Магілёўскім ун-тах. Вырашаны шэраг праблем у тэорыі трансцэндэнтных лікаў, метрычнай Л.т., дыяфантавых ураўненнях.

Літ.:

Спринджук В.Г. Метрическая теория диофантовых приближений. М.,1977;

Берник В.И., Мельничук Ю.В. Диофантовы приближения и размерность Хаусдорфа. Мн., 1988.

В.​І.​Бернік.

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАЛО́ГІЯ (ад літа... + ...логія),

навука пра асадкавыя горныя пароды і сучасныя асадкі. Вывучае іх рэчыўны састаў, будову, паходжанне, заканамернасці прасторавага размяшчэння і інш. Асн. метады даследаванняў: фацыяльны, фармацыйны, параўнальна-літалагічны і стадыяльны аналізы, аптычная мікраскапія, хім., рэнтгена-структурны, рэнтгена-спектральны, ізатопны і інш. Па выніках даследаванняў складаюцца літолагафацыяльныя і літолага-палеагеаграфічныя карты і атласы. Цесна звязана са стратыграфіяй, петраграфіяй, мінералогіяй, палеанталогіяй, палеагеаграфіяй і інш.

Л. склалася як адна з галін геалогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку стратыграфічных. палеагеаграфічных і інш. даследаванняў з вывучэннем рэчыўнага саставу асадкавых парод і карысных выкапняў. Вял. значэнне мелі працы вучоных: англ. Г.​Сорбі, амер. Дж.​Мерэя, Дж.​Барэла, У.​Твенхафела, Ф.​Петыджана і інш., франц. Л.​Каё, В.​Вагана, ням. І.​Вальтэра, Г.​Потанье, рас. М.​А.​Галоўкінскага, А.​П.​Паўлава, П.​А.​Зямятчанскага, Я.​У.​Самойлава, П.​М.​Чырвінскага, А.​Дз.Архангельскага, Дз.В.Наліўкіна, Л.В.Пуставалава, М.М.Страхава, Л.​Б.​Рухіна і інш.

На Беларусі вывучэнне асадкавых парод вядзецца з пач. 20 ст. Да 1940-х г. яно праводзілася эпізадычна, разам з інш. геал. даследаваннямі. З сярэдзіны 20 ст. пачаліся сістэматычныя літалагічныя даследаванні платформавага чахла, у асадкавых пародах якога выяўлены карысныя выкапні — каменныя і калійныя солі, фасфарыты, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды, розная сыравіна для буд. матэрыялаў і інш. У сярэдзіне 1950-х г. створана лабараторыя літалогіі і геахіміі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі. Даследавана Л. асадкавых і вулканагенных тоўшчаў верхняга пратэразою, палеазою, стараж. кор выветрывання, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаносных парод і інш. (пад кіраўніцтвам А.С.Махнача). У Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це ВА «Белгеалогія» праводзяцца вывучэнне каменнай і калійных солей, фасфарытаў, гіпсаў, мергельна-мелавых і крамяністых, пясчана-жвіровых і нафтаносных парод.

Літ.:

Фролов В.Т. Литология. Кн. 1—3. М., 1992—95;

Систематика и классификации осадочных пород и их аналогов. СПб., 1998.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 9, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЕРХО́ЛЬД Усевалад Эмілевіч (9.2.1874, г. Пенза, Расія — 2.2.1940),

расійскі рэжысёр і акцёр; рэфарматар сцэнічнага мастацтва. Нар. арт. Рэспублікі (1923). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (клас У.​Неміровіча-Данчанкі). З 1898 акцёр МХТ. З 1902 рэжысёр т-раў у правінцыі. З 1905 працаваў у Студыі на Паварской (Масква), арганізаванай К.​Станіслаўскім. У 1906—07 гал. рэжысёр Т-ра В.​Камісаржэўскай (Пецярбург), сцвярджаў прынцыпы «ўмоўнага тэатра» («Сястра Беатрыса» М.​Метэрлінка, «Жыццё чалавека» Л.​Андрэева, «Балаганчык» А.​Блока). З 1908 у Александрынскім і Марыінскім т-рах; імкнуўся спалучыць трагічны гратэск з прыёмамі ігры нар. акцёраў на плошчы (пляцавага мастацтва), стварыць яркія, дынамічныя відовішчы («Маскарад» М.​Лермантава, 1917). Пасля 1917 узначаліў рух «Тэатральны Кастрычнік», вылучыў праграму эстэт. каштоўнасцей, паліт. актывізацыі т-ра («Містэрыя-буф» У.​Маякоўскага, 1918, 1921). У 1920—38 кіраваў т-рам у Маскве (гл. Меерхольда тэатр) і школай пры ім; распрацаваў біямеханіку — методыку акцёрскага трэнажу. Яго пастаноўкі («Рэвізор» М.​Гогаля, 1926; «Клоп» Маякоўскага, 1929; «Апошні, рашаючы» У.​Вішнеўскага, 1931; «Дама з камеліямі» А.​Дзюма-сына, 1934) вызначаліся публіцыстычнасцю, яркімі і тэхнічна дасканалымі акцёрскімі работамі, высокай пастановачнай культурай, пластычнасцю, відовішчнасцю, абагульнена вобразнай метафарычнасцю і гіпербалічнасцю. У 1939 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

У 1908 у Мінску выступала трупа пад кіраўніцтвам яго і Р.​Унгерна («Балаганчык» Блока), у 1936 яго т-р ]«Лес» А.​Астроўскага, «Гора розуму» паводле «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна, «33 разы ў непрытомнасці» («Сватанне», «Мядзведзь» і «Юбілей» А.​Чэхава)]. Творчасць М. аказала значны ўплыў на развіццё рас. і сусв. тэатр. мастацтва. На Беларусі яго ўздзеянне найб. відавочна ў творчасці рэжысёраў Л.​Літвінава, Н.​Лойтара, В.​Пацехіна.

Тв.:

Статьи, письма, речи, беседы. Т. 1—2. М., 1968.

Літ.:

Волков Н. Мейерхольд. Т. 1—2. М.; Л., 1929;

Встречи с Мейерхольдом: Сб. воспоминаний. М., 1967;

Рудницкий К.Л. Мейерхольд. М., 1981.

А.​В.​Сабалеўскі.

У.Э.Меерхольд.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)