КАЛІНО́ЎСКІ (Кастусь) (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч; 2.2.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.3.1864),
лідэр бел.нац.вызв. руху; адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852), Пецярбургскі ун-т (1860). У Пецярбургу член рэв. гуртка З.Серакоўскага. У пач. 1861 вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У 1861—62 стварыў у Гродне і Гродзенскай губ. шэраг нелегальных рэв. арг-цый, каардынаваў сваю дзейнасць рэв. сіламі Польшчы. Адзін са стваральнікаў восенню 1861 Камітэта руху — арганізац. цэнтра «чырвоных» па падрыхтоўцы паўстання. З кастр. 1862 старшыня Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 1.2.1863 узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У сак. 1863 адхілены «белымі» ад кіраўніцтва і накіраваны на пасаду рэв. камісара Гродзенскага ваяв. Са жн. 1863 зноў на чале ўзбр. барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага аддзела Літвы. У лют. 1864 арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда павешаны на Лукішскай пл. ў Вільні. Выканаўчы аддзел Літвы ў час старшынства К. наз. ўрадам («Літоўска-беларускі чырвоны жонд»), а самога К. — «дыктатарам паўстання». Ён адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар газеты для сялян на бел. мове «Мужыцкая праўда»; пісаў падпсеўд. «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У 1863—64 ім выдаваліся таксама газеты «Choragiew swobody» («Сцяг свабоды»), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы»), на старонках якіх праводзіліся ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літ. зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону уніяцтва, супраць прымусовага пераводу бел. сялян у праваслаўе. З публіцыст. дзейнасцю К. звязана развіццё ў Беларусі рэв. дэмакратызму. Садзейнічаў станаўленню бел. літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі бел. л-ры сталі яго публіцыстыка («Лісты з-пад шыбеніцы») і вершы («Марыська, чарнаброва галубка мая», прысвечаны нарачонай Марыі Ямант, і «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці» — развітанне з бел. народам). К. пераклаў на бел. мову з польскай рэв. песні (мазурка Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва. У г.п. Свіслач яму пастаўлены помнік.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРВА́Д,
стараж. стараж. горад-дзяржава ў Паўн. Фінікіі. Упершыню ўпамінаецца ў егіп. крыніцах пач. 15 ст. да н.э. З 8 ст. да н. э. пад уладай Асірыі. На пач. 7 ст. да н. э. — Вавілоніі. Пры Ахеменідах меў аўтаномію. У 332 да н. э. перайшоў на бок Аляксандра Македонскага. З 5 ст. да н.э. ў Арвадзе чаканілі манету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЧЫ́Л II (1647 — 27.2.1713),
цар Імерэтыі і Кахетыі, пісьменнік і гісторык. Пасля працяглай і беспаспяховай барацьбы супраць Персіі і Турцыі і з феад. міжусобіцамі ў 1699 пакінуў сваю краіну і перабраўся ў Расію, дзе заснаваў груз. калонію (у с. Усіхсвяцкім, пад Масквою). Стваральнік першай груз. друкарні. Аўтар паэт.зб. «Арчыліяні», гіст. паэмы «Спрэчка Тэймураза з Руставелі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКА (галанд. bank),
водмель, утвораная мясц. падняццем марскога ці акіянскага дна. Бываюць наноснага, вулканічнага, тэктанічнага, каралавага паходжання, часам гэта астаткавы рэльеф сушы пры трансгрэсіі мора. Пясчаныя наносныя банкі пад уплывам цячэнняў могуць мяняць свае абрысы і месцазнаходжанне. Многія банкі з’яўляюцца раёнамі рыбнага промыслу (Ньюфаўндлендская банка ў Атлантычным ак., Догер-банка ў Паўночным м.). Небяспечныя для суднаходства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАЎ (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1959, в. Ельня Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1987), Творчыя акадэмічныя майстэрні пад кіраўніцтвам Г.Паплаўскага (1989). У сваіх творах шырока распрацоўвае этнагр. матывы: нізка афортаў «Спевы роднага краю» (1987), цыкл «Чорная кераміка Такарэўскага» і трыпціх «Развітанне» (1989), нізкі «Азяроды» (1990) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́Н (ад грэч. autochthōn мясцовы, карэнны) у геалогіі, участак зямной кары, які не зведаў значных гарыз. перамяшчэнняў і залягае пад насунутым на яго тэктанічным покрывам (алахтонам). Подсцільныя пароды звычайна рэзка адрозніваюцца ад покрыўных, зона размежавання іх запоўнена міланітамі. Можа мець складкавыя ці разрыўныя парушэнні незалежна ад покрыва або сумесна з ім. Пашыраны ў складкавых абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎХАЧО́Ў (Фядосій Міхайлавіч) (17.9.1909, в. Машавое Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобласці — 14.12.1993),
Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Вышэйшую школу бранятанк. войскаў (1947). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. У сак. 1945 пры вызваленні г. Гдыня (Польшча) танкавы батальён пад камандаваннем маёра Аўхачова першы ўварваўся ў горад і знішчыў вялікую колькасць тэхнікі ворага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ЗАВО́ДЫ.
Дзейнічалі ў Беларусі ў 1875—1914 у маёнтку Старабарысаўскі Барысаўскага пав. (цяпер у межах г. Барысаў) і ў г. Барысаў. У 1908 на адным з іх былі створаны мукамольна-крупяное, дражджавое і спіртавое прадпрыемствы пад назвай «Заводы Літва». Мелі паравыя машыны, катлы і рухавікі, дынама-машыну. Выраблялі дошкі, рэйкі, брусы. У 1908 працавалі 176 рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАГАЛО́ВАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас.р. Страча, за 25 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел, за 1,5 км на ПдЗ ад воз.Вял. Швакшты. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб.шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,82 км. Схілы катлавіны забалочаныя, пад лесам, берагі сплавінныя. Бяссцёкавае. У выніку меліярацыі ўзровень вады панізіўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Аўсянка, за 26 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,2 км², даўж. 780 м, найб.шыр. 430 м, найб.глыб. 3,2 м. Пл. вадазбору 1,3 км². Схілы катлавіны невыразныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ў прыбярэжнай частцы пясчанае, глыбей сапрапелістае. Бяссцёкавае. Каля берагоў зарастае.