МОНАПЛАКАФО́РЫ (Monoplacophora),

клас прымітыўных марскіх малюскаў. Вядомы з палеазою (каля 500 млн. г. назад). 3 атр. (2 вымерлыя), каля 60 відаў (14 сучасных, аб’яднаны ў 4 роды). Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне да глыб. 6,5 км.

Даўж. сучасных М. да 37 мм. Цела ўкрыта каўпачкападобнай або плоскаспіральнай (у вымерлых) ракавінай, мае галаву, нагу, мантыю і поласцевы мяшок. У мантыйнай баразне, паміж мантыяй і нагой 5—6 пар перыстых шчэлепаў. Кормяцца дэтрытам, фільтратары. Раздзельнаполыя.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТЭ-КА́РЛА (Monte Carlo),

горад у Манака. Каля 12 тыс. ж. (1997). Порт на Міжземным м. Кліматычны курорт. Буйны цэнтр міжнар. турызму і банкаўскіх аперацый. Сусветна вядомае казіно, пабудаванае ў 1878 (дае каля 4% нац. гадавога прыбытку). Суднарамонт. Адна з самых магутных у Еўропе радыёстанцый. Оперны т-р Музей выяўл. мастацтваў. Штогадовыя міжнар. фестывалі цыркавога мастацтва, тэлевізійных фільмаў і інш. Штогадовыя сусв. «Ралі Монтэ-Карла» (з 1911). Штаб-кватэра Міжнар. акадэміі па турызме.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НЫ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 500 м на Пн ад в. Селішча Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Валун цёмна-шэрага гнейсу з жылкамі шаравата-белага кварцу, уключэннямі мускавіту. Даўж. 5,7 м, шыр. 3,2 м, выш. бачнай часткі 1,7 м, у абводзе 14,7 м, аб’ём 31 м³, маса каля 82 т. Мае выцягнутую прасападобную форму і трэшчынаватую паверхню. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАГІ́,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (цячэ праз возера), за 24 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,59 км², даўж. каля 2,6 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 19,4 м, даўж. берагавой лініі каля 5,8 км. Пл. вадазбору 102 км². Схілы катлавіны выш. да 36 м, парэзаныя ярамі. Берагі нізкія, пясчаныя, ’пад хмызняком. У прыбярэжнай зоне дно пясчанае, глыбей — ілістае. Мелкаводны ўсх. заліў зарос. Упадае шмат ручаёў.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛБАНІ (Albany),

горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Нью-Йорк. Засн. ў 1614. 103,6 тыс. ж., з гарадамі Скенектады, Трой і агульнымі прыгарадамі каля 900 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Гудзон даступны для марскіх суднаў, каля пачатку канала Эры. Гандл.-размеркавальны цэнтр. Прам-сць: паліграф., тэкст., трыкат., швейная, харч.; вытв-сць пластмас. 2 ун-ты. Арх. помнікі: галандскі форт (17 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.) і інш.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-АЛЯКСА́НДРАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад в. Аляксандраўка. Адкрыта ў 1981. Распрацоўваецца з 1984. Паклады нафты пл. каля 2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Аляксандраўска-Баршчоўскай зоны падняццяў. Нафтаносны пласт залягае на глыб. 2770—2780 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя поравакавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЛАЎКА (Melica),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі 1 від — П. паніклая (M. nutans). Трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах, хмызняках. Інтрадукаваны П. высокая (M. altissima) і П. раснічастая (M. ciliata).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці каленчата ўзыходныя каля асновы. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — коласападобная аднабокая мяцёлка. Каласкі 2—5-кветкавыя. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЬКАМА́ЙО (Pilcomayo),

рака ў Паўд. Амерыцы, на тэр. Балівіі, Аргенціны і Парагвая (служыць мяжой паміж імі), правы прыток р. Парагвай (бас. р. Парана). Даўж. 1200 км, пл. басейна каля 160 тыс. км². Вытокі ў Цэнтр. Андах Балівіі, прарываецца праз Усх. Кардыльеру, цячэ па раўніне Гран-Чака. Сярэдні расход вады пасля выхаду з гор каля 170 м³/с, мнагаводная ад студз. да красавіка. У верхнім цячэнні ГЭС, суднаходная ў нізоўях. У вусці сталіца Парагвая — г. Асунсьён.

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНСО́Н (Pinzón),

браты, ісп. мараплаўцы. Вісентэ Яньес (1460, Палас, Іспанія — каля 1524), у 1492—93 удзельнік 1-й экспедыцыі Х.Калумба, камандаваў каравелай «Нінья». У 1500 на чале флатыліі з 4 судоў адкрыў Паўн.-Зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі з вусцямі рэк Амазонка і Арынока. У 1508—09 сумесна з Х.​Солісам даследаваў Усх. Бераг п-ва Юкатан. Марцін Алонса (каля 1440, Палас, Іспанія — 1493), адзін з арганізатараў і кіраўнікоў 1-й экспедыцыі Калумба, камандаваў каравелай «Пінта».

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,

пункт перасячэння восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй. Адрозніваюць Паўночны полюс і Паўднёвы полюс. У полюсах зыходзяцца ўсе мерыдыяны зямныя (геаграфічныя). На П.г. няма звычайных кірункаў свету, няма падзелу на дні і ночы, таму што каля паўгода Сонца не апускаецца за гарызонт і каля паўгода не ўзыходзіць (гл. Палярны дзень, Палярная ноч). Яны перамяшчаюцца па зямной паверхні па складанай траекторыі, якая то закручваецца, то раскручваецца, не выходзячы з квадрата са стараной 26 м.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)