клешч сям. валасяных кляшчоў. Пашыраны ўсюды. Паразітуе ў скурных залозах і валасяных мяшэчках чалавека і млекакормячых.
Цела падоўжанае (0,3—0,4 мм), чэрвепадобнае, светла-шэрае з нерасчлянёнымі галавагрудзьмі і вузкім брушкам з папярочнымі рыскамі, укрыта празрыстай кутыкулай. Ротавыя органы колючыя. 4 пары ног. Цыкл развіцця 20—25 сут са зменай 3 лічыначных стадый у целе аднаго гаспадара. Выклікае інвазійную хваробу ў чалавека і жывёл — залознічную каросту (дэмадэкоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУЛІ́Н,
бялковы гармон, які выдзяляецца клеткамі астраўкоў Лангерганса падстраўнікавай залозы. Малекулярная маса каля 6000. Адкрыты канадскімі фізіёлагамі Ф.Бантынгам і Ч.Г.Бестам (1921—22). Універсальны анабалічны гармон, які ўплывае на падтрыманне пастаянства ўнутр. асяроддзя жывёльнага арганізма: памяншае колькасць цукру ў крыві, садзейнічае пераходу глюкозы ў глікаген, паляпшае засваенне тканкамі вугляводаў, актывізуе сінтэз бялку з амінакіслот, ператварэнне вугляводаў у тлушч. Прэпараты І. выкарыстоўваюцца ў медыцыне пры цукр. дыябеце, шызафрэніі, інтаксікацыі. Атрымліваюць з падстраўнікавых залоз жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАКО́ЎСКА-МА́ЛЕЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,
у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля вёсак Кабакі і Малеч. Паклад у выглядзе адорвеня залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы і шаравата-белы, шчыльны, трэшчынаваты. Разведаныя запасы 6,1 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—21,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—10,8 м. Мы прыдатны для вытв-сці вапны і падкорму с.-г.жывёл і птушак. Радовішча распрацоўваецца Бярозаўскім камбінатам сілікатных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛБЦЫФЕРО́ЛЫ,
вітаміны групы D, тлушчарастваральныя злучэнні з супрацьрахітычнымі ўласцівасцямі; вытворныя стэрынаў. Найважнейшыя эргакальцыферол (вітамін D2) і халекальцыферол (вітамін D3). Гал. крыніца К. — печань марскіх жывёл і ялавічная, сыр, яечны жаўток. Рэгулюе абмен кальцыю і фосфару. Недахоп вітаміну D у арганізме выклікае парушэнне мінералізацыі шкілета (рахіт і размякчэнне касцявой тканкі), лішак — павышаную колькасць кальцыю ў крыві і адклады яго ў мяккіх тканках (D-гіпервітаміноз). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека 2,5 мкг, дзяцей — 12,5 мкг. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗЕНХІ́МА [ад мез(а)... + грэч. enchyma налітае, тут тканка],
зародкавая злучальная тканка большасці шматклетачных жывёл і чалавека. На ранніх стадыях зародкавага развіцця М. складаецца з сукупнасці рыхла размешчаных, адросткавых, сеткападобна звязаных клетак, якія высяляюцца з трох зародкавых лісткоў, пераважна з мезадэрмы. Дае пачатак клеткам злучальнай, касцявой, храстковай, гладкай мышачнай, пігментнай тканак. Галаўная М. ўтвараецца міграцыяй клетак нерв. трубкі і гангліёзнай пласцінкі, латэральных ч. перадхардальнай пласцінкі. Пазазародкавая ўваходзіць у пазазародкавыя органы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРО́Н (ад грэч. nephros нырка),
асноўная структурна-функцыянальная адзінка нырак пазваночных жывёл і чалавека. Сукупнасць Н. (у чалавека іх каля 2 млн.) забяспечвае мочаўтварэнне і інш. функцыі нырак. Адрозніваюць бесклубочкавыя, якія маюць клеткі аднаго тыпу (у некат. рыб), і клубочкавыя (у інш. пазваночных), што маюць спец. клеткі для асн. працэсаў мочаўтварэння — фільтрацыі, рэабсорбцыі і сакрэцыі. Клубочкавы Н. уключае ныркавае цельца, сістэму паслядоўных канальцаў, зборныя ныркавыя трубачкі, сістэму вывадных праток і лаханку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЕХІЯ́ЛЬНАЯ ЛІХАМА́НКА.
крываплямістая хвароба, неінфекцыйная хвароба коней, буйн. раг. жывёлы, свіней, коз і маладых сабак. Узнікае як алергічная рэакцыя на бактэрыяльную інтаксікацыю ў жывёл, якія перахварэлі кантагіёзнай плеўрапнеўманіяй, фарынгітам, гаймарытам, мытам, мастытам і інш. Развіваецца паступова. Узнікаюць кропкавыя кровазліцці на слізістай абалонцы рота, похвы, носа і на скуры, якія ператвараюцца ў вял. кровападцёкі. Павялічваецца т-ра, зніжаецца апетыт. Пры цяжкім цячэнні хваробы разам з ацёкамі ўзнікаюць язвы і ачагі некрозу. Смяротнасць да 70%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
віды жывёл і раслін, якія першымі пасяляюцца ў месцах, пазбаўленых глебавага покрыва пад уплывам дзеяння прыродных фактараў (пажарышчы, апоўзні, землі са змытай глебай і інш.) або дзейнасці чалавека (прамысл. пусткі, горныя адвалы, кар’еры і інш.). Вылучаюцца высокай экалагічнай пластычнасцю, непатрабавальнасцю да глебавых умоў. На Беларусі да П.а. адносяцца многія віды імхоў, водарасцей, лішайнікаў, пустазелля (сітнякі, ваўчкі, некат. злакі, верас звычайны, падбел і інш.), насякомых, павукоў. Выкарыстоўваюцца ў біял.рэкультывацыі зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМІСКУІТЭ́Т (ад лац. promiscuus змешаны, агульны),
хаатычныя палавыя зносіны са многімі партнёрамі. Пашыраны сярод падлеткаў. Да П. можа прывесці паталаг. павышаная палавая цяга (сексуальная растарможанасць узнікае пры пашкоджаннях глыбінных структур мозга, розных расстройствах псіхікі). Часта спалучаецца з алкагалізмам. У чалавечым грамадстве станаўленню норм шлюбу і формы сям’і папярэднічалі нічым не акрэсленыя адносіны паміж паламі. П. у жывёл — форма палавых зносін, пры якой за сезон размнажэння адбываецца хаатычнае спарванне з рознымі партнёрамі. Гл. таксама Панміксія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТА́ТА,
няпарны залозіста-мышачны орган мужчын і самцоў жывёл.
Размешчана ў малым тазе, паміж дном мачавога пузыра і ампулай прамой кішкі; шчыльна ахоплівае шыйку пузыра і задні аддзел мочаспускальнага канала. Утворана асобнымі залозкамі розных памераў. Вывадныя пратокі П. адкрываюцца ў прастатычным аддзеле мочаспускальнага канала. Функцыі П. рэгулюе нерв. і эндакрынная сістэма. Сакрэт П. адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці сперматазоідаў у семявай вадкасці. Найб. частыя хваробы П. — прастатыт, пухліны (напр., адэнома прастаты).