НАВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́ (англ. Windward Islands, ісп. Islas Barlovento),
Карыбскія астравы, група каралавых і вулканічных астравоў у Карыбскім м.; усх.ч. архіпелага Малыя Антыльскія астравы, паміж Віргінскімі а-вамі і востравам Трынідад. Найб. а-вы: Гвадэлупа, Дамініка, Марцініка, Грэнада, Сент-Вінсент, Антыгуа і інш. На Н.а. размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Грэнада, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Люсія, а таксама ўладанні Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. Агульная пл. каля 6 тыс.км². Нас. 1,3 млн.ж. (1990). Рэльеф пераважна горны (выш. да 1447 м, на в-ве Дамініка). Дзеючыя вулканы. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Трапічнае земляробства. Плантацыі цукр. трыснягу, цытрусавых, кавы, какавы, бананаў. Важнейшыя гарады: Фор-дэ-Франс (в-аў Марцініка), Пуэнт-а-Пітр і Бас-Тэр (в-аў Гвадэлупа), Кастры (в-аў Сент-Люсія). Назва «Н.а.» тлумачыцца наветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВЫ́Я ШПА́ТЫ,
група пародаўтваральных мінералаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікаты калію, натрыю, кальцыю, радзей барыю. Найб. пашыраны ў верхняй ч. літасферы (каля 60% аб’ёму магматычных парод). Падзяляюцца на плагіяклазы, шчолачныя П.ш. (мікраклін, артаклаз, санідзін) і барыевыя (гіялафан, цэльзіян). Крышталізуюцца ў манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утвараюць кароткаслупкаватыя прызматычныя і сплошчаныя, ізаметрычныя або падоўжаныя зерні. Характэрна полісінтэтычнае двайнікаванне (альбітавае і перыклінавае) і двайнікі прарастання (карлсбадскі, монебахскі і бавенскі тыпы). Колер белы, жаўтаваты, бледна-ружовы, бясколерны, мясачырвоны, цёмна-шэры, чорны, зялёны і інш. Характэрна ірызацыя (месяцавы камень, лабрадор). Бляск шкляны. Цв. 6—6,5. Шчыльнасць 2,55—2,75 г/см³, да 3,4 г/см³ у барыевых П.ш. (цэльзіян). Крохкія. Трапляюцца ў эфузіўных, інтрузіўных, метамарфічных і асадкавых пародах. Выкарыстоўваюцца для вырабу фарфору, высакавольтных ізалятараў, спец. і аптычнага шкла і інш.; каштоўныя і вырабныя разнавіднасці ў ювелірнай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ,
група прыхільнікаў радыкальных грамадска-паліт. рэформ, якія дзейнічалі напярэдадні і ў час паўстання 1794, а таксама ў першыя гады пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). Уваходзілі прадстаўнікі шляхты, інтэлігенцыі і незаможнага мяшчанства. Назву «П.я.» атрымалі ад паліт. праціўнікаў з-за пэўнага падабенства іх поглядаў з поглядамі франц.якабінцаў. Гал. дзеячы — К.Канопка, Ю.Меер, Я.Ясінскі і інш. — былі паслядоўнікамі Гуга Калантая (адсюль іх другая назва — «гуганісты»). П.я. патрабавалі раўнапраўя мяшчан, скасавання паншчыны і сял. прыгону, устанаўлення рэспублікі; заклікалі да барацьбы з тыраніяй, абвяшчалі братэрства народаў. У крас. 1794 заснавалі ў Варшаве Якабінскі клуб, у маі і чэрвені кіравалі выступленнямі варшавян (у т. л. самасудамі) і дамагаліся пакарання караля і прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Пасля задушэння паўстання ў 1797 засн.Т-ва польскіх рэспубліканцаў.
Літ.:
Leśnodorski B. Połścy jakobini: Karta z dziejów insurekcji 1794 roku. Warszawa, 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ НАРО́ДНЫ ХОР, Акадэмічны рускі народны хор Расійскай Федэрацыі імя М.Я.Пятніцкага. Арганізаваны ў 1910 з нар. спевакоў Варонежскай, Разанскай і Смаленскай губ. М.Я.Пятніцкім (маст. кіраўнік хору да 1927). Выступаў у с. Аляксандраўскае (Варонежская вобл.), з 1918 — у Маскве. З 1927 прысвоена імя Пятніцкага. З 1937 у складзе Маскоўскай філармоніі. З 1940 — сучасная назва, з 1967 — акадэмічны. У 1938 рэарганізаваны: павялічана хар.група, створаны аркестр нар. інструментаў і танц. калектыў. Сярод кіраўнікоў хору П.Казьмін, У.Захараў, М.Коваль, В.Левашоў. Асаблівасць хору — вял. дыяпазон нар. музыкі, імкненне да «маляўнічага выканання песні» (паводле слоў Пятніцкага), тэатралізацыя, разыгрыванне сцэн сял. жыцця на фоне дэкарацый, аб’яднанне песень у цыклы («За аколіцай», «Вячоркі», «Вяселле»), частушкі, прыпеўкі, вак.-харэаграфічныя сюіты і кампазіцыі, творы сучасных кампазітараў. Пры хоры працуе фалькл. кабінет, захоўваецца вял. калекцыя нар. інструментаў і касцюмаў, сабраных Пятніцкім.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬ,
горад, цэнтр Капыльскага р-на Мінскай вобл., на р. Мажа. За 120 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Цімкавічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. 10,8 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца пад 1274 у Галіцка-Валынскім летапісе. З 1320-х г. у складзе ВКЛ. У 1395 утворана Капыльскае княства з цэнтрам у К., уладанне кн. Уладзіміра Альгердавіча, з пач. 15 ст. рэзідэнцыя князёў Алелькавічаў. У жн. 1506 слуцкія і капыльскія баяры разбілі каля К. рэшткі войска крымскіх татар. 25.11.1595 у час Налівайкі паўстання 1594—96 каля К. адбыўся бой казацкага атрада на чале з палкоўнікам Марцінкам з войскам К.Радзівіла. З 1612 К. перайшоў да Радзівілаў. У 1652 К. атрымаў прывілей на магдэбургскае права, меў герб — на залатым полі выява паляўнічага рога. З канца 16 ст. ў К. былі кальвінскі збор і царква. У 17 ст. К. славіўся рамёствамі; было 6 цэхаў. З 1791 у складзе Случарэцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі — мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ. З 1832 прыватнаўладальніцкае мястэчка кн. Вітгенштэйна. У 1880-я г. ў К. створана група народнікаў. У 1897—4463 ж., піваварны завод, 2 млыны, 6 крам, 3 школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1903 створана група, у 1905 арг-цыяРСДРП. У лют.—снеж. 1918 акупіраваны герм., у жн. 1919 — ліп. 1920 — польскімі войскамі. З ліп. 1924 цэнтр раёна, У 1926—4 тыс.ж., сыраварны і цагельны з-ды, ганчарная, шавецкая арцелі. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 29.6.1941 да 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 2915 жыхароў, адбыліся капыльскія баі 1942, 1944 партызан з гітлераўцамі. У 1977—5,7 тыс.ж. З 29.4.1984 горад.
Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, прадпрыемствы харч. прам-сці. Капыльскі краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Помнікі археалогіі — гарадзішча і курганныя могільнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),
аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЕ ГАРАДСКО́Е ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў г. Баранавічы са жн. 1943 да ліп. 1944. Ядром падполля стала група А.І.Крыштофіка, пасланая ў г. Баранавічы ў крас. 1943 камандаваннем атрада імя Суворава Першамайскай партыз. брыгады. У вер.—ліст. 1943 патрыёты ажыццявілі шэраг дыверсій на чыгунцы, узарвалі 6 эшалонаў з гаручым, ваен. тэхнікай і жывой сілай праціўніка, спалілі памяшканні аўтагаража з машынамі і мэблевую ф-ку, вывелі са строю будынкі цэнтр. блакіроўкі чыг. стрэлак, электратакарнай майстэрні і перасыльнага пункта. У студз. 1944 па заданні партызанаў яны выкралі і даставілі ў штаб Першамайскай партыз. брыгады нам. бургамістра Баранавіч. Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва сав. газеты, лістоўкі, збіралі для партызанаў зброю і боепрыпасы. У лютым 1944 арыштаваны 12 падпольшчыкаў, 9 з якіх 11 сак. на рыначнай плошчы пакараны смерцю. У Баранавічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск, на месцы пакарання смерцю ўстаноўлена мемар. Дошка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ, кетонавыя целы,
група арганічных злучэнняў, якія ўключаюць -оксімасляную, ацэтавоцатную кіслоты і ацэтон.
β-оксімасляная і ацэтавоцатная к-ты — прамежкавыя прадукты нармальнага абмену рэчываў у чалавека і жывёл. Утвараюцца ў печані пры няпоўным акісленні тлустых к-т, лёгка акісляюцца ў шкілетных мышцах і нырках. Інтэнсіўнасць іх утварэння залежыць ад стану вугляводнага абмену. Пры канчатковым акісленні іх у здаровым арганізме ўтвараецца вада і вуглякіслы газ. Калі паніжана здольнасць арганізма акісляць рэчывы да канчатковых прадуктаў абмену (пры цукровым дыябеце, недахопе вугляводаў, голадзе, ірвоце, некат. парушэннях нерв. і эндакрыннай сістэм і інш.), к-ты назапашваюцца ў крыві і мачы хворых у таксічных дозах (да 500 мг% супраць нормы — 1 мг%) і часткова ператвараюцца ў ацэтон, які выдзяляецца нават праз лёгкія, што прыводзіць да павышэння кіслотнасці крыві (ацыдозу) і атручэння арганізма. Ад увядзення ў арганізм інсуліну ці дадатковай колькасці вугляводаў утварэнне ацэтонавых целаў памяншаецца.